ГАСТРО́ЛЬ (ням. Gastrolle ад Gast госць + Rolle роля),
выступленне артыста (калектыву) па-за месцам яго пастаяннай дзейнасці — у інш. раёне, горадзе, краіне. З 18 ст. і асабліва з 2-й пал. 19 ст. гастрольнай дзейнасцю займаліся буйнейшыя акцёры — С.Бернар, Э.Дузе, Т.Сальвіні, П.Арленеў, В.Камісаржэўская, Э.Каруза, А.Паці, Ф.Шаляпін і інш. На Беларусі пашыраны з канца 18 ст., калі ў гарадах, мястэчках выступалі польскія гастрольныя трупы і асобныя акцёры, у 19—20 ст. — рус. і ўкраінскія. Гастрольную дзейнасць вяла Першая бел. трупа І.Буйніцкага. Гастраліруюць усе прафесійныя трупы. Атрымала развіццё такая форма гастролі, як выязныя спектаклі т-раў. Своеасаблівая форма гастролі — выступленні тэатр. калектываў на дэкадах, аглядах, фестывалях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮЛЕ́Н ((DuUin) Шарль) (12.5.1885, г. Ен, Францыя — 12.12.1949),
французскі рэжысёр, акцёр, педагог. У 1907—21 удзельнічаў у спектаклях парыжскіх т-раў пад кіраўніцтвам рэжысёраў А.Антуана, Ж.Капо, Ф.Жэм’е, Г.Баці і інш. У 1922 заснаваў у Парыжы т-р «Атэлье», дзе працаваў да 1940. У 1940-я г. акцёр і рэжысёр «Тэатра дэ Пары» і «Тэатра Сары Бернар» (Парыж), «Тэатра Селесцінцаў» (Ліён). Сярод пастановак: «Марыя Магдаліна» Ф.Гебеля (1912), «Асалода жыцця» Л.Пірандэла (1922), «Вальпоне» Б.Джонсана (1928; і гал. роля). З лепшых акцёрскіх работ: Гарпагон («Скупы» Мальера), Смердзякоў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага). Выхаваў плеяду выдатных акцёраў і рэжысёраў франц.т-ра (Ж.Вілар. Ж.Баро, М.Марсо, Р.Руло і інш.). Аўтар кн. «Успаміны і нататкі акцёра» (1946).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТАЦЫ́ЙНАЯ ФІЗІЯЛО́ГІЯ,
раздзел фізіялогіі, які даследуе прыроджаныя і набытыя прыстасавальныя рэакцыі розных сістэм жывых арганізмаў на вонкавыя ўздзеянні. Задачы адаптацыйнай фізіялогіі: даследаванне фізіял., біяхім. і структурных пераўтварэнняў, якія забяспечваюць адноснае пастаянства ўнутранага асяроддзя арганізма; вывучэнне механізма прыстасавання пры ўздзеянні фактараў навакольнага асяроддзя; вызначэнне гал. дзеючых фактараў і межаў нармальнага рэагавання; распрацоўка шляхоў карэкцыі парушаных функцый і інш. Адаптацыйная фізіялогія вывучае генатыпічную (эвалюцыйную) і фенатыпічную (індывідуальную) адаптацыі. Значны ўклад у развіццё адаптацыйнай фізіялогіі зрабілі замежныя вучоныя К.Бернар, У.Кенан, Г.Селье, а таксама савецкія Л.А.Арбелі, П.К.Анохін, П.Д.Гарызонтаў, І.В.Давыдоўскі, Ф.З.Меерсон, В.П.Казначэеў, А.Д.Слонім, Ф.І.Фурдуй і інш. На Беларусі праблемы адаптацыйнай фізіялогіі вывучаюцца ў ін-тах фізіялогіі, біяхіміі, заалогіі АН Беларусі, мед. ін-тах (Мінск, Віцебск, Гродна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАЦЭНТРЫ́ЗМ (ад антрапа... + цэнтр),
