МА́РГАНЦАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

мінеральныя рэчывы, якія маюць марганец у даступным для раслін выглядзе; адзін з відаў мікраўгнаенняў. У раслінах колькасць марганцу складае дзесяцітысячныя — сотыя долі працэнта (у глебе — у сярэднім 0,085%), таму у кіслых глебах марганцу дастаткова, месцамі нават лішка. Найб. распаўсюджаным М.у. з’яўляецца сульфат марганцу MnSO4∙5H2O — крышт. парашок белага ці светла-шэрага колеру, мае 22,5% Mn, добра раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваюць звычайна на вапнавых дзярнова-падзолістых і тарфяна-балотных глебах пад цукр. буракі, азімую пшаніцу, шматгадовыя травы, гародніну. пладовыя культуры.

Р.​У.​Васілюк.

т. 10, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСА́ДА (стараж.-яўр.),

старажытнаіудзейская крэпасць каля паўд. берага Мёртвага мора ў Ізраілі. Засн. ў канцы 2 ст. да н.э. Пры Ірадзе I (73—4 да н.э.) пабудаваны палацавы комплекс і дадатковыя ўмацаванні. М. была апошняй апорай паўстанцаў у час Іудзейскай вайны 66—73. Пры раскопках у 1963—65 знойдзена шмат рэчаў матэрыяльнай культуры, у т. л. рымскія і іудзейскія манеты, гліняныя чарапкі з надпісамі фарбай, папірусы і надпісы на скуры, на якіх змешчаны гасп. запісы, пісьмы, літ.-рэліг. тэксты на стараж.-яўр., арамейскай і грэч. мовах.

т. 10, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАСТА́ЦТВА»,

штомесячны навукова-папулярны ілюстраваны часопіс. Орган Мін-ва культуры, Дзярж. к-та па кінематаграфіі, Бел. саюзаў мастакоў, кампазітараў, кінематаграфістаў і Бел. тэатр. аб’яднання. Выдаецца з 1983 у Мінску на бел. мове. Да 1992 наз. «Мастацтва Беларусі». Публікуе матэрыялы па пытаннях эстэтыкі, тэорыі і гісторыі бел. мастацтва, маст. спадчыны, асвятляе развіццё сучаснага прафес., нар. і самадзейнага мастацтва, творчасць дзеячаў мастацтва Беларусі, а таксама культ. жыццё і творчасць беларусаў замежжа і нац. меншасцей на Беларусі. Вядзе хроніку маст. жыцця рэспублікі, публікуе рэцэнзіі на новыя кнігі.

Вокладка часопіса «Мастацтва».

т. 10, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЯРА́Н (Majorana),

род кветкавых раслін сям. губакветных. Каля 6 відаў. Пашыраны пераважна ва Усх. Міжземнамор’і. Стараж. культура М. садовы (M. hortensis) вырошчваецца ў Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Паўд. Азіі, Еўропе, у т. л. на Беларусі.

М. садовы ў культуры аднагадовая расліна выш. 20—50 см. Сцёблы прамыя, галінастыя. Лісце дробнае, шараватае, падоўжана-авальнае са шматлікімі залозкамі. Кветкі дробныя, белыя, ружовыя або чырванаватыя, у кароткіх коласападобных суквеццях. Плод — арэшак. Лісце і кветкі маюць 0,3—0,4% эфірнага алею, іх ужываюць як прыправу, у кансервавай і лікёра-гарэлачнай прам-сці. Лек., харч., меданосная расліна.

Маяран.

