БУДАЎНІ́ЧАЯ МЕХА́НІКА,

навука аб прынцыпах і метадах разліку збудаванняў на трываласць, жорсткасць, устойлівасць і ваганні; раздзел прыкладной механікі.

Асновы будаўнічай механікі выкладзены ў 18—19 ст. у працах Л.​Эйлера, Ж.​Лагранжа, Дз.​І.​Жураўскага, У.​Р.​Шухава і інш. На розных этапах развіцця будаўнічай механікі метады разліку збудаванняў вызначаліся ўзроўнем развіцця матэматыкі, механікі, супраціўлення матэрыялаў і інш. У 2-й пал. 20 ст. выкарыстанне ЭВМ дало магчымасць укараніць эфектыўныя метады разлікаў; статыстычных выпрабаванняў, канечных элементаў, варыяцыйна-рознаснага і інш. Вельмі важныя даныя будаўнічай механікі пры ўзвядзенні сейсмаўстойлівых і вышынных будынкаў.

На Беларусі даследаванні па пытаннях будаўнічай механікі праводзіліся ў 1920-я г. ў БСГА А.​А.​Краўцовым, у 1935—41 у БПІ М.​В.​Венядзіктавым, І.​Р.​Прытыкіным, у 1938—41 у Бел. лесатэхн. Ін-це М.​М.​Рудзіцыным, вядуцца ў Бел. політэхн. акадэміі, Бел. тэхнал. ун-це, Брэсцкім політэхн. ін-це, Полацкім ун-це, Бел. ун-це транспарту, НДІ буд-ва і архітэктуры. Удасканалены метады і алгарытмы аптымізацыі расходу матэрыялаў на шарнірна-стрыжнёвыя, вісячыя і камбінаваныя сістэмы (Л.​І.​Коршун, П.​У.​Аляўдзін, Р.​І.​Фурунжыеў, І.​С.​Сыраквашка). Даследаваны пытанні статыкі і дынамікі нелінейна дэфармаваных шарнірна-стрыжнёвых і вісячых сістэм (Я.​М.​Сідаровіч), устойлівасці стрыжнёвых сістэм (А.​Ф.​Анішчанка, С.​С.​Макарэвіч, Л.​С.​Турышчаў). Праведзены статычныя разлікі рамаў, пласцін, абалонак, труб (А.​А.​Краўцоў, А.​А.​Кручкоў, Л.​Ф.​Беразоўскі, Г.​А.​Герашчанка, А.​А.​Чэча). Вырашаны шэраг кантактавых задач прыкладной тэорыі пругкасці (С.​М.​Ягалкоўскі, С.​В.​Басакоў), прапанаваны метады электроннага мадэлявання нелінейных задач будаўнічай механікі і прыкладной тэорыі пругкасці (У.​М.​Аўсянка).

т. 3, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1943,

наступальныя баі Магілёўскага партыз. злучэння супраць сістэмы ням.-фаш. гарнізонаў у Бялыніцкім, Быхаўскім, Бярэзінскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах з мэтай іх знішчэння; найбольшыя аперацыі партыз. злучэнняў у тыле ворага на тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну.

У выніку 1-й аперацыі, праведзенай у ноч на 13 крас. партызанамі 2-й і 5-й Клічаўскіх, 3-й Бярэзінскай і 6-й Магілёўскай брыгад, адначасова разгромлены гарнізоны ў в. Бахань, Глыбокі Брод, Дручаны, Журавок, Забавы, Заполле, Макаўка, Сямікаўка. У выніку 2-й аперацыі, праведзенай у ноч на 28 жн. байцамі 209-га партыз. палка імя Сталіна, асобных атрадаў 12, 28, 36, 113, 121, 122-га «За Радзіму», 152, 277, 425, 810-га ў трохвугольніку в. Паплавы — чыг. ст. Тошчыца — г.п. Бялынічы, разгромлены гарнізоны ў в. Вяшэўка і Шавярнічы, зроблены напады на ўмацаваныя гарнізоны ў в. Арэшкавічы, Гарэнічы, Падсёлы, Паплавы, ст. Нясета і Тошчыца; адначасова пасля сустрэчнага бою з партызанамі была правалена гітлераўская карная аперацыя «Іваноў». 3-ю аперацыю ў ноч на 11 вер. правялі 208-ы партыз. полк імя Сталіна і 27 атрадаў Бялыніцкай, Бярэзінскай, Быхаўскай, Клічаўскай, Круглянскай, Магілёўскай і Шклоўскай ваенна-аператыўных груп (больш за 4 тыс. чал.). Партызаны разграмілі гарнізоны ў Бялынічах (займаў ключавое становішча), каля мастоў цераз р. Друць і Аслік, у в. Малая і Вял. Машчаніца, Дашкаўка, Галоўчын, Алешкавічы, Пушча, ваен. гарадку ў в. Салтанаўка і інш.

У выніку Бялыніцкіх аперацый партызаны амаль поўнасцю вызвалілі Бялыніцкі р-н (акрамя Бялынічаў), на некалькі сутак вывелі са строю ўчасткі чыг. лініі Магілёў—Жлобін і шашы Магілёў—Мінск.

т. 3, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЧЭ́РНЯЕ НАВУЧА́ННЕ,

адна з формаў навучання моладзі і дарослых без адрыву ад вытв-сці; састаўная частка сістэмы непарыўнай адукацыі; дае магчымасць працоўным набываць агульную сярэднюю, спец. сярэднюю і вышэйшую адукацыю. Прадугледжвае правядзенне выкладчыкам рэгулярных заняткаў з навуч. групамі пастаяннага складу ў зручны для навучэнцаў нерабочы час, часцей вечарам (адсюль назва тэрміна). Першыя вячэрнія агульнаадук. пач. школы ўзніклі ў 18 ст. ў Зах. Еўропе. У 20 ст. ў сувязі з пашырэннем усеагульнага школьнага навучання вячэрняе навучанне стала выкарыстоўвацца пераважна ў прафесійнай, у т. л. вышэйшай адукацыі, павышэнні кваліфікацыі, у розных відах дадатковай адукацыі (нар. ун-ты, розныя курсы і інш.). Развіццё вячэрняга навучання на Беларусі пачалося з арг-цыі нядзельных школ (19 — пач. 20 ст.), у якіх вучыліся непісьменныя і малапісьменныя дарослыя. У 1920—30-я г. вячэрняе навучанне дапамагло ліквідаваць непісьменнасць сярод насельніцтва. Ствараліся вячэрнія школы граматы для дарослых і падлеткаў, школы для дарослых, рабочыя ф-ты і інш. У 1958 устаноўлены адзіны тып вячэрняй школы — вячэрняя (зменная) агульнаадукацыйная школа. Для атрымання сярэдняй спец. адукацыі без адрыву ад вытв-сці на Беларусі існуюць вячэрнія аддзяленні і філіялы тэхнікумаў, каледжаў і інш. Для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй праз вячэрняе навучанне ў большасці ВНУ Беларусі працуюць вячэрнія аддзяленні. Змест навучання і асн. віды заняткаў у вышэйшай і сярэдняй спец. школе адзіныя для дзённай і вячэрняй формаў навучання. У 1995/96 навуч. г. на Беларусі ў вячэрніх агульнаадук. школах займалася 20,9 тыс. чал., на вячэрніх аддзяленнях сярэдніх спец. навуч. устаноў — 1,4 тыс. навучэнцаў, на вячэрніх аддзяленнях ВНУ — 2 тыс. студэнтаў.

т. 4, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАГЕ́Н ((Gauguin) Эжэн Анры Поль) (7.6.1848, Парыж — 8.5.1903),