погляд, паводле якога чалавек ёсць цэнтр і вышэйшая мэта светабудовы. Цесна звязаны з тэлеалогіяй. У ант. філасофіі прынцып антрапацэнтрызму сфармуляваны Пратагорам («Мера ўсіх рэчаў — чалавек»), развіты ў этычным рацыяналізме Сакрата. Рысы антапацэнтрызму назіраюцца ў прадстаўнікоў сярэдневяковай філасофіі (патрыстыка, Аўгусцін, Бернар Клервоскі і інш.). Прынцыпова новы характар антрапацэнтрызму набыў у культуры Адраджэння, калі ўвага мысліцеля акцэнтавалася на прыгажосці і велічы чалавека, яго высокім прызначэнні. Элементы антрапацэнтрызму захоўваліся ў класічнай зах. філасофіі (К.Гельвецый, Л.Феербах), былі ўласцівы філосафам рэліг. і ірацыяналісцка-экзістэнцыяналісцкай арыентацыі (Г.Марсель, А.Камю і інш.). На Беларусі ідэі антрапацэнтрызму вядомы з 11 ст. — з пашырэннем твораў патрыстычнай л-ры. У грамадскай думцы і культуры Беларусі 15—17 ст. зацвярджаецца гуманістычны антрапацэнтрызм Адраджэння. Бел. мысліцелі-гуманісты (М.Гусоўскі, Ф.Скарына, Сімяон Полацкі) адстойвалі высокую годнасць чалавека, грамадскае прызначэнне яго дзейнасці, самакаштоўнасць зямнога жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІ́Д ((David) Жак Луі) (30.8.1748, Парыж — 29.12.1825),
французскі жывапісец; прадстаўнік класіцызму ў франц. мастацтве. У 1766—74 вучыўся ў Парыжы ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры (чл. акадэміі з 1784), у 1775—80 вывучаў ант. мастацтва ў Рыме. Дзеяч франц. рэвалюцыі 1789—94, чл. якабінскага Канвента; стварыў Нац. музей у Луўры. Яго творы вылучаюцца яскравым увасабленнем прынцыпаў класіцызму: «Клятва Гарацыяў» (1784), «Смерць Сакрата» (1787), «Ліктары прыносяць Бруту целы яго сыноў» (1789) і інш. У часы рэвалюцыі ствараў партрэты, карціны пра вядомыя гіст. падзеі сучаснасці: «Клятва ў зале для гульні ў мяч» (1791), «Забіты Лепелецье» і «Смерць Марата» (абедзве 1793). Вял.рэаліст. сілай вызначаюцца партрэты: «Аўтапартрэт» (1794), «Зяленіўшчыца» (1795). З 1804 Давід — прыдворны мастак Напалеона I; маляваў дэкар.-эфектныя парадныя партрэты і карціны («Напалеон пры пераходзе праз Сен-Бернар», 1800, «Каранацыя Жазефіны», 1805—07, і інш.). Пасля рэстаўрацыі манархіі Бурбонаў быў вымушаны пераехаць у Брусель. У Давіда вучыліся А.Гро, Ф.Жэрар, Ж.А.Д.Энгр і інш. мастакі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАІМПРЭСІЯНІ́ЗМ (ад неа... + імпрэсіянізм),
кірунак у жывапісе канца 19—1-й пал. 20 ст.Засн. ў Францыі каля 1885 Ж.Сёра і П.Сіньякам. Тэрмін уведзены Ф.Фенеонам у 1886. Н. навукова абгрунтаваў раскладанне тонаў на чыстыя колеры і прыём пісьма раздзельнымі мазкамі (гл.Пуантылізм), адвяргаў выпадковасць і фрагментарнасць кампазіцый імпрэсіянізму, вызначаўся абагульненай, плоскасна-дэкар. манерай жывапісу, які нагадваў пано. Паслядоўнае аптычнае змяшэнне чыстых тонаў спектра стварала эфект асляпляльна белага святла і разам з тым «выцвітання», бялёсасці каларыту. У розныя часы да Н. звярталіся А.Матыс, А.Дэрэн, Р.Дэланэ, Дж.Северыні, Дж.Бала, ім захапляліся В. ван Гог, Э.Бернар, П.Гаген і інш. Н. пашырыўся ў Галандыі (Артс, Брэмер, Вейлбрыф), Італіі (П. да Вальпеда, Дж.Сеганціні і інш.), пад уплывам бельгійцаў Т. ван Рэйселберге і А. ван дэ Велдэ да Н. звярталіся ў Германіі П.Баўм, К.Герман, К.Рольфс, І.Гаўптман.
Л.Ф.Салавей.
