баявыя дзеянні войск Рас. імперыі па заваяванні і каланізацыі тэр.Паўн. Каўказа, населенай адыгамі, кабардзінцамі, чэркесамі, чэчэнцамі і інш. горскімі народамі. Расія імкнулася таксама зрабіць бяспечнымі шляхі зносін з далучаным да яе ў 1-й трэці 19 ст. Закаўказзем, спыніць набегі паўн.-каўказскіх горцаў.
Рас. рэгулярнымі войскамі (прыбл. ад 50 тыс.чал. у 1819 да 200 тыс. у 1856) і прыдадзеным ім (да 1860) Чарнаморскім казацкім войскам (каля 40 тыс.чал.) камандавалі генералы А.П.Ярмолаў (1816—27), І.Ф.Паскевіч (1827—31), Р.У.Розен (1831—38), Я.А.Галавін (1838—42), А.І.Нейгарг (1842—44), М.С.Варанцоў (1844—54, гл.Варанцовы), М.М.Мураўёў (1854—56), А.І.Барацінскі (1856—60), М.І.Еўдакімаў (1862—64). Найб. актыўна вялася з канца 1820-х г., калі ў Чэчні і Дагестане склаўся імамат на чале з правіцелем — імамам. Імам Газі-Магамед (са снеж. 1828) абвясціў свяшчэнную вайну супраць іншаверцаў (г. зн. рускіх). Пасля яго гібелі ў кастр. 1832 у час штурму рас. часцямі аула Гімры супраціўленнем горцаў (да 20 тыс.узбр. воінаў-мюрыдаў у 1843) кіравалі імамы Гамзат-бек (1832—34) і Шаміль (1834—59). Лепш узброеныя і колькасна большыя рас. войскі Каўказскага корпуса (з 1854 арміі), абапіраючыся на створаную імі сістэму крэпасцей захапілі рэзідэнцыі Шаміля аулы Ахульга (1839) і Ведзено (1859). Горцы вялі партыз. вайну, блакіравалі рас. атрады, раптоўна нападалі на ўмацаванні і гарады. У час Крымскай вайны 1853—56рас. войскі адбілі спробы чэркесаў на чале з намеснікам Шаміля па Зах. Каўказе (з 1848) Мухамед-Эмінам захапіць Чарнаморскую і Лабінскую ўмацаваныя лініі (ліст. 1853) і спробу Шаміля прарвацца праз Грузію на злучэнне з тур. войскамі (жн. 1854). 6.9.1859 рас. вайскоўцы захапілі аул Гуніб у Дагестане і ўзялі у палон Шаміля, 2 снеж. капітулявалі асн. сілы чэркесаў на чале з Мухамед-Эмінам. У 1860—64 баявыя дзеянні адбываліся ў гарах Чарнаморскага ўзбярэжжа Каўказа. 2.6.1864 рас. войскі захапілі апошнюю базу чэркесаў ва ўрочышчы Кбаада (цяпер Красная Паляна каля г. Сочы).
Літ.:
Из истории русско-кавказской войны: Док. и материалы. Нальчик, 1991;
Дегоев В.В. Кавказский вопрос в международных отношениях 30—60-гг. XIX в. Владикавказ, 1992;
Блиев М.М., Дегоев В.В. Кавказская война. М., 1994;
Алюнін С. Сацыяльная база Каўказскай вайны (XIX ст.) // Бел.гіст.часоп. 1997. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІЕЎСКІ КАВАЛЕ́Р,
1) воін рус. арміі, узнагароджаны ордэнам велікамучаніка і перамаганосца Георгія.
2) Воін рус. арміі, узнагароджаны знакам Ваеннага ордэна (з 1913 Георгіеўскі крыж).
