1) сукупнасць дзеянняў арміі (флоту), якія ўключаюць перамяшчэнне войск (караблёў) на вял. адлегласці, уварванне на тэр. праціўніка, вядзенне баёў і бітваў. У мінулым П. складаў пэўны этап вайны (кампаніі) або вайну ў цэлым. У гісторыі войнаў П. вядомы са старажытнасці. іх учынялі Аляксандр Македонскі, Юлій Цэзар, кіеўскія князі, Алег, Ігар, Святаслаў Ігаравіч, князі ВКЛАльгерд і Вітаўт (гл.Паходы Альгерда на Маскву 1368—72, Паходы Вітаўта на Смаленск 1395—1404), рас. палкаводзец А.В.Сувораў (гл.Швейцарскі паход Суворава 1799). З шэрагу П. складаліся Напалеонаўскія войны і інш., а таксама паходы Тэўтонскага ордэна на Беларусь. Вядомы марскія П., у т. л. славян у Візантыю, нарманаў у 8—11 ст. і інш. У наш час тэрмін «П.» захаваўся толькі ў ВМФ, дзе яны бываюць вучэбныя (штурманскія, збор-паходы і інш.) і баявыя.
2) У старой рас. арміі II. — асобы барабанны бой (марш), як ушанаванне выдатных ваен. дзеянняў. У кожным гв. палку, які вызначыўся ў баях, быў свой «гвардзейскі П.».
помнік бел. перакладной агіяграфічнай л-ры 15 ст. Напісана ў Візантыі ў 3-й чвэрці 14 ст. напачатку, верагодна, па-грэчаску, пасля перакладзена на царк.-слав. мову. У жыціі коратка выкладзена гісторыя пра трох язычнікаў з «Літоўскай зямлі», якія перайшлі ў хрысціянства, сталі гарачымі прыхільнікамі новай веры і дачасна скончылі жыццё пакутніцкай смерцю: паводле загаду князя іх павесілі. У аснову твора пакладзены, відаць, сапраўдны факт, але ён апісаны вельмі сцісла, даволі трафарэтна і схематычна. У жыціі мала гіст. рэалій, канкрэтных быт. дэталей, жыццёвай праўды. Толькі ў спісах усх.-слав. паходжання згадваецца літ.кн.Альгерд, адзначаецца, што падзеі адбываліся ў Вільні і падаюцца язычніцкія імёны герояў — Круглец, Няжыла, Кумец. «Сказанне...» бытавала ў розных зборніках, унесена ў «Вялікія Мінеі Чэцці» Макарыя (16 ст.), аднак бел.-літ. летапісы і хронікі гісторыю пра трох віленскіх пакутнікаў не адзначаюць. Самыя стараж. спісы — Віленскі і Бялградскі (15 ст.).
Літ.:
Сперанский М.Н. Сербское житие литовских мучеников. М., 1909.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́ДЫ ВІ́ТАЎТА НА СМАЛЕ́НСК 1395—1404,
ваенныя паходы супраць Смаленскага княства з мэтай далучэння яго да ВКЛ. Спробы падпарадкаваць смаленскія землі рабіў Альгерд (1356, 1375). У 1386 пасля разгрому смалян войскамі ВКЛ каля Мсціслава (гл.Мсціслаўская бітва 1386) Ягайла пасадзіў у Смаленску сына загінуўшага ў бітве кн. Святаслава — Юрыя і прымусіў яго ў 1387 прынесці васальную прысягу. Пасля прыходу да ўлады ў ВКЛВітаўта Юрый, абапіраючыся на падтрымку Разанскага княства, вырашыў кіраваць самастойна. У 1395 Вітаўт заняў Смаленск і пасадзіў там сваіх намеснікаў — Якава Ямантавіча і Васіля Барэйкавіча. Пасля паражэння Вітаўта ў бітве на Ворскле 1399, Юрый з дапамогай разанскага кн. Алега і паўстаўшых гараджан вярнуў Смаленск. У 1401, 1402, 1403 Вітаўт рабіў няўдалыя спробы вярнуць горад. Пасля смерці разанскага кн. Алега (1402) прыхільнікі Вітаўта спрабавалі ўзняць у княстве мяцеж, але поспеху не мелі. У 1404 пры падтрымцы Ягайлы і нейтралітэце Маск. дзяржавы Вітаўт уключыў Смаленскае княства ў склад ВКЛ. Паводле сведчання «Хронікі літоўскай і жамойцкай», «Вітаўт... вінных усіх... пазабіваў да трох тысяч, і, абы ў Смаленску не было больш ужо бунтаў, з княства абярнуў ужо ў ваяводства». Уваходжанне смаленскіх зямель у склад ВКЛ не прынесла значных змен у іх грамадскае і эканам. жыццё, яны захавалі сваю аўтаномію, прывілеі і культ. традыцыі.
Літ.:
Ластовский Г. Смоленск и Великое княжество Литовское в XIII—XVI вв. // Край Смоленский. 1993. № 7/8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЛЬБА (Альгерд) (сапр.Чыж Вітаўт),
бел. пісьменнік, крытык і публіцыст пач. 20 ст. У 1908—11 чл. рэдакцыі газ. «Наша ніва». З рэцэнзіямі і артыкуламі найб. актыўна выступаў у 1910—11. Адгукнуўся на выхад зб-каў Я.Купалы «Гусляр», Я.Коласа «Песні-жальбы», падкрэсліваў самабытнасць бел. паэтаў як мастакоў слова, з пазіцый народнасці л-ры палемізаваў з польскім крытыкам З.Пяткевічам, які выступіў супраць паэмы Я.Купалы «Адвечная песня» («Адказ пану З.Пяткевічу», 1910). У арт. «Грамадзянскае становішча В.Дуніна-Марцінкевіча» (1910) даволі дакладна ахарактарызаваў ролю пісьменніка ў гісторыі бел. л-ры. Даследаваў польск. і ўкр. л-ру (арт. «Барыс Грынчанка», 1910; «Памяці Тараса Шаўчэнкі», 1911). Узбагачаў бел. алегарычнае апавяданне («Пад шум восенных дажджоў...», 1910). Адстойваў правы бел. народа на сваю нац. л-ру, муз. мастацтва, тэатр (арт. «Беларускі вечар у Полацку», «Беларуская народная песня і мелодыі ў новых музыкальных творах», абодва 1910; «З нашага жыцця (Аб беларускім тэатры)», 1911]. Пісаў артыкулы на тэмы эканомікі і палітыкі, даследаваў этнаграфію («Аб арганізацыі хатняга рамясла», 1911; «Гасударственная Дума, зямельныя законы і іх прымяненне ў жыццю», 1912). У брашуры «Колькі слоў аб дзявочай апратцы на Беларусі» (1911) апісаў бел.нар. строі. Пераклаў на бел. мову з рускай паасобныя апавяданні Л.Андрэева, І.Гарбунова-Пасадава, Р.Данілеўскага, М.Ляскова, Р.Мачтэта.
