кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш.акупац. улад супраць партызан і насельніцтва Расонска-Асвейскай партыз. зоны Віцебскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Праводзілася 28.1—13.2.1943 сіламі 4 палкоў 201-й ахоўнай дывізіі, паліцэйскага палка і шэрагу мясц. гарнізонаў пры падтрымцы 281-й ахоўнай і 391-й вучэбна-палявой дывізій з мэтай прыціснуць партызан да чыг. Полацк—Ідрыца (праходзіла праз Расоны, цяпер не існуе) і знішчыць сустрэчным ударам з боку воз.Асвейскае. Ім процістаялі 1, 3, 5-я Калінінскія і Дрысенская брыгады, З атрады брыгады «За Савецкую Беларусь», Асобны латышскі партыз. і інш. атрады брыгад Асвейскай, Расонскай і «Спартак». Пасля працяглых баёў партызаны 11 лют. перайшлі ў контрнаступленне і да 15 лют. выбілі ворага з тэр. Расонскага р-на. У ходзе аперацыі «З.-б.» карнікі загубілі 877 чал. (па няпоўных звестках) мясц. насельніцтва, у т. л. разам з жыхарамі знішчылі вёскі Ваўкова, Велле, Гарэлая Яма, Гуйды, Ніўё, Плігаўкі, Ражнова (не аднавіліся) і інш. Як рэванш за няўдачу, гітлераўцы пачалі новыя карныя аперацыі — «Шаравая маланка» і «Зімовае чараўніцтва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́Я,
гарадскі пасёлак у Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобл., на паўд. беразе Асвейскага воз. За 40 км ад Верхнядзвінска, 37 км ад чыг. ст. Верхнядзвінск на лініі Полацк—Даўгаўпілс. 2 тыс.ж. (1995).
Вядома з 15 ст., цэнтр воласці ў складзе Полацкай зямлі. З 1505 уласнасць Глебавічаў, з 1600 Л.Сапегі, з 1749 мінскага ваяводы Я.Гільзена, які пабудаваў тут палац, касцёл, заснаваў кляштар месіянарыяў, з 1786 да канца 19 ст. ўласнасць шляхціцаў Шадурскіх. З 16 ст. цэнтр воласці Полацкага ваяв. У 1616 і 1633 занята рус. войскамі. З 1695 горад, праводзіліся 2 кірмашы на год. З 1772 у складзе Рас. імперыі, мястэчка. У 1897 — 2830 ж., у 1905 — 3700 ж., нар. вучылішча. У 1924—59 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія спалілі Асвею і 158 навакольных вёсак, загубілі 4,4 тыс. мірных жыхароў; дзейнічала Асвейскае патрыятычнае падполле. З 1959 у Верхнядзвінскім раёне.
Прадпрыемствы: буд. Матэрыялаў, лёгкай і харч. прам-сці, торфабрыкетны завод. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры 18 ст. — Асвейскі манастырскі шпіталь, помнік палацава-паркавай архітэктуры 18 ст. — Асвейская сядзіба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРЫ,
прыродныя вадаёмы, запоўненыя ў межах азёрнай чашы (ложа) вадой, якія не маюць непасрэднага злучэння з морам. Пл. азёр зямнога шара каля 2,7 млн.км². Найб. азёры: Каспійскае (1371 тыс.км²), Верхняе ў Паўн. Амерыцы (82,4 тыс.км²), Вікторыя ў Афрыцы (68 тыс.км²). Самае глыбокае воз. Байкал (1620 м). Размешчаны на розных вышынях: Харпа (Арпорт) у Тыбеце на выш. 4400 м, Мёртвае м. ў Зах. Азіі на 392 м ніжэй за ўзр. акіяна. У залежнасці ад умоў утварэння азёрнага ложа вылучаюць тыпы азёр: плацінныя (рачныя, далінныя і прыбярэжныя, таксама штучныя азёры-вадасховішчы); катлавінныя (карставыя, тэрмакарставыя, дэфляцыйныя, вулканічныя і тэктанічныя) і мяшанага паходжання. Паводле характару воднага балансу вызначаюць азёры сцёкавыя і бяссцёкавыя, адносна тэрмічнага рэжыму — умераныя, трапічныя і палярныя, адпаведна з хім. саставам вады — прэсныя, саланаватыя і салёныя, азёры па ступені развіцця арган. жыцця — алігатрофныя, эўтрофныя, дыстрофныя. Форма, памеры і ўзровень азёр значна мяняюцца з часам у выніку намнажэння адкладаў, змены контураў берагоў, балансу вільгаці. На Беларусі налічваецца каля 10 800 азёр. Сумарная пл. амаль 2000 км², агульны аб’ём вады 6—7 км³. Самае вял. па пл.воз.Нарач (80 км²); самае глыбокае Доўгае возера (глыб. 53,7 м). Размешчаны азёры ў асноўным на Пн (Бел. Паазер’е) і на Пд (Палессе).
