ШАНТА́Ж (франц. chantage вымаганне),

прыватны выпадак вымагання. Выяўляецца ў патрабаванні перадачы маёмасці або права на маёмасць ці ажыццяўлення якіх-н. дзеянняў маёмаснага характару пад пагрозай учынення насілля над пацярпелым, яго блізкімі, знішчэння ці пашкоджання іх маёмасці, распаўсюджвання паклёпніцкіх або выдавання інш. звестак, якія захоўваюцца ў тайне. У КК Рэспублікі Беларусь Ш. — таксама сродак учынення інш. злачынства, напр., прымус да дзеянняў сексуальнага характару, да выканання або невыканання пэўнай здзелкі ў галіне прадпрымальніцтва, прымушэнне сведкі, пацярпелага, эксперта да адмаўлення ад дачы паказанняў або дачы заведама лжывых паказанняў.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 17, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУПЯРЭ́ЧНАСЦІ ЗАКО́Н, закон несупярэчнасці, прынцып адмаўлення супярэчнасці,

асноўны лагічны закон, згодна з якім пэўнае меркаванне і яго адмаўленне не могуць адначасова быць сапраўднымі. Сімвалічна запісваецца ў выглядзе формулы A&Ā, дзе A — пэўнае меркаванне, Ā — адмаўленне A, & — знак кан’юнкцыі, рыса над усёй формулай — яе адмаўленне. Упершыню С.з. сфармуляваны Арыстоцелем; сучасную фармулёўку набыў у працах Г.​Лейбніца. Закон не закранае супярэчнасцей аб’ектыўнай рэчаіснасці (гл. Супярэчнасць дыялектычная), але выключае лагічныя супярэчнасці ў доказах, тэорыях і навуках. Тэорыі, для якіх С.з. справядлівы, з’яўляюцца несупярэчлівымі; у процілеглых выпадках тэорыі наз. супярэчлівымі, г.зн. непрымальнымі. Гл. таксама Несупярэчлівасць.

т. 15, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ТА (ад грэч. litotes прастата),

1) мастацкі прыём прымяншэння велічыні, сілы прадмета ці з’явы, падзеі; троп, процілеглы гіпербале. Л. выяўляе адносіны аўтара да аб’екта адлюстравання, дапамагае завастрыць увагу чытача на найб. значным, характэрным. Пашырана ў фальклоры, нар. фразеалогіі (напр., «сілы, як у камара», «каласкі, як камаровыя наскі»), можа выступаць у ролі параўнання, метафары, эпітэта. У л-ры выкарыстоўваецца для ўзмацнення вобразнасці мовы:

Неўладкаваны чалавечы дом,
Жывая кропля чорнага сусвету —
Зямля мая,
Зялёнае гняздо,
Адкуль вылётваюць
І птушкі, і ракеты.
(П.​Панчанка. «Зялёнае гняздо»)

Выкарыстанне Л. побач з гіпербалай стварае эфект кантрастнасці, выклікае напружанасць пачуцця.

2) Характарыстыка якога-небудзь прадмета, дзеяння ці з’явы шляхам адмаўлення процілеглага; напр., «някепскі» (замест добры), «не згаджацца» (пярэчыць).

А.​А.​Майсейчык.

т. 9, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

не... (а таксама ня...), прыстаўка.

1. Надае слову значэнне, процілеглае значэнню гэтага слова без такой прыстаўкі, напрыклад: невыгода, незямны. // Тое ж, але з адценнем абмежаванасці, нязначнасці, напрыклад: недурны, неблагі.

2. Надае слову значэнне адмаўлення таго, што абазначае данае слова без гэтай прыстаўкі, напрыклад: неакуратны, непаспяховы; недаступнасць, непаслухмянасць; невыпадкова, недалёка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

там.

1. прысл. У тым месцы, не тут.

Тут сонца свеціць, а там дождж ідзе.

2. прысл. Потым, затым, далей.

Там пабачым, што трэба рабіць.