Тв.:
У кн.: Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965;
у кн.: Александровіч С., Александровіч В. Беларуская літаратура XIX—пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПРЫЯ́Н (каля 1330—16.9.1406),
царкоўны дзеяч ВКЛ і вял.кн. Маскоўскага, пісьменнік. Верагодна, быў балгарынам, але некаторыя даследчыкі лічаць яго ўраджэнцам ВКЛ. У пач. 1370-х г. жыў у Візантыі. У 1373 наведаў ВКЛ і Цвер, у 1374 выступіў ініцыятарам кананізацыі віленскіх пакутнікаў. У 1375 вял.кн.ВКЛАльгерд з прычыны варожых адносін з Масквой папрасіў канстанцінопальскага патрыярха Філафея прызначыць для ВКЛ асобнага мітрапаліта. Падтрымліваючы Альгерда і не жадаючы канчатковага падзелу Кіеўскай мітраполіі, Філафей прыняў кампраміснае рашэнне: 2.12.1375 пасвяціў К. ў мітрапаліта «кіеўскага, рускага і літоўскага» з тым, каб ён пасля смерці мітрапаліта Аляксея (у Маскве) зноў аб’яднаў абедзве часткі мітраполіі, стаўшы мітрапалітам «кіеўскім і ўсяе Русі». Жыў у ВКЛ. Пасля смерці мітрапаліта Аляксея летам 1378 прыехаў у Маскву, але вял.кн. маскоўскі Дзмітрый Іванавіч Данскі не прыняў К. і выслаў яго. Новы вял.кн.Васіль I Дзмітрыевіч у 1390 прыняў К. ў Маскве як «мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі». У 1404—05 наведаў ВКЛ. Вянчаў Васіля I Дзмітрыевіча з княжной ВКЛ Софіяй Вітаўтаўнай. Быў прыхільнікам збліжэння ВКЛ і вял.кн. Маскоўскага. Лічыцца аўтарам шэрагу твораў, у т. л. «Летапісу аб пачатку зямлі рускай», «Жыція св. мітрапаліта Пятра», «Зводнай кормчай», 4 пасланняў Сергію Раданежскаму і інш. У сваім летапісе паказаў гісторыю Маскоўскага княства з пункту гледжання адзінства гісторыі ўсх. славян, упершыню ў маскоўскай гістарыяграфіі даў звесткі па гісторыі ВКЛ. Кананізаваны правасл. царквой.
Літ.:
Казбярук У. Пошукі духоўнай і палітычнай гармоніі: Мітрапаліт Кіпрыян // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальнае княства, якое вылучылася з Полацкага княства пасля смерці Усяслава Брачыславіча (1101). Цэнтр — г. Віцебск. У 1130—40-я г. належала, верагодна, полацкаму кн.Васільку Святаславічу, потым полацкім князям Васількавічам, з 1165 — Давыду Расціславічу, у 1170-я г. — Усяславу Васількавічу. У пач. 1180-х г. належала Брачыславу Васількавічу і выйшла з-пад уплыву Смаленска. З 1186 Віцебскае княства зноў пад уплывам Смаленска, што выклікала незадаволенасць полацкіх і чарнігаўскіх князёў, якія ў 1195 выступілі супраць смаленскіх князёў, у выніку Віцебск трапіў пад уладу Полацка. У пач. 13 ст. Віцебскае княства зблізілася з Уладзіміра-Суздальскім княствам. У 1220—30-я г. яно падпарадкоўвалася полацкаму кн.Брачыславу. У 1229, верагодна, знаходзілася пад паліт. уплывам Смаленска, князь якога Мсціслаў падпісаў пагадненне з Рыгай ад імя полацкага і віцебскага князёў. У 1262 віцебскі кн.Канстанцін з наўгародцамі ўдзельнічаў у паходзе на Юр’еў. У 1263—65 княства залежала ад полацкіх князёў Гердзеня, потым Ізяслава, які быў васалам новагародскага кн.Войшалка. У 1280 Віцебскае княства ўпамінаецца як тэрыторыя, залежная ад смаленскага кн. Фёдара Расціславіча. У канцы 13 — пач. 14 ст. тут княжыў Міхаіл Канстанцінавіч, каля 1318 — Яраслаў. Пасля смерці Яраслава (1320) віцебскім князем стаў яго зяць Альгерд, пасля смерці апошняга з 1377 Віцебскае княства належала яго ўдаве Ульяне. Пасля смерці Ульяны (каля 1393) вял.кн.ВКЛВітаўт скасаваў Віцебскае княства і накіраваў у Віцебск намесніка. Малодшы сын Альгерда Свідрыгайла хацеў аднавіць княжанне і ўзняў мяцеж, які падтрымалі Орша і Друцк. Мяцеж быў задушаны, а Віцебскае княства ператворана ў намесніцтва. У пач. 16 ст. на тэр. Віцебскага княства ўтворана Віцебскае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАМА́ЕВА ПАБО́ІШЧА»,
«Сказанне пра Мамаева пабоішча», «Пра пабоішча Мамая...», помнік стараж.-рус. літаратуры 1-й чвэрці 15 ст., важнейшы твор Кулікоўскага цыкла, які змяшчае найбольш падрабязнае апісанне Кулікоўскай бітвы 1380.
Асн. ідэя — сцвярджэнне вядучай ролі вял. маскоўскага кн. Дзмітрыя Іванавіча Данскога на Русі ў аб’яднанні сіл усх.-слав. зямель, услаўленне гераічнага подзвігу рус. народа. Аўтар адзначае вял. ролю прадстаўнікоў ВКЛ у перамозе над войскамі Мамая, важнасць ваенна-паліт. саюза гэтага княства з Маск. дзяржавай. Гал. герой Дзмітрый Іванавіч Данскі апісаны як мужны і мудры палкаводзец. Аўтар выкарыстаў анахранізмы (напр., саюзнікам Мамая названы вял.кн.ВКЛАльгерд, а не яго сын Ягайла, як было на самой справе), абстрактны псіхалагізм (Мамай і яго саюзнік Алег Разанскі паказаны рэзка адмоўнымі), маст. прыёмы і вобразы, уласцівыя фальклору. Апісанне рэальных падзей, заснаванае на дакумент. крыніцах і ўспамінах сучаснікаў, спалучаецца ў творы з вусна-паэт. паданнямі і маст. вымыслам. Вобраз Дзмітрыя Іванавіча Данскога пададзены месцамі ў агіяграфічна-рытарычным плане.
Захавалася 8 рэдакцый «М.п.», шмат варыянтаў і спісаў. Адна з рэдакцый, скарочаны пераклад на бел. мову «Пра пабоішча Мамая», створана ў 17 ст. Яна дапоўнена кароткай гіст. аповесцю пра татарскіх ханаў, тэкст аповесці падзелены на 12 частак (кожная мае сваю назву); вызначаецца сцісласцю апісання падзей, больш дынамічным выкладам сюжэту. Рукапіс бел. рэдакцыі зберагаецца ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу. Больш поўная рэдакцыя помніка захавалася ў бел.-ўкр. хранографе «Вялікая хроніка».
Публ.:
У кн.: Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959. С. 125—143.