Утварэнне большасці азёр Бел. Паазер’я звязана з дзейнасцю паазерскага ледавіка і яго талых водаў. Катлавіны ледавіковых азёр разнастайныя: падпрудныя (Нарач, Асвейскае, Мядзел, Лукомскае), утвораны ў выніку намнажэння талых ледавіковых водаў у паніжэннях паміж марэннымі градамі; лагчынныя (Саро, Сянно, Балдук і інш.), узніклі ад ледавіковага выворвання і эразійнай дзейнасці талых водаў; эварзійныя (Рудакова, Вісяты, Жанно), выбіты сілай ледавіковай вады, якая вадаспадам сцякала з ледавіка; тэрмакарставыя (Лісіцкае, Усомля, Канашы), утвораны ў выніку раставання пахаваных лінзаў лёду. На Палессі азёрныя катлавіны пераважна старычныя, карставыя (Вулька, Сомінскае), азёры-разлівы (Чырвонае, Олтушскае).
У водным жыўленні азёр Беларусі пераважаюць паверхневы прыток і атмасферныя ападкі, роля падземных водаў малапрыкметная. Характэрны дадатны баланс воднага жыўлення і нязначнае ваганне ўзроўню. Прыродныя ўмовы спрыяюць фарміраванню разнастайнасці расліннага і жывёльнага свету азёр.
Азёры выкарыстоўваюцца як крыніцы і збіральнікі быт. і прамысл. вады, для рыбалоўства і рыбагадоўлі, з’яўляюцца рэгулятарамі рачных і падземных водаў, назапашвальнікамі арган. сыравіны (сапрапеляў), асобныя — басейнамі-ахаладжальнікамі ДРЭС. Азёры — мясціны для адпачынку, санаторна-курортнага лячэння, турызму. Некаторыя ахоўваюцца як заказнікі: Белае ў Брэсцкай, Міжазёрны ў Віцебскай, Мазырскія яры ў Гомельскай, Свіцязянскі і Азёры ў Гродзенскай, Блакітныя азёры ў Мінскай абласцях. Вывучае азёры азёразнаўства.
В.П.Якушка.
