упаўнава́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што на што і з інф.

Даць паўнамоцтвы на правядзенне чаго‑н., даверыць зрабіць што‑н. ад чыйго‑н. імя. Упаўнаважыць пасла на вядзенне перагавораў. Упаўнаважыць касіра атрымаць грошы па даверанасці. □ — Сход нас і ўпаўнаважыў, — уставіў Вітушка. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́рсткі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Хуткі, жвавы, быстры. Для свайго ўзросту .. [доктар] быў яшчэ даволі порсткі і рухавы. Васілевіч. Аля падхоплівае чамаданы і порсткімі крокамі накіроўваецца ў горад. Пальчэўскі.

2. Запальчывы, быстры. Па характару яны зусім розныя людзі: Мікалай Вітушка спакойны, разважлівы, далікатны, а Міхал Падабед порсткі, гарачы і крыху грубаваты. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сме́ла, прысл.

1. Прысл. да смелы.

2. Разм. Несумненна; з поўнай абгрунтаванасцю. — А новага старшыню ў вас выбраць няцяжка, мы ж ведаем, — сказаў Вітушка, — Любога брыгадзіра можна смела ставіць хоць сёння. Шамякін. Можна смела сказаць, што каб Гальвас крыкнуў на яе... [Аміля] не вытрымала б узятай на сябе ролі. Чорны. — Дык ты лічыш, што я яшчэ не старая? — спытала раптам Галіна. — Ані не старая, — сказаў я. Ты яшчэ смела можаш выскачыць замуж. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прывы́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў прывычках, увайшоў у прывычку. Полаз і Вітушка паабедалі з прывычнай сялянскай паважнасцю. Шамякін. Пётра падышоў да сцірты і сказаў прывычнае «добры дзень». Пташнікаў. Увесь наш прывычны парадак механічнай работы пачаў трашчаць на ўсіх застаўках. Скрыган. // Добра знаёмы, звычайны. Халасцяцкі пакой, пусты, .. па-роднаму прывычны, зараз здаваўся.. [Банжыну] чужым. Шыцік.

2. Які выпрацаваў прывычку да чаго‑н., прывык да чаго‑н. Але прывычны паляўнічы зрок Адгадваў сярод густой травы, Па росах збітых воўчыя сляды. Танк. Лучына дыміць і чадзіць. Непрывычнаму чалавеку было б кепска пры гэтым асвятленні, а прывычнаму — лепей і не трэба. Бядуля. Упартыя мазгі, як прывычны конь, заварочваюць на старую дарожку. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Казяло́к1 ’расліна Tragopogon pratensis’ (Дэмб., Касп.). Дакладная паралель ва ўкр. козелок ’некаторыя віды Tragopogon’. Рус. маск. козёлик і дыял. козелька ’розныя віды казлабародніку’. Здаецца, ёсць падставы лічыць гэту назву ўсх.-слав. Да бел. і ўкр. можна дадаць яшчэ рус. ніжнегар. козелок ’расліна Sonchus oleraceus’. Гэтыя расліны не вельмі падобныя, аднак падабенства можна ўбачыць у істотных дэталях іншай расліны (Sonchus arvensis), апрача таго, можна меркаваць і аб функцыянальным пераносе (ядомыя расліны). Ва ўсякім разе фармальна ўсх.-слав. характар слова рус. прыкладам не столькі даводзіцца, колькі падмацоўваецца, бо няма падстаў лічыць бел. фіксацыі залежнымі ад укр. матэрыялу. Мяркуем, што ў даным выпадку для назвы расліны быў ужыты заонім казялок ’казляня’.

