ПО́ЛАЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 1-га Прыбалт. фронту (ген. арміі І.​Х.​Баграмян) 29 чэрв. — 4 ліп.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 4-я ўдарная, 6-я гв., 43-я, 3-я паветр. арміі, 1-ы танк. корпус. Ім процістаялі злучэнні 16-й арміі групы армій «Поўнач» і частка сіл 3-й танк. арміі групы армій «Цэнтр», што ператварылі Полацк у магутны вузел абароны. Мэта аперацыі — разгром полацкай групоўкі праціўніка, вызваленне Полацка. У ходзе аперацыі групоўка ворага была ліквідавана, вызвалены 29 чэрв. г.п. Ушачы і в. Ветрына, 1 ліп. г.п. Шаркаўшчына, 2 ліп. г. Докшыцы і в. Пліса, 3 ліп. г. Глыбокае, 4 ліп. Полацк і г. Дзісна; у вызваленні Глыбокага і Докшыц удзельнічалі партызаны. У выніку аперацыі войскі фронту ізалявалі адну ад адной групы армій «Поўнач» і «Цэнтр», забяспечылі наступленне з Пн гал. стратэг. групоўкі сав. войск на тэр. Беларусі. 31 злучэнню і часці нададзены ганаровыя найменні «Полацкіх».

т. 12, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1793—1923. Цэнтр — г. Лепель. У 1793—96 уваходзіў у Полацкую, у 1802—1923 — Віцебскую губ. Утвораны на частцы тэр. Полацкага ваяв. ВКЛ, далучанай да Рас. імперыі ў выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). У 1796 далучаны да Полацкага пав., у 1802 адноўлены. Уключаў больш за 330 маёнткаў, 14 мястэчак (Арэхаўна, Бабынічы, Бачэйкава, Бешанковічы, Варонеч, Ветрына, Заскаркі, Камень, Кублічы, Пышна, Селішча, Ула, Ушачы, Чашнікі). Пасля адмены прыгоннага права (1861) падзелены на 28 валасцей. Дзейнічалі 42 правасл. царквы, 11 касцёлаў (з іх да 1867 засталося 7). Пл. павета каля 3,5 тыс. км², насельніцтва 104 431 чал. (1880), у т. л. 82 963 праваслаўныя, 13 138 католікаў, 7490 іудзеяў, 812 старавераў, 24 пратэстанты, 4 мусульманіны. Да 7.11.1917 у павет уваходзілі 27 валасцей: Арэхаўская, Бабыніцкая, Бачэйкаўская, Бельская, Бешанковіцкая, Варонецкая, Воранская, Ветрынская, Гарадчэвіцкая, Гутаўская, Забалоцкая, Каменская, Копцевіцкая, Кубліцкая, Марцінаўская, Нацкая, Несінская, Пышнянская, Смалянецкая, Станіслаўская, Стрыжаўская, Ульская, Усайская, Ушацкая, Франопальская, Цяпінская, Чарсцвяцкая. У 1923 Л.п. перайменаваны ў Бачэйкаўскі павет.

В.​Л.​Насевіч.

т. 9, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ РАЁН.

Размешчаны ў цэнтры Віцебскай вобл. Утвораны 17.4.1924 (у сучасных межах з 1960). Пл. 3,2 тыс. км². Нас. 33,8 тыс. чал. (2000), гарадскога 8,6%. Сярэдняя шчыльн. 11 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Полацк. Уключае г. Наваполацк, г.п. Ветрына, 407 сельскіх населеных пунктаў, Ветрынскі пасялковы Савет, 19 сельсаветаў: Адамоўскі, Азінскі, Астроўшчынскі, Бабыніцкі, Баравухскі, Вароніцкі, Гаранскі, Гомельскі, Заазерскі, Зялёнкаўскі, Маласітнянскі, Нацкі, Палатоўскі, Салоніцкі, Трудаўскі, Фарынаўскі, Шпакоўшчынскі, Экіманскі, Юравіцкі.

Тэр. раёна ў межах Полацкай нізіны. Паверхня пераважна плоская, ускладнена марэннымі ўзгоркамі, рачнымі далінамі, камамі, азёрнымі катлавінамі, радзей озамі; 65% яе на вышыні 125—150 м, 28% — 150—170 м. Найвыш. пункт 180 м (за 2 км на Пд ад г.п. Ветрына). Глыб. расчлянення рэльефу на ўзгорыста-азёрных участках да 20 м/км². Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пясок, мінер. воды. Сярэдняя т-ра студз. — 7,2 °C, ліп. 17,7 °C. Ападкаў 601 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Найб. рака Зах. Дзвіна з прытокамі Сосніца, Палата, Тураўлянка, Ушача з Нежлеўкай, Нача. На ўліку 191 возера з пл. больш за 5 га (61 мае рыбапрамысл. значэнне), найб. Янова, Вядзета, Чарвятка, Наўліцкае, Гомель, Болныра, Усомля. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (43,4 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (32,8 %), тарфяна-балотныя (13,2 %). Пад лесам [61% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя, чорнаальховыя, ёсць асінавыя і шэраальховыя лясы. Штучныя насаджэнні (пераважна хваёвыя) — 7,1 %. Пад балотамі 5 % тэрыторыі, найб. балоты Сосніца — Дражбітка, Судзіна, Замошша, Ізмацкае, Чарвятка. На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтны Казьянскі (да 1999 біял), біял. Лонна, гідралагічныя Вялікае Астравіта і Глыбокае-Чарбамысла. Помнікі прыроды рэсп. значэння: валун каля в. Свяціца, скопішча валуноў «Янава» (в. Бікульнічы), пагорак камавы «Валатоўка». Ахоўныя тарфянікі: Нядружынскае і Кляшторна. Зоны адпачынку «Азёрная» і «Туроўля».

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 77,7 тыс. га, з іх асушаных 14,4 тыс. га. На 1.1.2000 у раёне 9 калгасаў, 13 саўгасаў, калектыўнае с.-r. прадпрыемства, 50 фермерскіх і 33 падсобныя гаспадаркі, птушкафабрыка. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, лёну, агародніны. Прадпрыемствы дрэваапр., першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), буд. матэрыялаў; каап. прам-сці; лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Невель—Полацк—Маладзечна, Віцебск—Полацк—Даўгаўпілс; аўтадарогі Віцебск—Рыга, з Полацка на Віцебск, Лепель, Глыбокае, Міёры, Верхнядзвінск, Асвею, Апочку (Расія), Расоны; нафтаправоды Сургут—Полацк, «Дружба», прадуктаправод Полацк—Вентспілс (Латвія), адгалінаванне ад газаправода Таржок (Расія) — Івацэвічы. У раёне 17 сярэдніх, 10 базавых, 7 пачатковых школ, школа-інтэрнат, 2 муз., 3 школы мастацтваў, СПТВ, Дом дзіцячай творчасці, аздараўленчы лагер «Чайка», 27 дашкольных устаноў, 45 б-к, 25 дамоў культуры, 12 клубаў, 6 бальніц, паліклініка, 6 амбулаторый, 23 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: сядзіба і царква (пач. 20 ст.) у в. Бяздзедавічы, парк (2-я пал. 19 ст.) у в. Рудня. Гіст. помнікі: рэшткі земляных умацаванняў (17 ст.) каля в. Кушлікі, замчышча Сітна (1563—1579) каля в. Малое Сітна, замчышча Туроўля (1563—1579) каля в. Туроўля. Выдаецца газ. «Полацкі веснік».

Г.​А.​Сакалова, Г.​С.​Смалякоў.

т. 12, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)