ПРЭ́ЛАГ ((Prelog) Уладзімір) (23.7.1906, г. Сараева, Боснія і Герцагавіна — 7.1.1998),
швейцарскі хімік-арганік. Замежны чл.Рас.АН (1966). Скончыў Пражскі тэхнал.ін-т (1928). У 1935—41 у Заграбскім ун-це. З 1942 у Вышэйшай тэхн. школе ў Цюрыху ў лабараторыі арган. сінтэзу (з 1950 праф., з 1957 заг. лабараторыі). Навук. працы па стэрэахіміі і сінтэзе складаных арган. злучэнняў, у т. л. антыбіётыкаў. Сінтэзаваў адамантан (1941), шэраг макрацыклічных кетонаў з 7—18 атамамі вугляроду ў цыкле (1947—50). Сфармуляваў правіла аб пераважнай канфармацыі аптычна актыўных рэчываў у хім. рэакцыях (правіла П.; 1953). Адзін з аўтараў сучаснай стэрэахім. наменклатуры. Нобелеўская прэмія 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІПАНІ́ЧНЫ (Віталь Мікалаевіч) (н. 2.3.1937, г.п. Ніжнія Серагозы Херсонскай вобл., Украіна),
бел. хімік-арганік. Д-рхім.н. (1994). Скончыў БДУ (1959). З 1959 у Ін-це фізіка-арган. хіміі, з 1974 у Ін-це біяарган. хіміі АН Беларусі. З 1995 у Бел.пед. ун-це. Навук. працы па хіміі кортыкастэроідаў і сінт. аналагаў стэроідаў. Адкрыў новую групу гетэрацыклічных аналагаў стэроідаў і сінтэзаваў шэраг біялагічна актыўных злучэнняў гэтай групы.
Тв.:
Синтез и биологическая активность производных 8,16-диазастероидов (у сааўт.) // Докл.АНСССР. 1978. Т. 240, № 3;
Полный синтез 8-аза-16-оксастероидов (у сааўт.) // Докл.АНБССР. 1978. Т. 22, № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСЕ́ЦКІ (Сцяпан Сцяпанавіч) (н. 21.8.1949, в. Аляксейкі Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-ртэхн.н. (1992), праф. (2000). Скончыў Бел.тэхнал.ін-т (1971). З 1971 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац.АН Беларусі (з 1992 г.заг. лабараторыі). Навук. працы па тэхналогіі і матэрыялазнаўстве палімераў і кампазітаў. Распрацаваў тэхналогію атрымання новых кампазітных матэрыялаў на аснове палімераў, якія знайшлі выкарыстанне ў машынабудаванні. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1975.
Тв.:
Точные пластмассовые детали и технологин их получения. Мн., 1992 (у сааўт.);
К оценке влияния модификаторов на межфазные взаимодействия в полимерных смесях // Весці АН Беларусі. Сер. хім.навук. 1992. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́ВІН (Захар Аляксандравіч) (28.8.1905, г. Магілёў — 11.8.1981),
расійскі хімік. Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1928) і працаваў у ім з 1931. З 1939 праф. Маскоўскага хіміка-тэхнал. ін-та, у 1941—45 — упаўнаважаны па хіміі Дзярж.к-та абароны. З 1946 у Маскоўскім тэкст. ін-це. Навук. працы па хіміі высокамалекулярных злучэнняў. Даследаваў умовы і кінетыку полімерызацыі капралактаму (разам з І.Л.Кнунянцам). Распрацаваў метады сінтэзу вытворных цэлюлозы, якія дазваляюць уводзіць у макрамалекулу функцыян. групы любых тыпаў (1930—50), а таксама метады хім. мадыфікацыі цэлюлозных і сінт. валокнаў для атрымання матэрыялаў з вогнеахоўнымі, бактэрыцыднымі, масла- і воданепрымальнымі і інш. ўласцівасцямі. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1950, 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫЯ ПРЭПАРА́ТЫў медыцыне,
хімічныя злучэнні, якія ўтрымліваюць у сваіх малекулах радыеактыўныя нукліды. Уласцівасці Р.п. вызначаюцца ўтрыманнем у іх радыенуклідаў, здольнасцю самаадвольна распадацца з выпусканнем іанізавальнага выпрамянення. Радыенукліды выпраменьваюць у вызначаным спектры, абумоўліваюць мінім. прамянёвую нагрузку, адлюстроўваюць стан органа, што даследуецца. Р.п. выбіраюць з улікам іх фармакадынамічных і ядзерна-фіз. уласцівасцей. Фармакадынаміку прэпарата вызначае хім. злучэнне, на аснове якога ён сінтэзаваны. Магчымасці рэгістрацыі радыеактыўнасці рэчыва залежаць ад тыпу распаду радыенукліда. У мед. радыялогіі і анкалогіі Р.п. выкарыстоўваюцца для дыягностыкі і лячэння розных захворванняў, найб. часта — Р.п. тэхнецый 99mTc-альбумін, 99mTc-мечаныя эрытрацыты, 99mTc-калоід (тэхніфіт), ксенон 133Xe, самарый, 18Sm-самарын-оксабіфор і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУМО́ВІЧ (Анатоль Навумавіч) (30.9.1936, г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.7.1987),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі і генетыкі. Д-рбіял.н. (1973), праф. (1974). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1959). З 1963 у сектары геранталогіі АН Беларусі (з 1971 заг. лабараторыі), з 1975 у БДУ, з 1980 у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі. Навук. працы па біялогіі старэння жывых арганізмаў, фізіка-хім. уласцівасцях сасудзістых і мітахандрыяльных скарачальных бялкоў, малекулярных механізмах энергет. абмену.
