ГЕРМА́НЦЫ старажытныя, вялікі саюз плямён індаеўрап. моўнай групы ў паўн.-зах. частцы Еўропы. Займалі тэр. паміж Паўночным і Балтыйскім морамі, Рэйнам, Дунаем і Віслай, а таксама Паўд. Скандынавію. Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 1 ст. да н.э. Ю.Цэзар у «Запісках пра Гальскую вайну» (каля 50 г. да н.э.) вылучыў германцаў як асобную этнічную групу і падрабязна апісаў іх побыт. Найб. старажытная з вядомых археал. культур германцаў — культура Ясторф на ніжняй Эльбе і ў Ютландыі (7 ст. да н.э.). Вылучаюць групы германцаў: паўн. (хаўкі, англы, варны, фрызы, гаўты, свіёны), зах. (свевы, маркаманы, квады, лангабарды, семноны) і ўсх. (вандалы, бургунды, готы, гепіды). Іх асн. занятак — земляробства і жывёлагадоўля. У 4—6 ст. германцы адыгралі значную ролю ў Вялікім перасяленні народаў, адным з вынікаў якога было ўтварэнне на частцы тэр. Рымскай імперыі т.зв. варварскіх каралеўстваў. На тэр. Беларусі выяўлены могільнікі вельбарскай культуры, пакінутыя готамі і роднаснымі ім гепідамі. Лінгвістамі выяўлена генетычная сувязь і ўзаемапранікненне герм. і славянскіх моў. Пэўную ролю вікінгі (нарманы, варагі) адыгралі ў гісторыі Кіеўскай дзяржавы (гл. Нарманская тэорыя). Стараж.-бел. граматы 13—14 ст. адлюстроўваюць гандл. зносіны паўн. гарадоў Беларусі з ням. насельніцтвам Рыгі і Гоцкага берага.

Літ.:

История Европы с древнейших времен до наших дней. Т. 1. Древняя Европа. М., 1988. С. 594—605.

т. 5, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ру́скі ’які мае адносіны да Русі, Расіі’, ’які мае адносіны да рускіх’ (ТСБМ), старое ’у Беларусі хрысціянін усходняга абраду’, ’украінец’ (Стан.), рускій, руській ’рускі’ (Бяльк.), ст.-бел. руський (1440 г.), рускии ’тс’ (Карскі, 1, 199), сюды ж ру́скі ме́сяц ’пра нешта вельмі доўгае ў часе’ (ТС), ру́ськый мі́сяць, ру́ськый рык ’цэлы, біты, добры месяц, год’ (Клім.), ру́скі по́яс (rúski pojis) ’вузкая і доўгая тканіна’ (Варл.). Прыметнік вядомы ўсім славянскім мовам у сучасным значэнні, параўн. аднак польск. ruski ’усходнеславянскі’, ст.-слав. русьскъ (у адносінах да князя Святаполка, гл. ESJSt, 13, 784). Часцей за ўсё звязваюць са ст.-фін. азначэннем германскага племені *Rōtsiварагі, шведы, што нападалі на фінскія землі’, сучаснае фін. Ruotsi ’Швецыя’, што ідэнтыфікуецца з першай часткай ст.-ісл. róþsmenn або róþskarlar ’грабцы, мараходы’. Ст.-ісл. Rróþsmenn або Róþskarlar у сваю чаргу паходзяць са швед. Roslagen — назвы ўзбярэжжа Упланда. У якасці аналагічных выпадкаў перанясення назвы заваёўнікаў на заваяванае насельніцтва прыводзяцца франкі (Францыя), нарманы (Нармандыя), навагрэкі (Φωμιοί) лангабарды (Ламбардыя), балгары (Фасмер, 3, 522; з разглядам версій — ESJSt, 13, 783–785; Трубачоў, Слав. языкозн., XII, 23). Значэнне ’надта доўгі’, параўн. і польск. ruski miesiąc, мажліва адлюстроўвае разыходжанні і ў сістэме мер Вялікага княства Літоўскага, параўн. Скурат., Меры, 34.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)