Ордэн велікамучаніка і перамаганосца Георгія ўстаноўлены 8.12.1769 імператрыцай Кацярынай II як узнагарода за баявыя заслугі для генералаў і афіцэраў. Падзяляўся на 4 ступені (класы): 1, 2 і 3-й ступені насілі на шыі, 4-й — у пятліцы на стужцы георгіеўскіх колераў (аранжавы з чорным). Ордэн 1-й ступені меў 3 знакі: крыж, зорку з вензелем СГ (св. Георгій) і надпісам «За службу і храбрасць», стужку з крыжам на банце на ўзроўні бядра; ордэн 2-й ступені — крыж і зорку; 3-й і 4-й ступеней — крыж. Усе крыжы былі з золата з белай эмаллю, на правым баку — фініфцевая выява святога, на адваротным — вензель СГ. Асобам нехрысціянскага веравызнання замест крыжа выдаваўся Георгіеўскі медаль. Да 1855 ордэнам св. Георгія 4-й ступені ўзнагароджваліся таксама афіцэрскія чыны за 25 гадоў службы ў арміі, а на флоце за ўдзел у 18 (з 1833 — 20) навігацыйных кампаніях; усяго за выслугу гадоў было ўзнагароджана 10 300 чал. У 1-ю сусв. вайну ў 1914—17 ордэнам св. Георгія ўзнагароджаны: 1-й ступені не было, 2-й — 4 чал., 3-й — 53 чал., 4-й — 3504 чал. У Расіі былі 4 поўныя Георгіеўскія кавалеры (асобы, узнагароджаныя ордэнам св. Георгія 4 ступеней): фельдмаршалы М.І.Кутузаў, М.Б.Барклай дэ Толі, І.Ф.Паскевіч, І.І.Дзібіч. У 1826 у Зімовым палацы ў Пецярбургу была адкрыта Ваен. галерэя 1812, дзе прадстаўлены Георгіеўскія кавалеры генералы — удзельнікі Айч. вайны 1812. Сярод іх партрэты 20 Георгіеўскіх кавалераў, якія ў розны час служылі ў вайск. часцях з «бел.» назвамі: Бабруйская крэпасць — А.І.Грэсер (служыў у 1810—11, ваен. інжынер); Бел. гусарскі полк — П.В.Галянішчаў-Кутузаў (1803—07, шэф палка), Дз.В.Давыдаў (1804—06), С.М.Ланской (1811—14, шэф палка), М.І.Мезянцоў (май—жн. 1814, шэф палка); Бел. егерскі корпус — К.Ф.Багавут (1795—97), М.В.Вуіч (1786—97), Я.І.Маркаў (1794—97); Брэсцкі пях. полк — П.І.Івеліч (1806—13, камандзір палка); Віцебскі пях. полк — Паскевіч (май—кастр. 1810, камандзір палка); Гродзенскі гусарскі полк — Дз.Дз.Шэпелеў (1806—10, шэф палка), Я.П.Кульнеў (1806—12, у 1811—12 шэф палка), Ф.В.Рыдзігер (1806—24, 1845—?, з 1812 шэф палка); Гродзенскі кадэцкі корпус — А.А.Закрэўскі (да 1802 кадэт); Імператарская шляхецкая Бел. харугва — Я.І.Чапліц (1783—88); Магілёўскі гарнізонны батальён — Я.А.Галавін (1797—1801); Мінскі пях. полк — У.П.Мезянцоў (3—22. 7.1808); Полацкі пях. полк — П.А.Філісаў (1807—15, шэф палка); Татарскі уланскі полк (першапачаткова камплектаваўся з татар ВКЛ) — К.Б.Кнорынг (1806—12, камандзір і шэф палка), В.В.Ешын (1809—15, з 1812 камандзір палка). З 1849 імёны генералаў і афіцэраў Георгіеўскіх кавалераў змяшчаліся на сценах Георгіеўскай залы Вял. Крамлёўскага палаца ў Маскве.
