аграма́дны, ‑ая, ‑ае.

Незвычайна вялікі. Над будынкам вакзала калыхаўся аграмадны чырвоны сцяг. Лынькоў. Туман насунуўся разам з адлігай з захаду і за тыдзень з’еў аграмадныя гурбы снегу. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ.

Дзейнічала з 1897 у Віцебску. Створана разам з Віцебскім трамваем. Мела 4 паравыя рухавікі, выпрацоўвала 618,1 тыс. кВтгадз электраэнергіі (1913). Дзейнічалі 2 секцыі паравых водатурбінных катлоў, кандэнсатары, градзірня, паравыя машыны і дынамамашыны. Было 5 ліній электрасеткі: Вакзала, Задунаўская, Магілёўская, Смаленская і Цэнтральная. Працавала 86 рабочых (1910). Да пуску Беларускай ДРЭС у 1930 была адзінай крыніцай энергазабеспячэння горада.

т. 4, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКЗА́Л (ад англ. Vauxhall — назва забаўляльнай установы каля Лондана ў 17 ст.),

будынак ці комплекс будынкаў, збудаванняў і прыстасаванняў для абслугоўвання пасажыраў, кіравання рухам транспарту і размяшчэння службовага персаналу. Адрозніваюць чыгуначныя, рачныя, марскія, аўта- і аэравакзалы, а таксама аб’яднаныя, ці комплексныя (напр., чыгуначна-аўтобусны). Першыя вакзалы з’явіліся з пачаткам пасажырскіх перавозак па чыгунцы (напр., вакзалы на лініі Стоктан—Дарлінгтан у Англіі, 1822—25).

На Беларусі чыгуначныя вакзалы будавалі адначасова з пракладкай чыгунак. Будынак вакзала (Віленскага) у Мінску адкрыты ў 1874 (перабудаваны ў 1939, пасля Айч. вайны адноўлены ў 1949, з 1980-х г. узводзяцца новыя будынкі), у 1866 пабудаваны Віцебскі чыгуначны вакзал, да 1867 — чыг. вакзал у Гродне (у 1948 рэканструяваны, у 1986 пабудаваны новы), у 1886 — Брэсцкі чыгуначны вакзал (у 1956 рэканструяваны), у 1-й пал. 20 ст. пабудаваны Магілёўскі чыгуначны вакзал, Слонімскага вакзала будынак. Адноўлены разбураныя ў Айч. вайну і рэканструяваны вакзал ў Баранавічах (1947), Гомелі (1948), Оршы (1951), Полацку (1953). Пабудаваны аэравакзалы: у Мінску (гл. Мінскія аэрапорты), Брэсцкі аэравакзал, у Гродне (1962), Салігорску (1965), Бабруйску (1966), Гомелі (1976), Магілёве (1971). У ліку буйных аўтавакзалаў Беларусі Мінскі аўтавакзал «Усходні». На суднаходных рэках будуюцца рачныя вакзалы (Мазырскі рачны вакзал).

т. 3, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБЫ́ЛЬНІЦКІ БОЙ 1942,

бой паміж партызанамі атрада імя Суворава брыгады імя Варашылава і ням.-фаш. захопнікамі ў в. Кабыльнік (цяпер в. Нарач) Мядзельскага р-на ў Вял. Айч. вайну 8.10.1942. Гарнізон налічваў больш за 100 гітлераўцаў, добра ўзброены. План аперацыі распрацаваў і кіраваў боем камандзір атрада Ф.Р.Маркаў. У выніку 2-гадзіннага бою партызаны падавілі агнявыя пункты ворага, спалілі будынкі вакзала, валасной і паліцэйскай упраў, жандармерыі, склад ваен. маёмасці, знішчылі 8 грузавых і 1 легкавую аўтамашыну, шмат жывой сілы ворага.

т. 7, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прышвартава́цца, ‑туецца; зак.

Стаць на прычал, замацавацца швартовамі. Ледзь параход прышвартаваўся да прычала, як на каменнай пляцоўцы на беразе сталі збірацца людзі. Мележ. Акіянскі лайнер прышвартаваўся раніцаю ў порце да самага дэбаркадэра Шэрбургскага вакзала. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прывакза́льны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца каля вакзала. Прывакзальная плошча. □ Да прыходу цягніка было яшчэ з паўгадзіны, і дзяўчаты сядзелі ў прывакзальным скверыку. Васілевіч. На месцы колішніх прывакзальных драўляных дамкоў і хат быў заліты асфальтам пляц. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БРЭ́СЦКІ ЧЫГУ́НАЧНЫ ВАКЗА́Л.Пабудаваны ў 1886 у Брэсце ў псеўдарускім стылі (арх. Я.​Гарбуноў, В.​Лорберг, Л.​Нікалаі). У Вял. Айч. вайну разбураны. У 1956 адноўлены ў старых параметрах са зменай планіроўкі і кампазіцыі. Цэнтр. аб’ём з 2-светлавым вестыбюлем, заламі чакання, службовымі і дапаможнымі памяшканнямі вылучаны вежай са спічаком. Бакавыя флігелі аб’яднаны з асн. будынкам агульным верхнім поясам і радам квадратных у плане пілонаў. Зала чаканняў упрыгожана смальтавай мазаікай на тэму абароны Брэсцкай крэпасці (1973). Абапал вакзала праходзяць чыг. пуці, пад імі — віядукі.

Брэсцкі чыгуначны вакзал.

т. 3, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ЧЫГУ́НАЧНЫ ВАКЗА́Л Пабудаваны ў 1866, калі праз Віцебск была пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка. У Вял. Айч. вайну пашкоджаны. У 1954 узведзены новы будынак вакзала (арх. Б.​Мезенцаў). У аб’ёмна-прасторавым вырашэнні сіметрычнага прамавугольнага ў плане цаглянага будынка дамінуе цэнтр. аб’ём з 2—4-павярховымі бакавымі крыламі. Кампазіцыя гал. фасада цэнтр. аб’ёму заснавана на рытме 3 буйных арачных праёмаў на ўсю вышыню. У архітэктуры фасадаў і інтэр’ераў выкарыстаны дэкар. элементы класічнай спадчыны: пілястры, капітэлі, паўкалоны і інш. Інтэр’еры апрацаваны мармурам, тынкам, гіпсам.

А.​А.​Бельскі.

Віцебскі чыгуначны вакзал.

т. 4, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

перо́н, ‑а, м.

Пасажырская платформе, каля якой спыняюцца паязды на чыгуначнай станцыі. Натоўп стаяў на другім пероне, каля цягніка, які збіраўся ісці ў Маскву. Галавач. Вэня Шпулькевіч [ш]пацыраваў на пероне пасажырскага вакзала і нецярпліва азіраўся. Поезд стаяў гатовы да адыходу. Чорны.

[Фр. perron.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вакза́л, ‑а, м.

Будынак для пасажыраў на чыгуначнай станцыі, прыстані і пад. Чыгуначны вакзал. Марскі вакзал. // Разм. Пасажырская чыгуначная або параходная станцыя. Задорна пераклікаліся гудкі паравозаў на вакзале, на таварнай станцыі. Лынькоў. З вакзала або з далёкай ускраіны даносіцца.. свіст паравоза. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)