працэс атрымання малака ад с.-г.жывёл (кароў, коз, авечак, кабыл і інш.). Малако ў вымі лактуючай жывёлы ўтвараецца бесперапынна і да пачатку чарговага Д. запаўняе альвеалярны і цыстэрнавы аддзелы, адкуль яго атрымліваюць дзякуючы рэфлексу малакааддачы, які стымулюецца абмываннем, выціраннем, масажам вымя. Дояць кароў машынным (гл.Даільная ўстаноўка, Даільны апарат) або ручным спосабам. Найб. спрыяльныя ўмовы для выдалення малака з вымя стварае машыннае Д.: адначасова выдойваюцца 4 долі вымя, павышаецца прадукцыйнасць працы, малако не забруджваецца. Звычайна карову дояць 2—3 разы на дзень. Ручным спосабам дояць авечак (1—2 разы ў суткі), коз малочных парод (2 разы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМ ((Dam) Генрык Карл Петэр) (21.2.1895, Капенгаген — 17.4.1976),
дацкі біяхімік. Чл. Каралеўскай АН Даніі. Д-р філасофіі (1934), праф. біяхіміі (1941). Скончыў Капенгагенскі політэхн.ін-т (1920). З 1923 у Капенгагенскім ун-це. З 1940 выкладаў у ЗША і Канадзе, з 1942 працаваў у Рачэстэрскім ун-це, з 1946 у Капенгагенскім політэхн. ін-це, у 1956—62 у Дацкім савеце па даследаванні тлушчаў. Навук. працы па біяхіміі стэрынаў і вітамінаў. Вынайшаў вітамін K1 (філахінон). Вызначыў, што адсутнасць вітаміну Е у рацыёне жывёл выклікае мышачную дыстрафію. Нобелеўская прэмія 1943 (разам з Э.А.Дойдзі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАСТАМЛЕ́ННЕ,
рэзкае зніжэнне ўрадлівасці глебы і ўраджайнасці с.-г. раслін пры вырошчванні монакультуры ці частай паўтаральнасці адной культуры ў севазвароце. Асн. прычыны глебастамлення: аднабаковае спусташэнне глебы, назапашванне фітапатагенных мікраарганізмаў (бактэрый, вірусаў, грыбоў), спецыфічных для кожнай культуры, развіццё беспазваночных жывёл-шкоднікаў і інш. Да асабліва моцнага глебастамлення вядзе працяглае культываванне лёну, канюшыны, цукр. буракоў і інш. Глебастамленне не ліквідуецца пры ўнясенні поўнага ўгнаення і захаванні фіз. уласцівасцей глебы. Не выклікае глебастамлення вырошчванне жыта, кукурузы, спаржы і некат. іншых раслін у монакультуры. Спосабы барацьбы з глебастамленнем: строгае захаванне севазвароту з улікам папярэднікаў, вырошчванне ўстойлівых сартоў раслін, апрацоўка пестыцыдамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯЛІТАІДЭ́І (Heliolitoidea),
падклас вымерлых каланіяльных беспазваночных жывёлкл. каралавых паліпаў. 3 атр., 8 сям., 30 родаў. Жылі ў сярэднім ардовіку — сярэднім дэвоне на мелкаводдзі амаль усіх мораў зямнога шара. На Беларусі мноства знаходак вядома з верхнесілурыйскіх адкладаў на ПдЗ (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна), значна радзей трапляюцца ў інш. рэгіёнах (паўн. схіл Бел. антэклізы).
Мелі масіўны вапняковы шкілет, які складаўся з круглых трубак (каралітаў), поласць кожнага была падзелена шматлікімі папярочнымі днішчамі; унутры 12 верт. перагародак (септаў). Паміж каралітамі знаходзіўся прамежкавы шкілет (цэненхіма) з вапняковых пузыркоў (дысепіментаў), трубачак (сіфонапораў) або верт. слупкоў (трабекулаў). Па рэштках геліялітаідэяў вызначаюць узрост палеазойскіх адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАНХО́З,
інвазійная хвароба жвачных, пры якой пашкоджваецца сычуг. Да яе ўспрымальныя авечкі, козы, буйн. раг. жывёла, многія дзікія жывёлы, зрэдку грызуны і чалавек. Узбуджальнікам геманхозу з’яўляюцца нематоды з роду Haemonchus, якія развіваюцца без прамежкавага гаспадара. Найб. пашыраны Н. contortus паразітуе ў дробных жвачных, Н. plocei — у буйн. раг. жывёлы.
Найб. заражаюцца маладыя жывёлы, асабліва ягняты ў канцы лета і восенню пры заглынанні лічынак з кормам ці вадой. Паразіты пашкоджваюць слізістую абалонку сычуга і кормяцца крывёй гаспадара. Развіваецца прагрэсіруючая анемія, парушаецца работа органаў кроваўтварэння. У хворых жывёл назіраецца прыгнечанне, паносы, схудненне, можа павышацца т-ра. Маладыя жывёлы часта гінуць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАСПАРЫ́ДЫІ (Haemosporidia),
кроваспаравікі, падатрад прасцейшых кл. спаравікоў. 10 родаў, больш як 100 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Паразітуюць у эрытрацытах або эндатэліяльных клетках сасудаў пазваночных жывёл і чалавека. Некат. выклікаюць цяжкія захворванні. Да гемаспарыдый адносяцца плазмодыі, шэраг відаў якіх — узбуджальнікі малярыі.
