КРЫ́ПТА (ад грэч. krypte крыты падземны ход, тайнік),
1) у Старажытным Рыме скляпеністае падземнае або паўпадземнае памяшканне.
2) У сярэдневяковай зах.-еўрап. архітэктуры — капліца пад храмам (звычайна пад алтарнай часткай), месца ганаровых пахаванняў.
На Беларусі К. вядомы ў культавых збудаваннях 16 — пач. 20 ст.: К. пад касцёламі езуітаў і бенедыкцінак у Нясвіжы (фамільныя скляпы кн. Радзівілаў), брыгітак у Гродне, езуітаў у в. Юравічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл., у капліцах-пахавальнях у в. Закозель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. і г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАВІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудавана ў сярэдзіне 19 ст. ў г. Клімавічы Магілёўскай вобл. Будынак цагляны, складаецца з крыжовага ў плане асн. аб’ёму і прыбудаваных да яго паўкруглай апсіды з усходу і квадратнага бабінца з захаду. Над сяродкрыжжам чацвярык з вял. светлавым васьмігранным барабанам з купалам. Бабінец завершаны 3-яруснай вежай-званіцай (2 чацверыкі і васьмярык з гранёным купалам). Купал і званіца ўвянчаны галоўкамі. У дэкоры выкарыстаны плоскія нішы, сухарыкі, раскрапоўкі ў выглядзе трохвугольных франтонаў, двухколерная тынкоўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1750-я г. за межамі г. Кобрын Брэсцкай вобл., на беразе р. Мухавец, у 1841 перавезена ў горад, перабудавана з элементамі позняга класіцызму. Складаецца з асн. зруба, 5-граннай апсіды і 4 чацверыковых аб’ёмаў, размешчаных па вуглах асн. зруба. Усе аб’ёмы накрыты агульным шматсхільным дахам, у сярэдзіне якога на чацверыковым пастаменце ўзвышаецца вял. 8-гранны светлавы барабан з купалам. Гал. фасад раскрапаваны па баках выступамі і аздоблены 2 калонкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХРО́ЎСКАЯ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства ў в. Махро Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1792 як уніяцкая. Складаецца з прамавугольнага ў плане асн. зруба і 5-граннай апсіды, накрытых агульным дахам з трохвугольнымі навісямі ў месцы злучэння аб’ёмаў. Гал.паўн. фасад вырашаны ў выглядзе шырокай пласціны, пры ўваходзе тамбур. Фасад падзелены на ярусы 2 развітымі карнізамі і завершаны 3 вежачкамі (бакавыя квадратныя ў плане, цэнтр. 8-гранная). Карнізы аздоблены разьбой. Каля царквы 2-ярусная чацверыковая каркасная званіца, накрытая шатром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЗДЗЕЖСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1784 у в. Бездзеж (Драгічынскі р-н Брэсцкай вобл.) на фундаменце царквы 1-й пал. 17 ст. Мае рысы стылю барока. Прамавугольны ў плане асн. і алтарны зрубы аб’яднаны 2-схільным дахам з вальмай над алтаром і трохвугольнымі навісямі ў месцы злучэння зрубаў. Гал. фасад завершаны трохвугольным зрубам, які спалучаецца з паўвальмай, і 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі купалкамі. Інтэр’ер зальны, з 4 слупамі ў сярэдзіне, над уваходам — хоры; захаваліся абразы 17—18 ст. Перад царквой — брама-званіца, накрытая 2-схільным дахам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ КУЦЕ́ІНСКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р,
помнік архітэктуры барока. Заснаваны ў 1623 як праваслаўны мужчынскі манастыр. Размешчаны на паўн.-зах. ускраіне Оршы ў сутоках Дняпра і Куцеінкі. Складаўся з галоўнага Богаяўленскага сабора, Святадухаўскай царквы, званіцы, манастырскіх і гасп. пабудоў. Быў абнесены агароджай з бутавага каменю і цэглы. Драўляны Богаяўленскі сабор пабудаваны ў 1623—35; згарэў у 1888. У 1630 бел. асветнік і кнігадрукар Спірыдон Собаль заснаваў пры манастыры Куцеінскую друкарню. Захаваліся Святадухаўская царква (узведзена ў 1-й пал. 17 ст.), манастырскі будынак, частка сцяны.
Т.В.Габрусь.
Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр. Святадухаўская царква. З малюнка Д.Струкава. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ВІНСКАЯ ЦАРКВА́ ПАРАСКЕ́ВЫ ПЯ́ТНІЦЫ,
помнік драўлянага дойлідства 18 ст. з элементамі стылю барока. Пабудавана ў 1740 у в. Дзівін Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.
Асноўны прамавугольны зруб і 5-гранная апсіда з нізкімі рызніцамі накрыты агульным дахам з навісямі на месцы злучэння зрубаў. На гал. фасадзе тарэц 2-схільнага даху вырашаны як спалучэнне франтона і атыкавай устаўкі з паўвальмай паміж 2 чацверыковымі вежамі. Гал. фасад падзелены галерэяй з балюстрадай. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю. З боку ад царквы званіца (васьмярык на чацверыку, 2-я пал. 19 ст.), накрытая шатром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНКАЎСКІ АНТО́НІЕЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1908 у в. Каменка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.Асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты двухсхільным дахам. Цэнтр. неф пераходзіць у 5-гранную апсіду з самаст. дахам, па баках якой невял. гранёныя сакрысціі. На гал. фасадзе двух’ярусная чацверыковая вежа, завершаная стромкім шатром з люкарнамі. Верхні чацвярык вежы на ўсіх фасадах вылучаны высокімі патройнымі арачнымі вокнамі. Гал. ўваход аформлены парталам, над якім акно-ружа і ніша са скульптурай. Дзверы аздоблены маст. коўкай. Астатнія фасады рытмічна расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫ́ГАЛЬСКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства 18 ст. ў в. Латыгаль Вілейскага р-на Мінскай вобл. Пабудавана ў 1771 як уніяцкая па фундацыі графа Салагуба. Складаецца з 2 амаль квадратных у плане зрубаў, накрытых агульным шматсхільным дахам, які ўтварае невял.
трохвугольныя навісі ў месцы прымыкання зрубаў. Гал. фасад завершаны трапецападобным франтонам з дэкар. шалёўкай і вял. лучковым аконным праёмам у цэнтры. Франтон увянчаны чацверыковай вежачкай з галоўкай. Такая ж галоўка над алтаром. Па баках алтарнага зруба невысокія квадратныя сакрысціі. У архітэктуры спалучаюцца рысы традыц.нар. дойлідства і стылю барока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЖАСНЯ́НСКАЙ ЗЕМЛЯРО́БЧАЙ ШКО́ЛЫ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры мадэрн у в. Лужасна Віцебскага р-на. Узведзены ў 2-й пал. 19 ст., у 1905—09 рэканструяваны. Мураваны 2-павярховы Г-падобны ў плане будынак. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі вылучаецца 3-павярховая вуглавая частка з уваходам, сіметрычнай групоўкай праёмаў, складанымі шчытамі. Паміж імі высокі спічасты шацёр, які надае выразнасць сілуэту будынка. Фасады вырашаны ў 2 колерах. Аконныя праёмы на 2-м паверсе з лучковым завяршэннем, на 1-м — прамавугольныя. У 1909 у будынку адкрыта земляробчая школа. З 1965 — Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум.