Даследаванні па энергетыцы на Беларусі пачаліся ў пасляваенны час, калі інтэнсіўны працэс індустрыялізацыі краіны запатрабаваў шматразовага павелічэння спажывання паліўна-энергет. рэсурсаў. У створаным (1950) Энергет. сектары і Ін-це торфу АН Беларусі праводзіліся работы па тэхналогіях здабычы і спальвання фрэзернага торфу ў энергаўстаноўках, у Ін-це геал. даследаванняў — па выяўленні на тэр. Беларусі радовішчаў нафты і газу, гідрарэсурсаў. У АН Беларусі былі ўтвораны ін-ты энергетыкі (1952, з 1963 — цепла- і масаабмену), ядз. энергетыкі (1965), праблем энергетыкі (1991).
У наш час даследаванні ў гэтай галіне праводзяцца ў Аб’яднаным ін-це энергет. і ядз. даследаванняў «Сосны» (АІЭЯД), Ін-це цепла- і масаабмену (ІЦМА), Ін-це энергетыкі аграпрамысл. комплексу Нац.АН Беларусі, галіновых ін-тах — Бел. цеплаэнергетычным ін-це (БелЦЭІ), Бел.н.-д. і праектным ін-це энергетыкі прам-сці, Белэнергасеткапраект; БДУ, Бел.нац.тэхн. ун-це, Бел.тэхнал. ун-це і інш.ВНУ краіны.
У галіне энергапланавання распрацаваны (АІЭЯД, ІЦМА, БелЦЭІ) і ўхвалены СМ Рэспублікі Беларусь: Энергет. праграма (1992), Асн. кірункі энергет. палітыкі Беларусі (1995, удакладнены ў 2000 і 2004), Рэсп. праграмы «Энергазберажэнне» 1995—2000, 2001—05 (Ф.І.Малочка, А.Р.Мартыненка, А.А.Міхалевіч, А.П.Якушаў і інш.). У галіне стварэння новых энергатэхналогій распрацаваны і ўкаранёны (больш за 200 адзінак) высокаэфектыўныя аўтаматызаваныя катлы магутнасцю ад 0,25 да 3 МВт для лакальнага энергазабеспячэння (В.А.Барадуля, С.М.Добкін); аэрадынамічны завіхральнік градзірань электрастанцый, што ўстаноўлены на Мінскай ТЭЦ-4 (А.Д.Саладухін); інфрачырвоныя гарэлкі для катлоў і электранагравальных прылад (С.А.Жданок). Распрацавана метадалогія кіравання патокамі актыўнай магутнасці ў замкнёных эл. сетках Бел. энергасістэмы (Я.В.Мышкавец, У.Р.Пякеліс). У галіне энергазберажэння ў АІЭЯД створаны ўстаноўкі для утылізацыі цяпла і ачысткі ад шкодных прымесей скідных высокатэмпературных газаў прадпрыемстваў хім., шкляной, хлебапякарнай прам-сці, што ўкаранёны на ВА «Палімір» (г. Наваполацк), Лідскім з-дзе «Лакафарба», Барысаўскім хрусталёвым з-дзе, Гомельскім хлебакамбінаце і інш. (Л.І.Калыхан, Ю.У.Клімянкоў, В.Л.Малевіч); аўтаматызаваныя сістэмы праменнага лакальнага абагравання для бальніц і прамысл. прадпрыемстваў (В.П.Колас і інш.). У БелЦЭІ распрацавана і ўкаранёна на шэрагу аб’ектаў сістэма комплекснай аўтаматызацыі энергаўліку на кацельных і прамысл. прадпрыемствах (А.Л.Гуртоўцаў). Створана першая ў свеце ветраўстаноўка ротарнага тыпу магутнасцю 250 кВт (П.А.Віцязь, У.А.Пашкоў і інш.), даследаваны магчымасці выкарыстання сонечнай энергіі для награвання вады (Ю.Дз.Ільюхін, У.Л.Драгун, С.У.Конеў, В.В.Кузьміч, Л.У.Новаш), зроблена ацэнка геатэрмальнага патэнцыялу краіны (Я.Г.Грыбік, У.І.Зуй). У галіне метралогіі ўпершыню на Беларусі створаны (АІЭЯД) Нац. эталон вымярэння колькасці цеплаты і расходу вады (Л.І.Калыхан, Ю.У.Клімянкоў, В.А.Некрашэвіч). У галіне ядз. энергетыкі выкананы комплекс работ па абгрунтаванні развіцця гэтага кірунку на Беларусі.
Літ.:
Наука — энергетике: Сб. науч. трудов. [Вып. 1—2]. Мн., 1999—2001;
Аграрная энергетика в ХХІ-м в.Мн., 2001;
Михалевич А.А. Энергетика и энергосбережение // Наука — народному хозяйству. Мн., 2002.
А.А.Міхалевіч.
Ветраэнергетычная ўстаноўка ротарнага тыпу магутнасцю 250 кВт.