ЛІ́СКІ,

вёска ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля р. Ведрыч. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на ПдЗ ад г. Рэчыца, 80 км ад Гомеля, 1 км ад чыг. ст. Ліскі. 687 ж., 290 двароў (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі гарадзішча мілаградскай культуры, курганны могільнік дрыгавічоў, селішча бронзавага і жал. вякоў.

т. 9, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ДРЫЦКІ БОЙ 1943,

бой паміж партыз. брыгадамі 99-й Калінкавіцкай (камандзір В.​А.​Караткевіч), 101-й Даманавіцкай (М.​А.​Чарнавусаў), Васілевіцкай імя П.​К.​Панамарэнкі (С.​А.​Смерцін) і ням.-фаш. захопнікамі 23 жн. ва ўрочышчы Ведрыч Васілевіцкага р-на Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Гітлераўцы падрыхтавалі да адпраўкі ў Германію 2 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, нарабаванай у мясц. насельніцтва. Каб разграміць гарнізон, які ахоўваў базу, партызаны блакіравалі яго з боку чыг. ст. Васілевічы, падавілі дзоты ворага з боку магчымага падыходу падмацавання, авалодалі базай, знішчылі большую частку гарнізона, захапілі больш за 500 галоў жывёлы.

т. 4, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛШТЫ́НСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы.

Малочнага кірунку. Выведзена ў ЗША і Канадзе ў выніку селекцыйнай работы на працягу 19—20 ст. з чорна-пярэстай жывёлы, завезенай з паўн. ч. Нідэрландаў. Найбольш высокамалочная парода. На Беларусі гадуюць на племзаводзе «Ведрыч» Рэчыцкага р-на. Выкарыстоўваюць у скрыжаваннях з мэтай павелічэння малочнай прадукцыйнасці ў першую чаргу чорна-пярэстай жывёлы.

Жывёла мае вял. памеры цела, сухую канстытуцыю, развітое вымя. Масць пераважна чорна-пярэстая з рознымі меткамі. Жывая маса нованароджаных бычкоў 44—47 кг, цялушак 38—42, дарослых быкоў 950—1200 і кароў 670—700 кг. Інтэнсіўны раздой на 1-й і 2-й лактацыях. Надой за лактацыю 6500—7000 кг пры сярэдняй тлустасці малака 3,5—3,7%.

т. 4, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕМЯННЫ́Я ГАСПАДА́РКІ, племгасы,

жывёлагадоўчыя гаспадаркі, што маюць высокапрадукц. статак жывёл пэўнай пароды, прыплод ад якога гадуюць на племя. Уключаюць племянныя заводы, саўгасы і фермы, кантрольна-выпрабавальныя станцыі і плем. рэпрадуктары.

Племянныя заводы займаюцца ўдасканаленнем існуючых і вывядзеннем новых парод, забяспечваюць прадпрыемствы каштоўнымі чыстакроўнымі жывёламі. Племянныя саўгасы і фермы разводзяць чыстапародных жывёл для ўласнага статка. На кантрольна-выпрабавальных станцыях ацэньваюць быкоў малочных парод, бараноў, свінаматак па якасці патомства, быкоў мясных парод па ўласнай прадукцыйнасці, праводзяць выпрабаванні парод і ліній свіней на спалучальнасць. Племянныя рэпрадуктары прызначаны для вырошчвання двухпародных свінаматак.

На Беларусі больш за 20 плем. заводаў: па развядзенні чорна-пярэстай малочнай пароды і мясной пароды шарале буйн. раг. жывёлы («Чырвоная зорка» Клецкага, «Карэлічы» Карэліцкага, «Рось» Ваўкавыскага, «Ведрыч» Рэчыцкага, «Прамень» Бярозаўскага і «Дружба» Кобрынскага р-наў); па бел. тыпу буйной белай і чорна-рабой пародах свіней («Нача» Ляхавіцкага, «Рэканструктар» Талачынскага, «Порплішча» Докшыцкага, «Ціманава» Клімавіцкага, «Леніна» Горацкага, імя Дзяржынскага Капыльскага р-наў); конныя заводы («Зарэчча» Смалявіцкага, эксперым. база «Ніва» Лідскага р-наў, Гомельскі, Мсціслаўскі) і інш. Каля 70 плем. саўгасаў і ферм.

П.​П.​Ракецкі.

т. 12, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)