Страла́1 ‘тонкі прут для стральбы з лука’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк., Янк. 2), ‘журавель, доўгае бервяно ў калодзежы’ (Некр., Жд. 2, Янк. 2), ‘саха ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, камент., 808), ‘пярун, маланка’ (ТС), ‘крэмневы завостраны цыліндрык’ (ТС, Маш.), ‘белемніт’, ‘выкапнёвая каменная сякерка’ (Машынскі, Atlas): перуно́вая стрэла́ ‘тс’ (Пятк. 2), ‘стрэлка ў гадзінніку’ (Сцяшк.), ‘бязлістае тонкае сцябло расліны з суквеццем наверсе’ (ТСБМ), памянш. стрэ́лка (гл.). Параўн. укр. стріла́, рус. стрела́, стараж.-рус. стрѣла, польск. strzała, в.-луж. třěła ‘снарад’, н.-луж. stśěła ‘прамень’, чэш. střela ‘страла, маланка’, славац. strela ‘снарад’, серб.-харв. стријѐла, славен. stréla, балг. стрела́ ‘страла, маланка’, макед. стрела ‘страла’, ст.-слав. стрѣла ‘страла’, дыял. (салун.) strʼälá ‘гром’. Прасл. *strěla, дэрыват ад незасведчанага і.-е. дзеяслова (Шустар-Шэўц, 1368). Борысь (583) следам за Покарным (1028) мяркуе, што слова з’яўляецца вытворным ад і.-е. кораня *ster‑, які ў распасцерці (гл.). Роднасныя лат. stręlā ‘страла, кідальны снарад, паласа, струмень’, літ. strėlà ‘страла’, ст.-в.-ням. strâl(a) ‘страла, маланка’, ням. Strahl ‘прамень’, на падставе якіх Борысь (там жа) узнаўляе слав.-балта-герм. праформу *strē‑lā. Махэк₂ (586) лічыць усе гэтыя словы запазычаннем з “праеўрапейскага субстрата”. Гл. таксама Глухак, 589; Бязлай, 3, 326.

Страла́2 ‘страказа’ (лудз., Сл. ПЗБ), стрэ́лка ‘тс’ (Некр. і Байк., Касп.; в.-дзв., смарг., паст., рас., даўг., Сл. ПЗБ). Да страла1, стрэлка2 (гл.). Назва па доўгім, выцягнутым брушку. Параўн. рус. дыял. стре́лка ‘тс’.

Страла́3 ‘карагод’ (Нар. Гом.). Ад назвы абрада “ваджэнне і пахаванне стралы”, відаць, да страла1 (гл.). Аб семантыцы абрада гл. Барташэвіч, Бел. фальк., 2, 563–565.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЕЛАРУ́СКІЯ НАРО́ДНЫЯ ГУ́ЛЬНІ,

