Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВЫ КАНДЭНСА́Т,
прыродная сумесь узаемараствораных газападобных і лёгкакіпячых вадкіх вуглевадародаў (C5H12 + вышэйшыя), якія знаходзяцца ў зямных нетрах у газа- або парападобным стане. Ахалоджванне і зніжэнне ціску да атмасфернага пры эксплуатацыі газакандэнсатных пакладаў вядзе да выпадзення з сумесі вадкай фазы — кандэнсату. Газавая частка газавага кандэнсату належыць да катэгорыі тлустых газаў. Утрыманне вадкіх вуглевадародаў (кандэнсату) залежыць ад саставу газу, пластавых тэрмабарычных умоў, асаблівасцей міграцыі газавага кандэнсату і вагаецца ад 5—10 да 500—1000 г/м³. Генетычна газавы кандэнсат неаднародны. Фракцыйны і вуглевадародны састаў разнастайны (бензінавыя, газныя, метанавыя і інш. кампаненты). Газавы кандэнсат і яго састаўныя часткі выкарыстоўваюць як паліва для рухавікоў і як сыравіну для хім. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВЫ БАЛА́НС,
суадносіны прыходу і расходу газаў у атмасферы, глебе, водным і інш. асяроддзі. Прыродная дынаміка газавага балансу абумоўлена сезоннымі і спарадычнымі зменамі ў прыродзе, гарыз. і верт. перамяшчэннямі паветра і інш. фактарамі. Суадносіны паміж асобнымі газамі ў прыродзе даволі пастаянныя, аднак пад уплывам антрапагеннага ўздзеяння яны могуць значна парушацца: пры інтэнсіўным забруджванні атмасферным у індустрыяльных развітых раёнах, масавай высечцы лесу і памяншэнні плошчы пад расліннасцю, забруджванні вод, парушэнні воднага рэжыму глеб і інш. Пра газавы баланс у жывых арганізмах гл. ў арт.Газаабмен.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВЫ ПРО́МЫСЕЛ,
тэхналагічны комплекс для здабычы і збору прыроднага газу з плошчы радовішча, апрацоўкі газу і кандэнсату для падрыхтоўкі іх да транспарціроўкі. Камунікацыі і збудаванні газавага промыслу падзяляюць на асноўныя (эксплуатацыйныя, назіральныя і разведачныя свідравіны, газазборныя калектары, кампрэсарныя станцыі і інш.) і дапаможныя (энергет. гаспадарка, водазабеспячэнне, сувязь, майстэрні і інш.). Колькасць, характар і магутнасць збудаванняў газавага промыслу залежаць ад геолага-эксплуатацыйнай характарыстыкі радовішча. На Беларусі газавы промысел (на тэр. Гомельскай вобл.) прызначаны для спадарожнай здабычы і транспарціроўкі газу; створана закрытая (герметызаваная) сістэма нафтагазазбору (мінімізуе страты і забруджванне навакольнага асяроддзя). Перапрацоўку газу ажыццяўляе Беларускі газаперапрацоўчы завод у г. Рэчыца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВЫ ЛА́ЗЕР,
лазер з газападобным актыўным рэчывам. Актыўнае рэчыва (газ) змяшчаецца ў аптычны рэзанатар або прапампоўваецца праз яго. Інверсія заселенасці ўзроўняў энергіі (гл.Актыўнае асяроддзе) дасягаецца ўзбуджэннем атамаў дапаможнага рэчыва (напр., гелій, азот) і рэзананснай перадачай узбуджэння атамам рабочага рэчыва (неон, вуглякіслы газ). Паводле тыпу актыўнага рэчыва адрозніваюць атамарныя, іонныя і малекулярныя газавыя лазеры. Атрымана генерацыя пры выкарыстанні 44 актыўных атамарных асяроддзяў, іх іонаў з рознай ступенню іанізацыі, а таксама больш за 100 малекул і радыкалаў у газавай фазе. Газавыя лазеры маюць больш высокую монахраматычнасць, стабільнасць, кагерэнтнасць і накіраванасць выпрамянення ў параўнанні з лазерамі інш. тыпаў. Выкарыстоўваюцца ў метралогіі, галаграфіі, медыцыне, аптычных лініях сувязі, матэрыялаапрацоўцы (рэзка, зварка), лакацыі, фіз. даследаваннях, звязаных з атрыманнем і вывучэннем высокатэмпературнай плазмы і інш.
Для ўзбуджэння актыўнага рэчыва газавыя лазеры выкарыстоўваюць электрычныя разрады ў газах, пучкі зараджаных часціц, аптычную, хім. і ядз. пампоўку, цеплавое ўзбуджэнне, а таксама газадынамічныя метады і метады перадачы энергіі ў газавых сумесях. Найб. пашыраным атамарным газавым лазерам з’яўляецца гелій-неонавы лазер (магутнасць генерацыі да 100 мВт), які мае найвышэйшую стабільнасць параметраў генерацыі, надзейнасць і даўгавечнасць. Найб. магутная генерацыя іонных газавых лазераў атрымана на іонах аргону (да 500 Вт у неперарыўным рэжыме). Малекулярныя лазеры з’яўляюцца найб. магутнымі, напр.газавы лазер на вуглякіслым газе мае магутнасць да 1 МВт у неперарыўным рэжыме.
Першы газавы лазер на сумесі неону і гелію створаны ў 1960 амер. фізікамі А.Джаванам, У.Р.Бенетам і Д.Эрыятам. На Беларусі распрацоўкай і даследаваннем газавых лазераў займаюцца ў ін-тах фізікі, цепла- і масаабмену, фіз.-тэхн., малекулярнай і атамнай фізікі АН, НДІ прыкладных фіз. праблем пры БДУ, Гродзенскім ун-це і БПА.