Літ.:
История русской литературы. Л., 1980. Т. 1. С. 175—179;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́ЛІЯ, Падолле, Падольская зямля,
гістарычная вобласць на ПдЗ Украіны ў бас.р.Паўд. Буг і ў левабярэжжы бас.р. Днестр (тэр.б.ч. сучасных Вінніцкай, Хмяльніцкай, паўн.ч. Адэскай і паўд.ч. Цярнопальскай абласцей). Займае асн. частку Падольскага ўзвышша. Вядома з сярэдзіны 14 ст. У 1360-я г. ўвайшла ў склад ВКЛ; вял.кн.Альгерд прызначыў тут намеснікам свайго пляменніка кн. Фёдара Карыятавіча. У 15—17 ст. на тэр. П. шмат разоў нападалі войскі Крымскага ханства і Турцыі. У 1434 зах.ч. П. ўключана ў склад Польшчы, утворана Падольскае ваяв. з цэнтрам у г.Камянец-Падольскі. Пасля Люблінскай уніі 1569 у склад Польшчы ўвайшла і ўсх.ч. П., дзе ўтворана Брацлаўскае ваяв. з цэнтрам у г. Брацлаў (цяпер Вінніцкая вобл.). Насельніцтва П. ўдзельнічала ў паўстаннях Мухі (1490—92), С.Налівайкі (1594—96), вызваленчай вайне ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. 1—2.6.1652 укр. войска Б.Хмяльніцкага разграміла ва ўрочышчы Батог на П. (цяпер Вінніцкая вобл.) войска кароннага гетмана М.Каліноўскага. У 1672 П. захоплена Турцыяй, паводле рашэння Карлавіцкага кангрэса 1698—99 вернута Рэчы Паспалітай. Нас-ва П. ўдзельнічала ў паўстаннях С.Палія (1702—04), Калііўшчына (1768). У 1772 паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай Аўстрыя захапіла зах.ч. П. з гарадамі Чарткоў і Залешчыкі (цяпер у Цярнопальскай вобл.). У 1793 паводле 2-га падзелу Рэчы Паспалітай П. ўвайшла ў склад Рас. імперыі і падзелена паміж Падольскім і Брацлаўскім намесніцтвамі. У 1797 з падольскіх паветаў утворана Падольская губ. з цэнтрам у г. Камянец-Падольскі. У 1814—35 П. — асн. раён антыфеад. паўстанцкага руху пад кіраўніцтвам У.Я.Кармалюка. З 1917 Падольская губ. ў складзе Украінскай ССР, 3.6.1925 замест яе створаны акругі, у 1930-я г. — вобласці. Пасля далучэння Зах. Украіны да УССР (1.11.1939) зах.ч. П. ўключана ў Цярнопальскую вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́ДЫ ТЭЎТО́НСКАІА О́РДЭНА НА БЕЛАРУ́СЬ,
шматразовыя напады Тэўтонскага ордэна на ВКЛ, у т. л. землі Беларусі, у канцы 13 — пач. 15 ст. Упершыню прэтэнзіі Ордэна на пэўныя землі ВКЛ выказаны ў 1245, калі імператар Фрыдрых II выдаў вял. магістру Ордэна Генрыху фон Гогенлоэ прывілей, які даваў яму правы на землі, што ён здабудзе ў Куроніі, Літве і Земгаліі. Напачатку падставай для паходаў на ВКЛ быў язычніцкі стан балцкага насельніцтва, якое, згодна з устанаўленнямі крыжакоў, падлягала хрышчэнню. Прэтэнзіі Ордэна на землі ВКЛ падмацоўваліся і граматай (фальшывай?) кн. Міндоўга, якой ён быццам бы завяшчаў сваю дзяржаву Тэўтонскаму ордэну ў тым выпадку, калі застанецца без нашчадкаў. Войны Ордэна супраць ВКЛ пачаліся пасля падпарадкавання ім прусаў у 1283. Да 1309 быў заняты каланізацыяй Прусіі і ўнутраным яе ўмацаваннем, таму далейшую агрэсію праводзіў адносна невял. сіламі. Гал. аб’ектам яго нападаў была Жамойць, дзе апорнымі іх базамі сталі збудаваныя на Нёмане і Балтыйскім узбярэжжы замкі Мемельбург, Рагніт, Скірстымонія і інш. Паходы арганізоўвалі ордэнскія ўлады ўсіх узроўняў. Баявыя дзеянні цягнуліся бесперапынна, дробныя наезды невял. атрадаў перамяжоўваліся больш буйнымі паходамі — да некалькіх тыдняў. У 1290—94 крыжакі штогод рабілі не менш як 2 паходы. Часам яны нападалі на Гродна, якое літвіны выкарыстоўвалі як базу для нападаў на Прусію і Польшчу. Паходы на Гродна праведзены ў 1284, 1295, 1296 (двойчы), 1305, 1306 (двойчы). Прыгранічныя напады рыцараў на ВКЛ адбываліся і ў часы іх ваен. дзеянняў з Польшчай у 1309—43. Пераважна яны нападалі на Жамойць, а таксама на Гродна (1311, 1328), Навагрудак (1314). У адказ войскі ВКЛ учынялі паходы на крыжацкія замкі і ўладанні. Буйнейшы з іх праведзены сумесна з польскімі войскамі на Брандэнбург у 1326 пад кіраўніцтвам Давыда Гарадзенскага. Прывілеем 1337 імператар Людовік IV Баварскі перадаў вял. магістру Тэўтонскага ордэна і яго пераемнікам часткі зямель ВКЛ — Жамойць, Куронію і Русь. Пасля замірэння Ордэна з Польшчай (1343) маштабнасць і колькасць яго нападаў на землі ВКЛ павялічыліся. Некалькі разоў яны штурмавалі Вільню, Трокі, рабілі рэйды ў Верхняе Панямонне (да мяст. Дзяляцічы), нападалі на Беліцу (1377), Ліду (1384), Брэст (1379), Камянец (1373, 1375, 1379). Вял. князі ВКЛАльгерд, Кейстут, Ягайла не заўсёды аказвалі моцнае супраціўленне Ордэну з-за ваен. дзеянняў на усх. і паўд. рубяжах краіны. Найб. значная бітва адбылася 2.2.1348 на р. Стрэва, у якой удзельнічалі атрады з Полацка, Віцебска, Смаленска, Брэста і інш. гарадоў. 29.10.1379 Кейстут і Ягайла заключылі перамір’е з Ордэнам, які абавязаўся 10 гадоў не нападаць на «рускія» землі ВКЛ. Але ў хуткім часе пагадненне было парушана і напады крыжакоў адбыліся ў 1382 і 1383. З часу хрышчэння літоўскай часткі насельніцтва ВКЛ ў выніку Крэўскай уніі 1385 рэлігійныя падставы агрэсіі Ордэна зніклі, паходы крыжакоў на пэўны час спыніліся. Яны аднавіліся пасля таго, як Вітаўт паводле Салінскага дагавора 1398 абяцаў перадаць Ордэну Жамойць узамен на падтрымку яго ў барацьбе за велікакняжацкі пасад. Невыкананне ўмоў гэтага дагавора прывяло да новых вял. паходаў крыжакоў (у 1402 да Салечнікаў, у 1403 да Ашмян). Рымскі папа Баніфацый IX булай ад 9.9.1403 забараніў крыжовыя паходы супраць ВКЛ. Канец паходам Тэўтонскага ордэна на землі ВКЛ паклалі Рацёнжскі дагавор 1404 і Грунвальдская бітва 1410, хоць яшчэ да Мельнскага міру 1422 вяліся ваенныя дзеянні Ордэна з Польшчай і ВКЛ на тэр. Прусіі. Гл. таксама Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.
