ДЭ́ЎРЫЕ́НТ ((Devrient) Людвіг) (15.12.1784, Берлін — 30.12.1832),
нямецкі акцёр. З 1804 гастраляваў з тэатр. трупай па Цюрынгіі, выступаў у прыдворным т-ры ў Дэсаў, Брэслаўскім т-ры. З 1814 у Берлінскім каралеўскім т-ры. Мастацтва Д. вызначалася ўменнем ствараць жыццёва праўдзівыя і рамантычныя характары, перадаваць адценні пачуццяў і думак сваіх герояў. Сярод лепшых роляў: Лір, Шэйлак, Фальстаф («Кароль Лір», «Венецыянскі купец», «Генрых IV» У.Шэкспіра), Франц Моар, Геслер («Разбойнікі», «Вільгельм Тэль» Ф.Шылера), Гарпагон («Скупы» Мальера). Вобраз Д. стварыў Э.Т.А.Гофман у кнізе «Незвычайныя пакуты аднаго тэатральнага дырэктара» (1819).
т. 6, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІГАНО́ ((Vigano) Сальваторэ) (25.3.1769, г. Неапаль, Італія — 10.8.1821),
італьянскі танцоўшчык, балетмайстар. Аўтар і аранжыроўшчык музыкі шэрагу сваіх балетаў. Вучыўся ў Л.Бакерыні. У 1799—1803 балетмайстар Венскага прыдворнага т-ра, з 1812 міланскага т-ра «Ла Скала». На аснове прынцыпаў пантамімнай драмы Ж.Даберваля стварыў рамант. балетную драму. Найб. вядомыя балеты Вігано: «Тварэнні Праметэя» на муз. Л.Бетховена (1801), «Стральцы» (1809), «Міра, або Помста Венеры» (1817), «Атэла, або Венецыянскі маўр» на муз. Вігано, «Вясталка» (абодва 1818), «Тытаны» (1819), «Хімена», «Дыдона» і «Жанна д’Арк» на зборную музыку з твораў Л.Бетховена, Дж.Расіні, В.А.Моцарта, І.Гайдна, Г.Спанціні і інш.
т. 4, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ФЛАНД ((Iffland) Аўгуст Вільгельм) (19.4.1759, г. Гановер, Германія — 22.9.1814),
нямецкі акцёр, драматург, рэжысёр. З 1777 акцёр т-ра ў Гоце, з 1779 Мангеймскага т-ра (з 1792 гал. рэжысёр), з 1796 у Берлінскім каралеўскім нац. т-ры. Сярод роляў: Філіп, Франц («Дон Карлас», «Разбойнікі» Ф.Шылера), Шэйлак («Венецыянскі купец» У.Шэкспіра), Натан («Натан Мудры» Г.Лесінга). Лепшыя ролі выканаў ва ўласных п’есах і п’есах А. фон Кацэбу. Прадстаўнік жанру мяшчанскай драмы: п’есы «Злачынства з пыхлівасці» (1784), «Узнагароджанае пакаянне», «Паляўнічыя» (абедзве 1785), «Сярэдні шлях — дабрачыннасць» (1788) і інш. адлюстроўвалі ідэалогію бюргерства. Аўтар кн. «Мая тэатральная ніва» (1798).
т. 7, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНАДЭ́ЛІ ((Bernadelli) Фартуната) (?—5.12.1830),
італьянскі артыст балета, балетмайстар. Вучыўся ў С.Вігано. З 1812 працаваў у Парыжы, Амстэрдаме, Бруселі, Вене, Варшаве. З 1818 у Расіі, у 1819—22 і з 1826 у Вял. тэатры (першы мім). Выконваў камедыйныя, гратэскавыя і пантамімічныя ролі: Кален («Жанета і Кален»), Атэла («Атэла, або Венецыянскі маўр», у абодвух і балетмайстар). Сярод пастановак: «Механічныя фігуры», «Садоўніца», «Каханне Марса і Венеры», «Рычард Ільвінае сэрца ў Палесціне» на зборную музыку. Прапагандаваў ідэі і традыцыі Ж.Ж.Навера, творчасць Вігано. Яго дзейнасць мела вял. значэнне для знаёмства рус. артыстаў з асн. кірункамі зах.-еўрап. харэаграфіі, зрабіла ўплыў на развіццё акцёрскага майстэрства балетнай трупы Вял. Т-ра.
