ГІЛЬЕ́Н, Гільен Батыста (Guillén Barista) Нікалас (10.7.1902, г. Камагуэй, Куба — 16.7.1989), кубінскі паэт і публіцыст. Вучыўся ў Гаванскім ун-це. Займаўся журналістыкай, удзельнічаў у міжнар. грамадскім жыцці. У 1952—59 у эміграцыі. Друкаваўся з 1918. У паэзіі пераважала сац.-палітычная тэматыка, пазней узмацніўся суб’ектыўна-лірычны пачатак. Аўтар зб-каў «Матывы сона» (1930), «Сонгара Касонга» (1931), «Вест-Індская кампанія» (1934), «Песні для салдатаў і соны для турыстаў» (1937), «Голуб акрыленага народа» (1958), «Што ёсць у мяне?», «Вершы пра каханне» (абодва 1964), «Вялікі Звярынец» (1967), «Зубчастае кола» (1972), «Сэрца, з якім жыву» (1975), «Па Карыбскім сінім моры імчыць папяровы караблік» (1978), паэм «Іспанія. Паэма пра чатыры самоты і адну надзею» (1937), «Элегія Хесусу Менендэсу» (1951) і інш., кн. публіцыстыкі «Беглая проза, 1929—1972» (т. 1—3, 1975—76). Адметныя рысы яго творчасці — нечаканасць метафар і меладычнасць, рытмічная разнастайнасць і гукапіс, спалучэнне элементаў крэольскай і негрыцянскай фалькл. традыцый. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі Р.Барадулін, Х.Жычка, К.Шэрман і інш.
Тв.:
Бел. пер. — Падарожжа да сябе самога. Мн., 1978;
Рус. пер. — Сонгоро Косонго: Избр. стихи. М., 1967;
Избранное. М., 1982;
Перелистывая страницы: Мемуары. М., 1985.
Літ.:
Плавскин З. Николас Гильен: Критико-биогр. очерк. М.; Л., 1965;
Аухвер А. Николас Гильен: Жизнь и творчество: Пер. с исп. М., 1989.
Е.А.Лявонава.
т. 5, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІВА́ЛЬДЗІ ((Vivaldi) Антоніо) (4.3.1678, г. Венецыя, Італія — 28.7.1741),
італьянскі кампазітар, скрыпач, дырыжор, педагог. Вучыўся ў бацькі, скрыпача Джавані Батыста Вівальдзі, і, магчыма, у Дж.Легрэнцы. У 1703—25 педагог, пазней дырыжор аркестра і кіраўнік канцэртаў, а таксама дырэктар (з 1713) жаночай кансерваторыі «П’ета». Пісаў музыку для свецкіх і духоўных канцэртаў кансерваторыі, оперы для т-раў Венецыі (удзельнічаў у іх пастаноўцы). У творчасці Вівальдзі, паслядоўніка А.Карэлі, вышэйшага росквіту дасягнуў канчэрта гроса (устаноўлена 3-часткавая цыклічная форма, вылучана віртуозная партыя саліста). Стварыў жанр сольнага інстр. канцэрта, чым прадвызначыў дасягненні венскай класічнай школы. Садзейнічаў развіццю віртуознай скрыпічнай тэхнікі. Муз. стыль Вівальдзі адметны меладычным багаццем, дынамічнасцю і экспрэсіўнасцю гучання, празрыстасцю арк. пісьма, класічнай стройнасцю формы. Яго цыкл «Поры года» (1725) — адзін з ранніх узораў арк. праграмнай музыкі. Зрабіў уклад у развіццё інструментоўкі. Сярод твораў: оперы (больш за 40, у т. л. «Нерон, які стаў Цэзарам», 1715; «Алімпіяда», 1734), араторыі («Юдзіф», 1716, і інш.); свецкія кантаты, серэнады; «Stabat Mater» і інш. царк. творы; інстр. канцэрты (465), у т. л. канчэрта гроса (49), для аднаго інструмента з баса кантынуа (331, у т. л. 228 для скрыпкі) і інш.
Літ.:
Белецкий И. Антонио Вивальди, 1678—1741: Краткий очерк жизни и творчества. Л., 1975;
Ryom P. Verzeichnis der Werke A. Vivaldis. 2 Ausg. Leipzig, 1979;
Cande P. de. Vivaldi. Paris, 1967;
Opera and Vivaldi. Austin, 1984.
т. 4, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)