Літ.:
Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага княства Літоўскага і Рускага (Беларуска-Літоўскай дзяржавы) з Тэўтонскім ордэнам у канцы XIV — першай палове XV ст. // Адраджэнне: Гіст. альманах. Мн., 1995. Вып. 1;
Сагановіч Г. Беларусь і Нямецкі ордэн (да Крэўскай уніі) // З глыбі вякоў Наш край. Мн., 1997. Вьш. 2;
Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской: Пер. с лат.М., 1997;
Lietuvių, karas su kryżinoćiais. Vilnius, 1964;
Lowmiański H. Agresja Zakonu Krzyżackiego na Litwę w wiekach XII — XV // Lowmiański H. Prusy — Litwa — Krzyżacy. Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАЕ,
афіцыйная назва Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае [у бел. гістарыяграфіі Беларуска-Літоўская дзяржава (гаспадарства), у расійскай 19 — пач. 20 ст.Літоўска-Руская дзяржава, у літ. — Літоўска-Беларуская дзяржава], феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая займала тэр. Беларусі і Літвы (у 13—18 ст.), Жамойціі (з 1422), частку ўкр. зямель (Кіеўская, Чарнігаўская, Валынская землі ў 14 ст. — 1569), частку вялікарасійскіх зямель (у 14 — пач. 16 ст.). Ядром дзяржавы пры яе ўтварэнні былі бел. землі верхняга і сярэдняга Панямоння, т.зв. Чорная Русь, ці гістарычная Літва, і землі па верхнім цячэнні р. Віліі. Першая сталіца дзяржавы — г. Навагрудак (Новагародак). ВКЛ узнікла ва ўмовах няспыннай барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і пад пагрозай мангола-татарскага нашэсця. Уключэнне бел. зямель у склад навастворанай у сярэдзіне 13 ст. дзяржавы мела добраахвотны характар, яно ажыццяўлялася праз пагадненні вял. князёў літ. з феадаламі бел., а потым і ўкр. зямель пры захаванні льгот, прывілеяў і пэўнага самакіравання.
Гістарычны нарысда Люблінскай уніі 1569. Утварэнне ВКЛ з цэнтрам у Новагародку адносіцца да 1240-х г., калі тут стаў княжыць Міндоўг [сярэдзіна 1230-х г. — 1263]. У 1251 Міндоўг быў ахрышчаны паводле каталіцкага абраду, у 1253 ён каранаваны ў Новагародку каралеўскай каронай, прысланай ад імя папы Інакенція IV (Міндоўг — адзіны кароль ВКЛ). Пасля забойства Міндоўга ў выніку змовы ў 1263 велікакняжацкі пасад заняў Транята, але ён быў забіты слугамі Міндоўга. Вял. князем стаў сын Міндоўга Войшалк [1264—67], які значна пашырыў тэр. дзяржавы. Барацьбу за ўмацаванне ВКЛ вялі яго наступнікі Шварн [1267—70] і Трайдзень [1270—82]. Узмацненне велікакняжацкай улады адносіцца да перыяду панавання Віценя [каля 1295—1316], у час княжання якога да ВКЛ далучана Полацкае княства (1307). Значна пашырылася тэр.ВКЛ пры вял. князю Гедзіміне [1316—41], у склад дзяржавы ўвайшлі Віцебская, Берасцейская, Тураўская землі, Менскае (Мінскае) княства. У 1323 Гедзімін перанёс сталіцу ў Вільню. Яшчэ пры жыцці Гедзіміна ён перадаў сынам удзельныя княжанні. Яго малодшы сын Яўнут стаў вял. князем [1341—45], але ў выніку змовы старэйшых братоў Альгерда і Кейстута быў пазбаўлены трона. Вял. князем стаў Альгерд [1345—77]. У час яго панавання ў ВКЛ увайшлі бел. падняпроўскія землі, Мазырская і Брагінская воласці, Бранскае княства, Кіеўская, Чарнігаўская, Падольская і Валынская землі. Было падначалена і Смаленскае княства. Барацьба супраць Тэўтонскага ордэна ішла з пераменным поспехам. Альгерд праводзіў актыўную палітыку на Усходзе, намагаючыся аб’яднаць пад сваёй уладай усе землі былой Кіеўскай Русі. У 1368, 1370 і 1372 ён зрабіў тры паходы на Маскву, але захапіць яе не змог. За час княжання Альгерда тэр.ВКЛ павялічылася ўдвая. Пасля яго смерці вял. князем літоўскім стаў Ягайла Альгердавіч (1377—92). Барацьбу з Ягайлам пры дапамозе крыжакоў вёў князь Вітаўт Кейстутавіч. Урэшце паміж дваюраднымі братамі было заключана пагадненне, і Вітаўт атрымаў у княжанне Гародню (Гродна) і Бярэсце (Брэст), а потым і Трокі. З мэтай супрацьдзеяння крыжацкай агрэсіі і ўмацавання сваёй улады Ягайла заключыў Крэўскую унію 1385, паводле якой перайшоў у каталіцтва, прыняў імя Уладзіслаў, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай і быў абвешчаны польскім каралём. Ён абяцаў правесці хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду і далучыць да Польшчы землі ВКЛ. Супраць падпарадкавання ВКЛ Польшчы выступіў Вітаўт на чале групоўкі літоўскіх і бел. феадалаў. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт стаў вял. князем літ. [1392—1430], ВКЛ гарантавалася самастойнасць у саюзе з Польшчай. Умацаваўшы сваю ўладу, Вітаўт ліквідаваў некалькі ўдзельных княстваў (у Полацку, Віцебску, Кіеве і інш.). У войнах з Тэўтонскім ордэнам Вітаўт страціў б.ч. Жамойціі (1398). Пасля бітвы на Ворскле 1399, дзе войска ВКЛ было разгромлена ардынскім войскам, Вітаўт вымушаны быў заключыць Віленска-Радамскую унію 1401, паводле якой ВКЛ прызнавалася пажыццёвым уладаннем Вітаўта, а Ягайла захоўваў тытул вярхоўнага князя. У 1404 ВКЛ канчаткова падпарадкавала Смаленскае княства, потым Вярхоўскія княствы (бас. верхняй Акі). У час Грунвальдскай бітвы 1410 войска Тэўтонскага ордэна было разбіта саюзнымі войскамі, Жамойція пераходзіла ў пажыццёвае ўладанне Вітаўта (канчаткова далучана да ВКЛ у 1422).
