ЭЛЕКТРО́ЛІЗ (ад электра... + грэч. lysis распад, растварэнне),
хімічныя рэакцыі, якія працякаюць пад дзеяннем электрычнага току на электродах, утопленых у раствор, расплаў або цвёрды электраліт. У эл. полі дадатна зараджаныя іоны (катыёны) рухаюцца да катода, адмоўна зараджаныя (аніёны) — да анода. На катодзе адбываецца аднаўленне, на анодзе — акісленне іонаў або малекул, якія ўваходзяць у састаў электраліту. Колькасць рэчываў, што ўтвараюцца на электродах, і эл. зарад, які праходзіць праз электраліт, звязаны Фарадэя законамі.
Звычайна Э. ажыццяўляюць у электралізёрах. З дапамогай Э. ажыццяўляюць рэакцыі акіслення і аднаўлення з вял. выхадам і высокай селектыўнасцю, якія ў звычайных хім. працэсах цяжка дасягальныя. Гэта дазваляе выкарыстоўваць Э. для прамысл. атрымання і ачысткі многіх рэчываў. Напр., Э. водных раствораў атрымліваюць і ачышчаюць медзь, цынк, кадмій, нікель і інш. металы. Э. расплаваў — атрымліваюць алюміній, натрый, літый, кальцый і інш. Э. выкарыстоўваюць таксама ў гальванатэхніцы, электрасінтэзе і інш.
Літ.:
Фиошин М.Я., Павлов В.Н. Электролиз в неорганической химии. М., 1976;
Фиошин М.Я., Смирнова М.Г. Электрохимические системы в синтезе химических продуктов. М., 1985.
т. 18, кн. 1, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
анафарэ́з
(ад ана- + гр. phoresis = перамяшчэнне)
перамяшчэнне да анода завіслых у растворы часцінак, калі праз раствор праходзіць электрычны ток (параўн. катафарэз, электрафарэз).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)