БЕРАСЦЯ́НЫЯ ГРА́МАТЫ,

пісьмы, запіскі, дакументы 11—15 ст. на бяросце, выяўленыя пры раскопках стараж. усх.-слав. гарадоў. На тым баку бяросты, што прылягаў да дрэва, літары надрапвалі завостранай касцяной ці жал. палачкай — пісалам. Вядома больш за 750 Берасцяныя граматы, у т. л. Ноўгарада, Старой Русы (23 граматы), Смаленска (10), Пскова (8), Звянігарада (Украіна; 3) і інш. На Беларусі выяўлены ў Віцебску (13—14 ст.) і Мсціславе (пач. 13 ст.). Асн. тэма грамат 11—12 ст. — крэдыторства, пазыка грошай; 13—15 ст. — валоданне зямлёй, клопаты пра сяўбу і ўборку збожжавых, пра даходы, феад. павіннасці, абавязацельствы, завяшчанні. У наўгародскіх граматах упамінаюцца жыхар Полацка і палонны, выкуплены з Полацка; берасцяная грамата 11 ст. напісана Жыравітам, жыхаром Полацка, Смаленска ці Віцебска.

Літ.:

Арциховский А.В. Новгородские грамоты на бересте: (Из раскопок 1958—1961 гг.). М., 1963;

Янин В.Л. Я послал тебе бересту... 2 изд. М., 1975;

Тарасаў С.В. З гісторыі полацкай эпіграфікі X—XV ст. // Кніжная культура Беларусі. Мн., 1991.

Г.​В.​Штыхаў.

Берасцяная грамата 13—14 ст. з Віцебска.

т. 3, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НЗАС (Kansas),

штат у цэнтр.ч ЗША. Уваходзіць у групу штатаў Паўн.Зах. цэнтра. Пл. 213,1 тыс. км², нас. 2572,2 тыс. чал. (1996). Адм. ц. — Тапіка, найб. гарады і гал. прамысл. цэнтры Уічыта і Канзас-Сіці. У гарадах жыве каля 70% насельніцтва. Паверхня — хвалістая раўніна, паката нахіленая ад перадгор’яў Скалістых гор на З (выш. каля 1200 м) да даліны р. Місуры на У (выш. каля 200—300 м). Узгоркавыя ўчасткі (Смокі-Хілс, Блу-Хілс) і даліны рэк Арканзас, Канзас і іх прытокаў ускладняюць рэльеф. Клімат умераны кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -3 °C, ліп. 26 °C. Апалкаў 550—950 мм за год. Летам бываюць засухі. Каля 90% тэр. выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы. Здабыча нафты і прыроднага газу. У апрацоўчай прам-сці развіта вытв-сць самалётаў, аўтамашын, с.-г. і дарожна-буд. машын, мінер. угнаенняў, прадуктаў нафтаперапрацоўкі, мясных кансерваў і мукі. Штат вылучаецца вял. зборамі пшаніцы і сорга, вытв-сцю ялавічыны і свініны. Мясная жывёлагадоўля. Транспарт чыг. і аўтамабільны. Суднаходства па р. Місуры.

Найбольш стараж. мясц. насельніцтва — індзейцы. Першыя еўрапейцы (іспанцы з Мексікі) з’явіліся тут у 1541. У 18 ст. ў К. заснавалі гандл. факторыю французы і ўключылі яго ў склад сваёй калоніі Луізіяна. З 1763 належаў Іспаніі. У 1803 выкуплены ЗША, у 1854 атрымаў статус тэрыторыі. Прыняцце Канзас-Небраска біля выклікала ў К. грамадз. вайну (1854—56) паміж перасяленцамі з паўд. штатаў, якія намагаліся ўвесці тут рабства неграў, і перасяленцамі з паўн. штатаў — праціўнікамі рабства. З 1861 штат ЗША У 1860—70 пабудавана транскантынент. чыгунка. Да 1890 б.ч. зямель заселена.

Інтэнсіўная распрацоўка зямель пад сельскую гаспадарку выклікала ў 1930-я г. пылавыя буры.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, гаспадарка).

т. 7, с. 584

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)