т. 10, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖРАДКО́ВАЯ АПРАЦО́ЎКА ГЛЕ́БЫ,

агратэхнічны прыём догляду за раслінамі ў перыяд іх вегетацыі — рыхленне глебы і падразанне пустазелля ў міжрадкоўях прапашных культур, пладова-ягадных і інш. насаджэнняў. Звычайна праводзяць культыватарамі. Колькасць, глыбіня і характар апрацовак залежаць ад біял. асаблівасцей культуры, забруджанасці пасеваў, глебава-кліматычных і метэаралагічных умоў. Можа спалучацца з акучваннем, падкормкай раслін, наразаннем барознаў для паліву, унясеннем пестыцыдаў, пасевам аднагадовых культур, сідэратаў і інш. у міжрадкоўях шматгадовых раслін. Паляпшае паветр. і водны рэжымы глебы, актывізуе карысную мікрафлору глебы і жыўленне раслін, садзейнічае барацьбе з пустазеллем, шкоднікамі, хваробамі.

т. 10, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛАДАВА,

вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе г. Пінск — в. Моталь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад г. Іванава, 152 км ад Брэста, 24 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 949 ж., 443 двары (1999). Цагельны з-д. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. У канцы 18 — пач. 20 ст. тут існаваў Моладаўскі палац. Помнікі архітэктуры — Свята-Вазнясенская царква (канец 18 ст.) і Моладаўская капліца. Гл. таксама Моладаўскі звон.

т. 10, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й ПРЫРО́ДЫ І ЭКАЛО́ГІІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Засн. ў 1991 у Мінску на базе аддзела прыроды Нац. музея гісторыі і культуры Беларусі. Мае больш за 40 тыс. экспанатаў (1999). Пл. экспазіцыі 350 м². У 6 тэматычных залах (мінералагічны, феналагічны, аховы прыроды, рэкі, азёры, лес) экспанаты расказваюць аб прыродных багаццях, эвалюцыі жывёльнага і расліннага свету ад старажытнасці да нашых дзён. Вядзе н.-д. работу па ацэнцы сучаснага стану прыроды, стварае па ім банк даных (калекцыі расліннага, жывёльнага свету, мінералагічная, палеанталагічная), прапагандуе экалагічныя веды.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫСЛІ́ЎСКІ ((Myśliwski) Веслаў) (н. 25.3.1932, в. Дзвікозы каля г. Сандамір, Польшча),

польскі пісьменнік. Скончыў Люблінскі ун-т (1956). У раманах «Голы сад» (1967, экранізацыя «Праз дзевяць мастоў», 1972), «Палац» (1970, экранізацыя 1979), «Камень на камень» (1984, экранізацыя 1995), «Далягляд» (1996) паказаны сял. культура як арган. частка нац. культуры, вясковы свет як свет сапраўдных каштоўнасцей. Аўтар драм «Злодзей» (1973), «Ключнік» (1978), «Дрэва» (1989). Для яго твораў характэрны філас.-міфалагічнае асэнсаванне рэчаіснасці, паэтычнасць, метафарычнасць, прытчавасць.

Тв.:

Рус. пер — Камень на камень. М., 1987.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 11, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЖА́,

вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на р. Ловаць, на аўтадарозе, якая злучае вёску з г. Гарадок. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 42 км на ПнУ ад горада і 39 км ад чыг. ст. Гарадок, 75 км ад Віцебска. 529 ж., 224 двары (1999). Лясніцтва, сепаратарны пункт Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі паселішча (3-е тыс. да н.э.) і 2 курганныя могільнікі.

т. 11, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУ́МАЎ (Валянцін Сцяпанавіч) (н. 12.3.1937, Мінск),

бел. спартсмен і трэнер (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту СССР (1969), засл. трэнер Беларусі (1971). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1964). У 1974—96 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту. Чэмпіён Еўропы на байдарцы-адзіночцы на дыстанцыях 500, 1000 м і ў эстафеце 4 × 500 м (1957, г. Гент, Бельгія). Чэмпіён СССР на дыстанцыях 1000 м (1957, 1958, 1959), 10 000 м (1961). Сярод выхаванцаў чэмпіён свету Л.​Дзеравянка, чэмпіён СССР А.​Навумаў.

А.А.Навумаў.

т. 11, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)