ДЗІ́ТВА,

рака на тэр. Літвы і Воранаўскага і Лідскага р-наў Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёман. Даўж. 93 км (у межах Беларусі каля 90 км). Пл. вадазбору 1220 км². Пачынаецца каля г. Эйшышкес у Літве, цячэ ў межах Лідскай раўніны, у нізоўі — па Нёманскай нізіне. Асн. прытокі: Каменка, Восава, Няшкрупа, Крупка, Лідзея (злева), Радунька, Чарняўка (справа). Даліна выразная, яе шыр. да ўпадзення р. Крупка 1—2,5 км, ніжэй 600 м — 1,1 км. Рэчышча ад мяжы з Літвой на працягу 50 км каналізаванае, ніжэй моцназвілістае, падзяляецца на рукавы. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,2 м³/с.

т. 6, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у Бабруйску і Бабруйскім раёне; налічвала 29 груп, больш за 500 чал. Групы ўзначальвалі М.Р.Баглай, П.С.Вашукевіч, А.К.Калеснікаў і Я.І.Савацееў, В.С.Калеснікаў, Д.М.Лемяшонак, П.Ф.Маслёнак і В.І.Бутараў, П.М.Сцяржанаў, І.В.Стомаў (з крас. 1942 Я.Е.Царык) і С.Г.Акуліч, А.Ф.Фальковіч і інш., а таксама б. ваеннаслужачыя (групы С.З.Крамнёва, В.І.Лівенцава, А.Н.Сумбаева, І.А.Хімічова, К.М.Якаўлева). Апрача Бабруйска, падп. групы дзейнічалі на ст. Мошны, у р.п. Глуша, у вёсках Брожа, Варатынь, Васілеўка, Восава, Гарбацэвічы, Казакова, Каралёва Слабада, Кругланіва, Фартуны, Цялуша, Чыкілі, Шчаткава, Панюшкавічы і інш. Падпольшчыкі выводзілі са строю абсталяванне на лесакамбінаце, хлебазаводзе, электрастанцыі, здабывалі і выраблялі дакументы, пячаткі, мелі радыёпрыёмнікі, фоталабараторыю; учынялі дыверсіі на суднарамонтным і шпаларэзным з-дах, на радыёзаводзе; вялі прапаганду ў варожых фарміраваннях (70 ням. салдатаў у 1943 са зброяй перайшлі на бок партызанаў); перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, узрыўчатку, прадукты, медыкаменты, звесткі разведкі; арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з лагера смерці, ратавалі насельніцтва ад вывазу ў Германію. У друкарні акупантаў яны друкавалі лістоўкі, бланкі пропускаў, прадуктовыя карткі, пазней вынеслі з яе шрыфт і інш. абсталяванне, з якога ў студз. 1942 партызаны наладзілі выпуск лістовак і адозваў да насельніцтва. У снеж. 1941 акупанты раскрылі некалькі падп. груп, у студз. 1942 частка падпольшчыкаў пад пагрозай правалу пайшла да партызанаў. Некат. падп. групы, звязаныя са штабамі часцей Чырв. Арміі, рэгулярна забяспечвалі іх інфармацыяй пра колькасць, дыслакацыю і ўзбраенне часцей праціўніка. У 2-й пал. 1943 баявая дзейнасць падпольшчыкаў узмацнілася, створаны новыя падп. групы (на чыг. вузле, электра- і тэлефоннай станцыях). Восенню 1943 патрыёты ўзарвалі воінскі эшалон з жывой сілай і баявой тэхнікай праціўніка, цэментны з-д, падпалілі казармы. У Бабруйску помнік на брацкай магіле падпольшчыкаў.

Да арт. Бабруйскае патрыятычнае падполле. Помнік на брацкай магіле падпольшчыкаў.

т. 2, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ПСКІ РАЁН.

На ПнУ Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1960). Пл. 2,1 тыс. км². Нас. 34,6 тыс. чал. (1998), гарадскога 35,5%. Сярэдняя шчыльн. 16 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Крупкі; гар. пасёлкі Бобр, Халопенічы. 231 сельскі нас. пункт. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Абчугскі, Выдрыцкі, Дакудаўскі, Дзянісавіцкі, Ігрушкаўскі, Кастрычніцкі, Крупскі, Нацкі, Ухвальскі, Хацюхоўскі, Янаўшчынскі.

Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. яго паўн.-ўсх. ўскраіна ў межах Аршанскага ўзвышша. Паверхня раўнінная. Тэр. мае агульны нахіл з ПнУ на ПдЗ да даліны р. Бярэзіна. Пераважаюць выш. 160—200 м, найвыш. пункт 225 м (на ПнЗ ад в. Хацюхова). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, буд. пяскі, гліна, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -7,4 °C, ліп. 17,9 °C. Ападкаў 642 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Найб. р. Бобр з прытокамі Нача, Можа, Еленка, Пліса. На Пн верхняе цячэнне р. Эса. Найб. азёры: Сялява, Худавец, Абіда, Радомля, Нерыб. Пашыраны глебы: дзярнова-падзолістыя (42,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (38,6%), тарфяна-балотныя (13%) і інш. Пад лесам 41,6% тэр., асн. масівы на Пд. Пераважаюць лясы хваёвыя, бярозавыя, яловыя; 25,3% — штучныя насаджэнні. Балоты займаюць 3,1% тэр. раёна. Заказнікі рэсп. значэння: ландшафтны Сялява, біял. Дзянісавіцкі; мясцовага значэння гідралагічныя: Абчуга, Азярышча і Рэчкі, Восава Гібалаўскае, Гразінскае, Жэўняк, Залатое, Зернае 1, Ліпкі, Масток, пойма р. Можа, Пушча, Радомля, Рачалі, Сіманава Гара, Сычоўскае, Туршэўка-Чортава, Чарапоўшчына.

На 1.1.1998 агульная пл. с.-г. угоддзяў 82,8 тыс. га, з іх асушана 22,1 тыс. га. У раёне 21 калгас, 4 саўгасы, 14 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля (вытв-сць свініны, ялавічыны, малака) і раслінаводства (вытв-сць зерня, бульбы, лёну). Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкет), ільноапр. (ільновалакно), харч. (масла, сыр, тварог, натуральныя малочныя прадукты, пладова-агароднінныя кансервы, хлеб), с.-г. машынабудавання (зернесушылкі, стагавозы, стагакіды, дарожныя каткі, рамонт с.-г. машын), дрэваапр. і буд. матэрыялаў (асфальт) прам-сці; вытв-сць дэталей для муз. інструментаў. Крупскі лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтамагістраль Брэст—Масква, аўтадарогі Лепель—Халопенічы—Крупкі, Чашнікі—Бобр—Беразіно. У раёне 25 сярэдніх, 6 базавых, 6 пач., дзіцячая спарт., 2 муз. (3 філіялы) школы, дзіцячы цэнтр творчасці, турыстычная база, вучэбны камбінат, Халопеніцкі дзіцячы дом, 26 дашкольных устаноў, 11 дамоў культуры, 21 клуб, 43 б-кі, 4 бальніцы, паліклініка, 3 амбулаторыі, 28 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: Праабражэнская царква (канец 18 ст.) у в. Грыцкавічы; царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Калодніца; Багародзіцкая царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Худаўцы. Выдаецца газ. «Ленінскім курсам».

С.І.Сідор.

т. 8, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)