адна са стараж. формаў нар. творчасці беларусаў. Узніклі з язычніцкіх уяўленняў чалавека пра навакольны свет і звязаны з яго імкненнем паўплываць на незразумелыя прыродныя сілы. Пазней нар. гульні сталі забавай, сродкам маральнага, эстэт. і фіз. выхавання. Вядома больш за 400 беларускіх народных гульняў, якія не маюць строгіх правілаў, у розных месцах адну і тую ж гульню называюць і ладзяць па-рознаму. Гульні сінтэзуюць элементы песеннага і славеснага фальклору, танца, нар. тэатра, прац., ваен. і спарт. майстэрства. Найбольш стараж. з іх звязаны з паляваннем і паходзяць ад рытуальных скокаў, у якіх чалавек, імітуючы паводзіны жывёл і птушак, імкнуўся з магічнымі мэтамі ўвасобіцца ў інш. істоту (гульні «Каршун», «Мядзведзь», «Пастух і воўк», «Гусі», «Каза», «Журавель»). Многія гульні заснаваны на імітацыі прац. працэсаў («Проса», «Лён», «Канапелькі», «Рэдзька», «Млынок» і інш.), большасць з іх трансфармавалася ў гульнёвыя карагоды. Вытокі вял. колькасці традыц. гульняў ляжаць у абрадавай паэзіі. Асабліва многа іх звязана з нар. календаром. Гэта і веснавыя гульні — гуканне вясны, валачобніцтва (гл. Валачобнікі), Юр’е, ваджэнне і пахаванне «стралы», провады русалкі, траецкія гульні і інш. Шмат гульнёвых забаў адбывалася на Купалле — скокі праз вогнішча, качанне па жыце, пошукі папараць-кветкі. У час іх правядзення выбіралі арганізатара — Купаліша. Гульнёвы характар у час жніва набылі цырымоніі першага і апошняга снапа, «завіванне барады». Зімой у доўгія калядныя вечары наладжвалі шматлікія забавы, гульні з выкананнем песень, пераапрананнем у «цыгана», вадзілі «Казу», «Каня», «Кабылу», «Жураўля», «жанілі Цярэшку» (гл. «Жаніцьба Цярэшкі»), гулялі ў «Яшчура» і шчадравалі. Багаццем гульнёвых рытуалаў вылучаецца вяселле, магчыма, таму ў народзе кажуць «гуляюць вяселле». Сватанне, выкуп месца для маладой, падзел каравая і інш. дзеянні, страціўшы свой стараж. сэнс, сталі вясельнымі гульнямі. На вяселлі адбываюцца тэатралізаваныя жартоўныя паказы, у час якіх госці «жэняць» падстаўных маладых, і гульня ператвараецца ў звычайную пацеху. Гульні далі жыццё многім бел. танцам («Бычок», «Качан», «Падушачка» і інш.). Нар. гульні вызначаліся свабоднай імправізацыяй, лёгкасцю пераходу ад сур’ёзнага да жартоўнага, вясёлага, што стала асновай мастацтва вандроўных прафес. акцёраў — скамарохаў. Многія гульні дарослых перайшлі ў дзіцячую аўдыторыю і сталі дзейсным сродкам нар. педагогікі, развіваюць здольнасць да творчай імправізацыі, узаемавыручку, калектывізм і інш. лепшыя якасці («У гусі», «Жмуркі», «У жорава», «Вецер», «Лось», «Пячэнне хлеба», «Грушка» і інш.). У аснове спарт. гульняў ляжаць разнастайныя спаборніцтвы, яны развіваюць спрыт, звычку да псіхічных і фіз. намаганняў (гл. Азярод, Апука, Бабкі, Гула, «Гуські», «Калаўрот», Барацьба «да крыжа», Барацьба «на крыжы» і інш.). Многія традыц. гульні захаваліся ў сучаснай культуры, асабліва ў разнастайных формах нар. тэатра, з часам яны ўвабралі ў сябе элементы сучаснасці, многія з іх сталі асновай для развіцця бел. харэаграфічнага мастацтва, драмы і тэатра.

Да арт. Беларускія народныя гульні. Медалі з выявамі гульняў «Барацьба «да крыжа», «Апука», «Гула». Мастак А.Зіменка.

т. 2, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯНДА́РНА-АБРА́ДАВАЯ ПАЭ́ЗІЯ,

творчасць, якая суправаджала агр. святы і працу земляроба на працягу гаспадарчага года; від фальклору. Ёсць у многіх народаў Еўропы. Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў як нац. адметная з’ява склалася не пазней 14—16 ст. Яна багата развілася, добра захавалася і з’яўляецца феноменам бел. традыцыйнай культуры. Вылучаюцца 4 цыклы: зімовы, веснавы, летні і асенні. Кожная пара года мела адпаведныя рытуалы, звычаі, песеннае суправаджэнне. Агульнымі ў іх былі агр. аснова, мэтавая ўстаноўка, паасобныя матывы. Усе абрадава-песенныя комплексы прасякнуты клопатам пра будучыню сял. двара і сям’і: у пару засеяць ніву, вырасціць і сабраць ураджай, уратаваць яго ад стыхіі, статак — ад паморку і звяроў. Мела таксама эстэт. значэнне і гулліва-пацяшальную функцыянальнасць. Уключае больш за 25 песенных разнавіднасцей.