французскі жывапісец, графік, скульптар. У юнацтве служыў мараком, у 1871—83 — біржавым клеркам у Парыжы. З 1870-х г. пачаў самаст. займацца жывапісам, карыстаўся парадамі К.Пісаро. Працаваў у Понт-Авене (Брэтань), Арлі (разам з В. ван Гогам): «Ave Maria» (1887), «Прывід пасля пропаведзі», «Старыя дзеўкі» (абедзве 1888), «Брэтонскія могілкі» (1889). Пошукі сродкаў на існаванне і месца ў жыцці нарадзілі мару аб трапіканскай ідыліі — «майстэрні тропікаў», у 1891—94 Гаген з’ехаў на в-аў Таіці, дзе імкнуўся знайсці культурную глебу, стварыць выяўл. міфалогію астравіцян («А, ты раўнуеш?», 1892; «Таіцянскія пастаралі», 1893; «Цудоўная крыніца», 1894). Творы таго перыяду вылучаюцца непасрэднасцю, узаемапранікненнем старажытнасці і сучаснасці, рэліг. традыцый Захаду і Усходу, павышанай дэкаратыўнасцю. Пасля кароткачасовага вяртання ў Францыю (1893—95) Гаген назаўсёды пасяліўся на а-вах Акіяніі. Творчасць 2-га таіцянскага перыяду (1895—1903) набліжаецца да сімвалізму і прыводзіць Гагена і групу мастакоў, якія працавалі пад яго ўплывам (т.зв. понт-авенская школа), да ўзнікнення адмысловай жывапіснай сістэмыт.зв. «сінтэтызму» (спрашчэнне і абагульненне формаў і ліній і г.д.). Гаген імкнуўся ўвасобіць сваю утапічную мару аб жыцці чалавека ў гармоніі з прыродай, удалечыні ад цывілізаванага грамадства («Жонка караля», 1896; «Збор пладоў», 1899). Карціны Гагена падобныя на пано па плоскаснасці, дэкаратыўнасці колеру, манументальнасці кампазіцыі, абагульненасці стылізаванага малюнка, мелі рысы стылю мадэрн. Яго творчасць істотна паўплывала на майстроў групы «Набі» і жывапісцаў пач. 20 ст.

Літ.:

Даниельсон Б. Гоген в Полинезии. М.; Л., 1969;

Перрюшо А. Жизнь Гогена: Пер. с фр. М., 1989.

Н.​М.​Усава.

П.Гаген. Ave Maria. 1887.
П.Гаген. Аўтапартрэт. 1897.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАСЦЬ,

1) асаблівая прыкмета гіст. развіцця краін (нацый, саюзаў плямён і інш. утварэнняў), якія змаглі стварыць уласную дзяржаву. Існуе шэраг сімвалічных прыкмет аўтаномнай Дз. — выкарыстанне афіц. дзярж. мовы, дзярж. сімволікі (герб, гімн, сцяг), наяўнасць пэўнай сістэмы органаў улады (дзярж. апарату), формы праўлення (манархія, парламенцкая рэспубліка, прэзідэнцкая рэспубліка), формы тэр. ўладкавання (унітарная дзяржава, федэрацыя, канфедэрацыя), формы паліт. рэжыму (дэмакр., аўтарытарны, ваенны, грамадзянскі, тэакратычны і інш.). Нац. Дз. выражае рэальную здольнасць увасабляць і абараняць суверэнітэт нацыі або іншага этнасу, выкарыстоўваць паліт. ўладу для ўмацавання дэмакратыі і росту дабрабыту народа, развіцця яго культуры і мовы, абароны правоў і свабод чалавека, законных інтарэсаў прадстаўнікоў нац. меншасцей і ўсіх жыхароў дадзенага нац.-тэр. ўтварэння. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, зыходзячы з неад’емнага права народа на самавызначэнне і абапіраючыся на шматлікую шматвяковую гісторыю развіцця бел. дзяржаўнасці, замацоўвае статус краіны як унітарнай дэмакр. сац. прававой дзяржавы, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самаст. ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку, абараняе сваю незалежнасць і тэр. цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак (гл. таксама Дзяржава).

2) Уласцівасць улады, яе палітыкі, якая выражае іх сілу, незалежнасць, магутнасць і здольнасць аказваць уплыў на развіццё падзей у свеце. Вызначаецца паліт., эканам. і духоўна-ідэалаг. аўтарытэтам краіны ў свеце або рэгіёне, яе маштабам і колькасцю насельніцтва, характарам і ўздзеяннем яе палітыкі і інш. фактарамі. Абсалютызацыя гэтых прынцыпаў і ўяўленні аб выключнасці і асаблівай ролі сваёй краіны, нацыі на практыцы прыводзяць да вялікадзяржаўнасці, ігнаравання волі і інтарэсаў іншых краін і народаў, знешняй экспансіі (гл. Нацыяналізм, Шавінізм).