3. часц. У спалучэнні з займеннікам «які» і прыслоўямі «дзе», «калі», «куды» ўжыв. для ўзмацнення адмаўлення чаго-н., указання на немагчымасць здзейсніць што-н. (разм.).

Дзе там тая дарога!

Балота адно.

Якія там грошы!

Дзе там!

4. часц. Ужыв. ў пабуджальных сказах для ўзмацнення пабуджальнасці (разм.).

Пастарайся там хутчэй закончыць работу.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адно́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць адноснага (у 1 знач.). Матэрыялістычная дыялектыка Маркса і Энгельса безумоўна ўключае ў сябе рэлятывізм, але не зводзіцца да яго, г. зн. прызнае адноснасць усіх нашых ведаў не ў сэнсе адмаўлення аб’ектыўнай ісціны, а ў сэнсе гістарычнай умоўнасці межаў набліжэння нашых ведаў да гэтай ісціны. Ленін.

•••

Тэорыя адноснасці гл. тэорыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увасо́біцца, ‑біцца; зак.

Знайсці праяўленне, адлюстраванне ў якой‑н. канкрэтнай форме. Уся логіка яго [Івана] адмаўлення ўвасобілася.. ў пытаннях-дакорах: «Навошта? Навошта?... Што ты робіш?..» Быкаў. Нязвыклымі былі і гэтая навакольная цішыня — без выбухаў, без шуму баёў,.. і сустрэча з бабулькай, у якой як бы ўвасобілася гора, перажытае тутэйшымі людзьмі за гады вайны. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апафаты́чны

(гр. apophatikos = адмоўны);

а-ая тэалогія — тэалогія, якая імкнецца выразіць незямную сутнасць бога шляхам адмаўлення ўсякіх уяўленняў аб ім як несумяшчальных з яго прыродай (у адрозненне ад катафатычнай тэалогіі).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

адку́ль, прысл.

1. пыт. З якога месца, з якой крыніцы, ад каго; ужыв. ў клічна-пытальных сказах пры выказванні нязгоды, адмаўлення чаго-н.

А. едзеце? Толькі кудзеля і будзе...

А. той кужаль.

А. гэта вядома?

2. адноснае. Ужыв. як злучальнае слова для падпарадкавання даданых сказаў месца, даданых азначальных сказаў, даданых дапаўняльных сказаў (у адпаведнасці з суадноснымі словамі «там», «туды», «адтуль», «той» і іншымі ў галоўным сказе).

Мы глянулі туды, а. пачуліся галасы.

◊

Адкуль (толькі) ногі ўзяліся — пра таго, хто хутка ўцякае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

АДМАЎЛЕ́ННЕ,

элемент дыялектыкі, што фіксуе адзін з неабходных момантаў развіцця і ўмову змены аб’екта, пры якой некаторыя элементы не проста знішчаюцца, але захоўваюцца ў новай якасці. Віды адмаўлення розныя. Пры зняцці адбываецца ліквідаванне прадмета як пэўнага цэлага, але з захаваннем яго асобных («станоўчых») элементаў. Дэструкцыя азначае разбурэнне, знішчэнне структуры, якую адмаўляюць. Адмаўленне ў выглядзе трансфармацыі мае месца ў выпадках пераходу ад адной стадыі развіцця да другой у рамках той жа самай сістэмы. Адмаўленне сацыяльнае — сукупнасць дзеянняў чалавека па змене наяўных грамадскіх адносін, пры якіх выяўляюцца канкрэтныя суб’екты, аб’екты, мэты, прастора, час, каштоўнасныя арыентацыі і экзістэнцыялы, сродкі, метады. У найб. рэзкіх формах сац. адмаўленне выяўляецца ў войнах, рэвалюцыях, генацыдзе, злачыннасці, міжнац. канфліктах і інш. Адмаўленне, якое вядзе да сац. прагрэсу, называюць дыялектычным, процілеглае — чыста суб’ектыўным (гл. Нігілізм).

Адмаўленне ў логіцы — мысленнае проціпастаўленне аднаго суджэння другому.

Ю.​А.​Харын.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)