Тв.:
Биоэнергетические процессы и старение организма. Мн., 1972;
Введение в экспериментальную геронтологию. Мн., 1975 (разам з Т.Л.Дубінай);
Биоэнергетические процессы при гетерозисе. Мн., 1991 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАК (лац. cancer),
злаякасная пухліна, якая развіваецца з эпітэліяльных тканак (скура, слізістыя абалонкі, залозістая тканка і інш.). Пашыраная форма ў мужчын — Р. лёгкіх, у жанчын — Р. малочнай залозы. З узростам частата Р. павялічваецца. Паводле сучасных уяўленняў, ракавыя клеткі ўзнікаюць у арганізме пастаянна, але знішчаюцца сістэмай проціпухліннай аховы. Ва ўзнікненні Р. найб. значэнне маюць генет. фактары, хім. і фіз. канцэрагены, таксама стан псіхікі (напр., пры канцэрафобіі — боязі ўзнікнення Р.). Пасля Чарнобыльскай аварыі на Беларусі вырасла захваральнасць на Р. шчытападобнай залозы (ад уздзеяння радыеактыўнага ёду). Скорасць прагрэсіравання Р. залежыць ад спеласці ракавых клетак. Лячэнне хірург., прамянёвымі, хіміятэрапеўт. або спалучанымі метадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНЫ РУХАВІ́К,
разнавіднасць рэактыўнага рухавіка, дзе ў якасці рабочага цела выкарыстоўваюцца толькі тыя рэчывы і крыніцы энергіі, што ёсць на рухомым апараце (лятальным, наземным, падводным). Калі ў рухавіку выкарыстоўваецца паветра, што забіраецца з навакольнага асяроддзя, ён наз.паветрана-рэактыўным рухавіком.
Паводле віду энергіі, якая пераўтвараецца ў кінетычную энергію рэактыўнага струменя, адрозніваюць хімічны ракетны рухавік, электрычны ракетны рухавік, ядзерны ракетны рухавік, а таксама гібрыдны ракетны рухавік (разнавіднасць хім. Р.р.). Ва ўсіх Р.р. рэактыўная цяга ствараецца за кошт рабочага цела, у хімічных — крыніцы энергіі і рабочага цела сумешчаны ў ракетным паліве. Для ядз. і эл. Р.р. характэрны раздзельныя паасобныя крыніцы энергіі і рабочага цела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КУЦЬ (Віталь Сцяпанавіч) (н. 1.10.1928, в. Падлессе Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-рмед.н., праф. (1977). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1953). З 1961 у Гродзенскім мед. ін-це (з 1967 заг. кафедры). Навук. працы па асаблівасцях працякання цяжарнасці і родаў пры артэрыяльнай гіпатаніі, позніх гестозах, перыяду пасля кесарава сячэння, па ўскладненнях цяжарнасці і гінекалагічных захворваннях у работніц хім. прадпрыемстваў.
Тв.:
Физиология беременности и диспансерное наблюдение беременных женщин (разам з Т.Ю.Ягоравай, А.А.Высоцкім) // Дуда И.В., Дуда В.И. Клиническое акушерство. Мн., 1997;
Артериальная гипотония у беременных и рожениц. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЗУС-ФА́КТАР, Rh-фактар,
адзін з антыгенаў, які ёсць у эрытрацытах чалавека і малпы макака-рэзус. Выяўлены ў 1940 К.Ландштайнерам і аўстр. вучоным А.Вінерам у крыві людзей з дапамогай сывараткі жывёл, імунізаваных эрытрацытамі макакі-рэзуса (адсюль назва). Паводле хім. прыроды — ліпапратэід. Перадаецца ў спадчыну і застаецца нязменным на працягу жыцця. Р.-ф. ў еўрапеоідаў назіраецца ў 85%, у мангалоідаў — 99%. Па наяўнасці або адсутнасці Р.-ф. вылучаюць рэзус-станоўчыя і рэзус-адмоўныя арганізмы. Пры пераліванні рэзус-адмоўным асобам рэзус-станоўчай крыві або пры рэзус-канфліктнай цяжарнасці (маці — рэзус-адмоўная, плод — рэзус-станоўчы) магчымы ўскладненні (напр., гемалітычная хвароба нованароджаных).