рабочы пасёлак у Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл. Канцавая станцыя чыг. веткі ад лініі Мінск—Асіповічы. За 45 км ад Асіповіч. 700 ж. (1997).
Пасёлак узнік у пач. 20 ст. ў сувязі з лесанарыхтоўкай і апрацоўкай драўніны. Паводле перапісу 1917, у Градзянцы 359 ж., 67 двароў, на чыг. станцыі 35 ж., 10 двароў. Дзейнічалі лесапільны з-д, кравецкая арцель. З 1924 у Свіслацкім, з 1931 у Асіповіцкім р-нах. У 1926—54 цэнтр сельсавета, з 15.7.1935 рабочы пасёлак. У 1940 у Градзянцы 800 ж., 260 двароў. У Вял.Айч. вайну з канца чэрв. 1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія амаль поўнасцю спалілі пасёлак, загубілі 350 ж. У 1962—65 у Бабруйскім р-не. У 1969 — 1300 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Прадпрыемствы мясц. прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГАРЭ́ЛАЕ,
вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., на аўтадарозе р.п. Градзянка — в. Лапічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 36 км на Пн ад г. Асіповічы, 150 км ад Магілёва, 9 км ад чыг. ст. Градзянка. 398 ж., 140 двароў (2000). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАГА́НАВА,
вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Пціч; чыг. ст. на лініі Асіповічы—Слуцк. Цэнтр сельсавета. За 21 км на ПдЗ ад Асіповіч, 182 км ад Магілёва. 412 ж., 225 двароў (1997). Лясніцтва. Сярэдняя школа, санаторная школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магілы ахвяр фашызму. Каля вёскі стаянка бронзавага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЧА́НКА,
рака ў Беларусі, у Асіповіцкім і Бабруйскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 37,5 км. Пл. вадазбору 374 км². Пачынаецца за 1,8 км на ПдЗ ад р.п. Татарка Асіповіцкага р-на. Асн. прытокі: канава Ваўчанка (справа), Ясенка (злева). Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне.
Даліна трапецападобная, шыр. 200—250 м. Пойма двухбаковая, шыр. 200—400 м. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае: выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗМІ́ТРЫЕЎ (Барыс Міхайлавіч) (11.6.1924, Масква —23.2.1944),
удзельнік партыз. руху ў Магілёўскай вобл. ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў спец. школу падрыўнікоў-мінёраў (1942). 3 чэрв. 1942 у партызанах у Асіповіцкім р-не. Удзельнічаў у падрыве 18 варожых эшалонаў. 23.2.1944 у баі за апорны пункт партызан у в. Каменічы замяніў загінуўшага камандзіра групы, паранены, працягваў бой. Калі скончыліся патроны, гранатай падарваў сябе і ворагаў, што наблізіліся да яго.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ПІЧЫ,
вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля Асіповіцкага вадасховішча. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПнЗ ад г. Асіповічы, 186 км ад Магілёва, 4 км ад чыг. ст. Лапічы. 1012 ж., 406 двароў (1998).
Вядома з 16 ст. У 1560 упамінаецца як сяло дзярж. Свіслацкай вобласці ў ВКЛ, 38 двароў. Паводле адм.-тэр. падзелу 1565—66 уваходзіла ў Мінскі пав. Належала Радзівілам, Незабытоўскім. З 1793 у Рас. імперыі, у Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1795 мястэчка, 50 двароў, царква, млын, карчма. У 1831 за ўдзел Незабытоўскіх у паўстанні 1830—31 маёнтак Л. канфіскаваны, перададзены ў дзярж. ўласнасць. Пасля 1861 у Пагарэльскай вол. Ігуменскага пав. У 1909 Л. складаліся з 2 частак: у сяле 138, у мястэчку 90 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета ў Асіповіцкім р-не У Вял.Айч. вайну ў 1942 ням.-фаш. захопнікі часткова спалілі вёску. Пасля вайны адбудавана. У 1972—625 ж., 216 двароў.
