во́быск, ‑у, м.
Афіцыйны агляд каго‑, чаго‑н. з мэтай знайсці што‑н. забароненае, недазволенае і пад. Зрабіць вобыск. Павольныя вобыскі. □ Пазаўчора адбыўся вобыск. Агенты акцызнага нагляду шукалі гарэлкі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аге́нт 1, ‑а, М ‑нце, м.
1. Прадстаўнік арганізацыі, установы, які выконвае службовыя, дзелавыя даручэнні. Агент па забеспячэнню. Страхавы агент.
2. Асоба, якая з’яўляецца стаўленікам каго‑н., служыць чыім‑н. інтарэсам. Агенты імперыялізму.
3. Сакрэтны супрацоўнік разведкі якой‑н. дзяржавы; шпіён. Атраду таварыша Андрэя даручана ўстанавіць, ці не з’яўляецца гэты «бацька Рудольф» агентам гестапа. Мікуліч.
[Ад лац. agens, agentis — дзейны.]
аге́нт 2, ‑а, М ‑нце, м.
Кніжн. Прычына, якая выклікае тыя або іншыя з’явы ў прыродзе. Мікробы, вірусы — інфекцыйныя агенты.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЛІТАФІ́ТЫ [ад літа... + ...фіт(ы)],
петрафіты, расліны, якія растуць на камянях, скалах ці ў іх расколінах. Першасныя агенты разбурэння скал. Напачатку на камянях пасяляюцца бактэрыі і водарасці, потым лішайнікі і імхі, на якіх вырастаюць вышэйшыя расліны — аўсяніца, званочкі, папараці, з дрэвавых парод — хвоя, ядловец і інш. Каранёвая сістэма Л. паглыбляецца і пашырае расколіны горных парод.
т. 9, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
антымутаге́ны
(ад анты- + мутагены)
хімічныя і фізічныя агенты, якія паніжаюць частату мутацый.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ЗАБРУ́ДЖВАЛЬНІКІ,
прыродныя (натуральныя) і антрапагенныя агенты (фіз. фактары, хім. рэчывы, біял. віды — пераважна мікраарганізмы і інш.), якія трапілі ў навакольнае асяроддзе або ўзніклі ў ім у колькасцях, што перавышаюць звычайныя, гранічныя ваганні ці сярэдні прыродны фон за вызначаны час (гл. Забруджванне навакольнага асяроддзя). Існуюць З. атмасферы, вод, глеб (гл. ў арт. Забруджванне атмасферы, Забруджванне вод, Забруджванне глеб). Адрозніваюць першасныя З., што непасрэдна ўтвараюцца ў натуральных, прыродна-антрапагенных і антрапагенных працэсах, і другасныя, якія выяўляюцца ў працэсе мадыфікацыі, распаду або пад уздзеяннем першасных. Асобныя агенты, што атрымліваюцца пры ўтварэнні небяспечных З. у фіз.-хім. працэсах, якія адбываюцца непасрэдна ў асяроддзі, могуць быць у месцах вытв-сці і выкарыстання няшкоднымі, але становяцца небяспечнымі пры іх міграцыі ў інш. геасферы (напр., фрэоны, хімічныя інертныя каля паверхні Зямлі, у стратасферы ўдзельнічаюць у фотахім. рэакцыях з утварэннем іона хлору, які з’яўляецца каталізатарам пры разбурэнні азонавага слоя планеты).
Я.В.Малашэвіч.
т. 6, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУ́ЗІНЕР ((Prusiner) Стэнлі Бен) (н. 28.5.1942),
амерыканскі неўролаг, біяхімік і вірусолаг. Праф. Каліфарнійскага ун-та. Адкрыў прыёны — інфекц. агенты бялковай прыроды, якія выклікаюць пашкоджанні галаўнога мозга (энцэфалапатыі) чалавека і жывёл, у т. л. скрэйпі (сверб) авечак і губчатую энцэфалапатыю («шаленства») буйн. раг. жывёлы. Вызначыў амінакіслотную паслядоўнасць прыёнавага бялку і ідэнтыфікаваў яго ген. Нобелеўская прэмія 1997.
