ЛА́ЎСКІ БОЙ 1942,

бой паміж партызанамі брыгады імя Варашылава Мінскай вобл. і карнай экспедыцыяй ням.-фаш. захопнікаў каля Лаўскага лесу ў Капыльскім р-не 3 снеж. ў Вял. Айч. вайну. Гітлераўцы кінулі супраць партызан 7 тыс. карнікаў з танкамі, бронемашынамі, артылерыяй. Засада з 18 партызан (камандзір В.І.Драздовіч; усе загінулі) каля в. Клецішча за 4 гадз адбіла 8 атак, знішчыла шмат жывой сілы ворага. За гэты час брыгада эвакуіравала шпіталь і арганізавана ўступіла ў бой, які працягваўся ўвесь дзень; уначы партызаны выйшлі з акружэння. На магіле загінуўшых партызан каля Клецішча пастаўлены помнік.

т. 9, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала са снеж. 1941 да ліп. 1944 у г. Ліда Гродзенскай вобл. Арганізатары і кіраўнікі М.​М.​Ігнатаў і А.​А.​Клімко. Мела 4 групы (35 чал.): на чыг. вузле, электрастанцыі чыг. вузла, у авіярамонтных майстэрнях, ням. ваен. шпіталі; 16 чал. дзейнічалі самастойна. Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, звесткі Саўінфармбюро, рабілі дыверсіі. Наладзіўшы сувязь з партыз. атрадамі «Іскра», «Балтыец» і імя Варашылава, перапраўлялі ім зброю, медыкаменты, друкарскі шрыфт, перадавалі звесткі разведкі. За час акупацыі загінуў 21 падпольшчык. У Лідзе на ўшанаванне памяці падпольшчыкаў устаноўлены помнікі.

т. 9, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́ЧАЎСКІЯ БАІ́ 1943 Адбыліся паміж партызанамі атрадаў імя Варашылава, імя Жукава, брыгады імя Сталіна Брэсцкай вобл. і ням.-фаш. захопнікамі на чыг. ст. і ў г.п. Дамачава Брэсцкага р-на ў Вял. Айч. вайну. У ноч на 23 кастр. партызаны на таварнай станцыі ўзарвалі ўмацаванні гітлераўцаў, разбурылі станцыйнае абсталяванне, спалілі падрыхтаваны для адпраўкі ў Германію эшалон са збожжам і бульбай. 22 ліст. для разгрому варожага гарнізона партызаны перакрылі шашу Брэст—Уладава і дарогі ў суседнія вёскі, агнём паралізавалі праціўніка ў будынку школы і паліцэйскім участку Дамачава, знішчылі памяшканні, захапілі зброю, абмундзіраванне, 200 галоў буйн. раг. жывёлы і харчаванне, нарабаваныя ў насельніцтва.

т. 6, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЗДО́ВІЧ (Вікенцій Іосіфавіч) (15.8.1911, в. Навасёлкі Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 3.12.1942),

удзельнік партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1965). З жн. 1941 ствараў падп. арг-цыі на радзіме. З ліп. 1942 камандзір узвода ў атрадзе імя Катоўскага партыз. брыгады імя К.​Я.​Варашылава Мінскай вобл. У час карнай экспедыцыі гітлераўцаў супраць партызан у Капыльскім р-не Д. узначаліў партыз. засаду каля в. Клецішча. 18 партызан на працягу 4 гадзін адбілі 8 атак фаш. батальёна, сарвалі намер ворага нанесці раптоўны ўдар па партыз. брыгадзе, аднак былі акружаны і ўсе загінулі ў баі (гл. Лаўскі бой 1942). У в. Навасёлкі Д. пастаўлены помнік.

В.І.Драздовіч.

т. 6, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПУ́СТА (Піліп Піліпавіч) (25.12.1907, с. Жоўтае Пяціхацкага р-на Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 6.1.1973),

адзін з кіраўнікоў парт. руху ў Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Ген.-маёр (1943). З 1931 у Чырв. Арміі. Удзельнік паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939, сав.-фінл. вайны 1939—40. З чэрв. 1941 на фронце, камандзір палка. У партызанах з сак. 1942: нач. штаба, камісар атрада, з мая 1942 камандзір партыз. брыгады імя Варашылава, са снеж. 1942 — партыз. злучэння Слуцкай зоны. У сак.ліп. 1943 чл. Слуцкага падп. міжрайкома КП(б)Б, са жн. 1943 нач. штаба Беластоцкага партыз. злучэння, адначасова ў ліст. 1943 — ліп. 1944 чл. Беластоцкага падп. абкома КП(б)Б. Пасля вайны ў Сав. Арміі.

т. 8, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́САЎСКІ БОЙ 1942,

бой партыз. атрадаў імя Дзімітрава (камандзір І.​П.​Мірашнічэнка), імя Шчорса (П.​В.​Пранягін) і імя Варашылава (І.​С.​Зайкоў) супраць ням.-фаш. гарнізона (60 салдат і 50 паліцэйскіх) у г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Разведаўшы сілы праціўніка, сістэму аховы і размяшчэнне яго агнявых пунктаў, у ноч на З жн. партызаны з дапамогай падпольшчыкаў нанеслі раптоўны ўдар і пасля 2-гадзіннага бою разграмілі гарнізон (разбурылі вузел сувязі, спалілі камендатуру і інш. адм. будынкі, смалакурны з-д, масты), захапілі шмат зброі, боепрыпасаў, харч. прадуктаў. Пасля бою на працягу месяца Косава было пад кантролем партызан. У гонар дзейнасці партызан і антыфаш. арганізацыі ў Косаве помнік.