т. 3, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭМ’Е́ (Gémier; сапр. Танер; Tonnerre) Фірмэн
(21.2.1869, г. Абервілье, Францыя — 26.11.1933),
французскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Вучыўся ў прыватнай драм. студыі. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1888. З 1892 іграў у розных т-рах Парыжа. У 1906—21 узначальваў Тэатр Антуана, у 1920—33 — створаны ім Нац. нар. т-р. Лічыў грамадскім прызначэннем тэатр. мастацтва служэнне народу, шукаў новыя формы тэатр. паказаў, імкнуўся спалучаць тэатральнасць з жыццёвай праўдай. Валодаў віртуознай сцэн. тэхнікай, майстар грыму. З лепшых роляў: Убю («Кароль Убю» А.Жары), Шэйлак («Венецыянскі купец» У.Шэкспіра), Філіп Брыдо («Драпежніца» Э.Фабра паводле А.Бальзака). З 1908 здымаўся ў кіно і ставіў фільмы.
т. 6, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў-КАЗЕ́ЛЬСКІ (сапр. Іваноў) Мітрафан Трафімавіч
(1850, Кіеўская губ.—27.1.1898),
расійскі акцёр. На сцэне з 1869 (Жытомір, Харкаўская трупа Н.Дзюкава). З 1875 выступаў як акцёр-гастралёр у розных гарадах Расіі. Мастацтва вызначалася душэўнасцю, шчырасцю, прастатой. Раскрыў якасці рус. нац. характару ў ролях Жадава («Даходнае месца» А.Астроўскага), Бялугіна («Жаніцьба Бялугіна» Астроўскага і М.Салаўёва), Чацкага («Гора ад розуму» А.Грыбаедава). Трагедыйны бок таленту выявіўся ў ролях Гамлета, Шэйлака («Гамлет», «Венецыянскі купец» У.Шэкспіра), Кіна («Кін» А.Дзюма-бацькі); тэма адзіноты «маленькага» чалавека ў ролях Ражнова («Гора-злашчаснасць» В.Крылова), Сяргея Артамонава («Ал лёсу не схаваешся» Аркадзьева) і інш. Сярод вучняў П.М.Арленеў.
т. 7, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́САРТ ((Possart) Эрнст) (11.5.1841, Берлін — 8.4.1921),
нямецкі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Дэбютаваў у 1861. З 1864 акцёр, пазней рэжысёр, маст. кіраўнік Мюнхенскага прыдворнага т-ра. У 1883 удзельнічаў у стварэнні Ням. т-ра ў Берліне, у 1901 — «Прынц-рэгент-тэатра» ў Мюнхене. Акцёр рацыяналістычнага складу. Філас. пранікненне ў вобраз спалучаў з дакладнай распрацоўкай ролі і беззаганнай тэхнікай дэкламацыі. Як рэжысёр асаблівую ўвагу аддаваў масавым сцэнам. Найб. значныя ролі: Натан («Натан Мудры» Г.Лесінга), Мефістофель, Карлас («Фауст», «Клавіга» І.В.Гётэ), Франц («Разбойнікі» Ф.Шылера), Шэйлак, Яга, Рычард III («Венецыянскі купец», «Атэла», «Рычард III» У.Шэкспіра), консул Бернік («Стаўпы грамадства» Г.Ібсена) і інш.
