Існавала ў Віцебску ў 1870—1917. Засн. на базе Марыінскай жаночай школы (з 1863). Утрымлівалася на сродкі грамадскіх арг-цый, органаў гар. самакіравання і дабрачынныя ахвяраванні. Прымалі пераважна дачок дваран, чыноўнікаў, святароў (у 1900 было 413 навучэнак). Тэрмін навучання 7 гадоў. Выкладаліся Закон Божы, рус. мова і славеснасць, гісторыя, геаграфія, матэматыка, фізіка, франц. і ням. мовы, дамаводства, чыстапісанне, рукадзелле, маляванне, спевы, танцы. Выпускніцы не мелі права на паступленне ва ун-т з-за скарочанага аб’ёму выкладання ў гімназіі дакладных і прыродазнаўчых навук. Той, хто жадаў, мог скончыць дадатковы 8-ы (педагагічны) клас (выкладалася педагогіка, методыка навучання ў пач. класах, праводзілася пед. практыка ў пач. школах) і атрымаць атэстат настаўніцы пач. класаў. Штогод гімназія выпускала 80 чал. За гады існавання падрыхтавана каля 3 тыс. вучаніц, у т. л. 1 тыс. настаўніц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЛА́РДЫ [англ., адзіночны лік lollard ад сярэдненідэрл. lollaert(d) літар. той, хто мармыча (малітвы)],
удзельнікі сял.-плебейскага руху 14 ст. ў Англіі і некаторых інш.зах.-еўрап. краінах, які набыў рысы антыкаталіцкай ерасі. Рух Л. узнік у г. Антверпен (Нідэрланды, цяпер Бельгія) каля 1300, у Англіі пашырыўся з пач. 1360-х г. (пропаведзі Дж.Бола і інш.). Яны выступалі як вулічныя прамоўцы, адвяргалі прывілеі каталіцкай царквы, патрабавалі секулярызацыі яе маёмасці, крытыкавалі несправядлівасці феад. ладу (з хрысц. пазіцый), настойвалі на адмене паншчыны, царк. дзесяціны і інш. Л. не заклікалі непасрэдна да ўзбр. выступленняў, але адыгралі вял. ролю ў ідэалаг. падрыхтоўцы Уота Тайлера паўстання 1381 у Англіі, а Бол быў адным з яго правадыроў. Пасля падаўлення паўстання і асабліва з 1401 пачаліся жорсткія праследаванні Л., хоць іх прыхільнікі заставаліся ў Англіі да пач. 16 ст. і спрыялі падрыхтоўцы Рэфармацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДА́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. modus мера, спосаб),
функцыянальна-семантычная катэгорыя мовы, якая паказвае на спосаб перадачы адносін гаворачай асобы да выказвання і самога выказвання да рэчаіснасці. Той, хто гаворыць, ацэньвае факты і падзеі, пра якія ён гаворыць, рэальныя яны або нерэальныя, пажаданыя ці непажаданыя, магчымыя ці немагчымыя і г.д. Адрозніваюць М. аб’ектыўную (выражае адносіны выказвання да рэчаіснасці) і суб’ектыўную (выражае адносіны гаворачай асобы да зместу выказвання). У бел. мове выражаецца формамі дзеяслоўнага ладу (абвеснага, умоўнага, загаднага), асобнымі словамі («відаць», «магчыма», «напэўна» і інш.), інтанацыяй («Што за ноч!»), парадкам слоў у сказе («Так ён цябе і паслухае!» — са значэннем «наўрад ці паслухае») і інш. моўнымі сродкамі.
Літ.:
Виноградов В.В. О категории модальности и модальных словах в русском языке // Тр. Ин-та рус. яз. АНСССР. М.; Л., 1950. Т. 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙМАНІ́Д (Maimonides) Майсей (Машэ бен Майман; 30.3.1135, г. Кордава, Іспанія — 13.12.1204),
яўрэйскі ўрач, філосаф, тэолаг, кадыфікатар Галах (збору законаў). У 1148 з-за праследаванняў пакінуў Іспанію, жыў у Марока, Палесціне, з 1165 у Егіпце. У 1187 стаў прыдворным урачом каірскага султана Салах-ад-дзіна; рабін у Каіры. Упарадкаваў і растлумачыў паданні Талмуда. У 1190 у Егіпце на араб. мове апублікаваў свой гал.філас. твор «Даведнік для тых, хто сумняваецца», які неаднаразова перакладаўся і выдаваўся на іўрыце, лац., ням. і рус. мовах. У філас. творах М, як паслядоўнік Арыстоцеля, імкнуўся сінтэзаваць біблейскае адкрыццё і арабскі арыстацелізм. Яго творы паўплывалі на развіццё схаластыкі 13—15 ст., асабліва на Альберта Вялікага і Фаму Аквінскага. Прыхільнікам М. быў С.Майман.
