ГРАМА́ДСКАЯ БЯСПЕ́КА ў праве,

сістэма грамадскіх адносін і юрыд. нормаў, якія рэгулююць гэтыя адносіны з мэтай забеспячэння грамадскага спакою, недатыкальнасці жыцця і здароўя насельніцтва, нармальнай працы і адпачынку грамадзян, нармальнай дзейнасці дзярж. і грамадскіх арг-цый, устаноў і прадпрыемстваў. Грамадская бяспека ахоўваецца дзяржавай, грамадскімі арг-цыямі і самімі грамадзянамі. Асобы, вінаватыя ў парушэннях грамадскай бяспекі, прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам.

С.​У.​Скаруліс.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́РНАЯ БЯСПЕ́КА,

стан аб’ектаў, таксама навакольнага асяроддзя, пры якім адсутнічае імавернасць узнікнення і развіцця пажару. Забяспечваецца сістэмамі прадухілення пажару (гл. Пажарная прафілактыка), комплексам мерапрыемстваў па арганізацыі пажарнай аховы, навучанні насельніцтва правілам П.б. і інш.

Мінімальная імавернасць узнікнення пажару дасягаецца прадухіленнем утварэння гаручага асяроддзя і крыніцы загарання ў ім. Проціпажарная ахова дасягаецца абмежаваннем распаўсюджвання пажару, своечасовымі апавяшчэннем насельніцтва, эвакуацыяй людзей з аб’ектаў узгарання. Пры гэтым выкарыстоўваюцца сродкі калектыўнай і індывідуальнай аховы, процідымнай аховы, пажаратушэння, тэхн. элементы збудаванняў (лесвічныя клеткі, проціпажарныя сцены, ліфты, аварыйныя люкі і інш.).

Літ.:

Основы пожарной безопасности. М., 1971;

Бариев Э.Р., Чеканов В.Л. Пожарная безопасность в строительстве. Мн., 1996.

М.​В.​Гарахавік, С.​А.​Лосік, А.​В.​Урублеўскі.

т. 11, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БЯСПЕ́КА,

стан абароненасці інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы ад унутр. і знешніх пагроз у эканам., гуманіт., экалагічнай, інфарм., ваен., паліт. сферах жыццядзейнасці. Асн. аб’ектамі і суб’ектамі Н.б. адначасова з’яўляюцца асоба, грамадства і дзяржава. Іх жыццёва важныя інтарэсы, рэальныя і патэнцыяльныя пагрозы гэтым інтарэсам, прыярытэтныя кірункі іх забеспячэння і абароны вызначаюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі, ваен. дактрынай і інш. паліт.-прававымі актамі. Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь зацвердзіў канцэпцыю Н.б. (1995), у якой сфармуляваны змест і структура Н.б. ва ўмовах існавання Беларусі як незалежнай дзяржавы, вызначаны асн. прынцыпы і кірункі арганізацыі сістэмы Н.б., эканам., прававыя і інш. аспекты яе функцыянавання. Агульнае кіраўніцтва сістэмай Н.б. ажыццяўляе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Ён фарміруе і ўзначальвае Савет Бяспекі, які разглядае асн. праблемы Н.б. і каардынуе дзейнасць органаў заканадаўчай, выканаўчай і суд. улад па яе забеспячэнні.

А.​А.​Тозік.

т. 11, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕКТЫ́ЎНАЯ БЯСПЕ́КА,

супрацоўніцтва дзяржаў па падтрыманні міжнар. міру, прадухіленні ўзбр. канфліктаў, а ў выпадку неабходнасці — ліквідацыі актаў агрэсіі і аказанні калект. дапамогі, у т. л. ваен., яе ахвярам. У наш час сістэма К.б. ажыццяўляецца ў рамках міжнар. арг-цый, напр., Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і яе спец. органаў (Савет Бяспекі ААН і інш.) і на рэгіянальнай аснове. Паводле Статута ААН рэгіянальныя арг-цыі не могуць распачынаць прымусовыя дзеянні без рашэння і агульнага кіраўніцтва Савета Бяспекі (толькі ён мае на гэта права). Для забеспячэння міру і К.б. выкарыстоўваюцца розныя сродкі: скарачэнне ўзбр. сіл, узбраенняў і іх асобных кампанентаў (ядз., хім. і інш.), вырашэнне міжнар. спрэчак і канфліктаў мірным шляхам, у т. л. дыпламат. і пасрэдніцкімі намаганнямі, стварэнне калект. міратворчых сіл, прыняцце прымусовых (у т. л. ваенных) захадаў супраць агрэсара і інш. Рэспубліка Беларусь у сістэме К.б. аддае перавагу заключэнню міждзярж. дагавораў у рамках СНД, Саюза Беларусі і Расіі, а таксама ў рамках рэгіянальных арг-цый (у т. л. Еўрап. Саюза, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і яе Мінскай групы), рэгіянальным пагадненням (праграма «Партнёрства дзеля міру», 27 дзяржаў, 1996) і інш.