т. 8, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКАЎ (Фёдар Рыгоравіч) (24.12.1914, в. Качанішкі Уценскага пав., Літва — 14.1.1958),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Вілейскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1948). За рэв. дзейнасць у Зах. Беларусі ў 1936—39 быў зняволены ў Бяроза-Картузскі канцлагер, віленскую турму. У 1939—41 старшыня Свянцянскага гарсавета, нам. старшыні Вілейскага аблвыканкома. У партызанах з вер. 1941: камандзір спецгрупы, з мая 1942 — атрада імя Суворава, з ліст. 1942 — партыз. брыгады імя Варашылава, адначасова з крас. 1943 нач. ваенна-аператыўнага аддзела Вілейскага падп. абкома КП(б)Б. З 1944 нам. старшыні Вілейскага, Маладзечанскага аблвыканкомаў. Дэп. Вярх. Савета БССР з 1940.

Ф.Р.Маркаў.

т. 10, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала са жн. 1941 да ліст. 1943 на тэр. Васілевіцкага р-на Гомельскай вобл. Кіраўнікі Ц.​М.​Астапенка (загінуў) і М.​С.​Белы. Аб’ядноўвала 5 груп (57 чал.): 2 у Васілевічах (кіраўнікі Л.​П.​Курганская-Сакалова, А.​І.​Белы), у в. Бабічы (П.​А.​Астапенка), Навінкі (А.​Ф.​Фралоў), Хамічы і Гогалева (С.​П.​Алісейка). Падпольшчыкі прымалі па радыёпрыёмніках і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, трымалі сувязь з Васілевіцкім і імя Варашылава партыз. атрадамі, здабывалі і перадавалі ім зброю, боепрыпасы, медыкаменты, звесткі разведкі, папярэджвалі партызан і насельніцтва пра карныя аперацыі гітлераўцаў, вывелі са строю электрастанцыю ў Васілевічах, учынялі інш. дыверсіі. У барацьбе з акупантамі загінуў 31 падпольшчык. У Васілевічах на брацкай магіле падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.

т. 4, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́НКАВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ.

Дзейнічала з вер. 1941 да ліст. 1943 у г. Калінкавічы Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Складалася з групы чыгуначнікаў (37 чал., кіраўнік П.​С.​Ануфрыеў), групы К.​М.​Бакуна (стала ядром партыз. атрада імя Варашылава) і камсам.-маладзёжнай арг-цыі «Смугнар» («Смерць прыгнятальнікам народа», 10 чал., кіраўнік К.​Ф.​Ярмілаў). Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, газеты, здабывалі для партызан зброю, боепрыпасы, харчаванне, адзенне, медыкаменты, разведданыя, рабілі дыверсіі на чыг. вузле і прадпрыемствах. Смугнараўцы правялі рэйд па вёсках Палесся, разграмілі шэраг паліцэйскіх участкаў, здзейснілі шэраг дыверсій. У жн. 1942 фашысты раскрылі маладзёжную арг-цыю і пасля катаванняў амаль усіх расстралялі; з вер. ўтварылася камсам.-маладзёжная арг-цыя з 11 чал. (кіраўнік М.​М.​Судас). У 1942—43 многія падпольшчыкі пайшлі ў партызаны.

Літ.:

Розинский Г.Б. Смугнар: Докум. повесть. Мн., 1986.

т. 7, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДО́РАЎ (Фёдар Аляксандравіч) (27.2. 1890, г.п. Мсцёра Вязнікаўскага р-на Уладзімірскай вобл., Расія — 4.3.1967),

расійскі і бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1944). Нар. мастак Расіі (1965). Чл.-кар. АМ СССР (1950). Вучыўся ў Петраградскай АМ (1914—18). Арганізатар і дырэктар Мсцёрскага маст.-прамысл. вучылішча і маст. школы-камуны (1918—22). Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1923). У 1948—62 рэктар Маскоўскага ін-та імя Сурыкава. У 1938—41 кіраўнік курсаў павышэння кваліфікацыі мастакоў у Мінску. Аўтар партрэтаў грамадскіх, паліт., ваен. дзеячаў (М.​А.​Сямашкі, 1924; Г.​В.​Чычэрына, 1926; Р.​І.​Пятроўскага, 1928; К.​Я.​Варашылава, 1933, 1963 і інш.), удзельнікаў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі (У.​З.​Царука, 1942; дзеда Талаша, 1943; П.​К.​Панамарэнкі, В.​І.​Казлова, І.​Дз.​Варвашэні, М.​П.​Шмырова, усе 1944; С.​А.​Каўпака, Р.​Н.​Мачульскага, абодва 1945; В.​З.​Каржа, 1947; К.​П.​Арлоўскага, 1956, і інш.), групавога партрэта «Героі Першай коннай арміі» (1938), тэматычных карцін «Свята 1 Мая ў сяле Колва. Комі АССР» (1927), «Магнітагорск. Будоўля камсамольскай домны» (1931), «Народны сход у Заходняй Беларусі» (1940), пейзажаў і нацюрмортаў.

Літ.:

Гронский И.М. Ф.​А.​Модоров. М., 1956;

Осипов Д. Ф.​А.​Модоров. М., 1968.

т. 9, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)