АДНАЧАСО́ВАСЦЬ,

супадзенне па часе з’яў, аддзеленых адна ад адной у прасторы. У класічнай механіцы існавала ўяўленне пра абсалютную прастору і час, пра адзіны паток часу, што аднастайна працякае ўсюды і складаецца з імгненняў, кожнае з якіх адначасова настае ва ўсіх пунктах прасторы. Гэта ўяўленне грунтавалася на дапушчэнні бесканечнай скорасці распаўсюджання светлавых сігналаў. Адноснасці тэорыя, зыходзячы з канечнасці скорасці святла, адмовілася ад паняцця абсалютнай адначасовасці. Атаясамліванне момантаў часу дзвюх з’яў мае сэнс, калі гэтыя з’явы разглядаюцца ў межах нейкай пэўнай сістэмы адліку. З’явы, адначасовыя ў адной сістэме адліку, могуць аказацца неадначасовымі ў інш. сістэме.

т. 1, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РНЫ ЧАС,

сістэма адліку часу, у якой працягласць сутак вызначаецца па кульмінацыях пункта вясенняга раўнадзенства ў месцы назірання (гл. Зорныя суткі). Роўны прамому ўзыходжанню (у гадзіннай меры) нябеснага свяціла ў момант яго верхняй кульмінацыі. Выкарыстоўваецца ў астраноміі.

т. 7, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАДУІРО́ЎКА (ням. graduieren ад лац. gradus крок, ступень) сродкаў вымярэнняў, вызначэнне і нанясенне ў маштабе асн. (апорных) пунктаў для пабудовы шкалы адліку ў вымяральных прыладах і мерных прыстасаваннях. Робіцца параўнаннем паказанняў прылады, якая градуіруецца, з паказаннямі эталоннай (узорнай) прылады.

т. 5, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СЬ у матэматыцы, 1) вось каардынат — прамая з зададзенымі на ёй напрамкамі, пачаткам адліку і маштабнай адзінкай для вызначэння месцазнаходжання пунктаў. Кожнаму сапраўднаму ліку на восі каардынат адпавядае пэўны пункт (гл. Каардынаты).

2) Вось сіметрыі гл. ў арт. Сіметрыя.

т. 4, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛТЫ́ЙСКАЯ СІСТЭ́МА ВЫШЫ́НЯЎ,

сістэма вызначэння абсалютных адзнак паверхні Зямлі, прынятая з 1942 у б. СССР, у тым ліку на тэр. Беларусі. Пункт адліку — нуль на футштоку ў г. Кранштат, які супадае з сярэднім шматгадовым узроўнем Балтыйскага м. (гл. таксама Абсалютная вышыня).

т. 2, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМБ (ад лац. limbus пруг, шляк, аблямоўка),

плоскае кольца, падзеленае на роўныя долі акружнасці (градусы, мінуты, секунды). Служыць для адліку вуглоў у вугламерных інструментах, астр., геад., фіз. прыладах, прыцэльных прыстасаваннях зброі. Л. наз. таксама бачны край дыска Сонца, Месяца, планеты.

т. 9, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́ТКА (ад франц. palette пласцінка, планка),

1) квадратная або інш. сетка ліній вызначаных памераў на празрыстай аснове для вымярэння плошчы ўчасткаў, часцей крывалінейных контураў, на плане і карце, адліку каардынат і інш. 2) Тонкая каменная плітка з рэльефнымі адлюстраваннямі, характэрная пераважна для мастацтва Стараж. Егіпта.

т. 11, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБІНЯМЕ́Р,

прылада для вымярэння глыбіні адтулін, пазоў, вышыні ўступаў і інш. у дэталях машын. Падзяляюцца на штангенглыбінямеры (мяжа вымярэння да 500, памер адліку 0,05 і 0,1 мм), мікраметрычныя (мяжа вымярэння да 150, цана дзялення 0,01 мм; гл. таксама Мікрометр) і індыкатарныя (адпаведна да 100 і 0,01 мм).

т. 5, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

но́ніус

[н.-лац. nonius, ад парт. P. Nunez = прозвішча парт. матэматыка (1492—1577)]

дадатковая шкала вымяральнага інструмента, якая дазваляе павысіць дакладнасць адліку па асноўнай шкале ў некалькі разоў (10, 20 і больш).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БА́ЗАВЫ МАНІТО́РЫНГ,

фонавы маніторынг, сістэма назірання за станам і прагназаванне змен агульнабіясферных, пераважна прыродных, з’яў без накладання на іх рэгіянальных антрапагенных уздзеянняў. Ажыццяўляецца на базе ўчасткаў біясферы, якія ў найменшай ступені закранула і мадыфікавала гасп. дзейнасць чалавека. Даныя базавага маніторынгу даюць зыходны (кантрольны) матэрыял для параўнання, разглядаюцца як пункт адліку (база) пры вызначэнні выкліканых антрапагеннымі фактарамі змен у прыродзе.

т. 2, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)