ВАЎКАВЫ́СКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства ў 13 ст. ў бас. р. Рось (левы прыток Нёмана). Цэнтр — г. Ваўкавыск. Паводле пісьмовых крыніц, вядомы адзіны князь Глеб. Іпацьеўскі летапіс пад 1256 паведамляе, што ў паходах галіцка-валынскіх і мазавецкіх князёў на яцвягаў удзельнічалі князі новагародскі Раман, свіслацкі Ізяслаў і ваўкавыскі Глеб як васальна залежны ад галіцка-валынскага князя. У час паходу татарскага ваяводы Бурундая на Літву ў 1258 галіцкі кн. Даніла Раманавіч захапіў Ваўкавыск, узяў у палон кн. Глеба. У 1260—80-я г. княства падуладнае князям ВКЛ Войшалку, Шварну, Трайдзеню. У 1289 князі ВКЛ Будзікід і Будзівід перадалі Ваўкавыскае княства валынскаму кн. Мсціславу Данілавічу, «абы с ними мир держал». Верагодна, Ваўкавыскае княства існавала працяглы час у складзе ВКЛ у канцы 13 — пач. 14 ст.

Я.​Г.​Звяруга.

т. 4, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПА́ЦЬЕЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,

агульнарускі летапісны збор 13 — пач. 14 ст., помнік гісторыі і культуры ўсх. славян. Найб. стараж. спіс 15 ст. знойдзены М.М.Карамзіным у Іпацьеўскім манастыры (адсюль назва) у г. Кастрама (Расія). Захавалася 7 спісаў І.л., з якіх найб. каштоўныя Іпацьеўскі і Хлебнікаўскі (16 ст.). Складаецца з 3 частак: «Аповесці мінулых гадоў» (звесткі да 1117 уключна), Кіеўскага летапісу (1118—99) і Галіцка-Валынскага летапісу (1201—92). Апошні ўключае ўрыўкі з Пінскага летапісу і кароткі літ. летапісец князя Шварна. І.л. — адзіны помнік, у якім, паводле меркаванняў некат. вучоных, зберагліся ўрыўкі згубленага Полацкага летапісу. З’яўляецца важнай крыніцай па гісторыі Кіеўскага, Галіцка-Валынскага, Полацкага, Тураўскага княстваў і ВКЛ. Вылучаецца багаццем зместу, гіст. дакладнасцю, дасканаласцю выкладання. Здаўна вядомы на Беларусі. У 16 ст. ім карысталіся аўтары Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага і Хронікі Быхаўца.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́Н ДАНІ́ЛАВІЧ (каля 1230—58?),

князь навагрудскі ў 1250-х г. Сын галіцка-валынскага кн. Данілы Раманавіча. Дапамагаў бацьку ў вайсковай і дыпламат. дзейнасці. Вызначыўся ў баях супраць мангола-татараў, удзельнічаў у паходах на яцвягаў. У 1252 ажаніўся з герцагіняй Гертрудай, пляменніцай і спадкаемніцай Фрыдрыха II — апошняга аўстр. герцага з дынастыі Бабенбергаў, які ў барацьбе за аўстр. трон пацярпеў паражэнне і пакінуў Аўстрыю. Паводле дагавора, заключанага каля 1255 Данілам Раманавічам з Міндоўгам пры пасрэдніцтве яго сына Войшалка. Р.Д. атрымаў Навагрудскае княства з гарадамі Навагрудак, Слонім і Ваўкавыск; тады ж ажаніўся з Аленай — дачкой ваўкавыскага кн. Глеба. У адказ на паход галіцка-валынскіх і мангола-татарскіх войск на літ. ўладанні Войшалк і Таўцівіл у 1258 адбілі Навагрудак, захапілі Р.Д. ў палон і, верагодна, забілі яго. Існуе меркаванне, што сынам Р.Д. быў слонімскі кн. Васілька.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́Н МСЦІСЛА́ВІЧ (пасля 1160—19.6.1205),

першы галіцка-валынскі князь [1199—1205]. Сын уладзіміра-валынскага і кіеўскага князя Мсціслава Ізяславіча і Агнесы, дачкі польскага князя Баляслава III. Бацька Данілы Раманавіча. У 1168—70 кн. наўгародскі. Пасля смерці бацькі з 1170 кн. Уладзіміра-Валынскага княства (уключала бел. Берасцейскую зямлю). У 1199 авалодаў таксама прастолам суседняга Галіцкага княства, у выніку чаго пад яго ўладай утварылася адзінае Галіцка-Валынскае княства. У 1202—03 падпарадкаваў сабе Кіеўскае княства і стаў наймацнейшым князем Паўд.-Зах. Русі. Ваяваў з полаўцамі, летапіснай Літвой і яцвягамі. Адмовіўся ад прапановы рым. папы Інакенція III, які абяцаў яму каралеўскую карону пры ўмове прыняцця каталіцтва. Забіты ў час міжусобнай вайны ў Польшчы, дзе падтрымліваў кн. Лешку.

Да арт. Раман Мсціславіч. М.​В.​Неўраў. Раман Галіцкі прымае паслоў папы Інакенція III. 1875. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.

т. 13, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗЯСЛА́Ў,

князь навагрудскі ў 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе, калі ў 1236 (або 1237) галіцка-валынскі кн. Даніла Раманавіч на кн. Конрада Мазавецкага «наведе... Литву Миндога Изяслава Новогородьского». Верагодна, І. разам з Міндоўгам на той час быў у васальных або саюзных дачыненнях з Данілам. І. — адзіны навагрудскі князь, які ўпамінаецца ў летапісах.