25.2.1807 для ўзнагароджвання за баявыя заслугі ніжніх чыноў (салдат, матросаў і унтэр-афіцэраў) заснаваны знак узнагароды Ваен. ордэна, які быў прылічаны да ордэна св. Георгія. Уяўляў сабой сярэбраны крыж, на правым баку якога была выява св.Георгія на кані, на адваротным — вензель СГ. Насілі яго на георгіеўскай стужцы, ступеней не меў. З 1809 на знаках сталі прастаўляць парадкавы нумар. Нехрысціян замест крыжа ўзнагароджвалі медалём «За храбрасць» на георгіеўскай стужцы, а з 1844 ім выдавалі крыжы з двухгаловым арлом замест выявы святога. З 1856 знак узнагароды меў 4 ступені: 1-я і 2-я — залатыя крыжы, 3-я і 4-я — сярэбраныя; 1-я і 3-я ступені дапаўняліся бантам на стужцы. Нумарацыя прастаўлялася нанава на кожнай ступені. Парадак узнагароджвання быў такі: спачатку выдавалася 4-я ступень, потым — 3-я і г.д. Асоба, якая атрымала ўсе 4 ступені, наз. поўным Георгіеўскім кавалерам (да 1913). У выключных выпадках (напрыклад, матросам крэйсера «Вараг» у 1904) адразу выдаваўся знак узнагароды 1-й ступені, узнагароджаны лічыўся поўным Георгіеўскім кавалерам. 23.8.1913 знак Ваен. ордэна афіцыйна сталі называць Георгіеўскім крыжам, у сувязі з гэтым праслаўлялася новая нумарацыя. Першыя 2 ступені вырабляліся з пазалочанага серабра, а з 23.9.1916 — з жоўтага і белага некаштоўнага металу. Георгіеўскім крыжам узнагароджвалі і пры Часовым урадзе (сак.—кастр. 1917), паводле рашэння агульных сходаў ніжніх чыноў роты або батальёна Георгіеўскім крыжам 1-й і 2-й ступеней маглі ўзнагароджвацца і афіцэры. У гэтым выпадку да стужкі прымацоўвалася металічная галінка.
У 1878 для медаля «За храбрасць» (якім да 1844 замест знака Ваен. ордэна ўзнагароджвалі нехрысціян) былі ўстаноўлены 4 ступені з нумарамі: першыя 2 былі залатыя, астатнія — сярэбраныя. Паводле статута 23.8.1913 медаль стаў наз. Георгіеўскім і падпарадкоўваўся Георгіеўскаму крыжу. На 6.12.1916 медалём усіх ступеней было ўзнагароджана больш за 1 505 000 чал. З 1913 поўным Георгіеўскім кавалерам афіцыйна лічыўся воін, узнагароджаны Георгіеўскім крыжам усіх 4 ступеней і Георгіеўскім медалём 4 ступеней. У 1-ю сусв. вайну вядома толькі некалькі поўных Георгіеўскіх кавалераў, у т. л. вахмістр Ключнікаў. Георгіеўскім крыжам 4 ступеняў былі ўзнагароджаны наступныя воіны беларусы і ўраджэнцы Беларусі, удзельнікі руска-турэцкай 1877—78, руска-японскай 1904—05 і 1-й сусв. войнаў: Л.А.Арцём’еў, І.М.Богдан, С.П.Богдан, Дз.М.Васільеў, К.А.Вышнікаў, С.А.Гавяза, А.К.Грыб (узнагароджаны адразу 1-й ступенню за ўдзел у Цусімскім баі 1905), І.Я.Гудкоў, М.А.Дубовік, І.Я.Ждановіч, П.В.Заблоцкі, М.І.Здановіч, А.Дз.Казачонак, С.Дз.Казачонак, П.І.Казятнікаў, Д.В.Канопка, І.І.Коўкель, П.В.Леанкоў, А.П.Лешчык, Я.І.Новікаў, В.Л.Раловец, Л.А.Сільвановіч, І.Ф.Фамін, І.М.Чахоўскі, А.А.Шугаеў, Н.М.Ярома і інш.
Дэкрэтам СНК РСФСР ад 29.12.1917 усе ордэны і медалі (у т. л. Георгіеўскія), якія існавалі на той час, былі скасаваны. У 1943 у час Вял.Айч. вайны на ўзор Георгіеўскага крыжа для салдат і сяржантаў (у авіяцыі і для мал. лейтэнантаў) быў устаноўлены ордэн Славы 3-х ступеней на георгіеўскай стужцы, у 1945 — медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» на георгіеўскай стужцы, якім узнагароджваліся ўсе ўдзельнікі вайны.
Кр.: Полное собрание законов Российской империи с 1649 г.Спб., 1830. Т. 18. С. 1020—1024; Т. 29. С. 1013—1016.