Да арт.Неаімпрэсіянізм. П.Сіньяк. Хвоя. Сен-Трапез.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАВА́РСКАЯ (Зінаіда Іванаўна) (н. 31.8.1916, ст. Адэса-Дачная, Украіна),
бел. актрыса, рэжысёр, педагог. Нар.арт. Беларусі (1967). Скончыла Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1937). Сцэн. дзейнасць пачала ў Т-ры юнага гледача Беларусі. З 1938 у Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы (у 1941—50 у франтавым т-ры Масквы, т-рах Ашхабада, Пензы, Куйбышава). Выканаўца лірыка-драм. і вострахарактарных роляў. У творчасці спалучае выразны вонкавапластычны малюнак з псіхал. характарыстыкай персанажа. З лепшых роляў: Бажашуткава («Амністыя» М.Матукоўскага), Маці («Зацюканы апостал» А.Макаёнка), Ірына («Вогненны мост» Б.Рамашова), Юлечка («Даходнае месца» А.Астроўскага), Нора («Нора» Г.Ібсена), Ніхаль («Дзівак» Назыма Хікмета), Клея («Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду), Эржы («Гульня з кошкай» І.Эркеня), Сара Бернар («Смех лангусты» Дж.Марэла), Понсія («Гульня ў джын» Д.Кобурна). Знялася ў фільмах «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Нашы суседзі», «Хто смяецца апошнім», у тэлевіз. спектаклі «Крах». Аўтар і рэжысёр радыёпастановак («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча і інш.). У 1953—55 і 1967—88 выкладала ў Бел.тэатр.-маст. ін-це.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Вурга́н ’бугор’ (Грыг., Гарэц.); ’пухір’ (Яруш.); ’цвёрды грузачок, пухір на скуры’ (мсцісл.З нар. сл.), варга́н ’вярзіла, боўдзіла’ (віл., Грынблат, вусн. паведамл.), рус.бранск.вурга́н ’сіняк’, маск.ворга́н ’вір, яма ў рацэ’. Хутчэй за ўсё аддзеяслоўнае ўтварэнне ад вурга́ніць ’кідаць, перакульваць’ (гл.), якое, відаць, нельга разглядаць асобна ад варга́ніць ’тс’ (гл.); балгарская паралель въ́рга ’гуз на целе’, якую Бернар (Балк. ез., 3, 1961, 83) выводзіць з върга́лям ’куляць, пераварочваць’ (< і.-е.*wer‑gh‑ ’круціць’; параўн. лат.sa‑vergt ’моршчыцца, сціскацца’ (БЕР, 1, 210)) і въ́ргам ’куляць, перакідаць’, а таксама серб.-харв.варгањ ’грыб баравік’ (Мяркулава, Очерки, 164), магчыма, даюць падставы для рэканструкцыі прасл.vъrganъ ’нарост, грыб’; адносна фанетыкі і семантыкі параўн. таксама вурдыль, вургуль (гл.).
расійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар.арт.СССР (1976). Вучыўся ў студыі М.Мордкіна (1918—19), у Маскоўскім харэаграфічным вучылішчы (1919—21, педагог А.Горскі), у 1923—60 выкладаў у ім. У 1921—54 саліст, з 1946 педагог Вял.т-ра ў Маскве. З 1925 выступаў як балетмайстар. Яго выкананне вылучалася высакароднай манерай, жыццярадаснасцю, віртуозным тэхн. майстэрствам. Узбагаціў тэхніку мужчынскага танца. Сярод лепшых партый: Кален («Марная засцярога» П.Л.Гертэля), Зігфрыд, Прынц, Блакітная птушка («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), сарацынскі танец і Бернар («Раймонда» А.Глазунова), Пятрушка і Арап («Пятрушка» І.Стравінскага), Раб і Пірат («Карсар» А.Адана), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Піліп («Полымя Парыжа» Б.Асаф’ева). Як балетмайстар аднаўляў і ставіў у новых рэдакцыях класічныя балеты (у т. л. «Лебядзінае возера» ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, 1978), танцы ў операх, ствараў і сам выконваў канцэртныя нумары, у т. л. «Футбаліст» на муз. А.Цфасмана. Яго творчасці прысвечаны дакумент. тэлефільм «Асаф Месерэр» (1989). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРУА́ (Maurois) Андрэ [сапр.Эрзог
(Herzog) Эміль; 26.7.1885, г. Эльбёф, Францыя —9.10.1967], французскі пісьменнік. Чл.Франц. акадэміі (з 1938). Скончыў Руанскі ліцэй. Першыя раманы «Маўклівы палкоўнік Брамбл» (1918),
«Гаваркі доктар О’Грэдзі» (1922). Аўтар псіхал. раманаў «Бернар Кенэ» (1926), «Зменлівасць кахання» (1928), «Зямля запаветная» (1945), зб. навел «Лісты да незнаёмкі» (1953) і інш., эсэ, гіст. і літ.-знаўчых прац, кн. «Мемуары» (апубл. 1970). Майстар жанру т.зв. раманізаванай біяграфіі («Арыэль, або Жыццё Шэлі», 1923; «Байран», 1930; «Лелія, або Жыццё Жорж Санд», 1952; «Алімпіо, або Жыццё Віктора Гюго», 1954; «Тры Дзюма», 1957; «Праметэй, або Жыццё Бальзака», 1965, і інш.). У жыццеапісаннях вял. людзей асн. лічыў складанасць і супярэчлівасць асобы, цікавасць да яе ўнутр. свету, смелы пошук праўды. Яго творчасць і тэарэт. погляды спрыялі пераадоленню ўсталяванага схематычнага падыходу да адлюстравання героя і метадаў стварэння яго вобраза. Зрабіў вял. ўклад у развіццё біягр. жанру 20 ст., садзейнічаў нараджэнню «новай біяграфіі» ў канцы 1920-х г. На бел. мову асобныя навелы М. пераклалі Ю.Гаўрук, Л.Казыра, Г.Скрыган.
Тв.:
Бел.пер. — Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы. Мн., 1974;