Да арт.Азёры. Возера Клухорскае на Каўказе.Да арт.Азёры. Возера ў позняй стадыі зарастання.Да арт.Азёры. Возера Воласа Паўночны ў Беларусі.Да арт.Азёры. Бабровіцкае возера ў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну,
сістэма кіруючых органаў, арганізацый, груп і асобных патрыётаў, якія ў 1941—44 вялі барацьбу супраць ням. фашыстаў на акупіраванай імі тэр. Беларусі. Фарміравалася ва ўмовах акупацыйнага рэжыму 2 шляхамі: «знізу» — па ініцыятыве патрыётаў-антыфашыстаў; «зверху» — вынік арганізац. дзейнасці к-таў КП(б)Б і ЛКСМБ. Ядром і кіруючай сілай з’яўлялася партыйнае (патрыят.) падполле, састаўнымі часткамі якога былі камсам.-маладзёжнае падполле і антыфашысцкія арганізацыі. У 1941—42 П.п. фарміравалася пераважна «знізу», таму што большасць кіруючых органаў, створаных к-тамі КП(б)Б і ЛКСМБ загадзя (абкомы, міжрайкомы, райкомы, гаркомы), па розных прычынах не змаглі разгарнуць сваю дзейнасць адразу пасля акупацыі. З пачатку свайго існавання падполле спалучала сваю дзейнасць з партызанскім рухам на Беларусі. Асн. кірункамі яго дзейнасці ў 1941—42 былі: агітац.-прапагандысцкая работа сярод насельніцтва, супрацоўнікаў акупац. улад, у ваен. падраздзяленнях ворага, дыверсійна-баявыя дзеянні, стварэнне і папаўненне партыз. атрадаў людзьмі, забеспячэнне іх зброяй, боепрыпасамі, медыкаментамі, адзеннем, харчаваннем, разведвальная і сувязная работа для партызан. У першы год свайго існавання падполле з-за адсутнасці падрыхтаваных кадраў і вопыту. барацьбы несла вял. страты. У 1941—42 з буйней шых арг-цый пачалі дзейнасць П.п.: Аршанскае, Асвейскае, Асіповіцкае, Бабруйскае, Барысаўскае, Брагінскае, Браслаўскае, Брэсцкае, Бягомльскае, Бялыніцкае, Васілевіцкае, Велікастахаўскае, Вілейска-Куранецкае, Віцебскае, Гомельскае, Гродзенскае, Грэскае, Дзяржынскае, Добрушскае, Ельскае, Жлобінскае, Жыткавіцкае, Калінкавіцкае, Кармянскае, Краснапольскае, Круглянскае, Крычаўскае, Лідскае, Магілёўскае, Мазырскае, Мінскае, Петрыкаўскае, Пінскае, Полацкае, Прапойскае, Рагачоўскае, Расонскае, Рудзенскае, Рэчыцкае, Слуцкае, Смалявіцкае, Смалянскае, Старадарожскае, Тарасава-Ратамскае, Уздзенскае, Ушацкае, Хойніцкае, Чашніцкае; камсам.-маладзёжныя: Асінторфскае, Брэсцкае, Гомельскае, Дзятлаўскае, Калінінскае, Клімавіцкае, Мар’інагорскае, Мікалаевіцкае, Мірскае, Мотальскае, Нізянскае, Обальскае, Плешчаніцкае, Прошкаўскае, Скідзельскае, Тураўскае, Турнаеўскае, Хідраўскае, Шаркаўшчынскае, Шчадрынскае (пра кожнае гл. асобны арт.). З пачатку 1943 П.п. фарміравалася ў асноўным «зверху». Вялікі ўплыў на гэты працэс мелі рашэнні Пленума ЦККП(б)Б «Аб абстаноўцы і задачах работы партыйных органаў і партыйных арганізацый у акупіраваных раёнах Беларусі» (люты 1943) і пісьмо ЦККП(б)Б «Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР», накіраванае ў чэрв. 1943 у падп.парт. арг-цыі. У 2-й пал. 1943—1-й пал. 1944 структуры П.