ГІДРАМЕЛІЯРАЦЫ́ЙНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

збудаванні для рэгулявання ўзроўняў і расходаў грунтавых або паверхневых вод, змены напрамку, паскарэння ці запавольвання іх руху з мэтай паляпшэння воднага рэжыму глеб і грунтоў у неспрыяльных прыродных умовах. Бываюць: рачныя, вадасховішчныя (азёрныя) і сеткавыя (на каналах); грунтавыя (земляныя), бетонныя, жалезабетонныя, керамічныя, метал., з сінт. матэрыялаў.

Паводле мэтавага прызначэння падзяляюцца: на гідрамеліярацыйныя збудаванні для забору вады (фільтры- і калодзежы-паглынальнікі, трубчастыя дрэны, каптажы, вертыкальныя свідравіны, шахтавыя калодзежы, асушальнікі, вадазборныя і лоўчыя каналы, водазаборы); адводу і падачы вады (калектары, праводныя, магістральныя, разгрузачныя, адводныя, перахапляльныя і нагорныя каналы, водапрыёмнікі, трубаправоды, гідратэхнічныя тунэлі, вадавыпускі, вадаспускі, паліўныя барозны і палосы, латакі, помпавыя станцыі); рэгулявання расходаў і ўзроўняў вады ў каналах (шлюзы- і трубы-рэгулятары, калодзежы-рэгулятары, вадавыпускі); спалучэнні па вышыні розных узроўняў дна канала (вусці калектараў, быстратокі, перапады, перападныя калодзежы); аховы тэрыторыі ад высокіх вод адкрытых вадатокаў (дамбы, канцавыя скіды арашальных каналаў); збору, назапашвання і захоўвання паверхневых вод (вадасховішчы, рыбаводныя сажалкі, сажалкі-накапляльнікі, проціпажарныя вадаёмы, кальматажныя басейны, чэкі, грунтавыя дамбы і плаціны з бетоннымі вадазлівамі, вежавымі вадаскідамі, вадаспускамі, вадавыпускамі, быстратокамі, ступеньчатымі перападамі); вымярэння ўзроўняў і расходаў (назіральныя і аглядныя калодзежы, свідравіны, вадазлівы-вадамеры); пераходу праз вадатокі і глыбокія даліны (дзюкеры, акведукі, ліўнепрапускныя трубы); засцярогі каналаў ад заглейвання (адстойнікі); пераезду (пераходу) праз адкрытыя каналы (трубы-пераезды, масты, жывёлапрагоны, пешаходныя мосцікі); аховы водазабораў ад пападання рыбы (рыбазагараджальнікі) і інш.

На Беларусі канструкцыі гідрамеліярацыйных збудаванняў распрацоўваюцца і даследуюцца ў Бел. дзярж. ін-це па праектаванні водагасп. і меліярац. буд-ва, БПА, БСГА, Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства, Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў і інш. Буд-ва гідрамеліярацыйных збудаванняў вядуць перасоўныя механізаваныя калоны канцэрна Белмеліявадгас.

Літ.:

Мелиорация и водное хозяйство: Справ. Т. 3. Осушение. М., 1985;

Мелиорация и водное хозяйство: Справ. Т. 6. Орошение. М., 1990.

М.М.Кунцэвіч.

т. 5, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

паменшаныя абагульненыя адлюстраванні зямной паверхні на плоскасці, якія паказваюць размяшчэнне, стан і сувязі розных прыродных і грамадскіх з’яў, іх змены ў часе, развіцці і перамяшчэнні. Складаюцца з геагр. элементаў, абумоўленых тэмай і прызначэннем карты. На свабодных месцах геаграфічных картаў размяшчаюць графікі і тэксты, што дапамагаюць пры выкарыстанні (умоўныя знакі, легенда), графікі для вымярэння адлегласцей і інш. Ад інш. адлюстраванняў зямной паверхні (аэраздымкаў, малюнкаў і інш.) адрозніваюцца матэм. законам пабудовы карты (картаграфічныя праекцыі), спосабам графічнага адлюстравання рэчаіснасці (умоўныя знакі) і генералізацыяй картаграфічнай. Выдаюцца як самаст. творы, разам з манаграфічнай л-рай аб прыродзе, часам складаюць серыю — атласы геаграфічныя. Класіфікуюцца паводле зместу, маштабу, тэр. ахопу, прызначэння.

Паводле зместу адрозніваюць агульнагеагр. і тэматычныя карты. Агульнагеаграфічныя карты адлюстроўваюць рэльеф, гідраграфію, расліннасць, населеныя пункты, шляхі зносін, дзяржавы і адм. граніцы. У гэты раздзел уваходзяць і тапаграфічныя карты. Тэматычныя карты паказваюць на фоне асн контураў зямной паверхі дадатковыя элементы і з’явы, што часта не маюць на зямной паверхні бачных контураў (ападкі, працягласць вегетац. перыяду, нахілы рэк і інш.), унутр. асаблівасці (салёнасць вод). Яны падзяляюцца на карты прыроды — агульныя фіз.-геагр., геал., геафіз., метэаралагічныя, кліматычныя, глебавыя, рэльефу (геамарфалагічныя, гіпсаметрычныя, батыметрычныя, марфаметрычныя), расліннасці, жывёльнага свету, гідралагічныя, ландшафтнага і прыроднага раянавання і інш. (гл. карты да арт. Геабатанічнае раянаванне, Геахімічнае раянаванне, Геамарфалагічнае раянаванне), карты сацыяльна-эканамічныя адлюстроўваюць грамадскія з’явы (насельніцтва, адукацыю, ахову здароўя і інш.), эканамічныя карты — становішча і развіццё гаспадаркі (прам-сці. сельскай і лясной гаспадаркі, транспарту, прыродных рэсурсаў і інш.). Паводле тэмы геаграфічныя карты падзяляюцца на галіновыя, або прыватныя (асобных галін прам-сці, т-ры, с.-г. і інш.), агульныя (агульнакліматычныя і інш.) і комплексныя; залежна ад ступені абагульнення — на аналітычныя і сінтэтычныя (сінаптычныя карты і інш.). Геаграфічныя карты бываюць буйнамаштабныя, або тапаграфічныя (1:10 000, 1:25 000, 1:50 000, 1:100 000 і 1:200 000), сярэднемаштабныя, або аглядна-тапаграфічныя (1:300 000, 1:500 000, 1:1 000 000), дробнамаштабныя, або аглядныя (драбней за 1:1 000 000). Паводле тэр. ахопу падзяляюцца на сусветныя, мацерыкоў, а таксама акіянаў, дзяржаў, абласцей і раёнаў; паводле прызначэння — на навук., даведачныя, турысцкія, дарожныя, навігацыйныя і інш.

Геаграфічныя карты ствараюцца з дапамогай здымкі (тапаграфічнай, аэрафотатапаграфічнай, касмічнай, спецыяльнай) або камеральным шляхам у выніку апрацоўкі разнастайных крыніц. Выкарыстоўваюцца як даведнікі на мясцовасці, дапаможнікі навучання, пры вырашэнні нар.-гасп., вайсковых і навук. задач. На Беларусі геаграфічныя карты складаюць і друкуюць на Мінскай картаграфічнай ф-цы, у картографа-геадэзічным аб’яднанні Белгеадэзія і інш.

Р.А.Жмойдзяк.

т. 5, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)