АНТРАХІНО́НАВЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

клас арганічных фарбавальнікаў, вытворных антрахінону. Адметныя хім. устойлівасцю, яркасцю колеру, устойлівасцю да святла і мокрай апрацоўкі. Неабходны колер і адценне Антрахінонавыя фарбавальнікі атрымліваюць дзякуючы ўвядзенню ў будову антрахінону розных замяшчальнікаў. Падзяляюцца на пратраўныя фарбавальнікі (напр., алізарын), якія ўтвараюць на валакне ўстойлівыя нерастваральныя комплексы з іонамі алюмінію, хрому, жалеза; водарастваральныя кіслотныя фарбавальнікі (напр., антрацэн сіні) для воўны і шоўку; асноўныя фарбавальнікі, растваральныя ў вадзе для капрону, нейлону і нерастваральныя для ацэтатнага шоўку і поліэфірных валокнаў; кубавыя фарбавальнікі (напр., 1,5-дыамінаантрахінон). Выкарыстоўваюцца таксама для фарбавання каўчуку, гумы, мінер. масла, у паліграф. і лакафарбавай вытв-сці.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮМІНАФО́РЫ (ад лац. lumen святло + грэч. phoros які нясе),

рэчывы, здольныя свяціцца (люмінесцыраваць) пры паглынанні энергіі ўзбуджэння. Выкарыстоўваюць для пераўтварэння розных відаў энергіі ў светлавую (гл. Люмінесцэнцыя).

Паводле хім. прыроды падзяляюць на Л. неарган. (фасфоры) і арган. (арганафасфоры, люміноры). Большасць неарган. Л. мае крышт. структуру і адносіцца да крышталефасфораў. Свячэнне арган. Л. абумоўлена хім. будовай іх малекул. Л. з’яўляюцца поліцыклічныя араматычныя вуглевадароды (напр., антрацэн), многія гетэрацыклічныя злучэнні і іх вытворныя, а таксама комплексы металаў з арган. лігандамі. Арган. Л. выкарыстоўваюць у якасці актыўнага асяроддзя вадкасных лазераў, для аптычнага адбельвання і атрымання флуарэсцэнтных фарбаў, у люмінесцэнтнай дэфектаскапіі і аналіт. хіміі (гл. Люмінесцэнтны аналіз), а таксама ў малекулярнай біялогіі і медыцыне ў якасці метак ці зондаў.

т. 9, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫМАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

рэчывы, якія ў атмасферы даюць устойлівыя аэразолі, прызначаны для стварэння маскіруючых дымавых заслон. Да Д.р. адносяцца белы фосфар, цвёрдыя піратэхн. і вадкія сумесі, што пры гарэнні (т-ра 400—1000 °C) утвараюць дым ці туман рознымі метадамі.

Белы фосфар утварае дым пры ўзаемадзеянні з кіслародам паветра. Вадкія Д.р. — хлорсульфонавая кіслата, хларыды тытану TiCl4, волава SnCl4 і інш. ўтвараюць туман з кропель вадкасці, якая ўзаемадзейнічае з вільгаццю паветра; саставы на аснове нафтапрадуктаў (дызельнае паліва, мазут) даюць дым пры выпарэнні і наступнай кандэнсацыі пары. Піратэхн. сумесі маюць цвёрдыя Д.р., якія лёгка сублімуюць пры высокай т-ры (хларыд амонію, нафталін, антрацэн). Выкарыстоўваюць у вайск. справе (дымавыя шашкі, гранаты) і сельскай гаспадарцы (напр., для аховы раслін ад замаразкаў).

Р.​А.​Чарнушзвіч.

т. 6, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

араматы́чны

(гр. aromatikos = пахучы);

а-ыя злучэнні — вуглевадароды (бензол, нафталін, антрацэн і інш.) і іх вытворныя (анілін, бензойная кіслата, фенол і інш.), якія змяшчаюць у малекуле цыклы з шасці атамаў вугляроду.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЛАКАФА́РБАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна хімічнай прамысловасці, якая займаецца вытв-сцю лакафарбавых матэрыялаў: лакаў і эмалей, розных фарбавальнікаў, пакосту і інш. Алейныя фарбы звычайна вырабляюцца з тонказдробненага пігменту, які размеркаваны ў масе плёнкаўтваральнага рэчыва — пакосту (раней атрымлівалі толькі з расліннага алею). Разам з натуральным пакостам наладжана вытв-сць сінт. і паўсінт. (гліфталевага) пакосту. Сыравіна для атрымання фарбавальнікаў і пігментаў разнастайная, найб. значнай з’яўляюцца араматычныя вуглевадароды — бензол, талуол, нафталін, антрацэн, ксілол і іх вытворныя. Шырока выкарыстоўваліся бітумныя лакі — растворы прыродных або штучных бітумаў ва ўайт-спірыце, ксілоле, шкіпінары і інш. растваральніках. У 1-й пал. 20 ст. з’явіліся лакі на аснове эфіраў цэлюлозы, потым — сінт. смол. Цяпер выкарыстоўваюцца лакі на аснове палімераў (алкідных смол), якія ўтвараюцца пры ўзаемадзеянні мнагаатамных спіртоў з многаасноўнымі кіслотамі.

На Беларусі лакі і фарбы пачалі вырабляць у 1920-я г., напачатку ў арцелях па вырабе хім. прадукцыі, потым на прамысл. прадпрыемствах. У 1960-х г. пабудаваны буйныя Мінскі лакафарбавы завод і Лідскі лакафарбавы завод. Усяго на Беларусі каля 30 прадпрыемстваў і вытв-сцей Л.п. У 1994 прадпрыемствы Беларусі вырабілі 16,1 тыс. т лакаў на кандэнсацыйнай аснове, 2,9 тыс. т алейных фарбаў, 3,9 тыс. т пакосту. Гл. таксама Лакафарбавыя пакрыцці.

Г.​С.​Смалякоў.

Да арт. Лакафарбавая прамысловасць. У цэху прыгатавання эмалей на Мінскім лакафарбавым заводзе.

т. 9, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)