вікто́рыя

(лац. victoria = перамога)

1) уст. перамога;

2) старадаўні заходнееўрапейскі сорт слівы;

3) тое, што і вікторыя-рэгія.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВІКТО́РЫЯ (Victoria),

Оўэн-Фолс, вадасховішча на тэр. Уганды, Танзаніі і Кеніі. Створана ў 1954 пры пабудове плаціны Оўэн-Фолс (Уганда) на р. Вікторыя-Ніл і падпоры воз. Вікторыя на 3 м. Пл. 76 тыс. км² (у т. л. воз. Вікторыя 68 тыс. км²), аб’ём 204,8 км³ Даўж. 320 км.

т. 4, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ,

у старажытна-рым. міфалогіі багіня перамогі. Асн. яе сімвалы — пераможны вянок і крылы. У Рыме Вікторыі былі прысвечаны храм на ўзгорку Палацін і алтар у курыі сената, узведзеныя ў часы праўлення Аўгуста. У надпісах і на манетах эпохі імперыі Вікторыя — увасабленне перамогі імператара ў вайне. У стараж.-грэч. міфалогіі ёй адпавядае Ніка.

Вікторыя. Рэльеф аркі імператара Дыяклетыяна. Канец 3 ст.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ (Victoria),

англійская назва г. Сянган.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ (Victoria),

Порт-Вікторыя, сталіца дзяржавы Сейшэльскія Астравы, на в-ве Маэ. 24,3 тыс. ж. (1987). Порт на Індыйскім ак. База забеспячэння палівам суднаў. Міжнар. аэрапорт. Прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), мэблевай, радыёэлектроннай, рыбаперапр. прам-сці. Саматужна-рамесніцкая вытв-сць сувеніраў і інш. Гандаль копрай, ваніллю, карыцай, чарапахавымі панцырамі. Замежны турызм.

т. 4, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ (Victoria),

род кветкавых раслін сям. гарлачыкавых. 2 віды. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы: вікторыя амазонская, або каралеўская (Victoria amazonica, або Victoria regia), расце ў затоках р. Амазонка і яе прытокаў, вікторыя Круса (Victoria cruziana) — у басейне р. Парана.

Шматгадовыя водныя травяністыя расліны з круглавата-шчытападобным з падагнутымі ўверх у выглядзе борціка краямі, плаваючымі на паверхні вады вял. лісцем дыям. да 2 м, падводным сцяблом і магутным карэнішчам, якое прымацоўвае расліну да грунту. Лісце ўнізе ўкрыта сеткай тоўстых жылак, з моцна развітай паветраноснай тканкай, вытрымлівае груз да 50 кг. Чаранкі (ніжняя паверхня лісця), кветаносы і чашалісцікі ўкрыты вострымі шыпамі. Кветкі вялікія (дыям. 25—35 см), адзіночныя, пахучыя, са зменлівай ад белай да малінавай на працягу сутак афарбоўкай. Плод — шматгнездавая каробачка з ядомым насеннем памерам з гарошыну. Дэкар., прыдатныя для аквакультуры расліны (культывуюць у бат. садах, аранжарэях пры т-рах вады 25—30 °C).

Вікторыя Круса.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ (Victoria),

Вікторыя-Н’янза, Укерэве, возера ва Усх. Афрыцы, на тэр. Танзаніі, Кеніі і Уганды. Размешчана ў тэктанічным прагіне на выш. 1134 м. Пл. 68 тыс. км² (2-е па памерах прэснае возера свету). Даўж. 320 км, шыр. 275 км, найб. глыб. 80 м. Даўжыня берагавой лініі больш за 7 тыс. км; берагі пераважна нізінныя, пясчаныя, парэзаныя залівамі. Шмат астравоў агульнай пл. каля 6 тыс. км² (вял. в-аў Укерэве, а-вы Сесе). У Вікторыю ўпадае мнагаводная р. Кагера, выцякае р. Вікторыя-Ніл. Характэрны штормы. На в-ве Рубонда (Танзанія) нац. парк. Вікторыя — важны ўнутраны рыбапрамысловы раён. У фауне каля 100 відаў, з іх 64 віды эндэмічнага сям. храмісаў (з акунепадобных). Суднаходства. Асн. парты — Джынджа, Энтэбе (Уганда), Букоба, Мванза (Танзанія), Кісуму (Кенія). Возера злучана з узбярэжжам Індыйскага ак. чыгункамі Кісуму — Мамбаса і Мванза — Табора — Дар-эс-Салам. Адкрыта ў 1858 англ. падарожнікам Дж.​Спікам. Названа ў гонар каралевы Вялікабрытаніі.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 4, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ (Victoria Falls),

вадаспад на р. Замбезі, у Паўд. Афрыцы, на мяжы Замбія—Зімбабве; адзін з буйнейшых у свеце. Выш. 120 м, шыр. 1800 м. Падзяляецца астравамі на часткі: Глотка Д’ябла, Галоўны, Вясёлкавы, Усходні. Вада падае з уступу выш. 120 м у вузкі (130 м) і глыбокі (140 м) каньён у базальтах, утварае гіганцкія слупы вадзянога пылу. Расход вады моцна вагаецца на працягу года, у сярэднім каля 1400 м³/с. Уваходзіць у склад нац. паркаў Вікторыя-Фолс (Зімбабве) і Мосі-Оа-Тунья (Замбія). ГЭС. Турызм. Адкрыты ў 1855 Д.Лівінгстанам, названы ў гонар каралевы Вялікабрытаніі.

т. 4, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ (Victoria; 24.5.1819, Лондан — 22.1.1901),

каралева Вялікабрытаніі і Ірландыі [1837—1901], імператрыца Індыі [1876—1901]. Апошняя прадстаўніца Гановерскай дынастыі. Час яе праўлення наз. «віктарыянскай эрай» (падзяляецца на 3 перыяды). Першы (ранневіктарыянскі) перыяд быў адметны сац. напружаннем (гл. Чартызм, барацьба супраць хлебных законаў). У сярэдневіктарыянскі (1846—73) пашырыўся эканам. лібералізм, устанавілася прамысл. і гандл. манаполія Англіі ў свеце, зменшылася сац. напружанасць. У познавіктарыянскі час Вялікабрытанія стала найб. моцнай сярод еўрап. дзяржаў. Вяліся калан. войны з краінамі Азіі і Афрыкі; завяршылася заваяванне Індыі. У л-ры, мастацтве з’явіўся новы «віктарыянскі» стыль, яго пераймалі ў інш. краінах. У гонар Вікторыі названы гарады, рэкі, астравы, тэрыторыі і правінцыі ў краінах, якія ўваходзілі ў склад Брыт. імперыі.

Вікторыя.

т. 4, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ (Victoria),

востраў на Пд Канадскага Арктычнага архіпелага; тэр. Канады. Пл. 213,8 тыс. км². Паверхня пераважна раўнінная, асобныя горы выш. да 914 м. Складзены з палеазойскіх пясчанікаў, кангламератаў, вапнякоў, сланцаў і дакембрыйскіх гранітагнейсаў. Шмат азёр. Расліннасць тундравая. Населены пункт — Кембрыдж-Бей.

т. 4, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)