Літ.:
Спасский И.Г. Иностранные и русские ордена до 1917 года. Л., 1963. С. 115—116;
Кузнецов А.А. Ордена и медали России. М., 1985. С. 44—69, 157—159.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЮРМО́РТ (франц. nature morte літар. мёртвая прырода),
1) жанр выяўленчага мастацтва (пераважна станковага жывапісу і графікі), прысвечаны адлюстраванню неадушаўлёных прадметаў, размешчаных у адзіным асяроддзі і арганізаваных праз пэўныя эстэт. і сэнсавыя сувязі ў групу. Можа адлюстроўваць і аб’екты жывой прыроды, ізаляваныя ад іх натуральных сувязей і ператвораныя ў рэч (рыба на стале, кветкі ў букеце і інш.), або якія дапаўняюць асн. матыў Н. (выявы птушкі, звера, чалавека).
2) Твор гэтага Жанру. Н. найчасцей складаецца спецыяльна для таго, каб быць адлюстраваным. Гэта абумоўлівае спецыфіку яго кампазіцыі, якая набывае выразна дэманстратыўны характар і з’яўляецца асноваўтваральнай уласцівасцю жанру. Адлюстраванне рэчаў у Н. можа мець самаст. значэнне, падпарадкоўвацца рашэнню дэкар. задач, ствараць складаны сэнсавы падтэкст, што адлюстроўвае сац. становішча, асаблівасці і характар жыцця гаспадара рэчаў, светапогляд мастака і яго адносіны да рэчаіснасці, пэўны сімвалічны змест, асацыяцыі і маст. паралелі і інш. Спецыфіка жанру вызначае павышаную ўвагу да праблем выразнасці маст. формы: архітэктонікі кампазіцыі, структуры і дэталяў аб’ёму, фактуры, характару арганізацыі прасторы ці плоскасці. Вял. ролю ў Н. адыгрываюць традыцыі жанру.
Вытокі Н. ў дэкар., сімвалічным і рытуальным адлюстраванні рэчаў у стараж. мастацтве (фрэскі і рэльефы Егіпта, Грэцыі, Рыма), сярэдневяковым рэліг. мастацтве Еўропы, класічным мастацтве Кітая і Японіі 11—18 ст. Як самаст. жанр склаўся ў эпоху Адраджэння ў Італіі (першы вядомы Н. — «Курапатка са стралой і пальчаткамі» Якопа дэ Барбары, 1504). Н. італьян., ісп. і нідэрл. мастакоў таго часу вызначаліся асаблівай увагай да матэрыяльнага свету рэчаў, ілюзіяністычна дакладнага іх адлюстравання (т. зв. Н.-падманкі).
Пераважна адлюстроўвалі інтэр’еры кухняў і корчмаў (т.зв. бадэгон, у якім аднолькавая ўвага аддавалася і рэчаваму асяроддзю, і персанажам), накрытыя сталы, т.зв. ванітас (тып Н., дзе прадметы, якія сімвалізуюць багацце прыроды і дзейнасці чалавека, супрацьпастаўляюцца элементам, што нагадваюць пра смерць). Станаўленне і росквіт Н. прыпадае на 17 ст., што звязана з ростам цікавасці да побыту, прыватнага жыцця чалавека, пашырэннем метаду маст. асваення свету, развіццём нац. школ жывапісу. У гэты перыяд вызначаліся ўсе асн. разнавіднасці, тэматычныя і іканаграфічныя варыянты Н. («сняданкі», «дэсерты», «рыбы», «кветкі і садавіна», «трафеі палявання», «кладоўкі», «бітая дзічына», «рынкі» і інш.). Стылістычныя асаблівасці італьян. і ісп. Н. у вял. ступені вызначылі маст. рэформы М.Караваджа (творы П.П.Бонцы, М.Кампідольё, Дж.Рэка, Дж.Б.Руапола, Э.Баскеніса, Італія; Х.Санчэса Котана, Ф.Сурбарана, А.Перэды, Іспанія). У кампазіцыях галандскіх мастакоў Н. набыў камерны характар, дэмакратызм і паэтычнасць вобразаў у спалучэнні з дакладнай жывапіснай распрацоўкай прасторы і фактуры рэчаў, пластыкай форм (творы А.Беерэна, Я.Венікса, П. ван дэр Віліге, В.Калфа, П.