Цела авальнае ці круглае. Жыццёвы цыкл са зменай гаспадароў. Прамежкавы гаспадар — пазваночная жывёла або чалавек — заражаецца пры ўкусе кровасысучым насякомым (канчатковы гаспадар). Ва ўнутр. органах прамежкавага гаспадара паразіты размнажаюцца бясполым шляхам (шызаганія), потым укараняюцца ў эрытрацыты. Палавы працэс адбываецца ў арганізме насякомых, пераносчыкаў гемаспарыдый. Для чалавека найб. небяспечныя ўзбуджальнікі малярыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМО́ЛІЗ (ад гема... + ...ліз),
працэс разбурэння чырвоных крывяных цельцаў (эрытрацытаў). У арганізме чалавека і жывёл адбываецца пастаянна як фізіял. працэс гібелі эрытрацытаў, што канчаюць свой жыццёвы цыкл; можа быць паталагічным (гемалітычная хвароба, гемалітычныя анеміі і інш). Эрытрацыты, якія старэюць, і тыя, што маюць дэфекты, разбураюцца ў селязёнцы, няспелыя — у касцявым мозгу, эрытрацыты са значнымі дэфектамі — у печані. Гэта ўнутрыклетачны гемоліз, дзе асн. вытворным з’яўляецца білірубін. Каля 10% эрытрацытаў у норме разбураюцца ўнутры сасудзістага рэчышча, дзе б.ч. гемаглабіну разбураных эрытрацытаў злучаецца са спецыфічным бялком — гаптаглабінам, а лішак трапляе ў ныркі і выдзяляецца з мачой (гемаглабінурыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЛІСЕ́ЕВІЧЫ,
археалагічная стаянка эпохі палеаліту ў в. Елісеевічы Бранскай вобл. (Расія), на правым беразе р. Судасць. Адкрыў у 1930 К.М.Палікарповіч, даследавалі Л.В.Грэхава і бел. археолагі А.Дз.Будзько і Палікарповіч. У культурным пласце на глыбіні 1,2—1,3 м выяўлена вял. колькасць касцей маманта (чарапы, буйныя трубчастыя косці), верагодна, рэшткі жытлаў ці гасп. пабудоў. Знойдзены крамянёвыя прылады працы, прылады з касцей маманта, ваўка, ліса, пясца, зайца і інш.жывёл, сусветна вядомыя маст. вырабы з касцей маманта (статуэтка жанчыны, выявы рыб, пласціны са складаным геам. арнаментам). Стаянка датуецца 12 970—17 340 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНЫЯ КАРМЫ́,
надземная вегетатыўная маса кармавых раслін, якая скормліваецца жывёле свежаскошаная або на пашы. Складаюць аснову рацыёнаў жвачных жывёл і коней у летні перыяд. У якасці З.к. выкарыстоўваюць траву прыроднай і сеянай пашы, сеяныя шмат- і аднагадовыя травы (часцей бабовыя, злакавыя і іх сумесі), бацвінне караняплодаў. Арганічныя рэчывы З.к. добра ператраўляюцца жывёламі. Для раўнамернага забеспячэння жывёлы З.к. арганізуюць зялёны канвеер. Скошваюць травы ў раннія фазы развіцця раслін, калі ў іх больш пажыўных рэчываў (асабліва пратэіну), караціну, вітамінаў, мінер. рэчываў і менш. клятчаткі. На Беларусі З.к. выкарыстоўваюць больш як 5 месяцаў у год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАФЕРМЕ́НТЫ (ад іза... + ферменты),
ізаэнзімы, ферменты, што маюць каталітычную актыўнасць аднаго тыпу, але адрозніваюцца структурай, фізіка-хімічнымі і імуналагічнымі ўласцівасцямі. Выяўлены ў тканках жывёл, раслін, мікраарганізмаў. Бываюць у арганізмах аднаго тыпу (ці ў адной тканцы). Напр., з арганізма кураняці выдзелены 2 формы ферменту лактатдэгідрагеназы, адна з якіх характэрна для шкілетных мышцаў, другая — для сардэчнай мышцы. Усяго выяўлена 5 ізаформ гэтага ферменту. Набор І. (ізаферментны спектр) узнікае з прычыны генетычна абумоўленых адрозненняў для розных тканак і органаў, можа мяняцца ў працэсе антагенезу, пры паталаг. зменах тканак. Аналіз ізаферментнага спектра выкарыстоўваецца ў хемасістэматыцы і ў медыцыне для дыягностыкі некат. хвароб.