няўпэ́ўнены, ‑ая, ‑ае.
1. Які сумняваецца ў правільнасці чаго‑н., пазбаўлены веры, упэўненасці. Часам бывае так: быў чалавек няўпэўнены ў якой-небудзь справе, не верыў у яе поспех. І раптам убачыў, што справа дае пэўную карысць. І тады гэты чалавек робіцца самым заўзятым яе прыхільнікам. Зуб.
2. Які выказвае нерашучасць, адсутнасць цвёрдасці. Стук быў ціхі, няўпэўнены, але ён скалануў... Лёдзю. Карпаў. Голас падаўся нясмелы, няўпэўнены, але яго раптам многія падтрымалі, бо ён, відаць, быў тут да месца. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыблі́жаны 1, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыблізіць.
2. у знач. прым. Які ўваходзіць у лік блізкіх да якой‑н. асобы (звычайна высокапастаўленай) людзей, карыстаецца яе даверам. Прыбліжаныя асобы. / у знач. наз. прыблі́жаны, ‑ага, м.; прыблі́жаная, ‑ай, ж. «Хто ж з тых, хто тут прысутнічае, ведае пра яе працу ў Старым Стане?.. — думала Зіна. — Усяго некалькі чалавек, прыбліжаных Языковіча». Кавалёў.
прыблі́жаны 2, ‑ая, ‑ае.
Спец. Не зусім дакладны, прыблізны. Прыбліжанае рашэнне. Прыбліжаныя вылічэнні. Прыбліжанае значэнне дробу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпільнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што.
Пільнуючы, дачакацца паяўлення каго‑, чаго‑н.; высачыць. [Тамаш:] — Я зачапіць яе не адважваўся, яна для мяне як святая была. А гэты гад прыпільнаваў, калі яна з вячорак ішла... Чарнышэвіч. «Трэба прыпільнаваць таго, хто сюды ходзіць, хоць бы прыйшлося сядзець тут да самай зімы», — падумаў Косця. Якімовіч. // перан. Дачакацца, выбраць (зручны момант, час і пад.). — Паспрабуйце дастаць добры план горада Мінска.. — Калі выпадзе зручны момант — паспрабуем. — Такі момант яны прыпільнавалі. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. Скокнуўшы, наблізіцца да чаго‑н., скачкамі дасягнуць чаго‑н.; падскочыць. Прыскочыць з кулакамі. □ — Я і нажом магу парнуць! — схапіўшы са стала нож, прыскочыў Ціток. Лобан. // Хутка прыехаць, прыбегчы. А пасля .. прыскочыў Шпулькевіч, кінуўся ў сані і пагнаў як толькі мог каня. Чорны. Тут начальнік з раёна прыскочыў: — Чаго ж ты ляжыш, Абібоча? Крапіва.
2. Падскочыць у такт чаму‑н. То прыскочыць, то прыгнецца, То рукою павядзе, Плечы ўскіне, засмяецца. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыто́ены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прытаіць.
2. у знач. прым. Тайны, скрыты; затоены. Макоўчык гаварыў з самай сур’ёзнай мінай, але Запару ў яго словах чуўся прытоены смех. Мележ. — Ну, вы жартуеце, што ўсё тут смачнае, — з прытоеным гонарам сказала гаспадыня. Арабей.
3. у знач. прым. Які тоіць у сабе што‑н.: загадкавы. На прапанову аб прызначэнні загадчыцай фермы Ганны Хведасюк сход адказаў прытоеным маўчаннем. Навуменка. Прытоеная цішыня чутка вартавала кожны гук, кожны нясмелы шолах. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прэль, ‑і, ж.
1. Тое, што сапрэла, згніло, сапсавалася пад уздзеяннем вільгаці і цяпла. Пан Зыгмусь гной дабывае і посцілкамі на сабе цягае з лесу дабро: калю[ч]кі, мох і розную прэль і гніль і раскідае на папары, бо ўвосень тут жыта сеяць будзе. Колас. Грыбы вылазяць, падымаючы на сваіх шапках пласт лясной прэлі. Чарнышэвіч.
2. Пах чаго‑н. прэлага. Міця залез пад мост — у твар патыхнула вільгаццю, прэллю. Навуменка.
3. Сухая гніль; цвіль. Яблыкі з прэллю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разгле́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
1. Паглядзець вакол сябе; прыгледзецца. Мікола ўстаў з куфра.., пачаў шарыць у цемры. Рог стала... запалкі... Запаліў адну, пасля лямпу. Разгледзеўся. Старая сядзела на зямлі, ля печы. Брыль. І тут бачу: нехта падымаецца на бераг, адтуль, ад ракі. Пастаяў вунь там, ля крайняй вярбы, разгледзеўся і ідзе, цераз плот пералазіць... Ракітны.
2. перан. Азнаёміцца з (навакольнай) абстаноўкай. Самы блізкі канкрэтны план дзеяння — не даць разгледзецца паліцаям, не даць ім апомніцца. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ру́пець, ‑піць; незак.
1. безас. каму, з інф. і без дап. Пра неадольнае жаданне рабіць што‑н.; хацецца; карцець. Кожнаму рупіла хутчэй даведацца, якую навіну прынёс з сабою Карташоў. Стаховіч. Яшчэ зірнуць з акна вагона Мне рупіць на цябе хоць раз. Смагаровіч. Міколу рупіла кінуць работу і вярнуцца да Волькі. Кандрусевіч.
2. Турбаваць, хваляваць, не даваць спакою. Лявон не баяўся таго, што яны могуць распачаць тут бойку і што будзе потым, але.. рупіла, сям’я: жонка, дзеці, бацькі. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самаздаво́лены, ‑ая, ‑ае.
Такі, які здаволены сабой, перакананы ў сваёй перавазе, годнасці і паказвае, праяўляе гэту здаволенасць. Самаздаволеныя пустасловы. □ Вейс быў недалёкі чалавек, самаздаволены, саманадзейны. Лынькоў. Сказаць так, каб гэта было папрокам самаздаволенаму Граку, які дванаццаць год старшынствуе тут, выстаўляе гэта як сваю заслугу, а слядоў гаспадарання яго не відно. Шамякін. // Які выражае здаволенасць самім сабою, сведчыць пра гэта. Было відаць, што ў .. [Дулькі] ўсё прадумана. Пачала нават выпрацоўвацца свая поза і голас — самаздаволены, з прыпынкамі «а-хм... гм...». Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
слёзка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.
1. Памянш.-ласк. да сляза (у 1, 2 і 4 знач.). Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і, слёзкі Сціраючы яму, штось пачала казаць. Багдановіч.
2. толькі мн. (слёзкі, ‑зак). Злакавая расліна з суквеццем, якое складаецца з буйных каласкоў; дрыжнік. І мядунка і герань, Слёзкі, мята, кашка! Сто букетаў назбіраць Тут за дзень няцяжка. Гілевіч. На світанні выходзіць за вёску Па іскрыстай халоднай расе, І чабор, і рамонкі, і слёзкі У прыполе дадому нясе. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)