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКАВО́Е КІНО́,

вытворчасць і паказ кінафільмаў з гукавым суправаджэннем, зафіксаваным на фанаграме; від кінематаграфіі. Фанаграма бывае аптычная і магн., адна- і шматканальная. З дапамогай кінапраекцыйнага апарата відарыс праецыруюць на экран з адначасовым (сінхронным) узнаўленнем фанаграмы праз гучнагаварыцелі, размешчаныя за экранам (звычайнае і шырокаэкраннае кіно) або за экранам, на сцэнах і столі (шырокафарматнае, стэрэаскапічнае, панарамнае кіно, кругавая кінапанарама).

Практычныя сістэмы гукавога кіно створаны ў канцы 1920-х г. амаль адначасова ў СССР (фанаграма пераменнай аптычнай шчыльнасці, П.​Р.​Тагер у 1926; фанаграма пераменнай шырыні, А.​Ф.​Шорын у 1927), ЗША і Германіі. Пры стварэнні фільмаў звычайна гук і відарыс запісваюць паасобку з дапамогай гуказапісвальных (гл. Гуказапіс) і кіназдымачных апаратаў; часам мову, музыку, шумы і інш. запісваюць паасобку, потым аб’ядноўваюць у адну фанаграму. Выкарыстоўваюць таксама дубліраванне фільмаў, спец. гуказапіс са стварэннем гукавых эфектаў і інш.

З’яўленне гуку мела вял. значэнне ў эстэтыцы кіно, узбагаціла яго маст. палітру, выявіла новыя магчымасці драматургіі фільма і акцёрскага мастацтва. Першы сав. поўнаметражны маст. фільм з запісам гуку па сістэме Тагера — «Пуцёўка ў жыццё» (1931, рэж. М.​Эк).

У 1929 на кінастудыі Белдзяржкіно ў Ленінградзе створана гукавая лабараторыя пад кіраўніцтвам В.​Ахотнікава і А.​Машковіча. Па іх сістэме запісана бел. эксперым. гукавая праграма «Пераварот» (1930, рэж. Ю.​Тарыч), якая дэманстравалася ў першым гукавым кінатэатры рэспублікі «Чырвоная зорка» ў Мінску. У далейшым запіс гуку пры здымцы бел. стужак рабіўся па сістэмах Тагера і Шорына. Першыя бел. гукавыя маст. фільмы — «Адбітак часу» і «Баям насустрач» (абодва 1932, рэж. адпаведна Г.​Кроль і Э.​Аршанскі).

т. 5, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАПАЎНЯ́ЛЬНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП,

метадалагічны прынцып, прапанаваны Н.Борам (1927) у сувязі з неабходнасцю стварэння лагічна несупярэчлівай фіз. інтэрпрэтацыі квантавай механікі; метадалагічнае абагульненне неазначальнасцей суадносін.

Мікраскапічныя аб’екты (электроны, фатоны і інш.) у розных эксперым. умовах могуць паводзіць сябе як строга лакалізаваныя часціцы ці як хвалі. Аднак уяўленне пра суіснаванне карпускулярных і хвалевых уласцівасцей у адным і тым жа аб’екце звязана з неабходнасцю аб’яднання несумяшчальных паняццяў (напр., паняцце даўжыні хвалі ў пэўным пункце прасторы не мае сэнсу). У адпаведнасці з Д.п. пры тэарэт. апісанні мікраскапічных з’яў неабходна ўжываць 2 сістэмы макраскапічных паняццяў, бо выкарыстанне адной з іх выключае магчымасць адначасовага выкарыстання другой; абедзве ж яны аднолькава неабходныя для поўнага апісання квантава-мех. сістэм і з’яўляюцца нібыта ўзаемна дапаўняльнымі бакамі такога апісання. Бор прадэманстраваў таксама справядлівасць Д.п. ў дачыненні да апісання біял., псіхал. і сац. з’яў. З дапамогай Д.п. ўстанаўліваецца эквівалентнасць (раўназначнасць) паміж двума класамі паняццяў, што апісваюць супярэчлівыя сітуацыі ў розных сферах пазнання. У вузкім сэнсе Д.п. супадае з прынцыпам ням. фізіка В.​Гайзенберга, які адзначаў, што пры пэўнасці каардынаты мікрачасціцы мае месца нявызначанасць імпульсу і наадварот. Часам Д.п. ацэньваецца як метадалогія, толькі знешне падобная на дыялектычную, або наогул як метафізічны падыход (мех. злучэнне процілегласцей). Фізікі капенгагенскай школы (П.​Іордан, Дж.​Франк) лічылі Д.п. чыста суб’ектыўным, цалкам абумоўленым слабасцямі пазнання, звязанымі з адсутнасцю спец. сродкаў адлюстравання цэласнасцей, вымушанасцю пазнання па частках.