Класа, В.Хеды, Я.Д. дэ Хема, М.Хондэкутэра і інш). У флам. мастацтве вызначаўся жыццесцвярджальным характарам, манументальнасцю і веліччу гучання, складанасцю і дынамізмам кампазіцый, дэкаратыўнасцю (творы П. дэ Воса, Д.Сегерса, Ф.Снейдэрса, Я.Фейта). Развіваўся таксама ў ням. (Г.Флегель) і франц. (Л.Бажэн, А.Ф.Дэпорт, Ж.Б.Мануае, Ж.Б.Удры) мастацтве. У 18 ст. адной з асн.маст. мэт жанру стала дакладнае ілюзіяністычнае адлюстраванне рэчаў. Н., прызначаныя пераважна для аздаблення інтэр’ераў, набылі дэкар. характар, у іх кампазіцыі пераважалі кветкі і садавіна. Дэмакратызмам і глыбінёй зместу, багаццем кампазіцыйных і каларыстычных вырашэнняў вызначаліся Н. франц. мастака Ж.Б.С.Шардэна. У сярэдзіне 18 ст. ўзнік тэрмін «nature morte», які перадаваў непаважлівыя адносіны да Н. з боку акад. мастацтва, якое аддавала перавагу «жывой натуры» і жанрам, звязаным з яе адлюстраваннем. Рус. нацюрморт 18 ст. вызначаўся натуралістычна-дакладнай перадачай рэчавага асяроддзя (П.Багамолаў, Р.Цяплоў і інш.). У пач. 19 ст. Н. існаваў пераважна ў якасці акад. вывучэння натуры. Пэўны ўздым жанру быў уласцівы асобным творам мастакоў бідэрмеера і рус. мастакоў (Ф.П.Талстой, школа А.Венецыянава). З кампазіцыі Н. знікаюць рукатворныя рэчы, пераважаюць матывы кветак, напісаныя па кампазіцыйных схемах флам.дэкар. Н. 17 ст. У жанры Н. спецыялізаваліся А.Фантэн-Латур (Францыя), У.Харнет, Ч.У.Піль (ЗША), звярталіся да яго Ф.Гоя (Іспанія), Э.Дэлакруа, Г.Курбэ (Фрапцыя) і інш. У 2-й пал. 19 ст. пераважалі крыху мадэрнізаваныя традыц.акад. схемы, франтальныя цэнтрычныя кампазіцыі, Н. эцюднага характару. Супраць уяўлення Н. як замкнёнай кампазіцыі са статычных аб’ектаў выступалі імпрэсіяністы, што часта прадстаўлялі яго ў інтэр’еры або пейзажы як часткі прыроды. Рус. перасоўнікаў быт. рэчы як тэма асобнага твора не цікавілі, лічыліся ўвасабленнем банальнасці жыцця і яго фальшывага бляску. Сярод эцюдаў Н. перасоўнікаў пераважалі «букеты» (І.Крамской, І.Рэпін, В.Сурыкаў, В.Паленаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. адбыўся ўздым Н., вырасла яго роля як самаст. жанру. Праз яго мастакі-постімпрэсіяністы рэалізоўвалі новыя шляхі ў мастацтве (П.Сезан у Францыі, В.ван Гог у Галандыі). У 20 ст. да Н., у якім адкрыліся бязмежныя магчымасці распрацоўкі ўласнай стылістыкі, эксперыментаў з формай і раскрыцця ўнутр. сутнасці прадметаў, адлюстравання светаўспрымання канкрэтнага чалавека пачалі звяртацца прадстаўнікі ўсіх маст. кірункаў. У жанры Н. стваралі кампазіцыі Ж.Абей, Э.Афрэ, Ж.Брак, Ф.Геры-Кала, Х.Грыс, Ж.Гузі, А.Дэрэн, П.Дзюкардо, К.Івель, К.Лепап, Р.Магрыт, А.Матыс, Ж.Міро, П.Пікасо (Францыя), Ю.Гес, А.Канальт (Германія), Р.Гутуза, Ф.Казараці, Дж.Марандзі, Дж.Северыні (Італія), Ф.Эліяс (Іспанія), І.Альберт, Дж.Энсар (Бельгія), Б.Кубіша, Э.Філа (Чэхія), Дж.Біл, У.Бэйлі, Э.Уает, Дж.Фіш (ЗША), Жэнь Банянь, Цы Байшы (Кітай), А.Акапян, М.Сар’ян (Арменія), Л.Свемп, Л.Эндзеліна (Латвія), А.Асмёркін, А.Галавін, Н.Ганчарова, І.Грабар, П.Канчалоўскі, К.Каровін, П.Кузняцоў, А.Купрын, М.Ларыёнаў, А.Лянтулаў, І.Машкоў, І.Пуні, К.Пятроў-Водкін, В.Раждзественскі, М.Сапуноў, С.Судзейкін, Р.Фальк, А.Экстэр (Расія) і інш.