Тв.:
Рус.пер. — Путеводитель колеблющихся // Григорян С.Н. Из истории философии Средней Азии и Ирана VII—XII вв. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКИЙ ГО́ЛОС»,
штодзённая грамадска-паліт. газета ліберальна-бурж. кірунку. Выдавалася з 1(14).11. 1909 да 29.11.1918 у Мінску на рус. мове. Асвятляла міжнар. і ўнутр. становішча Расіі, дзейнасць Дзярж. думы, грамадска-побытавыя праблемы Мінска і губерні, выкрывала нападкі газ.«Минское слово» і рас. «Нового времени» на бел.культ.-нац. рух, выступала за правы беларусаў на сваю нац. мову і культуру. Змясціла артыкул рэдактара «Нашай нівы» А.Уласава «Край з пяццю нацыянальнасцямі» пра неабходнасць мірнага супрацоўніцтва ўсіх народаў краю і развіцця іх культур. У перакладзе на рус. мову надрукавала вершы М.Багдановіча «Мая душа», Я.Купалы «Я не паэта», рэцэнзію на зб. вершаў А.Гаруна «Матчын дар» і яго верш «Хто сказаў: «І я з народам...». Прапагандавала творчасць рус. і інш. пісьменнікаў. У 1912—14 выдавала дадатак — газ. «Северо-Западная копейка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАНІМІ́Я,
моўная з’ява, якая выяўляецца пры гукавым і марфемным падабенстве слоў, што адрозніваюцца сваімі значэннямі (паронімаў). Напр., «чарнець» — «чарніць», «царыца» — «царэўна», «абагульніць» — «абагуліць»). Паронімы — пераважна аднакарэнныя словы, якія маюць марфемнае і гукавое падабенства, але выражаюць розныя сэнсавыя паняцці: «адрасат» (той, каму адрасавана паштовае адпраўленне) — «адрасант» (той, хто пасылае паштовае адпраўленне). Паранімічныя адносіны найчасцей узнікаюць паміж назоўнікамі, прыметнікамі, радзей — дзеясловамі. Значэнні паронімаў не супадаюць. Кожны з паронімаў з’яўляецца функцыянальна самастойным, можа мець сінонімы і антонімы, ніколі не можа быць заменены ў тэксце інш. кампанентам паранімічнай пары без парушэння сэнсу выказвання. У шырокім значэнні паронімы — усе блізкія па гучанні словы незалежна ад іх значэння, марфал. будовы і інш. («амплуа» — «ампула», «камічны» — «касмічны»). П. трэба адрозніваць ад паранамазіі.