Літ.:

Крымский С.Б., Кузнецов В.И. Мировоззренческие категории в современном естествознании. Киев, 1983;

Дополнительность и методология научного познания // Нильс Бор и наука XX в.: Сб. науч. тр. Киев, 1988;

Мировоззренческие структуры в научном познании. Мн., 1993.

Л.​М.​Тамільчык, А.​В.​Ягораў.

т. 6, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРААЭРАМЕХА́НІКА (ад гідра... + аэрамеханіка),

раздзел механікі, які вывучае законы руху і раўнавагі вадкасцей і газаў, а таксама іх узаемадзеянне паміж сабой і з межавымі паверхнямі цвёрдых цел. Вадкасці і газы разглядаюцца як суцэльнае асяроддзе (без уліку малекулярнай будовы). Падзяляецца на тэарэт. і эксперыментальную; уключае гідрамеханіку, аэрамеханіку, газавую дынаміку, пытанні абгрунтавання эксперыментаў і выкарыстання іх вынікаў разглядаюцца ў падобнасці тэорыі і ў мадэліраванні. Вынікі даследаванняў па гідрааэрамеханіцы выкарыстоўваюцца ў ракетна-касм., авіяц. і інш. тэхніцы, пры буд-ве суднаў, турбін, гідратэхн. збудаванняў і інш.

Станаўленне гідрааэрамеханікі як навукі звязана з працамі Л.Эйлера (атрымаў ураўненні руху ідэальнай вадкасці і неразрыўнасці ўраўненне) і Д.Бернулі (устанавіў суадносіны паміж ціскам вадкасці і яе кінетычнай энергіяй; гл. Бернулі ўраўненне). У работах Ж.Лагранжа, А.Кашы, Т.Кірхгофа, Т.Гельмгольца, Дж.Стокса, М.Я.Жукоўскага, С.А.Чаплыгіна і інш. распрацаваны аналітычныя метады даследаванняў безвіхравых і віхравых цячэнняў ідэальнай вадкасці, руху цел у вадкасцях і газах і інш. Асн. дасягненне гідрааэрамеханікі 19 ст. — пераход да даследаванняў руху рэальнай (вязкай) вадкасці, які падпарадкоўваецца ўраўненням Наўе—Стокса; ням. вучоны Л.​Прандтль распрацаваў тэорыю пагранічнага слоя (1904). Тэарэт. метады гідрааэрамеханікі грунтуюцца на дакладных (ці набліжаных) ураўненнях, што апісваюць цячэнне вадкасці (газу); выкарыстанне ЭВМ дазваляе рашаць складаныя сістэмы ўраўненняў з улікам многіх фактараў.

На Беларусі праблемы гідрааэрамеханікі распрацоўваюць у Ін-це цепла- і масаабмену, Ін-це фізікі АН Беларусі, БДУ, Бел. політэхн. акадэміі.

Літ.:

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 6. Гидродинамика. 4 изд. М., 1988;

Прандтль Л. Гидроаэромеханика: Пер. с нем. М., 1949;

Седов Л.И. Механика сплошной среды. Т. 1—2. 4 изд. М., 1983—84.

Б.​А.​Калавандзін, В.​А.​Сасіновіч.

т. 5, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІНЕКАЛО́ГІЯ (ад гінека... + ...логія, галіна медыцыны, якая вывучае анатама-фізіял. асаблівасці жаночага арганізма, захворванні жаночай палавой сістэмы, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. Цесна звязана з акушэрствам.

Гінекалогія вядома са старажытнасці. Як самаст. навука склалася ў 19 ст., калі на мед. ф-тах ВНУ Зах. Еўропы пачалі выкладаць акушэрства і гінекалогіі. У Расіі першая кафедра гінекалогіі створана ў 1835 (кафедра спавівальнага майстэрства, жаночых хвароб і хвароб нованароджаных) у Імператарскім С.-Пецярбургскім клінічным ін-це павітух, у 1842 — гінекалагічнае аддз. пры акушэрскай клініцы Пецярбургскай медыка-хірург. акадэміі. Навук. акушэрства і гінекалогію развівалі Н.​М.​Амбодзік-Максімовіч, А.​Я.​Красоўскі, Г.​М.​Савельева, В.​А.​Бадзяжына, У.​І.​Кулакоў і інш.

