НАВІ́ЦКІ (Уладзімір Іосіфавіч) (н. 21.11.1939, в. Боркавічы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1990). Скончыў БДУ (1966). У 1966—71 на камсамольскай рабоце, у 1975—84 нам. сакратара парткома АН Беларусі, з 1984 у Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі, з 1996 заг. аддзела гісторыі нац.-культ. развіцця Беларусі. Даследуе пытанні грамадска-паліт. жыцця ў сав. час, гісторыю бел. культуры і канфесій у 19—20 ст. Адзін з аўтараў калектыўных прац: «Нарысы гісторыі Ленінскага камсамола Беларусі» (1975), «Гісторыя рабочага класа Беларускай ССР» (т. 4, 1987), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 2, 1995), «Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX ст.)» (1998).

Тв.:

Участие Ленинского комсомола Белоруссии в борьбе за подъем народного образования (1920—июнь 1941 гг.). Мн., 1979 (разам з Я.​К.​Новікам);

Комплексный подход к воспитанию трудящихся: (На материалах БССР). Мн., 1981;

Человеческий фактор: пути активизации: (На материалах БССР).

Мн., 1987; Белорусская ССР: курсом перестройки. Мн., 1989 (разам з І.​Я.​Марчанкам); Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд. Мл., 1997 (разам з Л.​М.​Лычом).

т. 11, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІСНА́,

горад у Міёрскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дзісна, пры ўпадзенні яе ў Зах. Дзвіну. За 45 км ад г. Міёры, 12 км ад чыг. ст. Боркавічы на лініі Полацк—Даўгаўпілс (Латвія). Аўтадарогамі злучана з Полацкам, Глыбокім, Міёрамі. 2,7 тыс. ж. (1995).

У 10—11 ст. полацкія крывічы заснавалі тут невял. крэпасць — Капец-гарадок, тэр. вакол яго заселена да 13 ст. З 1301 Дз. ў ВКЛ. З 14 ст. згадваецца Дзісенскі замак. З 1563 сяло. У 1567 атрымала герб, у 1569 новы герб (у блакітным полі ладдзя з разгорнутым ветразем) і стала горадам. У 16—17 ст. пабудаваны правасл. Уваскрасенская (гл. Дзісенскі Уваскрасенскі манастыр), Узвіжанская, Спаса-Праабражэнская і уніяцкая Міхайлаўская цэрквы, парафіяльны касцёл, францысканскі кляштар. У 17 ст. цэнтр староства. Вял. страты нанесены Дз. ў часы Лівонскай вайны 1558—89, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21, пажараў і эпідэмій. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 цэнтр Дзісенскага павета Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У 1897 у Дз. 6,7 тыс. ж. З 1922 у Дзісенскім пав. Віленскага ваяв. Польшчы. 6073 ж. (1939). З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Дзісенскага раёна. У Вял. Айч. вайну з 5.7.1941 да 4.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў горадзе і раёне загубілі 4584 чал., у горадзе стварылі лагер смерці. З 1959 Дз. ў Міёрскім р-не. 2,5 тыс. ж. (1959).

Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Помнік архітэктуры — царква Адзігітрыі (19 ст.). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення.

т. 6, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)