п. дзейнічалі практычна ва ўсіх акупіраваных раёнах. З жн. 1943 актыўна дзейнічала Баранавіцкае гарадское патрыятычнае падполле. Асн. кірункі дзейнасці падполля з 1943: шматлікія дыверсіі, якія парушалі работу аператыўнага тылу ворага, зрыў мерапрыемстваў акупац. улад, забеспячэнне партызан акупац. дакументамі, друкарскім абсталяваннем, распаўсюджванне зводак Саўінфармбюро, падрыхтоўка матэрыялаў для друку падпольнага, збор разведданых партызанам для правядзення баявых аперацый, дзейсная сувязь з партызанамі, выратаванне насельніцтва, асабліва дзяцей, ад знішчэння і вывазу ў Германію. Паводле пасляваенных падлікаў дакументальна ўлічаная колькасць удзельнікаў падполля склала больш за 70 тыс.чал., сярод іх грамадзяне ўсіх рэспублік СССР, антыфашысты інш. краін; з маладзёжнага падполля дзейнічала амаль 3 тыс. пярвічных арг-цый, 335 антыфаш. маладзёжных арг-цый (амаль 100 тыс.чал.). Некалькі тысяч удзельнікаў падполля ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі; званне Героя Сав. Саюза атрымалі падпольшчыкі У.С.Амельянюк. Ц.С.Барадзін, А.Х.Валынец, Е.С.Зянькова, А.Л.Ісачанка, Х.К.Кабушкін, Р.П.Казінец, М.А.Кедышка, Я.У.Клумаў, Ф.А.Крыловіч, А.Р.Мазанік, П.М.Машэраў, М.Б.Осіпава, У.А.Парахневіч, З.М.Партнова, У.А.Хамчаноўскі, В.З.Харужая.
Літ.:
Подпольные партийные органы Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941—1944): Краткие сведения об орг., структуре и составе. Мн., 1975;
Подпольные комсомольские органы Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941—1944): Краткие сведения об орг., структуре и составе. Мн., 1976;
Тозик А.А. В дни суровых испытаний: Укрепление рядов КП(б)Б в условиях подполья в годы Великой Отечественной войны (1941—1944). Мн., 1981;
Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 1—3. Мн., 1983—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка ў Беларусі. Займае паўн.ч. рэспублікі, мяжуе з Літвой, Латвіяй і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,1 тыс.км². Нас. 1438,8 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Віцебск. У вобласці 21 раён: Аршанскі, Бешанковіцкі, Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Дубровенскі, Лепельскі, Лёзненскі, Міёрскі, Пастаўскі, Полацкі, Расонскі, Сенненскі, Талачынскі, Ушацкі, Чашніцкі, Шаркаўшчынскі, Шумілінскі (гл. адпаведныя артыкулы), 19 гарадоў, у т. л. 5 абл. падпарадкавання — Віцебск, Лепель, Наваполацк, Орша, Полацк, 26 гар. пасёлкаў, 248 сельсаветаў, 6774 сельскія населеныя пункты.
Прырода. Амаль уся тэр. вобласці размешчана ў межах Беларускага Паазер’я. У цэнтр. частцы і на З Полацкая (займае амаль палову тэр.), на ПнУ Суражская нізіны, на У нізіна Лучосы, на Пд Чашніцкая раўніна і Верхнебярэзінская нізіна. Узвышшы і грады займаюць чвэрць тэр. вобласці, пераважаюць па яе ўскраінах: Нешчардаўскае, Гарадоцкае, Віцебскае (выш. да 295 м над узр. м.), Аршанскае, Ушацка-Лепельскае, Лукомскае ўзвышшы, Свянцянская і Браслаўская грады. Карысныя выкапні: даламіты (11 радовішчаў у Віцебскім, Гарадоцкім, Дубровенскім, Лёзненскім і Сенненскім р-нах), цэментныя гліны (радовішчы Пушча ў Віцебскім і Лукомль-1 ва Ушацкім р-нах), легкаплаўкія гліны і суглінкі (198 радовішчаў), торф (3400 радовішчаў), пясчана-гравійныя сумесі (161 радовішча), буд. пяскі (102 радовішчы), мінер. воды, сапрапелі (у 1429 азёрах) і інш. Клімат умерана-кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -6,5 °C на З да -8,5 °C на У, ліп. каля 17—18 °C. Ападкаў ад 600 мм за год на раўнінах да 750 мм на ўзвышшах. Каля 70% іх выпадае ў цёплы перыяд. Вегет. перыяд 180—190 дзён. Па шчыльнасці рачной сеткі, колькасці і плошчы азёр вобласць займае 1-е месца ў рэспубліцы. Рэкі належаць бас.