АЎСТРЫ́ЙСКАЯ ШКО́ЛА,
Венская школа, суб’ектыўна-псіхалагічны кірунак у палітэканоміі. Сфарміравалася ў Аўстрыі ў 1870—80-х г. Заснавальнікі — К.Менгер, Э.Бём-Баверк, Ф.Візэр. Ідэі аўстрыйскай школы падзялялі У.Джэванс (Вялікабрытанія), Л.Вальрас (Швейцарыя), М.Туган-Бараноўскі і П.Струве (Расія), у 20 ст. развівалі Ф.Хаек і інш. Задачу палітэканоміі прадстаўнікі школы бачылі ў вывучэнні свядомасці суб’екта, які гаспадарыць ва ўсёй разнастайнасці яго вопыту. Паводле Бём-Баверка, карані эканам. з’яў — у адчуваннях суб’екта, у псіхал. матывах, што рэгулююць яго паводзіны. У якасці аб’екта даследавання выбіралася адна асобная гаспадарка як тыповы элемент рыначнай эканомікі. Ідэальным лічыўся ізаляваны ад грамадства індывід (гаспадарка Рабінзона; адсюль назва метаду даследавання — метад рабінзанад Аўстрыйская школа заклала асновы маржыналізму, увяла прынцып гранічнасці, які стаў універсальным і адкрыў шлях шырокаму выкарыстанню матэм. метадаў у эканам. навуцы. Цэнтр. месца ў канцэпцыях аўстрыйскай школы заняла тэорыя вартасці, названая гранічнай тэорыяй карыснасці. Прадстаўнікі аўстрыйскай школы распрацавалі таксама тэорыі прыбытку і працэнта.
М.В.Навучыцель.
т. 2, с. 98
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т
(БНК) у Слуцку, Слуцкі беларускі нацыянальны камітэт, Часовы беларускі нацыянальны камітэт Случчыны, прадстаўнічы орган бел. нац. арг-цый Случчыны ў 1918—20. Створаны ў крас. 1918. У кіраўніцтва ўвайшлі Яніслаўскі (старшыня),
С.К.Петрашкевіч (сакратар), М.А.Асвяцімскі (скарбнік). Стаяў на пазіцыях Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Меў на мэце пашырэнне нац. свядомасці беларусаў, арганізацыю бел. школьніцтва, культ.-асв. гурткоў, кааператываў, матэрыяльна падтрымліваў т-ва «Папараць-кветка». У снеж. 1918 стварыў патрыятычную падп. арг-цыю «Саюз абароны краю». Пасля прыходу Чырв. Арміі на нелегальным становішчы, бальшавікі арыштавалі Яніслаўскага, В.М.Русака, П.Я.Жаўрыда і інш. Аднавіў дзейнасць у студз. 1919. У новае кіраўніцтва выбраны Жаўрыд (старшыня), У.Дубіна, Русак, А.Ю.Бараноўскі і інш. Пры к-це створаны аддзелы: арганізац., культ.-асв., каап., юрыд., дабрачынны. Меў цесную сувязь і фінансаваўся Часовым беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску. Палітычна знаходзіўся пад уплывам бел. эсэраў, падтрымліваў антыпольскі падп. і партыз. рух. Кааптаваў сваіх членаў у мясц. органы самакіравання, праводзіў культ.-асв. работу, стварыў гар. і пав. бел. міліцыю. У маі 1920 выступіў з пратэстамі ў адрас Польшчы і Сав. Расіі, у якіх асудзіў тайныя перагаворы пра падзел Беларусі. У час наступлення Чырв. Арміі (ліп. 1920) частка членаў к-та (Петрашкевіч, Бараноўскі, Асвяцімскі, К.Кецка і інш.) выступіла за супрацоўніцтва з сав. уладай. 1.11.1920 створаны новы склад к-та на чале з А.Паўлюкевічам, які стаяў на пазіцыях Найвышэйшай рады Беларускай Народнай Рэспублікі. На 1-м бел. з’ездзе Случчыны 14.11.1920 перадаў свае паўнамоцтвы абранай Беларускай радзе Случчыны.
У.В.Ляхоўскі.
т. 2, с. 453
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)