Лясніцтва. Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. На паўд. ускраіне вёскі гарадзішча ранняга жал. веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬ,
вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Свіслач, каля аўтадарогі Асіповічы — в. Свіслач. Цэнтр сельсавета і калект.-далявой гаспадаркі «Ліпень». За 20 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Асіповічы, 126 км ад Магілёва. 1000 ж., 401 двор (1999). Лясніцтва, участак Асіповіцкага лясгаса, цэх па перапрацоўцы драўніны, швейны цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі селішча банцараўскай культуры (6—8 ст.) і эпохі Кіеўскай Русі (10—13 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПАЧАЛО́ВІЧ (Янка) (Іван Данілавіч; 25.5.1917, в. Мінкавічы Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 3.7.1969),
бел.паэт. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1940). У Вял.Айч. вайну сувязны партыз. брыгады імя Кірава Мінскай вобл. Настаўнічаў у Дзяржынску, Мар’інай Горцы, Асіповіцкім р-не, працаваў у выд-ве «Народная асвета». Друкаваўся з 1936. Аўтар зб-каў вершаў «Мера любві» (1958), «Позні паром» (1967). Паэзія Н. грунтуецца на жыццёвай канкрэтнасці, знітавана з чалавекам працы, прасякнута любоўю да роднай зямлі і прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІПО́ВІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Беларусі, у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобл., на р. Свіслач (за 43,6 км ад вусця) у бас. Дняпра. Створана ў 1953. Пл. 11,9 км², даўж. 23,7 км, найб.Шыр. 1,2 км, найб.глыб. 8,5 м. Чаша — затопленыя рэчышча і пойма Свіслачы, ложа са шматлікімі мелкаводдзямі, ёсць невял. астравы агульнай пл. 15 га. Дно выслана глеем (60% пл.), каля берагоў — пяском. Катлавіна выцягнутая па даліне ракі, са стромкімі, радзей спадзістымі схіламі, укрытымі лесам (часткова пад ворывам). Берагі пераважна высокія, месцамі да 6—8 м.
Замярзае ў пач.снеж., лёд трымаецца да пач. красавіка. Летам вада праграваецца да 21 °C (у паверхневым слоі). Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 81 см. Праточнасць вялікая, аб’ём воднай масы аднаўляецца за 7—8 сутак. Сярэднегадавы сцёк у створы плаціны 790 млн.м³. Каля 35% плошчы зарастае. Выкарыстоўваецца ў энергет. мэтах (Асіповіцкая ГЭС), на водазабеспячэнне сажалак рыбгаса «Свіслач» і Асіповіцкага кардонна-руберойдавага з-да. Зона адпачынку «Асіповічы», санаторый «Вяззе». Курганны могільнік, каля в. Лапічы — гарадзішча жал. веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІПО́ВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у г. Асіповічы і Асіповіцкім раёне. Аб’ядноўвала 33 падп. групы, больш за 120 чал. У ліп.—снеж. 1941 створаны групы на ст. Асіповічы і ў паравозным дэпо (кіраўнікі М.С.Шведаў, В.П.Сянюк, У.М.Бандарэнка, А.А.Пазняк), з рамонтнікаў паравознага дэпо (А.Ф.Чайкоўскі), у «Заготзбожжы» і прадуктовым складзе (М.Ф.Лемеш, В.К.Малевіч, Ф.У.Верхаводка), на радыёвузле (Ф.А.Крыловіч, Г.Б.Сакалоўскі), у чыг. і гар. бальніцах (П.С.Казак, Е.П.Шамко, В.А.Працко), у в. Брыцалавічы, Ліпень, пас. Градзянка, 2 групы ў горадзе. У Крас.—жн. 1943 у Асіповічах створана яшчэ 20 падп. маладзёжных груп. Патрыёты распаўсюджвалі лістоўкі, вялі разведку, здабывалі зброю і боепрыпасы, медыкаменты, рабілі дыверсіі на чыгунцы, вывезлі з друкарні шрыфт, паперу, фарбу. У ноч на 30.7.1943 здзейснілі адну з буйнейшых дыверсій Вял.Айч. вайны: падпольшчык Крыловіч дзвюма магнітнымі мінамі замініраваў эшалон з палівам; ад іх выбуху пачаўся пажар, ад якога на працягу 10 гадзін згарэлі 3 эшалоны з авіябомбамі і снарадамі, 1 эшалон з новымі танкамі «Тыгр», які накіроўваўся ў раён Курскай бітвы. Усяго падпольшчыкі на чыг. ст. Асіповічы ўзарвалі 30 воінскіх эшалонаў, вывелі са строю больш за 70 паравозаў.