помнік архітэктуры 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. Пабудавана ў г. Заслаўе (Мінскі р-н) як кальвінскі збор, пазней вядома як касцёл св. Міхаіла-архангела, з 1840 Спаса-Праабражэнская царква. Размешчана на высокім узгорку, абкружаным ровам і высокім валам з 4 землянымі бастыёнамі па вуглах (гарадзішча «Вал»). Мае рысы стылю рэнесансу. Мураваны 1-нефавы прамавугольны ў плане храм пад высокім 2-схільным дахам; да яго прыбудавана 35-метровая вежа-званіца. Развіты атык, знадворны і ўнутр. парталы, гарыз. і верт. чляненні франтона і інш. надаюць невял. будынку манументальнасць. Сцены знадворку дэкарыраваны пілястрамі і руставанымі вугламі-выступамі. У інтэр’еры самкнутыя скляпенні на падпружных арках пераходзяць у пілястры з прафіляванымі капітэлямі і базамі. Над уваходам драўляныя хоры. Пад царквой 2-часткавая крыпта (пахавальня) з цыліндрычнымі скляпеннямі. Храм перабудоўваўся ў 1678 і 1865, рэстаўрыраваны ў 1968—72. Уваходзіць у Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік. У 1978—90 у будынку царквы размяшчаўся Заслаўскі музей рамёстваў і народных промыслаў. Храм перададзены праваслаўнай абшчыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́НТУПСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры пач. 20 ст. ў г.п. Лынтупы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Першапачатковая драўляная сядзіба апісана ў інвентары 1591. Належала Гільзенам, сучасны выгляд набыла пры ўладальніку Ю.Бішэўскім. Ансамбль сядзібы падзяляецца на 2 зоны. Перад сядзібным домам размешчана парадная зона, якая ўключае партэр, мураваны арачны мост, капліцу, службовы флігель і бровар. За домам і ставам — выцягнутая па папярочнай восі гасп. зона. Цэнтр ансамбля — 2-павярховы мураваны сядзібны дом (1907, арх. Т.Раствароўскі) у стылі неарэнесансу. У асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынка дамінуе тарцовая 3-ярусная чацверыковая вежа. Насычаная арх. пластыка ўключае канеліраваныя калоны, пілястры, анты, рустоўку, ракавіны, атык з балюстрадай і інш. Парк пейзажна-рэгулярнага тыпу (пл. 6 га). Насаджэнні згрупаваны па перыметры 4 ставоў і каналаў паміж імі на р. Лынтупка. У парку растуць клён серабрысты, елка блакітная, лістоўніца еўрап., піхта сіб. і інш. Сярод інш. пабудоў вылучаецца вежа-вяндлярня з машыкулямі і вокнамі-байніцамі ў рэтраспектыўна-замкавым стылі, у 1897 пабудаваны МЛЫН.
А.М.Кулагін.
Лынтупская сядзіба. Галоўны фасад сядзібнага дома.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ЦАРКВА́ МАРЫ́І МАГДАЛІ́НЫ,
помнік архітэктуры класіцызму ў Мінску. Пабудавана ў 1847 на б. Старажоўскіх могілках. Мураваны аднакупальны сім. па кампазіцыі 3-нефавы аднаапсідны храм. Да асн. прамавугольнага ў плане аб’ёму далучаны з усх. боку прамавугольная апсіда з 2 рызніцамі, з зах. — прытвор з высокай васьміграннай шатровай вежай-званіцай на 2-м ярусе. У цэнтры асн. аб’ёму на светлавым цыліндрычным барабане ўзвышаўся вял. купал. Сцены фасадаў расчлянёны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і дэкарыраваны пілястрамі. Па перыметры будынка праходзіць тонкапрафіляваны карніз. У канцы 19 ст. перад царквой пабудавана брама з цэглы (захавалася з ч. агароджы), дэкарыраваная пілястрамі, арачнымі нішамі (у іх знаходзіліся скульптуры), валютамі, завершана развітым шматпрафіляваным карнізам. Над арачным праёмам узвышаецца дэкар.атык, завершаны фігурным франтонам з невял. лучковай галоўкай. У 1946—86 у будынку царквы размяшчаўся Цэнтр.дзярж. архіў кінафотафонадакументаў Беларусі. У сувязі з гэтым перабудавана: знесены купал і званіца, да апсіды прыбудаваны порцік, зменены інтэр’ер. З 1990 царква дзейнічае, адноўлена ў першапачатковым выглядзе. У 1998 скончана паліхромная размалёўка інтэр’ера. У 1992 побач з царквой узведзены невял. мураваны храм — Свята-Прачысценская царква.