А.Ю.Маніна.
т. 13, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭРАГЕ́НЫ (ад лац. cancer рак + ...ген(ы)], бластамагены, рэчывы або фізічныя агенты, здольныя выклікаць утварэнне злаякасных пухлін ці садзейнічаць іх узнікненню з нармальнай тканкі. Да К. адносяцца розныя хім. злучэнні (азотфарбавальнікі, араматычныя аміны, азбест, нітразаміны), фіз. фактары (рэнтгенаўскія прамені, ядзерныя выпрамяненні), некат. біял. агенты (анкагенныя вірусы, метабаліты трыптафану, стэроідныя гармоны). Канцэрагеннае ўздзеянне звязана з хім. актыўнасцю і электроннай будовай пэўнай ч. малекулы, якая ўтварае комплексы з некаторымі кампанентамі клеткі (нуклеінавыя кіслоты, бялкі). К. падзяляюць на 3 групы: мясцовага дзеяння, арганатропныя (выклікаюць пухліны ў пэўных органах), множнага дзеяння (выклікаюць розныя пухліны ў розных органах). Эфект залежыць ад дозы, працягласці ўплыву, стану рэактыўнасці арганізма, здольнасці тканак ці органаў назапашваць (дэпаніраваць) рэчыва. Новаўтварэнні ўзнікаюць праз l/5 — 1/7 працягласці жыцця арганізма (у чалавека 15—20 гадоў, у мышэй 4—6 месяцаў). Многія К. маюць мутагенныя ўласцівасці (гл. Мутагенез). Папярэджанне ўздзеяння К. на арганізм заснавана на прадухіленні забруджвання паветра, вады, глебы прамысл. адходамі, недапушчэнні канцэрагенных прымесей у ежы і пітной вадзе, ажыццяўленні прафілакт. мер у галіне прафесіянальнай, камунальнай і асабістай гігіены.
Літ.:
Нейман И.М. Основы теоретической онкологии. М., 1961;
Киселев Л.Л. Онкобелки — продукты онкогенов. Тирозиновые протеинкиназы // Молекулярная биология. 1985. Т. 19, вып. 2.
т. 8, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
фрэо́ны
(фр. freons)
тэхнічная назва фтор- і хлорарганічных злучэнняў, якія выкарыстоўваюцца як халадзільныя агенты ў некаторых халадзільніках.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ЛА́ТЭКС НАТУРА́ЛЬНЫ (ад лац. latex вадкасць, сок),
млечны сок каўчуканосных раслін, пераважна гевеі бразільскай; калоідная сістэма з дыспергаваных у вадзе глобул (дыяметрам 0,2—2 мкм) каўчуку натуральнага (НК). Мае 37—41% (па масе) сухіх рэчываў, у т. л. 35—38% НК, і да 2,5% бялкоў.
Атрымліваюць падсочкай кары дрэва. Для прадухілення каагуляцыі і гніення ў свежы Л.н. дадаюць аміяк, гідраксід натрыю, буракс і інш. кансервавальныя агенты. Для перапрацоўкі канцэнтруюць, у асн. цэнтрыфугаваннем (канцэнтрат мае каля 60% НК). Выкарыстоўваюць для атрымання НК, латэксных вырабаў, кляёў. Гл. таксама Латэксы сінтэтычныя.
т. 9, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
рамі́знік, ‑а, м.
1. Фурман наёмнага экіпажа. З завулка выехаў, наганяючы .. [Ліду з Буднікам], рамізнік. Галавач. У Сарэнта для тых, хто хацеў экзотыкі, на цэнтральнай плошчы, побач з раскошнымі кафэ, з багатымі сучаснымі аўтамабілямі дзяжураць рамізнікі з экіпажамі... Мележ.
2. Экіпаж з фурманам. [Зося:] — Два агенты гестапа везлі мяне на рамізніку па горадзе. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)