Нямецкая агрэсія на У была спынена. Гарадзельская унія 1413 замацавала паліт. саюз Польшчы і ВКЛ. У 1416 Вітаўт дамогся выбрання і зацвярджэння асобнага мітрапаліта правасл. царквы ў ВКЛ Грыгорыя Цамблака, падпарадкаванага канстанцінопальскаму патрыярху. Пасля смерці Вітаўта вял. князем быў выбраны малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла [1430—32], праціўнік дзярж. уніі з Польшчай, з якой адбыўся канфлікт. У выніку змовы літ. баяр, не згодных з палітыкай Свідрыгайлы, які абапіраўся на буйных бел. і ўкр. феадалаў, ён быў скінуты ў вер. 1432 з велікакняжацкага пасада і ўцёк у Полацк. Вял. князем быў абвешчаны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч [1432—40]. Пачалася феад.грамадз. вайна 1432—39. 15.10.1432 Жыгімонт аднавіў унію з Польшчай. Пасля выдання Жыгімонтам прывілея аб ураўнаванні асабістых і маёмасных правоў баяр-католікаў і праваслаўных (6.5.1434) Свідрыгайла страціў падтрымку большасці бел. феадалаў. 1.9.1435 у бітве пад Вількамірам войска Свідрыгайлы было разбіта. 20.3.1440 Жыгімонт у выніку змовы быў забіты і вял. князем выбраны малодшы брат польск. караля Уладзіслава III Казімір IV Ягелончык [1440—92]. У 1447 Казімір выбраны і каралём Польшчы. Прывілеем 1447вял. князь гарантаваў усім баярам асабістую недатыкальнасць, скасаваў натуральныя і грашовыя павіннасці з маёнткаў на карысць дзяржавы, перадаў баярам права судзіць і караць сваіх сялян. Прывілей паслужыў кансалідацыі ўсяго баярскага саслоўя ВКЛ. Казімір выдаў судзебнік 1468, у якім былі змешчаны юрыд. нормы, пераважна крымінальнага права. Пасля смерці Казіміра вял. князем стаў яго сын Аляксандр [1492—1506]. У час яго панавання велікакняжацкая ўлада аслабела. Паны-рада (вышэйшы кіруючы орган) дамагліся выдання Аляксандравага прывілея 1492, паводле якога ўсе найважнейшыя дзярж. справы вял. князь павінен быў вырашаць разам з радай. У гэты час адбылася серыя войнаў ВКЛ з Маскоўскім вял. княствам, якое паступова пашырала сваю тэр. на захад. Адначасова саюзнікі вял. князя маскоўскага Івана III крымскія татары пачалі напады на Украіну і Беларусь, асабліва моцныя набегі былі ў 1505 і 1506. Гэтыя нашэсці спыніліся пасля разгрому татарскага войска ў Клецкай бітве 1506. Перамога войска ВКЛ у Аршанскай бітве 1514 у час вайны з Маскоўскай дзяржавай 1512—22 дазволіла стабілізаваць усх. граніцу. У час панавання вял. князя Жыгімонта I Старога [1506—48] прыняты адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529. Пры сыне Жыгімонта Старога вял. князю Жыгімонце II Аўгусце [1548—72] у ВКЛ праведзены важныя паліт. і эканам. рэформы. Паводле адм. рэформы 1565—66 утвораны паветы і павятовыя сеймікі, якія вырашалі мясц. пытанні і выбіралі па 2 паслы (дэпутаты) на агульнадзярж. сейм, і павятовыя суды — гродскія, земскія і падкаморскія. У выніку рэформы шляхецкае саслоўе (баяры з 2-й чвэрці 16 ст. пачалі называцца шляхтай) стала пануючым у дзяржаве, адхіліўшы магнатаў і князёў ад манапольнага кіравання дзяржавай. У Лівонскую вайну 1558—83рас. цар Іван IV Грозны намагаўся захапіць Лівонію. У лютым 1563 яго войска захапіла Полацк. У Ульскай бітве 1564 і Аршанскай бітве 1564рас. войскі пацярпелі паражэнне. Далейшы ход вайны паказаў, што аднаму ВКЛ без саюзнікаў не перамагчы. На палявым сейме каля Віцебска 13.9.1562 шляхта прыняла акт і накіравала яго вял. князю з просьбай заключыць новую, больш цесную дзярж. унію з Польшчай. Супраць выступіла асн. частка магнатаў на чале з М.Радзівілам Чорным, якая не хацела страціць свае паліт.пазіцыі ў кіраванні дзяржавай і грамадскія прывілеі. Жыгімонт Аўгуст, які не меў нашчадкаў, намагаўся аб’яднаць абедзве дзяржавы і падтрымліваў унітарную ідэю. Ён абапіраўся на шляхту ВКЛ. Быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, які замацаваў грамадска-паліт. змены, што адбыліся ў ВКЛ у 1530—60-я г. 1.7.1569 асобна дэпутатамі польскага сейма і сейма ВКЛ пад прысягаю быў прыняты акт аб уніі (гл.Люблінская унія 1569), паводле якой абедзве дзяржавы на аснове роўнасці аб’ядноўваліся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Былыя прывілеі шляхты захоўваліся ў кожнай дзяржаве, абедзве краіны захоўвалі суверэнітэт, асобныя дзярж. адміністрацыі, войскі, скарб і права эмісіі аднолькавай манеты, кіраванне, адм. і судовы апарат, свае законы і сваю мытную сістэму. Кожная краіна мела сваю дзярж. мову: Польшча лацінскую, ВКЛ беларускую. Люблінская унія была кампрамісам шляхты Польшчы і ВКЛ, у выніку якога стварылася больш моцная дзяржава. Яна ўмацавала паліт. еднасць абедзвюх дзяржаў, узмацніла працэсы іх эканам., паліт. і культ. збліжэння, уплыў зах.-еўрап. культуры на бел. землі.