т. 7, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАРО́СІЯ,

назва ўкраінскіх зямель ў складзе Рас. імперыі, якая ўжывалася да 1917 у рас. афіц. актах і гістарыяграфіі. Тэрмін «М.» ўпершыню з’явіўся ў 14 ст. як адна з назваў Галіцка-Валынскай зямлі, у 17 ст. пасля далучэння да Расіі Левабярэжнай Украіны (1654—67) ён набыў ва ўрадавых колах афіц. значэнне (існавалі Маларасійская губ., Маларасійская калегія, Маларасійскі прыказ).

т. 10, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАГІ́ЧЫНСКАЯ БІ́ТВА 1238,

бітва паміж ням. рыцарамі і войскам галіцка-валынскага кн. Данілы Раманавіча Галіцкага ў г. Драгічын-Надбужскі (цяпер Польшча). У 1237 польскі кн. Конрад Мазавецкі перадаў раней заняты ім г. Драгічын Берасцейскай зямлі дабжынскім рыцарам на чале з магістрам Бруна. Тут пасялілася тая частка Дабжынскага ордэна, якая не ўвайшла ў 1235 у Тэўтонскі ордэн і захавала самастойнасць. Гэтым актам Конрад Мазавецкі спрабаваў замацавацца ў Берасцейскай зямлі і стварыць фарпост абароны ад Літвы. Вясной 1237 кн. Даніла Раманавіч рушыў на Драгічын, каб выбіць ням. рыцараў з падкантрольнай яму зямлі. З’явіўшыся пад горадам у сак. 1238, Даніла перамог дабжынцаў і захапіў у палон магістра Бруна. Вынікам перамогі стаў антыпольскі саюз, заключаны паміж Данілам Раманавічам і вял. князем ВКЛ Міндоўгам. У 2-й пал. 1238 ваяваць Мазовію хадзілі са сваім войскам Міндоўг і новагародскі кн. Ізяслаў. Конрад Мазавецкі адмовіўся ад тэр. дамаганняў да Галіцка-Валынскага княства.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 6, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНАЦЮ́К (Уладзімір Міхайлавіч) (9.5.1871, в. Веляснёў Цярнопальскай вобл., Украіна — 6.10.1926),

украінскі фалькларыст, этнограф. Акад. АН Украіны (1924), чл.-кар. Пецярбургскай АН (1902). Скончыў Львоўскі ун-т (1898). З 1898 — сакратар Навуковага т-ва імя Шаўчэнкі. Адзін з рэдактараў «Літературно-наукового вістника», «Етнографічного збірника» і інш. Выступаў з публікацыямі па мовазнаўстве, дыялекталогіі, літаратуразнаўстве, гісторыі матэрыяльнай культуры. Прыхільнік параўнальна-гіст. метаду ў фалькларыстыцы. Пачынальнік сістэматызаванага выдання фалькл. і этнагр. матэрыялаў, у т. л. фалькл. зб-каў «Галіцка-рускія анекдоты» (1899), «Галіцка-рускія народныя легенды» (т. 1—2, 1902—03), «Каламыйкі» (т. 1—3, 1905—07), «Калядкі і шчадроўкі» (т. 1—2, 1914), «Украінскія народныя байкі» (т. 1—2, 1916) і інш. Аўтар даследавання «Этнаграфічныя матэрыялы з Угорскай Русі» (т. 1—6, 1897—1911), рэцэнзій на працы С.​Малевіча, М.​Я.​Нікіфароўскага, М.​Федароўскага, М.​В.​Доўнар-Запольскага, прысвечаных бел. фальклору і этнаграфіі, на кнігу Я.​Ф.​Карскага «Беларусы» (1905).

Тв.:

: Вибрані статті про народну творчість. Київ, 1966.

В.​А.​Чабаненка.

т. 5, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУКАВІ́НА,

гістарычная назва (з 15 ст.) тэрыторыі, якая ўключае сучасную Чарнавіцкую вобл. Украіны (Паўн. Букавіна) і вобл. Сучава ў Румыніі (Паўд. Букавіна). У 10—11 ст. у складзе Кіеўскай Русі, у 12—13 ст. у Галіцка-Валынскім княстве, з сярэдзіны 14 ст. ў Малдаўскім княстве, з 16 ст. ў Турцыі, з 1774 у Аўстра-Венгрыі. У ліст. 1918 Букавіна адышла да Румыніі. У жн. 1940 Паўн. Букавіна, асн. насельніцтва якой украінцы, уключана ў склад Украіны.

т. 3, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСАРА́БІЯ,

гістарычная вобласць паміж рэкамі Днестр і Прут. У 10—11 ст. у Кіеўскай Русі, потым у Галіцка-Валынскім княстве. З 14 ст. ў Малдаўскім княстве, з 16 ст. пад уладай Турцыі. З 1812 у складзе Расійскай імперыі, з 1918 — Румыніі. У 1940 паводле «Пакта Рыбентропа—Молатава» 1939 уключана ў СССР. У 1941 захоплена войскамі Германіі і Румыніі, перададзена пад кантроль рум. улад. У 1944 вызвалена Чырв. Арміяй. Асн. частка Бесарабіі — тэр. Малдовы, паўд. частка — у Адэскай вобл. Украіны.

т. 3, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)