Казяло́к2 ’жалезная падстаўка ў выглядзе трыножніка’ (карэліц., нясвіж., Нар. словатв.). Укр. козелець ’штатыў у вітушцы’, усх.-палес. козлік, козюлоквітушка’, рус. халмаг., арханг. козелок ’некалькі калоў, жэрдак, пастаўленых разам у шацёр’, арханг. козёл (козлы) ’бярвенні, пастаўленыя ў піраміду для прасушкі’, козла ’трыножнік з жэрдак, палак для вогнішча’ (перм.); бел. канкрэтная (мясцовая) рэалізацыя, магчыма, усх.-слав. тэрміна для розных невялікіх перакрыжаваных (козлы) канструкцый.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хава́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Забірацца куды‑н. так, каб іншыя не бачылі, не маглі знайсці. У пушчах, у нетрах трушчобы, балот Хаваецца люд непакорны. Колас. [Дзямід:] — У гэтую пару аленя цяжка ўбачыць, хіба толькі выпадкова. Ён цяпер хаваецца. В. Вольскі. Танкі ўжо не хаваліся і не манеўравалі, яны секлі перад сабою агнём. Чорны. // Прыкрывацца чым‑н. зверху. Міколка хаваўся пад коўдру.., паказваючы адтуль толькі кончык носа. Лынькоў. // Доўга не паказвацца, не трапляць на вочы каму‑н., пазбягаць непажаданых сустрэч. Дзяўчына ўсё яшчэ помсціла за тыя тайныя кароткія прыезды ці можа за тое, што.. [Антанюк] так доўга хаваўся ад яе. Шамякін. // перан. Ухіляцца ад чаго‑н., спасылаючыся на каго‑, што‑н. [Студэнт Рак] любіў хавацца за цытаты, якіх ведаў безліч. Дамашэвіч. // Разм. Унікаць чаго‑н., імкнуцца стаяць убаку ад чаго‑н. Хавацца ад даручэнняў. □ [Корань:] — Трэба, каб людзі сцераглі! Каб ахоўвалі, біліся за праўду, а не хаваліся за яе... Ваданосаў. // Шукаць укрыцця (ад дажджу, сонца і пад.). Хавацца ад дажджу. □ Сонца пачынае прыпякаць. Але хавацца ад яго куды-небудзь у цянёк не хочацца. Васілёнак. Хаваюцца ў гавань параходы, — Ад буры не чакай дабра. Корбан. // перан. Разм. Выдаваць сябе не за таго, кім ёсць на самай справе; маскіравацца. Даміра падазраваў, што за псеўданімам хаваецца Закружскі паштавік Дземідзенка. Асіпенка. [Кашын:] — Столькі год [начальнік слуцкай паліцыі] пад чужым прозвішчам хаваўся.. Адданым.. прыкідваўся і рацыяналізатарам быў, гад! Карпаў. // перан. Мецца ўнутры, выяўляцца праз душэўны стан чалавека. У глыбокіх шэрых вачах Пятра Аляксеевіча хавалася лагодная ўсмешка. П. Ткачоў. Максім быў маўклівы, і за маўклівасцю яго недзе глыбока ў душы хавалася чуласць. Брыль. Прыгожай.. [Анэту] назваць нельга было, але ў ёй хавалася нешта чыста жаночае, пакорлівае і прывабнае. Чарнышэвіч.

2. перан. Разм. Рабіць што‑н. скрытна, не выяўляць сваіх намераў, думак, пачуццяў. [Таня] недаверліва паківала галавой. — Навошта вы хаваецеся ад мяне, тата? Ці ж я не бачу? Я ўсё бачу. Шамякін. // Заставацца незаўважаным. У ... [Турсевіча] была тонкая назіральнасць, і ніводная рыска, тыповая драбніца не хавалася ад яго вока. Колас.

3. Знаходзіцца не ў полі зроку, ледзь прыкметна выступаць з-за засланяючых прадметаў. Нізкаваты, з зачыненымі аканіцамі, дом хаваўся ў глыбіні невялікага саду. Шыцік. Вялікае, ужо няцёплае сонца хавалася за недалёкім лесам. Карпаў. // Быць нябачным у чым‑н. (высокай расліннасці, глыбокай вадзе і пад.). Чухноўскі пачаў так дыміць люлькаю, што аж хаваўся ў дыме. Пестрак. // Заключацца ў чым‑н., не выяўляючыся знешне. Напісаць мастацкі твор... Як лёгка і проста вымаўляюцца гэтыя словы. А колькі працы, хваляванняў, радасці, пакут, расчараванняў хаваецца за імі! Шкраба. За скупым расказам Веры Вітушка хаваецца не адна смелая дыверсія на чыгунцы, не адзін жорсткі бой, не адна рызыкоўная аперацыя. Дзенісевіч.

4. Разм. Знаходзіцца, захоўвацца дзе‑н. У гэтай будыніне хаваліся галоўныя калгасныя прадукты: зерне, бульба і гародніна. Колас. Астап Канапелька.. зняў шапку, дзе заўсёды хавалася яго люлька і капшук з самасеем. Лынькоў. Абрусы, ручнікі, пасцілкі, квяцістыя андаракі, кофты, жакеты — усё хаваецца ў чорнай вялізнай скрыні. Асіпенка. // Быць прыгатаваным, зберагацца на пэўны выпадак. Для Івана ў хаце заўсёды хаваецца паўлітэрка. Навуменка.

•••

Хавацца адзін за аднаго — выяўляць нясмеласць, баяцца адказнасці.

Хавацца за чужую спіну — імкнуцца прыкрыцца чыім‑н. аўтарытэтам.

Хавацца ў кусты — ухіляцца ад адказнасці.

Хавацца ў цень — старацца перачакаць што‑н. непрыемнае ў зацішным месцы; ухіляцца ад чаго‑н., адседжвацца.

хава́цца 2, ‑аецца; незак.

Зал. да хаваць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)