Пасля Люблінскай уніі (з 1569 да канца 18 ст.). Пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста каралём стаў Генрык Валезы [1573—74], потым Стафан Баторый [1576—86]. Працягваючы Лівонскую вайну, ён у 1579 адваяваў Полацк і нанёс некалькі паражэнняў войскам цара. Вайна скончылася падпісаннем Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582, паводле якога Расія адмовілася на карысць Рэчы Паспалітай ад Лівоніі, Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала заваяваныя крэпасці на рас. тэрыторыі. Наступным польск. каралём і вял. князем літ. быў выбраны Жыгімонт III Ваза (1587—1632), які імкнуўся мець падтрымку бел.-літ. шляхты. Ён зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, які падкрэсліваў самастойнасць ВКЛ і забараняў польск. шляхце атрымліваць у ВКЛдзярж. землі і пасады. Была пацверджана самастойнасць дзярж. устаноў ВКЛ, адасобленасць фінансаў і заканадаўства. Жыгімонт падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але і далучыўся да пастаноў сеймаў 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўных. Кароль захапіўся планам далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі або заключыць з Расіяй саюз з каралевічам польскім у якасці цара. З гэтай мэтай былі падтрыманы Лжэдзмітрый I (гл.Ілжэдзмітрый I) і Лжэдзмітрый II (гл.Ілжэдзмітрый II), а потым пачата вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, якая скончылася падпісаннем Дэулінскага перамір’я 1618. Да ВКЛ адышла Смаленшчына. Пасля смерці Жыгімонта Вазы польск. каралём і вял. князем літ. выбраны яго сын Уладзіслаў IV [1632—48]. Выкарыстаўшы міжуладдзе ў Рэчы Паспалітай, цар Міхаіл Фёдаравіч пачаў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Рас. войскі асадзілі Смаленск, але горад вытрымаў аблогу. Маскоўская армія была акружана войскам Рэчы Паспалітай на чале з каралём і капітулявала. Палянаўскі мір 1634 пацвердзіў умовы Дэулінскага перамір’я аб пераходзе Смаленскага ваяв. ў склад ВКЛ. У канцы 16 — пач. 17 ст. ўскладнілася становішча на Украіне. Адным з самых буйных антыфеад. казацка-сял. выступленняў было Налівайкі паўстанне 1594—96. Адступаючы з Украіны, паўстанцы адышлі на бел. Палессе, дзе да іх далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта, захапілі Петрыкаў, Слуцк, Магілёў, пасля адышлі на Валынь. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян II Казімір [1648—68]. У 1648 на Украіне пачалася нац.-вызв. вайна, якую ўзначаліў Б.Хмяльніцкі. На Беларусі яна выклікала антыфеадальную вайну 1648—51. Улетку 1654 пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У час кампаніі 1654 была занята рас. войскамі ўся паўн. і ўсх. Беларусь, у час кампаніі 1655 — астатняя частка Беларусі (акрамя Брэсцкага пав. і Навагрудскага ваяв.), Вільня, Коўна. У час ваен. дзеянняў былі разрабаваны і спалены многія гарады, мястэчкі і вёскі, шмат людзей загінула або трапіла ў палон, дзесяткі тысяч сялян і тысячы гараджан вывезены ў Расію. Шляхце, якая прысягнула цару, рас. ўрад захаваў маёнткі і саслоўныя правы. Была забаронена дзейнасць рымска-каталіцкай і уніяцкай цэркваў. Гарады Беларусі атрымалі граматы на дазвол рамесніцка-гандлёвай дзейнасці. Сяляне, якіх раздавалі шляхце, абкладаліся дадатковымі павіннасцямі на карысць войска. У 1660 рас. войскі сталі цярпець паражэнні. У шэрагу гарадоў (Магілёў, Дзісна, Себеж, Гомель і інш.) адбыліся паўстанні мяшчан супраць рас. гарнізонаў. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Расія захавала Смаленскае ваяв., Левабярэжную Украіну і Кіеў. Расчараваны няўдачамі ў войнах і ва ўнутр. палітыцы, кароль Ян Казімір у 1668 адрокся ад трона. Новым каралём польск. і вял. князем ВКЛ быў выбраны Міхал Вішнявецкі [1669—73]. Паводле пастановы сейма 1673, кожны трэці сейм (акрамя тых, што выбіралі караля) збіраўся ў ВКЛ у Гродне. Наступным каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян III Сабескі [1674—96], якога падтрымлівалі магнаты і шляхта прафранцузскай арыентацыі. «Вечны мір» 1686 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй замацаваў дзярж. граніцы і стварыў умовы для сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крымскага ханства. Але 9-ы артыкул гэтага дагавора даваў магчымасць царызму пад выглядам абароны праваслаўя пастаянна ўмешвацца ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай.
Супраць караля выступілі Сапегі, якія мелі намер узначаліць самастойнае ВКЛ. Супраць іх у 1696 пачалася адкрытая барацьба бел. і літ. шляхты на чале з Р.Агінскім. Шляхце ВКЛ удалося правесці на канфедэрацыйным сейме 29.8.1696 канчатковае ўраўнаванне яе правоў з правамі польскай шляхты. Гэтай жа пастановай замест афіцыйнай бел. мовы ў дзярж. установах ВКЛ уводзілася польская мова. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст II Моцны [1697—1706, 1709—33], падтрыманы Расіяй і Аўстрыяй. У гэты час канфлікт паміж Сапегамі і б.ч. шляхты набыў характар грамадз. вайны. У ліст. 1700 пад Алькенікамі (каля Вільні) атрады шляхты разбілі войска Сапегаў. Аўгуст II уступіў у Паўночную вайну 1700—21 як саюзнік Пятра I і як курфюрст Саксоніі. Рэч Паспалітая спачатку ў вайне не ўдзельнічала. У пач. 1702 шведскія войскі прайшлі праз Гродна ў Польшчу, дзе ваен. дзеянні ішлі некалькі гадоў. Скліканая вясной 1703 генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвясціла саюз з Расіяй. Шведскі кароль Карл XII арганізаваў у Польшчы канфедэрацыю, якая дэтранізавала Аўгуста II і выбрала каралём польск. і вял. князем літ.Станіслава Ляшчынскага [1704—09, 1733]. У 1706 Аўгуст II, пацярпеўшы паражэнне, заключыў Альтранштацкі дагавор, паводле якога адмовіўся ад кароны на карысць Ляшчынскага. Наступныя ваен. дзеянні адбываліся на тэр. Беларусі. У бітве пад Лясной 1708 армія Пятра I разграміла шведскі корпус А.Левенгаўпта. Пасля перамогі рас. войск пад Палтавай 8.7.1709 Аўгуст II вярнуўся ў Польшчу і зноў заключыў саюз з Пятром I. Вайна прычыніла вял. страты Беларусі, колькасць насельніцтва зменшылася з 2,2 млн.чал. да 1,5 млн.чал. Пасля Паўн. вайны паліт. ўплыў Расіі на частку магнатаў і шляхты ВКЛ узмацніўся. Пасля смерці Аўгуста II 12.9.1733 шляхта зноў выбрала каралём польск. і вял.кн.літ. Станіслава Ляшчынскага, але гэта не адпавядала інтарэсам Расіі. На тэр. Рэчы Паспалітай былі ўведзены рас. войскі, арганізаваны новыя выбары і 5.10.1733 новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст III [1733—63]. У час яго панавання адбылося далейшае паглыбленне паліт. крызісу Рэчы Паспалітай. Пасля смерці Аўгуста III па прапанове рас. імператрыцы Кацярыны II быў выбраны апошні кароль польскі і вял. князь літ.Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [1764—95], які пачаў праводзіць палітыку памяркоўных рэформаў дзярж. ладу, што выклікала незадаволенасць Расіі і Прусіі. Пры падтрымцы рас. пасла кн. М.В.Рапніна ў 1767 былі створаны пратэстанцкая шляхецкая канфедэрацыя ў Торуні і кальвінісцка-праваслаўная Слуцкая канфедэрацыя 1767, якія імкнуліся ўраўнаваць правы дысідэнцкай шляхты з каталіцкай. На дапамогу канфедэратам Кацярына II накіравала 40-тысячную армію. Сейм 1768 ураўнаваў правы некаталіцкай шляхты з каталіцкай і пад націскам Кацярыны II замацаваў анархічны лад дзяржавы. Патрыятычна настроеная шляхта выступіла супраць чужаземнага ўмяшання ва ўнутр. справы дзяржавы і арганізавала Барскую канфедэрацыю. Пасля яе разгрому ў Пецярбургу быў падрыхтаваны першы падзел Рэчы Паспалітай 1772, паводле якога Расія, Прусія і Аўстрыя далучылі часткі тэр. Рэчы Паспалітай. Расіі адышлі тэрыторыі на Пн ад Зах. Дзвіны, на У ад Друці і Дняпра. У 1770—80-я г. ў Рэчы Паспалітай былі праведзены некаторыя рэформы, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і развіццё прам-сці. Больш грунтоўныя рэформы праводзіў Чатырохгадовы сейм 1788—92. Была прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Рэакцыйныя колы магнатаў і шляхты, незадаволеныя прагрэс. зменамі, звярнуліся да Кацярыны II з просьбай аб дапамозе. У Пецярбургу пад наглядам імператрыцы 27.4.1792 складзены акт канфедэрацыі і да граніцы з Рэччу Паспалітай перакінуты рас. войскі. Пасля пераходу граніцы ва ўкр.мяст. Таргавіца быў абвешчаны акт Таргавіцкай канфедэрацыі. Рас. войскі з баямі занялі тэр. Беларусі і Правабярэжнай Украіны, разам з прускімі войскамі акупіравалі Польшчу. Канстытуцыя 3 мая і рэформы Чатырохгадовага сейма былі адменены. Таргавіцкая канфедэрацыя фактычна падрыхтавала другі падзел Рэчы Паспалітай 1793. Канвенцыя аб гэтым падпісана ў Пецярбургу паміж Расіяй і Прусіяй 23.1.1793. Расія ўзяла сабе цэнтр. частку Беларусі, а таксама Правабярэжную Украіну. Гродзенскі сейм 1793 зацвердзіў падзел Рэчы Паспалітай. Ва ўмовах рас. і прускай акупацыі было падрыхтавана нац.-вызв. паўстанне 1794 на чале з Т.Касцюшкам. Паўстанне было задушана рас. войскамі пад камандаваннем ген. А.В.Суворава. Рэч Паспалітая была поўнасцю акупіравана рас., прускімі, потым і аўстр. войскамі. 24.10.1795 у Пецярбургу падпісана канвенцыя аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай 1795. Расія далучыла землі Зах. Беларусі, б.ч. Літвы і Курляндыю. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад трона на карысць Кацярыны II. Рэч Паспалітая спыніла сваё дзярж. існаванне.