Літ.:

Ивашов Л.Г., Булыгин А.Н. Коллективная безопасность в рамках Содружества Независимых Государств: состояние и перспективы обеспечения // Воен. мысль, 1998. №3.

Р.​Члянысевіч.

т. 7, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ БЯСПЕ́КА,

комплекс мерапрыемстваў па ахове чалавека ад шкоднага ўздзеяння іанізавальных выпрамяненняў. Пры працы з радыеактыўнымі рэчывамі, мед. абследаваннях і ў інш. выпадках уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў прыроднага ці тэхнагеннага паходжання скіраваная на зніжэнне сумарнай дозы апрамянення арганізма да бяспечнага для здароўя чалавека ўзроўню (гранічна дапушчальнай дозы). Выключная роля адводзіцца Р.б. пры аварыях на АЭС і ліквідацыі іх наступстваў. На Беларусі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) радыяцыйна-экалагічнае становішча характарызуецца складанасцю і неаднароднасцю радыеактыўнага забруджвання тэрыторыі, наяўнасцю радыенуклідаў практычна ва ўсіх кампанентах экасістэмы і іх уцягваннем у геахім. і трафічныя цыклы міграцыі. Меры Р.б. ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з законам «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва» (1998), які рэгламентуе нормы Р.б. з указаннем гранічна дапушчальных доз, дапушчальных узроўняў іанізавальных выпрамяненняў усіх відаў і інш. патрабаванні па абмежаванні радыеактыўнага ўздзеяння на насельніцтва.

У забруджаных раёнах больш за 70% сумарнай дозы апрамянення абумоўлена ўнутр. апрамяненнем арганізма, выкліканым ужываннем мясц. харч. прадуктаў (пераважна малака, ягад, грыбоў), якія маюць у сабе цэзій-137 і стронцый-90. Р.б. насельніцтва забяспечваецца правільнай арганізацыяй харчавання (напр., рэгулярнае ўжыванне пекцінавых прэпаратаў ачышчае арганізм ад цэзію-137) і с.-г. вытв-сці. Ахова ад знешняга апрамянення забяспечваецца правільным правядзеннем работ у забруджаных лясных масівах, нарыхтоўкі лесапрадуктаў, палявых работ (пры ўтварэнні пылу значна павялічваецца ўдзельная радыеактыўнасць паветра), арганізацыяй мерапрыемстваў па прадухіленні лясных і тарфяных пажараў, якія павышаюць радыяцыйны фон на значнай тэрыторыі. Для забеспячэння макс. эфектыўнасці Р.б. ажыццяўляецца радыяцыйны маніторынг навакольнага асяроддзя, а таксама радыеметрычны кантроль харч. прадуктаў і сістэматычныя мед. абследаванні жыхароў забруджаных раёнаў.

А.​М.​Дэвойна.

т. 13, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бяспе́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бяспечнага; бяспека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

радыяцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да радыяцыі, звязаны з ёю. Радыяцыйная энергія. Радыяцыйнае выпрамяненне. Радыяцыйная бяспека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

госбезопа́сность (госуда́рственная безопа́сность) дзяржбяспе́ка, -кі ж. (дзяржа́ўная бяспе́ка).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

safety [ˈseɪfti] n.

1. бяспе́ка, адсу́тнасць ры́зыкі;

road safety даро́жная бяспе́ка;

public safety грама́дская бяспе́ка

2. захава́насць, непашко́джанасць;

travel in safety до́бра падаро́жнічаць

play for safety рабі́ць што-н. не рызыку́ючы;

(there is) safety in numbers калекты́ўная адка́знасць менш небяспе́чная, чым індывідуа́льная

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

Statssicherheit f - дзяржа́ўная бяспе́ка

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.)