Зімовыя песні і абрады прызначаны былі загадзя паспрыяць ураджаю, зберагчы азімы пасеў, рунь на палях. Насычанасцю абрадамі і песнямі вылучаліся святкаванні беднай і шчодрай куцці, каляд. Шмат увагі ў час калядна-навагодніх урачыстасцей аддавалася агр. і любоўнай варажбе, розным гасп. павер’ям і прыкметам. Зорнае неба на куццю абяцала ўраджай ягад і грыбоў, іней на дрэвах — багатую квецень у садах, снег і мяцеліца — частае раенне пчол. Гал. месца ў зімовым цыкле належала калядаванню і шчадраванню. Паэт. ядро яго складалі калядныя песні (у г.л. шчадроўскія, гл. Шчадрэц), якім уласцівы метафарычнасць, сімвалізм, пластыка вобразаў. Зімовы цыкл уключаў піліпаўскія песні, ігрышчы, драм. дзействы з пераапрананнем, абрадавы абход з «казой», звяздой, аграрна-шлюбную гульню «Жаніцьба Цярэшкі» і інш. На масленіцу выконваліся масленічныя песні, іх прызначэнне — наблізіць прыход вясны. Яны суправаджалі гульні моладзі, абход двароў, дзе была сёлетняя нявеста, выражалі матыў заклінання будучага ўраджаю. Веснавыя песні і абрады былі закліканы асвячаць час адраджэння прыроды, пачатку палявых работ, яравых усходаў, выгану жывёлы на пашу. Веснавы цыкл абрадаў уключаў гуканне вясны, вяснянкі, валачобны абрад і валачобныя песні, ваджэнне карагодаў, абрадавы выган жывёлы на юр’еву расу і юраўскія песні, ушанаванне памяці продкаў на Радаўніцу, Сёмуху або Тройцу; з культам расліннасці звязаны русальны тыдзень з русаллямі, абрад куста, траецкія песні, русальныя песні, куставыя песні і інш. Летнія песні і абрады паводле архаічнай свядомасці адлюстроўвалі клопаты пра захаванне збажыны ў пару яе даспявання, павінны былі садзейнічаць паспяховаму збору ўраджаю. Абрады, звычаі, паданні, павер’і Купалля, маляўнічыя паводле зместу і формы, нясуць адбітак стараж. уяўленняў. Купальскія песні і пятроўскія песні пранікнёна паэтызуюць хараство прыроды ў пару яе найб. росквіту. Яны стварылі поўныя пяшчоты і першароднай чысціні дзявочыя вобразы, а таксама вобразы міфалагічныя. Уласна летнімі лічацца жніўныя песні, якія непасрэдна перадаюць атмасферу самай гарачай пары года ў жыцці сял. сям’і — жніва, цяжкай працы, перажыванняў жняі, сац. адносіны, якія асабліва выявіліся ў песнях часоў прыгону. Важны элемент летняга цыкла — дажынкі. Асенні перыяд, звязаны з уборкай яравых, выбаркай і апрацоўкай лёну, сяўбой азімых — заканчэннем палявых работ, характарызаваўся дамінаваннем у восеньскіх песнях, якія спявалі толькі жанчыны, перадвясельных матываў, развіццём у іх моцнага лірычнага пачатку. Сярод восеньскіх свят вылучаліся пакровы, багач і асабліва змітраўскія дзяды (асяніны). Позняя восень, калі наступала перадышка ў гасп. рабоце, была спрыяльным часам для традыц. збораў (вечарынкі, попрадкі і інш.), дзе спявалі, загадвалі загадкі, расказвалі казкі. У межах усіх цыклаў бытавалі талочныя песні, якія спявалі пры застоллі пасля талакі. Разам з валачобнымі і восеньскімі песнямі яны — нац. адметная частка бел. фальклору. У жанравых адносінах К.-а.п. вельмі разнастайная: апрача каларытных абрадаў і звычаяў яна ўключае заклінальныя, велічальныя, баладныя, жартоўныя, лірычныя песні, рацэі, прыказкі, прымаўкі, паданні. У каляндарных прыказках і прымаўках адлюстраваліся шматвяковыя назіранні над прыродай, практычныя веды, парады, філас. абагульненні («Сей авёс у гразь — будзеш як князь», «Якое семя, такое і племя!», «Прыйшоў багач — кідай рагач, бяры сявеньку і сей памаленьку»), К.-а.п. як паэзія зямлі па сваёй сутнасці пераняла ад прыроды, працоўна-вытв. земляробчага побыту сваю выяўл палітру. Міфал. вобразы, народжаныя фантазіяй, суіснуюць у ёй з тымі, што ўзяты з рэчаіснасці, створаны па законах рэаліст. мастацтва. Вобразы сонца, вясны, купалкі, жыта, спарыша, зямлі суседнічаюць з вобразамі селяніна-гаспадара, хлопца, дзяўчыны, жняі-пастацянкі і інш. У велічальных песнях шырока карыстаюцца гіпербалай, беручы параўнанні з касм. і гасп. сфер. Яна мае характэрныя пастаянныя эпітэты («вясна-красна», «раса мядовая», «сяўба залатая». «сярпы сталёвыя або залатыя», «віно зеляно»). Уплыў хрысціянства закрануў нар. паэзію вонкава. Яна толькі часткова ўспрыняла паасобныя элементы хрысц. міфалогіі. Юрай, Мікола, Ілья, Пятро з песень гадавога круга — тыя ж сяляне, ратаі і сейбіты. І клопат іх пра жыта караністае ды ядраное, пра юр’еву расу, пагодлівы сенакос, раі семяністыя ды мядзістыя — чыста сялянскі. Асн. песенны фонд К.-а.п. яшчэ досыць трывала захоўваецца ў памяці вясковых жыхароў старэйшага пакалення Высокая эстэт. вартасць лепшых узораў К.-а.п. мае значэнне жыватворнай крыніцы для прафес культуры — л-ры, музыкі, выяўл. мастацтва і інш.