На Беларусі Н. вядомы з 16 ст. ў кніжнай графіцы: гравюра «Взор стола на немже бе хлеб посвященный» у кнізе Ф.Скарыны «Зыход», алегарычную ролю адыгрывае прадметнае асяроддзе ў партрэце да яго «Бібліі». Элементы Н. трапляюцца ў ілюстрацыях да «Хронікі ўсяго свету» М.Бельскага (16 ст.), паліванай кафлі 16—17 ст., іканапісе («Нараджэнне Марыі» П.Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Тройца», 18 ст., і інш.), сармацкіх партрэтах 16—18 ст. (атрыбуты ўлады, зброя і інш.). У 19 ст. выдатным майстрам Н. быў І.Хруцкі, які праз адлюстраванне рэчаў перадаваў асабістае адчуванне радасці быцця. У 1-й пал. 20 ст. лірычныя Н. стваралі І.Ахрэмчык, В.Волкаў, Я.Красоўскі, Д.Парахня, М.Станюта, М.Тарасікаў і інш. У 2-й пал. 20 ст.бел. Н. узбагаціўся новымі матывамі і вобразна-пластычнымі якасцямі. Пашырыліся тэмы Вял.Айч. вайны, дзе праз свет рэчаў раскрываюцца памяць і смутак народа пра тых, хто загінуў, нац. культурнай спадчыны, т.зв. сялянскі Н. і інш. У 1990-я г.вял. ўвагу ў Н. аддавалі асацыяцыям, сімвалам, знакавай сутнасці рэчаў, фармальным элементам кампазіцыі. У жанры Н. працавалі і працуюць Дз.Алейнік, Б.Аракчэеў, Я.Батальёнак, Э.Балагураў, Г.Бржазоўскі, Н.Варвановіч, Г.Вашчанка, Н.Воранаў, А.Гугель, Ф.Гумен, М.Данцыг, Л.Дударэнка, В.Жолтак, Г.Ізергіна, А.Замай, М.Ісаёнак, Б.Казакоў, А.Карпан, Р.Кудрэвіч, С.Лі, А.Малішэўскі, Б.Малкін, А.Марачкін, В.Маркавец, А.Марыкс, У.Мінейка, Н.Паплаўская, А.Паслядовіч, А.Пашкевіч, Я.Радзялоўская, В.Сахненка, В.Свентахоўская, У.Сулкоўскі, В.Сумараў, У.Тоўсцік, У.Хадаровіч, Я.Харытоненка, А.Шаўчэнка, Л.Шчамялёў, Н.Шчасная, В.Цвірка і інш. Н. ў дэкар.-прыкладным мастацтве стварылі В.Грыдзіна, В.Крывашэева (габелены), М.Байрачны, А.Паддубны, В.Прыешкін, Т.Сакалова, У.Угрыновіч (кераміка) і інш.
Літ.:
Кузнецов Ю.И. Западноевропейский натюрморт. Л.;
М., 1966;
Ракова М.М. Русский натюрморт конца XIX — начала XX в. М., 1970;
Пружан И.Н., Пушкарев В.А. Натюрморт в русской и советской живописи. Л., 1971;