Літ.:
Шуба П.П. Міжмоўная беларуска-руская аманімія і паранімія // Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАПЯЛІ́ЦА Канстанцін Іванавіч (н. 1.6.1938, с. Цішэнаўка Краснаградскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыў студыю пры Украінскім драм. т-ры імя І.Франко ў Кіеве (1965). З 1966 у Брэсцкім т-ры драмы і музыкі. Выканаўца характарных і камед. роляў. Створаныя ім вобразы вызначаюцца псіхал. абгрунтаванасцю, народнасцю: Зёлкін («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Цярэшка, Паляныца («Трыбунал», «Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Старжыцкі («Хамуціус» паводле А.Куляшова), Фядос Сыч («Укралі кодэкс» А.Петрашкевіча), Драздзюк («Наследнік» М.Матукоўскага), Франак («Грэшнае каханне» А.Дзялендзіка), Буслай, Люцень («Парог», «Купалле» А.Дударава), Мамаеў («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Манахаў («Варвары» М.Горкага), Аптымістэнка («Лазня» У.Маякоўскага), фон Кальб («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Косме («Дама-невідзімка» П.Кальдэрона), Гейгер («Перад захадам сонца» Г.Гаўптмана), Маёр («Дамы і гусары» А.Фрэдра) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТОЎН (Stone) Ірвінг (14.7.1903, г. Сан-Францыска, ЗША — 26.8.1989),
амерыканскі пісьменнік; стваральнік новага тыпу біяграфіі ў амер. л-ры. Скончыў Каліфарнійскі ун-т. Літ. дзейнасць пачаў у 1930-я г. Аўтар раманізаваных біяграфій «Прага да жыцця» (1934, пра В. ван Гога), «Марак у сядле» (1938, пра Дж.Лондана), «Абарона Кларэнс Дэроу» (1941), «Яны таксама балаціраваліся» (1943), «Эл Уорэн» (1948), «Паходжанне. Біяграфічны раман пра Ч.Дарвіна» (1980) і біягр. раманаў «Бессмяротная жонка» (1944), «Праціўнік у доме» (1947), «Жанчына прэзідэнта» (1951), «Каханне вечнае» (1954), «Пакуты і радасці» (1961, пра Мікеланджэла), «Тыя, хто любяць» (1965), «Страсці розуму» (1971, пра З.Фрэйда), «Грэчаскі скарб» (1975) і інш., адметных гіст. і псіхал. дакладнасцю.
Тв.:
Рус.пер. — Моряк в седле. Мн., 1984;
Жажда жизни. Мн., 1987;
Страсти ума, или Жизнь Фрейда. М., 1999.
Літ.:
Комаровская Т.Е. Творчество Ирвинга Стоуна. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭФАНО́ВІЧ Пятро (Пётр Францавіч; н. 28.6.1922, в. Сёмкаў Гарадок Мінскага р-на),
бел. пісьменнік, перакладчык. Скончыў Ашмянскую гімназію (1939). Працаваў на будоўлях, у 1974—84 у час. «Вожык». Друкуецца з 1941. Перакладае з польскай на бел. і рус. мовы, з бел. на польскую. На польскую мову пераклаў кн. для дзяцей «Дзе хто начуе» А.Лойкі, «Паспяшайся ў наш звярынец» П.Марціновіча, «Еду ў госці да слана» (усе 1981) і «Сцяпан — вялікі пан» (1983) А.Вольскага, «Казкі, поўныя цудаў» І.Бурсава (1982), «Верабейка ў сватах» В.Віткі (1985), бел.нар. казкі «Лісіца-хітрыца» (1982), «Удовін сын» (1983). На бел. мову пераклаў паасобныя творы Я.Бжэхвы, Я.Гушчы, В.Жукроўскага, Э.Кабаца, Ю.Озгі-Міхальскага, Я.Парандоўскага, Е.Путраманта, Т.Ружэвіча, У.Рэйманта і інш. Складальнік анталогій сучасных польскіх пісьменнікаў «Ад Буга да Одры» (1969) і «Вясёлы калейдаскоп» (1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЯПА́НАВА Альбіна Мікалаеўна (н. 11.7.1929, г. Паўлава Ніжагародскай вобл., Расія),
бел. мовазнавец. Засл. дз. нав. Беларусі (1998). Д-рфілал.н. 1979). Праф. (1981). Скончыла Горкаўскі ін-т замежных моў (1951). З 1965 у Мінскім лінгвістычным ун-це. Даследуе праблемы семантыкі, тэорыі рэферэнцыі, семантычнага і прагматычнага сінтаксісу франц. мовы, тэорыі часу і часавай прасторы таго, хто гаворыць. Аўтар кніг «Да праблемы граматычнай формы граматычнай катэгорыі» (1972), «Структура і ўзаемадзеянне форм функцыянальна-семантычнай катэгорыі акалічнасці спосабу дзеяння ў сучаснай французскай мове» (1973), «Прамарфалагічныя адзінкі французскай мовы» (1975), «Нарысы-роздумы і цытацыі пра прагмасінтаксіс французскай мовы: імя і яго дэтэрмінатывы» (2000) і інш. Сааўтар «Практыкуму па тэарэтычнай граматыцы французскай мовы» (1986), кн. «Функцыянаванне і развіццё моўных сістэм» (1990), «Актуальныя пытанні мовазнаўства і інтэнсіфікацыі выкладання замежных моў» (1993), «Вучэбныя граматыкі нацыянальных моў» (1996) і інш.