т. 12, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЫЯТЫ́ЧНАЕ МО́РА (італьян. Mare Adriatico),
паўзамкнёнае мора, частка Міжземнага мора, паміж Апенінскім і Балканскім п-авамі. Злучаецца з Іанічным м. пралівам Отранта (шыр. да 75 км). Абмывае берагі Італіі, Славеніі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Югаславіі, Албаніі. Пл. 114 тыс. км². Найб. глыб. 1230 м. Усх. берагі гарыстыя, зах. нізінныя, месцамі лагунныя. Буйнейшыя залівы: Венецыянскі, Трыесцкі, Манфрэдонія. Каля ўсх. ўзбярэжжа Далмацінскія а-вы. Тэмпература вады на паверхні ў лютым 7—13 °C, у жн. 24—26 °C. Салёнасць 35—38‰. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 1,2 м). Развіта рыбалоўства (сардзіны, скумбрыевыя). На шэльфе здабываюць нафту і газ. Галоўныя парты: Трыест, Венецыя (Італія), Рыека, Спліт, Дубраўнік (Харватыя), Дурэс, Влёра (Албанія). На ўзбярэжжы шмат курортаў.
т. 1, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНТА́Р (Леван Аляксандравіч) (16.1.1891, Тбілісі — 29.10.1959),
армянскі рэжысёр, тэатр. дзеяч. Нар. арт. Арменіі (1954). Сцэнічную дзейнасць пачаў пасля заканчэння Пецярбургскага ун-та (1916). Арганізатар і заснавальнік Арм. т-ра імя С.Шаўмяна (Тбілісі, 1921), Арм. т-ра імя Г.Сундукяна (да 1928 гал. рэжысёр) і Працоўнага т-ра імя М.Горкага (1931—35 гал. рэжысёр) у Ерэване. У 1937—43, 1957—59 гал. рэжысёр Ерэванскага рус. драм. т-ра. З 1944 выкладаў у Ерэванскім маст.-тэатр. ін-це (праф. з 1946). Лепшыя пастаноўкі вызначаліся глыбінёй рэжысёрскай задумы, выразнасцю мізансцэн, праўдзівасцю акцёрскіх вобразаў («Дзядзька Багдасар» А.Параняна, 1927; «На дне» М.Горкага, 1929; «Рэвізор» М.Гогаля, 1930; «На світанні» А.Сцепаняна, 1938; «Венецыянскі купец», 1940, і «Атэла», 1956 У Шэкспіра; «Злы дух» А.Шырванзадэ, 1959). Аўтар кн. «Шлях і мастацтва» (1963).
т. 7, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІН (Kean),
англійскія акцёры, бацька і сын. Эдмунд (17.3.1787, Лондан — 15.5.1833), прадстаўнік англ. сцэн. рамантызму. З 1799 вандроўны акцёр, выступаў у правінцыяльных т-рах. У 1814 дэбютаваў на лонданскай сцэне ў т-ры «Друры-Лейн». Лепшы трагічны акцёр Англіі: Шэйлак («Венецыянскі купец» У.Шэкспіра), Атэла, Гамлет, Макбет, Рычард III, Рычард II (усе аднайм. п’есы Шэкспіра). Яму быў уласцівы яркі сцэн. тэмперамент, экспрэсіўнасць, псіхал. паглыбленасць. Чарлз Джон (18.1.1811, г. Уотэрфард, Ірландыя — 22.1.1868). Сын Эдмунда. Вучыўся ў Ітане. Дэбютаваў у 1827 у т-ры «Друры-Лейн». У 1850—59 узначальваў т-р «Прынсес». Паставіў 20 спектакляў па п’есах Шэкспіра, у некат. іграў сам. Адзін з першых увёў у практыку працяглы паказ адной п’есы. У 1863—67 гастраліраваў у Аўстраліі, Паўд. Амерыцы, ЗША.
Літ.:
Минц Н. Эдмунд Кин. М., 1957.
т. 8, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)