БІПЛА́Н (ад бі... + план),

самалёт з двума крыламі, якія размешчаны адно над адным з двух бакоў фюзеляжа. Да 1930-х г. схема біплана была пераважнай для вучэбных, знішчальных і разведвальных самалётаў. Пазней біплан выцеснены манапланамі. У краінах СНД біплан (Ан-2, Ан-24) выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, для мясц. перавозак і інш., за мяжой — у с.-г. і спарт. авіяцыі.

Біплан Ан-2.

т. 3, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙДА́К,

пласкадоннае драўлянае грузавое судна з 2-схільным дахам і мачтай. Бытаваў на Беларусі ў 16—19 ст. Даўж. 25—53 м, шыр. 4—10 м, грузападымальнасць 80—250 т. Па канструкцыі самае вузкае, адносна сваёй даўжыні, і непаваротлівае судна. На байдаках хадзілі ўверх і ўніз па цячэнні ракі пад ветразем у басейнах Дняпра і Прыпяці. З сярэдзіны 19 ст. выцеснены больш зручнай берлінай.

т. 2, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕНЯМЁТ,

гладкаствольная гармата, якая страляла каменнымі ядрамі, камянямі, кавалкамі цэглы і інш. на малыя адлегласці (да 150—200 м). З’явіўся ў 14 ст.ВКЛ з 1382) у выглядзе бамбарды. К. выкарыстоўваліся спачатку пры аблозе і абароне крэпасцей, пазней на колавым лафеце і ў палявым баі. Выцеснены гладкаствольнымі марцірамі. На ўзбраенні асаднай і крапасной артылерыі Расіі захоўваліся да пач. 19 ст.

Прускі каменямёт перыяду Сямігадовай вайны 1756—63.

т. 7, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РЗЕ АПАРА́Т,

электрамеханічны тэлегр. апарат для перадачы і прыёму паведамленняў нераўнамерным кодам тэлеграфным (знакамі азбукі Морзе). Перадатчыкам у М.а. з’яўляецца тэлегр. ключ, прыёмнікам — электрамагніт, які кіруе работай пішучага механізма. Распрацаваны С.Морзе ў 1837, прыгодны для эксплуатацыі ў 1840; упершыню выкарыстаны ў 1844 на тэлегр. лініі Вашынгтон — Балтымар. Да сярэдзіны 1950-х г. выцеснены літарадрукавальнымі тэлеграфнымі апаратамі.

Схема работы Морзе апарата: 1 — пішучы вузел; 2 — электрамагніт; 3 — ключ; 4 — батарэя сілкавання.

т. 10, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛАСАКСО́НСКАЕ ЗАВАЯВА́ННЕ,

заваяванне Брытаніі паўн.-герм. плямёнамі англаў, саксаў, ютаў і фрызаў у 5—6 ст. Іх пірацкія напады на Брытанію з сярэдзіны 5 ст. змяніліся перасяленнем у прыбярэжныя раёны і ў глыб краіны. Нягледзячы на ўпартае супраціўленне брытаў і кельтаў, большая частка Брытаніі да канца 6 ст. была заваявана, а брыты знішчаны, заваяваны або выцеснены ў Шатландыю, Уэльс і на кантынент. Склаліся англасаксонскія каралеўствы Кент, Уэсекс, Сусекс, Эсекс, Усх. Англія, Нартумбрыя, Мерсія.

т. 1, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ТРА,

у рэлігіях і міфалогіі Стараж. Ірана, Індыі і Мітані (сучасная паўн. Сірыя) бог святла, сонца, праўды, справядлівасці і дагавору, гарант устаноўленых або абумоўленых адносін у свеце і грамадстве. Увасабляе добразычлівы ў адносінах да чалавека бок боскай існасці. З 1 ст. да н.э. культ М. быў пашыраны на тэр. Рым. дзяржавы, у 5 ст. н.э. выцеснены хрысціянствам; паўплываў на фарміраванне хрысц. догматаў, абрадаў і свят.

Мітра забівае быка. Скульптурная група з Пантыкапея (цяпер Керч).

т. 10, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСТГО́ТЫ, візіготы,

германскае племя, зах. галіна готаў. У 2—3 ст. пачалі прасоўвацца ў Прычарнамор’е, адкуль у канцы 4 ст. перайшлі ўсх. граніцу Рым. імперыі, разграмілі армію імператара Валента (гл. Адрыянопальская бітва 378), потым пасяліліся ў Ілірыі. Вестготы на чале з каралём Аларыхам I 24.8.410 захапілі і разрабавалі Рым. У 418 утварылі ў Паўд. Галіі Тулузскае каралеўства — першую варварскую дзяржаву на рым. тэрыторыі (на пач. 6 ст. выцеснены франкамі). У 5 ст. захапілі большую ч. Пірэнейскага п-ва, у 711 дзяржаву вестготаў заваявалі арабы.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАЖЫ́Р (франц. autogyre ад грэч. autos сам + gyros круг),

вінтакрылы лятальны апарат, цяжэйшы за паветра, папярэднік верталёта. Выкарыстоўвалі аўтажыр для сувязі, разведкі, карэкціроўкі артыл. агню і інш. Вынаходнік аўтажыра — іспанскі інж. Хуан дэ ла Сіерва (1922). У б. СССР будаваліся ў 1929—40.

Пад’ёмная сіла аўтажыра стваралася нясучым вінтом-ротарам, што знаходзіўся на верт. восі і свабодна круціўся ў гарыз. плоскасці пад дзеяннем патоку паветра. Цягу для гарыз. палёту забяспечваў самалётны вінт, аўтажыр не меў патрэбы ў вял. узлётнай (пасадачнай) скорасці і даўжыні разбегу, не зрываўся ў штопар. Выцеснены верталётамі.

т. 2, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕНЕСАРЫ́ КАСЫ́МАЎ (1802—1847),

дзеяч казахскага нац.-вызв. руху. Унук хана Аблая. Султан, з 1841 хан Сярэдняга жуза (плем. аб’яднанне на ПнУ сучаснага Казахстана, у 1740 пры хане Аблаю далучаны да Расіі). Выступаў за аддзяленне Казахстана ад Рас. імперыі і супраць палітыкі рас. улад, якія абмяжоўвалі правы каз. знаці. У 1837—47 кіраваў антырас. ўзбр. паўстаннем казахаў; аснову яго войска складалі дружыны сваякоў. Меў падтрымку з боку сярэднеазіяцкіх ханстваў. У 1846 выцеснены рас. войскамі на Пд у межы Старэйшага жуза. Загінуў у час набегу на кіргізаў.

т. 8, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКАМА́НЫ (лац. Marcomanni жыхары маркі),

адно з плямён стараж. германцаў, што насялялі даліну р. Майн. Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 58 да н.э. (згадваюцца ў войску Арыявіста). У 9—8 да н.э. выцеснены рымлянамі на тэр. сучаснай Чэхіі. У 1 ст. н.э. разам з роднаснымі ім квадамі прасунуліся на землі паміж верхнім цячэннем Эльбы і Дунаем. Адсюль яны рабілі набегі ў Паўн. Італію, што прывяло да Маркаманскай вайны 166—180 з рымлянамі. З 4 ст. ўдзельнічалі ў Вялікім перасяленні народаў. У 5 ст. аселі пераважна на тэр. Баварыі (гл. Бавары).

т. 10, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)