Зах. Дзвіны (85% плошчы), Дняпра, Нёмана, Ловаці. Найбольшыя: Зах. Дзвіна з прытокамі Усвяча, Обаль, Палата, Дрыса (справа), Каспля, Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (злева), Дняпро з Друццю і Бярэзінай (вярхоўі). З 2,8 тыс. азёр найбольшыя Асвейскае, Лукомскае, Дрысвяты, Дрывяты, Нешчарда, Снуды, Езярышча, Струста, Абстэрна. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя (больш за 40%), дзярновыя забалочаныя (каля 30%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (больш за 10%), тарфяныя (каля 15%) і інш., паводле мех. складу 67,2% сугліністыя, 24,6% супясчаныя, 6,6% пясчаныя, 1,6% гліністыя. Характэрныя мазаічнасць і завалуненасць глебы. Сярэдняя лясістасць 34,4%, ад 15—20% у Аршанскім, Дубровенскім, Чашніцкім, Міёрскім, Шаркаўшчынскім да 53—60% у Полацкім і Расонскім р-нах. Пераважаюць хваёвыя (38,7%) і яловыя (20,9%) лясы. Пашыраны таксама бярозавыя (24,2%), альховыя (11,1%), асінавыя (4,1%). Пад хмызнякамі каля 10% тэр., пад лугамі — 13%, пад балотамі — каля 6%. Меліярацыйны фонд вобласці 990 тыс.га, на 51% пл. праведзены асушальныя работы. У межах вобласці знаходзіцца асн. частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, 22 дзярж. заказнікі, шэраг помнікаў прыроды.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — беларусы (81,8%), жывуць таксама рускія (13,5%), украінцы (1,7%), палякі (1,2%), яўрэі (1,1%) і інш. Гарадскога нас. 66,3%. Сярэдняя шчыльн. 36 чал. на 1 км², сельскага — 12 чал. на 1 км². Па адм. раёнах шчыльнасць насельніцтва вагаецца ад 30 чал. на 1 км² у Чашніцкім да 8 чал. на 1 км² у Расонскім р-не. Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Віцебск 365, Орша 139, Наваполацк 97, Полацк 88. З 1991 натуральны прырост насельніцтва, а з 1994 міграцыйнае сальда сталі адмоўныя, адбываецца абсалютнае скарачэнне колькасці насельніцтва, а ў сельскай мясцовасці яшчэ яго старэнне.
Гаспадарка. Вядучая галіна — прамысловасць, у ёй занята каля 30% усіх працуючых. Спецыялізуецца па вытв-сці электраэнергіі, нафтаперапрацоўцы, нафтахіміі, машынабудаванні, лёгкай і харч. галінах. У адносінах да агульнарэсп. аб’ёму выпускаецца (1994, %): ільняных тканін і поліэтылену 100, прадуктаў нафтаперапрацоўкі каля 50, электраэнергіі 48,7, металарэзных станкоў 47,6, дываноў і дывановых вырабаў 40,4, панчошна-шкарпэткавых вырабаў 35,6, абутку 21,6, драўнінна-валакністых пліт 29, буд. цэглы 20, алею 92,3, масла 18,7, кансерваў 20,3. Самыя значныя прадпрыемствы сканцэнтраваны ў Віцебску, Полацкім прамвузле (Полацк і Наваполацк) і Оршы. У Віцебску выпускаецца больш за 70% прадукцыі машынабудавання і лёгкай прам-сці, у Полацкім прамвузле — уся прадукцыя нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі, у