Публ.: Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962; Песні сямі вёсак; Традыц. нар. лірыка Міншчыны. Мн., 1973; Жніўныя песні. Мн., 1974; Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974; Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі. Мн., 1975; Веснавыя песні. Мн, 1979; Валачобныя песні. Мн., 1980; Восеньскія і талочныя песні. Мн., 1981; Купальскія і пятроўскія песні. Мн., 1985; Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыц. жанры. Гомельская вобл. Мн., 1989; Земляробчы каляндар: (Абрады і звычаі). Мн.. 1990; Паэзія беларускага земляробчага календара Мн., 1992; Жаніцьба Цярэшкі. Мн.,1993; Песні Беласточчыны. Мн., 1997.

Літ.:

Аничков Е.В. Весенняя обрядовая песня на Западе и у славян. Ч. 1—2. СПб., 1903—05;

Гілевіч Н. Наша родная песня Мн., 1968;

Круть Ю.З. Хліборобська обрядова поезія слов’ян. Київ, 1973;

Ліс.А Купальскія песні. Мн., 1974;

Ягож. Валачобныя песні. Мн., 1989;

Яго ж. Жніўныя песні. Мн., 1993;

Яго ж. Каляндарпаабрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў. Эстэт. аспект. Мн., 1998;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы, XIX — начало XX в.: Зимние праздники. М., 1973;

Календариые обычаи и обряды в странах зарубежной Европы, конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы. конец XIX — начало XX а: Летне-осенние праздники. М., 1978;

Кледарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983;

Соколова В.К. Весеннелетние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — нач. XX в. М., 1979;

Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980;

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье: Обряд, песня. Мн., 1986, Круглов Ю.Г. Русские обрядовые песни. 2 изд. М., 1989;

Беларускія народныя абрады / Склад. Л.П.Касцюкавец. Мн., 1994.

А.С.Ліс, І.У.Саламевіч.

т. 7, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)