МО́ШНА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Віцебскім р-не. Створаны ў 1979 з мэтай аховы прыродных месцаў росту журавін. Пл. 399 га. Размешчаны на балоце Мошна. У складзе расліннасці хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы з пашырэннем журавін, бярозава-хваёва-асаковыя фітацэнозы, хвойнікі багуновыя і асаковыя, бярэзнікі асаковыя. На ўчастках з мінер. глебамі яловыя, асінавыя і бярозавыя лясы.

т. 10, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

па́паратнікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да папаратніку. Сустракаюцца тут і асіннікі, то з дрэвамі добрага росту і папаратнікавым покрывам, то забалочаныя — асаковыя. Гавеман.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асако́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да асакі. Навокал агню і дуба насцелена многа асаковага сена, каб мякчэй было адпачываць касцам. Пестрак.

2. у знач. наз. асако́выя, ‑ых. Сямейства раслін, да якога адносяцца асака, падвей, чарот і інш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗАПО́ЛЬСЫ,

біялагічны заказнік на тэр. Віцебскага р-на. Створаны ў 1979 як заказнік-журавіннік рэсп. значэння для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 794 га (1997). Размешчаны на вярховым балоце са значнымі мінер. ўчасткамі. У складзе балотнай расліннасці хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы з вял. пашырэннем журавін, хвойнікі асаковыя, асакова-сфагнавыя, багуновыя і інш. На мінер. участках пераважаюць яловыя, бярозавыя і асінавыя лясы чарнічнага і кіслічнага тыпаў.

т. 6, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

разнатра́ўе, ‑я, н., зб.

1. Розныя травы, якія растуць уперамешку. Каля лазнякоў, .. над негустым разнатраўем ужо ўзвышаліся мяцёлкі цімафееўкі і лісахвоста. Шамякін. Пад нагамі ўгіналася забалочаная зямля, зацягнутая разнатраўем. Мележ.

2. Спец. Група кармавых травяністых раслін, у якую не ўваходзяць злакавыя, бабовыя і асаковыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МІХАЛІ́НСКА-БЯРО́ЗАЎСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1978 для аховы, рацыянальнага выкарыстання і ўзнаўлення прыродных запасаў лек. раслін. Пл. 7,9 тыс. га.

Займае лясны масіў, у якім пераважаюць хвойнікі (імшыстыя, верасовыя і інш.) і чорнаалешнікі (крапіўныя, асаковыя і інш.). З лек. раслін пашыраны ландыш майскі, брусніцы, ядловец звычайны, крапіва двухдомная, талакнянка звычайная, цмен пясчаны, святаяннік прадзіраўлены, а таксама купальнік горны, занесены ў Чырв. кнігу.

П.​І.​Лабанок.

т. 10, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛМЯ́НСКАЕ БАЛО́ТА, Волма-Слоўст, Волма,

у Беларусі, у Чэрвеньскім, Мінскім, Смалявіцкім і Пухавіцкім р-нах Мінскай вобл., пераважна ў вадазборы р. Волма і яе прытока Слоўст (бас. Свіслачы). Нізіннага (80%), вярховага (10%) і пераходнага (10%) тыпаў. Пл. 6,5 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 5 тыс. га. Глыб. торфу да 6,6 м, сярэдняя 2,3 м. На асушаных землях сеюць травы, часткова збожжавыя і прапашныя культуры. На неасушаных участках пераважаюць гіпнава-асаковыя нізінныя ўчасткі, месцамі трапляюцца бяроза і вольха.

т. 3, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́КІ НІ́КАР,

балота на ПнЗ Пружанскага р-на Брэсцкай вобл., у вадазборы канала Нараўка (зарэгуляваны прыток р. Нараў). Нізіннага тыпу. Пл. 7,2 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 5,7 тыс. га. Глыб. торфу да 3,2 м, сярэдняя 1,3 м. Частка балота ў межах Белавежскай пушчы. На тэр. пушчы балота не асушана, пераважаюць гіпнава-асаковыя асацыяцыі, месцамі драбналессе з хвоі, вольхі і бярозы. Сярод балота адзіны на Беларусі ўчастак лесу з белай піхты. Астатняя ч. асушана, пад ворывам і сенажаццю.

т. 6, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМАВЫ́Я ТРА́ВЫ шматгадовыя і аднагадовыя травяністыя расліны, якія ідуць на корм жывёле ў выглядзе пашавай травы, зялёнага корму, сена, сіласу, сенажу, травяной і сянной мукі. Падзяляюцца на 4 гаспадарча-бат. групы: злакавыя (аўсяніцы лугавая і чырв., цімафееўка лугавая, купкоўка зборная, райграсы, метлюжкі і інш.), бабовыя (віка, лубін кармавы, сырадэля, канюшыны чырв., ружовая і белая, люцэрна сіняя, эспарцэт і інш.), асаковыя і разнатраўе. Найб. эканам. значэнне маюць бабовыя і злакавыя травы, гасп. каштоўнасць якіх вызначаецца іх ураджайнасцю, пажыўнасцю, добрым паяданнем жывёлай.

т. 8, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНА́ДСКАЯ БІЯГЕАГРАФІЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адна з абласцей Неарктычнага падцарства. Займае паўн. частку амер. мацерыка; паўд. мяжа пралягае па 50° паўн. ш. Уключае 3 падвобласці: Аляскінская, Грэнландская і Лабрадорская. Асн. ландшафтныя зоны — тундра і тайга.

Флора тундры падобна на еўразійскую. Звычайныя прадстаўнікі — асаковыя, імхі, карлікавая вярба, лішайнікі, падвеі, палярная бярозка (ернік). Тайга пры агульным падабенстве да еўразійскай адрозніваецца вял. прымессю лісцевых парод і па відавой разнастайнасці пераўзыходзіць тайгу Еўразіі. Вял. колькасць відаў піхтаў, хвоі, елак, многія з іх эндэмічныя. Тыповыя эндэмікі — мамантавае дрэва і секвоя. Фауна падобная да палеарктычнай, але ў напрамку па Пд падабенства змяншаецца. З эндэмікаў вызначаюцца аўцабык, бізон лясны, каза снежная, 2 віды лемінгаў, мыш лемінгавая. скунс, сурок сівы, янот-паласкун, валасянка амерыканская, казарка канадская, 2 віды калібры, сойка блакітная, ласосеакунь, чукучан. Тыповыя прадстаўнікі фауны — алень паўночны (карыбу), андатра, бабёр канадскі, баран снежны, мядзведзі (барыбал. белы, грызлі), сурок лясны, суслік даўгахвосты (арктычны), курапаткі белая і тундравая, сава палярная.

Да арт. Канадская біягеаграфічная вобласць (характэрныя прадстаўнікі фауны): 1 — дрэўніца хваёвая; 2 — краншнэп эскімоскі; 3 — юнко буры; 4 — ціран; 5 — казарка канадская; 6 — янот-паласкун; 7 — дзікабраз паўночнаамерыканскі (паркупін); 8 — кадзьяк; 9 — каза снежная.

т. 7, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)