На Беларусі першая кафедра акушэрства і гінекалогіі створана на мед. ф-це БДУ у 1923. Развіццю даследаванняў садзейнічалі працы Г.І.Герасімовіча, І.У.Дуды, В.Р.Лінкевіч, М.Ф.Лызікава, К.І.Малевіча, Л.С.Персіянінава, В.С.Ракуця, І.М.Старавойтава, Л.Я.Супрун і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, Бел. НДІ аховы мацярынства і дзяцінства, на кафедрах акушэрства і гінекалогіі мед. ін-таў. Асн. кірункі: перадпухлінныя, пухлінныя і запаленчыя захворванні маткі і прыдаткаў, парушэнні менструальнага цыкла, бясплоднасць, паталогія клімактэрычнага перыяду, праблемы планавання сям’і; гінекалагічныя захворванні дзяцей і падлеткаў, метады іх прафілактыкі і лячэння. Распрацавана методыка дыягностыкі і лячэння з дапамогай эндаскапіі, даследаваны пытанні кантрацэпцыі падлеткаў і моладзі, некат. пытанні фізіялогіі і паталогіі палавога развіцця жаночага арганізма, ранняй дыягностыкі і прафілактыкі гінекалагічных захворванняў (масавыя прафілакт. агляды жанчын і ўдасканаленне гінекалагічнай дапамогі).

Літ.:

Бодяжина В.И., Сметник В.П., Тумилович Л.Г. Неоперативная гинекология. М., 1990;

Кулаков В.И., Селезнева Н.Д., Краснопольский В.И. Оперативная гинекология. М., 1990.

І.​У.​Дуда.

т. 5, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБАЧО́Ў (Міхаіл Сяргеевіч) (н. 2.3.1931, с. Прывольнае Чырвонагвардзейскага р-на Стаўрапольскага краю, Расія),

савецкі дзярж. і паліт. дзеяч. Ген. сакратар ЦК КПСС (1985—91), прэзідэнт СССР (1990—91). Скончыў Маскоўскі ун-т (1955), Стаўрапольскі с.-г. ін-т (1967). З 1955 на камсамольскай і парт. рабоце. У 1966—68 1-ы сакратар Стаўрапольскага гаркома КПСС. З 1968 2-і сакратар, з 1970 1-ы сакратар Стаўрапольскага крайкома КПСС. У 1978—85 сакратар ЦК КПСС, у 1980—91 чл. Палітбюро (канд. з 1979). Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР (1988—89) і Вярх. Савета СССР (1989—90). Узначаліў працэс перабудовы ў СССР. Унутрыпаліт. жыццё пры Гарбачове характарызавалася паглыбленнем эканам. крызісу, нарастаючымі цэнтрабежнымі тэндэнцыямі ў саюзных рэспубліках і звязанымі з гэтым канфліктамі. Знешнепаліт. дзейнасць была накіравана на спыненне блокавага процістаяння і гонкі ўзбраенняў, ядзернае раззбраенне (дагаворы па абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў, па скарачэнні звычайных узбраенняў у Еўропе, аднабаковы мараторый СССР на выпрабаванне ядзернай зброі і інш.). Пры Гарбачове выведзены сав. войскі з Афганістана, знешнепаліт. курс КПСС і СССР садзейнічаў аб’яднанню ФРГ і ГДР, спыненню дзейнасці Арг-цыі Варшаўскага дагавора 1955, распаду сусв. сістэмы сацыялізму. Пасля спынення дзейнасці КПСС і распаду СССР (гл. Белавежскія пагадненні 1991) Гарбачоў пайшоў у адстаўку з пасад генсека ЦК КПСС і прэзідэнта СССР. Са снеж. 1991 прэзідэнт Міжнар. фонду сац.-эканам. і паліталагічных даследаванняў («Гарбачоўфонд»). Нобелеўская прэмія міру 1990.

Тв.:

Августовский путч: Причины и следствия. М., 1991;

Бел. пер. — Перабудова і новае мысленне для нашай краіны і для ўсяго свету. Мн., 1988.

М.С.Гарбачоў.

т. 5, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)