Дзяржаўны і палітычны лад. ВКЛ была феад. манархіяй. У першыя стагоддзі свайго існавання гэта дзяржава з моцнай уладай вял. князя (гаспадара) у цэнтр. раёнах і аўтаномнымі княствамі і землямі са сваім паліт. жыццём, якія падпарадкоўваліся вял. князю. У канцы 14 ст. Вітаўт ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, але невял. княствы захоўваліся да 1520-х г. З канца 14 ст. збіраўся пастаянны кансультатыўны орган пры вял. князю — паны-рада (гл.Рада Вялікага княства Літоўскага). З 1492 рада мела заканадаўчыя і распарадчыя функцыі (асабліва ў час адсутнасці вял. князя ў дзяржаве). У 15 ст. сфарміраваўся сейм — прадстаўнічы орган шляхецкага саслоўя. У пач. 16 ст. ён набыў значэнне заканадаўчага і кантрольнага органа. На пасады цэнтр. кіравання назначэнне рабіў вял. князь. Найважнейшымі былі пасады маршалка земскага (потым — вялікага), канцлера, падскарбія, гетмана найвышэйшага (потым — вялікага) і інш. Асобнымі землямі кіравалі намеснікі, старосты, а з 15 ст. і ваяводы, якія мелі шырокія паўнамоцтвы. Акругамі кіравалі дзяржаўцы, а ніжэйшае звяно дзярж. кіравання да 16 ст. складалі прадстаўнікі мясц. насельніцтва — валасныя старцы, соцкія, дзесяцкія. У 1413 былі ўтвораны вял. па тэрыторыі Віленскае і Трокскае ваяв., куды ўваходзілі ўсх.-літ. землі і землі Зах. і Цэнтр. Беларусі. Ваяводы віленскі і трокскі і іх намеснікі — кашталяны — таксама належалі да найвышэйшых саноўнікаў дзяржавы. Паводле адм. рэформы ў 1565—66 у ВКЛ было ўтворана 13 ваяводстваў, якія падзяляліся на паветы. Павет стаў асн.адм.-тэр. адзінкай са сваім прадстаўнічым органам — шляхецкім сеймікам і павятовымі шляхецкімі судамі (гл.Земскі суд, Гродскі суд, Падкаморскі суд). У 1581 быў арганізаваны Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, вышэйшы апеляцыйны суд. Члены судоў і дэпутаты Трыбунала выбіраліся шляхтай. Да 17—18 ст. у некаторых мясцовасцях захоўваўся нар. традыцыйны копны суд, які дзейнічаў пад кантролем дзярж. або панскай адміністрацыі. Прывілеем 1447 вял. князь Казімір Ягелончык перадаў права суда над насельніцтвам феадалам — панам і баярам, на чыёй зямлі жылі залежныя ад іх сяляне і гараджане. З 15 ст. мяшчане гарадоў, што атрымалі самакіраванне паводле магдэбургскага права, вызваляліся ад феад. павіннасцей, суда і ўлады ваявод і старостаў, мелі свае войтаўска-лаўніцкія суды. У 16 ст. былі распрацаваны сістэматызаваныя зборы законаў, выдадзеныя на бел. мове, — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Яны аб’ядноўвалі юрыд. нормы міжнар., дзярж., саслоўнага, маёмаснага, сямейнага і інш. права.
Рэлігійныя адносіны. Большасць насельніцтва ВКЛ у 13 ст. належала да правасл. царквы, літоўцы і жэмайты былі яшчэ язычнікамі. У 1387 Ягайла правёў хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду. Хрышчэнне жэмайтаў расцягнулася яшчэ на стагоддзе. Паступова каталіцкая царква пры дапамозе вял. князёў пашырала свае пазіцыі. З 1458 правасл. царква ў ВКЛ мела сваю самаст. мітраполію. У сярэдзіне 16 ст. на Беларусі вял. ўплыў мела Рэфармацыя ў яе розных плынях. 9.10.1596 абвешчана Брэсцкая унія, акт аб арганізацыйным аб’яднанні на тэр. Беларусі і Украіны правасл. царквы з каталіцкай. Вернікі уніяцкай царквы ў канцы 18 ст. складалі 75% насельніцтва Беларусі (у вёсцы 80%), праваслаўнымі заставалася 6,5% насельніцтва.