Оршы — усе льняныя тканіны. Самая магутная ў рэспубліцы Лукомская ДРЭС у Новалукомлі. Прадпрыемствы паліўнай прам-сці (торфапрадпрыемствы), металаапрацоўкі (у асн. рамонтныя), лясной, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. размеркаваны па тэр. вобласці. Па ўзроўні прамысл. развіцця таксама вылучаюцца Глыбоцкі, Чашніцкі, Лепельскі, Пастаўскі і Талачынскі р-ны. У сельскай гаспадарцы занята каля 22% працуючых. Вобласць спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, ільнаводстве. У прыгарадных зонах Віцебска, Полацка, Оршы развіты птушкагадоўля, агародніцтва, садоўніцтва. У 1994 на долю жывёлагадоўлі прыпадала 56,8%, раслінаводства — 43,2% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці. Назіраецца зніжэнне ўдзельнай вагі жывёлагадоўлі (у 1990 было 68%) і павышэнне долі раслінаводства. С.-г. ўгоддзі займаюць 45% тэр. вобласці, у т. л. пад ворывам 29,9%. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры. Сярод збожжавых найбольшыя плошчы пад ячменем і жытам. У вобласці высокая ўдзельная вага пасеваў лёну-даўгунцу (каля 35% валавога збору льновалакна ў рэспубліцы). Найбольшыя пасевы лёну на ПдЗ і ПдУ вобласці. На 738 фермерскіх гаспадарак прыпадае 18,3 тыс.гас.-г. угоддзяў (1995), або каля 1%. Вял. долю ў пасяўных плошчах і зборы бульбы займаюць асабістыя дапаможныя гаспадаркі. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, развіты свінагадоўля (буйныя свінагадоўчыя комплексы), авечка- і птушкагадоўля. На азёрах — азёрна-рыбныя гаспадаркі. У 1990-я г. наглядалася скарачэнне пагалоўя жывёлы і жывёлагадоўчай прадукцыі.
Транспарт. Эксплуатацыйная даўж. чыгункі 1223 км (1994). Па шчыльнасці чыг. сеткі вобласць займае 2-е месца ў рэспубліцы. Па яе тэрыторыі праходзяць міжнар. магістралі Масква—Орша—Мінск—Варшава, Санкт-Пецярбург—Віцебск—Орша—Кіеў, Смаленск—Віцебск—Полацк—Рыга. Важнае значэнне маюць чыгункі Орша—Унеча, Невель—Полацк—Маладзечна, Орша—Лепель, Крулеўшчына—Варапаева—Паставы і далей у Літву. Буйныя чыг. вузлы Орша, Віцебск, Полацк. Працягласць аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8,5 тыс.км (1994). Асн. магістралі Масква—Орша—Мінск—Брэст, Санкт-Пецярбург—Віцебск—Орша—Кіеў, Смаленск—Віцебск—Полацк—Даўгаўпілс, Віцебск—Лепель—Мінск. Суднаходства па Зах. Дзвіне ад Веліжа да Полацка і па Дняпры ніжэй Оршы. Па тэр. вобласці праходзіць адгалінаванне ад нафтаправода «Дружба» (ад Унечы на Оршу—Наваполацк і далей у Латвію ў порт Вентспілс), газаправод «Ззянне Поўначы». Аэрапорт у Віцебску.
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы Віцебскай вобласці
Плошча, тыс.га
1990
1995
Уся пасяўная плошча
1180,9
1200,2
Збожжавыя і зернебабовыя
490
502,5
Лён-даўгунец
59
39,2
Бульба
87
94,2
Агародніна і бахчавыя культуры
7
12,5
Кармавыя культуры
537,9
551,8
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ва ўсіх гаспадарках Віцебскай вобласці
Пагалоўе, тыс. галоў
1990
1995
Буйная рагатая жывёла
1156
900
у т.л. каровы
397
379
Свінні
861
572
Авечкі і козы
128
79
Птушка
6382
6000
Да арт.Віцебская вобласць: 1 — краявід на Браслаўшчыне; 2 — на палях Віцебшчыны.