ВІДЭАСІГНА́Л,

электрычны сігнал з шырокім спектрам частот, прызначаны для ўтварэння чорна-белых, каляровых або стэрэавідарысаў. Мае сігнал відарыса, радковыя і кадравыя сінхраімпульсы (каляровы відэасігнал акрамя сігналу яркасці мае сігналы колернасці і колернай сінхранізацыі). Бывае аналагавы і лічбавы. Утвараецца святлоэл. пераўтваральнікамі, напр., відыконамі ў тэлебачанні, фотаэлементамі і фотапамнажальнікамі ў факсімільнай сувязі, дэтэктарамі эл.-магн. хваль у радыёлакацыі. Паласа частот спектра відэасігналу вызначаецца скорасцю разгортвання відарыса і стандартызавана для кожнага выпадку выкарыстання.

Відэасігнал пры перадачы вертыкальных каляровых палос: а — тэлевізійны відарыс; б — асцылаграма радка сістэмы ПАЛ; в — асцылаграма чырвонага радка сістэмы СЕКАМ; 1 — радковыя гасільны і сінхранізавальны імпульсы, 2 — працягласць радка; U′​y — сігнал яркасці; U​ск — сігнал колернасці; U​скс — сігнал каляровай сінхранізацыі; U​п.r, U​п.b — немадуляваныя паднясучыя.

т. 4, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ЧБАВАЕ ТЭ́ЛЕБАЧАННЕ,

сістэма тэлебачання, у якой тэлевізійны сігнал выражаны паслядоўнасцю кодавых (лічбавых) камбінацый эл. імпульсаў. Адрозніваецца адсутнасцю назапашвання скажэнняў сігналу пры перадачы на вял. адлегласці, высокімі перашкодаўстойлівасцю і якасцю перадачы тэлевізійных відарысаў, магчымасцю апрацоўкі на ЭВМ і стварэння аўтаматызаваных комплексаў падрыхтоўкі тэлевізійных праграм.

Сігнал Л.т. патрабуе значнай прапускной здольнасці каналаў сувязі, і таму выкарыстоўваюць высокаэфектыўныя метады лічбавай мадуляцыі і сцісканне лічбавага патоку ў некалькі разоў, што забяспечвае, напр., у тэлевіз. вяшчанні перадачу некалькіх праграм звычайнай, а таксама высокай выразнасці ў паласе частот стандартнага тэлевізійнага канала. Аперацыі пры перадачы (перашкодаўстойлівае кадзіраванне, змяншэнне лішкавасці і інш.), прыёме (узмацненне, лічбавая апрацоўка, дэмадуляцыя) і відэазапісе ажыццяўляюцца над лічбавым тэлевіз. сігналам, які пераўтвараецца ў аналагавы сігнал перад узнаўленнем (напр., на экране кінескопа).

А.​П.​Ткачэнка.

т. 9, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНЫ ЗА́ПІС,

сістэма запісу і ўзнаўлення інфармацыі, заснаваная на выкарыстанні аптычнага выпрамянення. Пры запісе аптычнае выпрамяненне, мадуляванае сігналамі інфармацыі, што запісваецца, уздзейнічае на аптычны носьбіт даных (фотаплёнку, аптычны дыск, фотахромны матэрыял, ферамагн. плёнку і інш.) і стварае ў ім устойлівыя лакальныя змены фіз. уласцівасцяў (каэф. адбіцця ці паглынання, колеру, намагнічанасці і г.д.), адпаведныя зыходнаму сігналу. Пры ўзнаўленні адбываецца адваротны працэс: счытвальны прамень пры ўзаемадзеянні з носьбітам мадулюецца па інтэнсіўнасці і потым з яго вылучаюцца сігналы інфармацыі. Па спосабе запісу адрозніваюць сістэмы фатаграфічнага запісу, галаграфічнага (гл. Галаграфія), сістэмы з запісам на аптычных дысках і інш. Існуюць аналагавы аптычны запіс, пры якім фіксуюць усе значэнні ўваходнага сігналу ў пэўным дыяпазоне частот, і лічбавы, пры якім уваходныя сігналы падлягаюць квантаванню (дыскрэтызацыі), а затым пераўтвараюцца ў двайковыя лічбы для запісу на носьбіце (у выглядзе кода).

т. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ГІ АНАЛІТЫ́ЧНЫЯ,

вагі для дакладнага вымярэння масы цела. Бываюць раўнаплечыя, аднаплечыя і электронныя. Манціруюцца на пластмасавай або шкляной аснове і змяшчаюцца ў спец. шафку. Забяспечваюцца прыстасаваннямі для павышэння дакладнасці і хуткасці ўзважвання: заспакойвальнікамі ваганняў каромысла, цеплавымі экранамі, механізмамі накладання і здымання ўбудаваных гіраў, найменнымі шкаламі і інш.

Апоры рычага (каромысла) вагі аналітычныя — прызмы і падушкі са спец. сталяў або цвёрдых камянёў (карунд, агат). Пункт апоры бывае пасярэдзіне (раўнаплечыя) ці зрушаны ад сярэдзіны рычага (аднаплечыя вагі аналітычныя). Асн. частка нагрузкі на адну з шаляў ураўнаважваецца гірамі на другой, астатняе вымяраецца па вугле адхілення каромысла ад становішча раўнавагі па найменнай шкале. Электронныя вагі аналітычныя маюць аналагавы і лічбавы выхад са стандартнымі сігналамі для далучэння да ЭВМ, дысплеяў, графапабудавальнікаў і інш. Прадугледжана магчымасць далучэння блока праграмнага кіравання. У памяці мікрапрацэсарнага блока закладзены праграмы для падрыхтоўкі да работы, праверкі функцыянавання, дыягностыкі дэфектаў і інш.

П.​А.​Пупкевіч.

Аднаплечыя вагі аналітычныя: 1 — каромысел; 2 — процівага і заспакойвальнік; 3 — крыніца святла; 4 — праекцыйная шкала; 5 — аб’ектыў; 6 — карэктар нуля, 7 — экран; 8 — грузапрымальная шаля; 9 — набор гіраў.

т. 3, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ПІС ТЭЛЕВІЗІЙНЫХ СІГНА́ЛАЎ,

запіс відарысаў (напр., тэлепраграм) з мэтай іх захоўвання і наступнага ўзнаўлення. Бывае аналагавы і лічбавы (найб. дасканалы). У адрозненне ад фота- і кіназдымкі пры З.т.с. відарыс напачатку пераўтвараецца ў паслядоўнасць эл. сігналаў (відэасігналаў), якія фіксуюцца на носьбіце запісу. Адрозніваюць магн. (найб. пашыраны), аптычны, магн.-аптычны, эл.-статычны, мех. З.т.с.; пры запісе ў памяць ЭВМ выкарыстоўваюцца накапляльнікі даных.

Магн. З.т.с. падобны на магнітны запіс гуку і ажыццяўляецца на магн. стужцы (або дыску) з дапамогай відэамагнітафона. Адрозніваецца магчымасцю шматразовага выкарыстання носьбіта, дазваляе электронны мантаж фрагментаў відэаінфармацыі і інш. Пры аптычным і магн.-аптычным З.т.с. на носьбіт запісу ўздзейнічае светлавы прамень (звычайна лазерны), у выніку чаго асобныя ўчасткі носьбіта мяняюць свае аптычныя характарыстыкі (напр., каэф. адбіцця, пераламлення ці паглынання святла; гл. Аптычны дыск). Пры эл.-статычным З.т.с. на сігналаграме фіксуецца размеркаванне эл. зарадаў (патэнцыяльны рэльеф) на паверхні носьбіта (дыска). Дыскі выкарыстоўваюцца толькі для ўзнаўлення інфармацыі (як грампласцінкі) з дапамогай ёмістаснага пераўтваральніка. Мех. З.т.с. падобны на мех. гуказапіс; яго носьбіт — метал. ці пластмасавы дыск, на паверхні якога сігналаграма фіксуецца ў выглядзе спіральнай канаўкі, шырыня (ці глыбіня) якой мяняецца ў адпаведнасці з параметрамі відэасігналаў.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 6, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)