Сельская гаспадарка і становішча сялян. У 13—14 ст. вярхоўным уласнікам усёй зямлі ў ВКЛ лічыўся вял. князь. Прыватнаўласніцкія маёнткі падзяляліся на 2 групы: вотчыны, якія належалі спадчынна княжацкім і буйным феад. (панскім) сем’ям, і двары (маёнткі), якія раздаваліся баярам на ўмоўным праве, за службу (у асн. вайсковую). Пачынаючы з прывілея 1447, права спадчыннай уласнасці на зямлю было пашырана на ўсё саслоўе баяр (шляхты). Гэта права як манаполія саслоўя феадалаў было заканадаўча замацавана Статутамі ВКЛ. У 14—16 ст. сялянства юрыдычна падзялялася на групы: чэлядзь нявольная, людзі пахожыя, людзі непахожыя, сяляне-слугі. Вышэйшай групай сялян-слуг былі вайсковыя сяляне, што выходзілі ў паход разам з панам, — панцырныя, путныя і конныя баяры. Частка іх увайшла ў 15—16 ст. у ніжэйшую групу шляхецкага саслоўя або замацавалася ў нешматлікай групе вольных людзей — зямян, выбранцаў, баяр, якія былі васаламі вял. князя, магнатаў, буйной шляхты. У час вайны яны служылі ў войску, у мірны час плацілі грашовы чынш. Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 юрыдычна замацавалі прыгоннае права. Розныя групы сялян у 1-й пал. 17 ст. канчаткова ператварыліся ў асабіста залежных ад феадала людзей. У 14—15 ст.асн. павіннасцю быў натуральны аброк. З канца 15 ст. ў сувязі з павелічэннем попыту на с.-г. прадукцыю ў Зах. Еўропе феадалы ВКЛ пашыралі ворныя землі ў маёнтках, стваралі фальваркі, шырока ўводзілі паншчыну. З сярэдзіны 16 ст. ў велікакняжацкіх (дзяржаўных) маёнтках пачала актыўна праводзіцца зямельная рэформа (гл.Валочная памера, «Устава на валокі» 1557). У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. рэформа праведзена ва ўладаннях феадалаў Літвы, зах. і цэнтр. Беларусі, да сярэдзіны 17 ст. — усх. і паўд. Беларусі. Стварэнне фальваркаў суправаджалася ўзбуйненнем часткі вёсак, іх перапланіроўкай і наразаннем сялянам валочных надзелаў (1 валока — 21,36 га). Пашыраўся 3-польны севазварот, павялічылася ўраджайнасць. Паводле павіннасцей сяляне падзяляліся на 2 асн. катэгорыі: цяглыя сяляне і асадныя сяляне. Сяляне з невял. ўчасткамі зямлі (агароднікі, халупнікі, каморнікі) да сярэдзіны 17 ст. зліліся з цяглымі сялянамі, надзелы якіх зменшыліся да паўвалочных. У час ваен. дзеянняў сярэдзіны 17 ст. гаспадарка ВКЛ была разбурана. Для яе аднаўлення ў 2-й пал. 17 — 1-й пал. 18 ст. феадалы, пераважна ў каралеўскіх маёнтках, пераводзілі значную частку сялян з паншчыны на грашовы чынш. У магнацкіх маёнтках паншчына ў асн. захоўвалася. Да сярэдзіны 18 ст. сялянская гаспадарка дасягнула некаторых поспехаў у развіцці агратэхнікі, павысілася ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе жывёлы. У 2-й пал. 18 ст. пачаўся перыяд разлажэння феадалізму і зараджэння капіталіст. адносін. Пашырыўся ўнутр. рынак, развіваліся таварна-грашовыя адносіны. Усё гэта адбілася на дзярж. палітыцы пашырэння фальварковай гаспадаркі ў каралеўскіх эканоміях (рэформы К.Тызенгаўза).
Культура і асвета. Бел. мова з часу ўтварэння ВКЛ была афіцыйнай дзяржаўнай і мовай міжэтнічных зносін. На ёй вялося справаводства і судаводства, выдаваліся велікакняжацкія прывілеі і дыпламат. дакументы, сеймавыя пастановы, статуты, пісаліся летапісы, хронікі, маст. і царк.-рэліг. творы. З 15 ст. на бел. мове ствараецца свецкая арыгінальная і перакладная літаратура. На бел. мове Ф.Скарына надрукаваў першыя ва ўсх. славян 22 кнігі Бібліі, заснаваў першую ў ВКЛ друкарню. На лацінскай мове ў 1523 выйшла паэма М.Гусоўскага «Песня пра зубра». Новы ўздым у культ. і грамадска-паліт. жыцці быў звязаны з рэфармац. рухам 2-й пал. 16 ст. Высокага ўзроўню дасягнула кнігадрукаванне. Паслядоўнікамі Скарыны былі С.Будны, І.Фёдараў, П.Мсціславец. Друкарні дзейнічалі ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні, Заблудаве, Еўі, Куцейне, Магілёве. Вял. ўклад у развіццё бел. культуры зрабілі В.Цяпінскі, Л.Зізаній, браты Мамонічы, М.Сматрыцкі, браты Вашчанкі і інш. Вышэйшай навуч. установай у ВКЛ была Віленская акадэмія, заснаваная ў 1578. У Літве і Беларусі існавала сетка сярэдніх навуч. устаноў з высокім узроўнем навучання. У 18 ст. ўзніклі піярскія вучылішчы, у 1773—75 пачала дзейнасць Адукацыйная камісія з сеткай дзярж. школ у кожным павеце. Паспяхова развівалася муз. мастацтва. Падрыхтоўка спевакоў вялася ў манастырскіх і брацкіх школах. З 17 ст. пры калегіумах і дварах магнатаў існавалі капэлы, якія складаліся з аркестра і групы вакалістаў. Яны суправаджалі спектаклі тэатраў, балі, рэлігійныя службы, вайсковыя парады. У 18 ст. ў прыватнаўласніцкіх гарадах існавалі прыдворныя т-ры з балетнымі трупамі. У 16—18 ст. дзейнічалі школьныя т-ры. Значнага развіцця ў 14—16 ст. дасягнула буд-ва абарончых збудаванняў (замкі ў Новагародку, Гродне, Крэве, Лідзе, Вільні, Нясвіжы, Міры, Троках) і цэркваў-крэпасцей (у Сынковічах, Супраслі, Мураванцы). Магнацкія замкі і рэзідэнцыі ў 17—18 ст. ператварыліся ў палацава-замкавыя ансамблі. У выяўл. мастацтве спачатку пераважаў іканапіс, з 16 ст. пашырыліся партрэтны і батальны жанры. Дасягнулі росквіту драўляная разьба і скульптура. У 18 ст. на мануфактурных прадпрыемствах выраблялі унікальныя ўзоры прыкладнога мастацтва — шпалеры, слуцкія паясы, урэцкае шкло і інш.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
История Литовской ССР. (С древнейших времен до нашнх дней). Вильнюс, 1978;
Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Ист. очерки. [М., 1892];
Яго ж. Литовско-русский сейм. М., 1900;
Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901;
Пресняков А.Е. Лекции по русской истории. Т. 2, вып. 1. М., 1939;
Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVI вв. М., 1961;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987;
Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. М., 1959;
Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;
Яго ж. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд.Мн., 1994;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989;
Францыск Скарына і яго час: Энцыкл.давед.Мн., 1988;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965;
Lowmiański H. Studia nad dziejami Wielikogo Ksiestwa Litewskiego. Poznań, 1983.
А.П.Грыцкевіч.
Герб Вялікага княства Літоўскага «Пагоня». Малюнак 1575.«Трыбунал Вялікага княства Літоўскага». Тытульны ліст. Вільня. 1586.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Рэзідэнцыя вялікіх князёў ВКЛ і Верхні замак у Вільні. Малюнак Ю.Камараўскаса.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Люблінская унія. Карціна Я.Матэйкі.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Від Гродна. Гравюра канца 16 ст.Першая старонка Статута Вялікага княства Літоўскага. 1529.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Інтэр’ер Нясвіжскага касцёла. 16—18 ст.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Абраз «Пакланенне вешчуноў» з в. Дрысвяты Браслаўскага раёна. 1-я пал. 16 ст.