А́КСЕЛЬРОД (Axelrod) Джуліус (н. 30.5.1912, Нью-Йорк),

амерыканскі вучоны ў галіне фізіялогіі і фармакалогіі. Чл. Нац. АН ЗША (1971).Д-р філасофіі (1955). Скончыў Нью-Йоркскі ун-т (1935), дзе працаваў у 1933—49. З 1949 у Нац. ін-це здароўя, з 1955 заг. аддзела Ін-та псіхічнай гігіены (г. Бетэсда). Навук. працы па абмене норадрэналіну, выявіў асн. шляхі яго інактывацыі. Даследаваў ролю парушэнняў абмену катэхаламінаў у патагенезе гіпертаніі і некат. захворванняў нерв. сістэмы. Нобелеўская прэмія 1970 (з Б.Кацам і У.С.Эйлерам).

В.​Ф.​Ермакоў.

т. 18, кн. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НАЎ Генадзь Іванавіч (н. 29.12.1961, г. Калінкавічы Гомельскай вобл.),

расійскі вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1999), палкоўнік мед. службы (2000). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію імя Кірава (С.-Пецярбург, 1985). З 1988 у 3-м Цэнтр. ваен. клінічным шпіталі (г. Краснагорск Маскоўскай вобл.), з 1991 нач. аддзялення нейрасасудзістай хірургіі. У 1995 удасканальваў навучанне ў Лондане (Англія) і ў нейрахірург. цэнтры Каліфарнійскага ун-та ў Сан-Францыска (ЗША). Навук. працы па нейрасасудзістай хірургіі.

Тв.:

Хирургическое лечение ишемического инсульта. М., 2001 (у сааўт.).

Б.​Д.​Далгатовіч.

т. 18, кн. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РАД (Murad) Ферыд (н. 14.9.1936, г. Уайтынг, ЗША),

амерыканскі вучоны ў галіне фармакалогіі. Д-р філасофіі (1965). Скончыў Кліўлендскі ун-т (1965). З 1971 дырэктар Цэнтра навук. даследаванняў, адначасова праф. (з 1975) Віргінскага ун-та (г. Шарлатсвіл). У 1981—89 праф. Станфардскага, з 1988 Чыкагскага ун-таў. Навук. працы па вывучэнні ролі аксіду азоту ў кардыяваскулярнай сістэме. Выявіў, што ў арганізме аксід азоту выдзяляецца пры распадзе нітрагліцэрыны, і дапусціў, што менавіта ён расшырае крывяносныя сасуды. Нобелеўская прэмія 1998 (з Р.Фурхгатам і Л.Ігнарай; гл. Дадатак).

Ф.Мурад.

т. 18, кн. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НЬКІНА (па мужу Зубарэнка) Аляксандра Юр’еўна

(н. 2.1.1972, г. Быхаў Магілёўскай вобл.),

бел. спартсменка (веславанне акад.). Майстар спорту Беларусі міжнар. кл. (1995). Засл. майстар спорту Беларусі (1997). Скончыла вучылішча алімп. рэзерву (1992), Акадэмію фіз. выхавання і спорту Беларусі (1999). З 1992 спартсмен-інструктар Мін-ва спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. З 2001 метадыст і трэнер ФСТ «Спартак» па веславанні акад. у дзіцяча-юнацкай спарт. школе па водных відах спорту. Бронз. прызёр XXVI Алімп. гульняў (1996, г. Атланта, ЗША) у складзе васьмёркі.

А.​А.​Дубовік.

А.Ю.Панькіна.

т. 18, кн. 1, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМО́Н (Ramon) Ілан (20.6.1954, г. Рамат-Ган, Ізраіль — 1.2.2003),

першы касманаўт Ізраіля. Палкоўнік ВПС. Бакалаўр навук па электроніцы і камп’ютэрнай тэхніцы. Скончыў лётную школу ВПС (1974), Тэль-Авіўскі ун-т (1987). У 1990—94 камандзір эскадрыллі, нач. упраўлення ў штабе ВПС Ізраіля. З 1998 у Касм. цэнтры імя Л.​Джонсана (ЗША). 16.1—1.2.2003 здзейсніў (як спецыяліст па карыснай нагрузцы) палёт у складзе экіпажа касм. карабля «Калумбія». Загінуў у выніку катастрофы пры вяртанні на Зямлю. У космасе правёў 15,9 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 18, кн. 1, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЫ́ГЛЕР (Stigler) Джордж Джозеф (17.1.1911, Рэнтан, прыгарад г. Сіэтл, ЗША — 2.12.1991),

амерыканскі эканаміст; адзін з прадстаўнікоў чыкагскай школы. Д-р навук (1938). Скончыў Вашынгтонскі ун-т (1931). З 1936 выкладаў ва ун-тах иггата Аява, Калумбійскім (1947—57) і Чыкагскім (1958—91). Даследаваў прамысл. структуры, дзярж. рэгуляванне эканомікі і функцыянаванне рынкаў. Аўтар падручніка «Тэорыя цаны» (1947), прац «Падзел працы абмяжоўваецца памерамі рынку» (1951), «Эканомія на маштабах вытворчасці» (1958), «Тэорыя алігаполіі» (1964), «Паводзіны прамысловых цэн» (1968, з Дж.​Кіндалам) і інш. Нобелеўская прэмія 1982.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 18, кн. 1, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́РТВЕЛ (HartweU) Леланд (н. 30.10.1939),

амерыканскі вучоны ў галіне малекулярнай біялогіі. Чл. Нац. АН ЗША (1987). Д-р філасофіі (1964). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1961). З 1965 у Каліфарнійскім, з 1968 у Вашынгтонскім ун-тах, адначасова (з 1997) прэзідэнт і дырэктар Цэнтра па даследаванні раку (г. Сіэтл). Навук. працы па праблемах анкалогіі. Адкрыў спецыфічны клас генаў, якія кантралююць клетачны цыкл. Увёў паняцце «чэк-пойнт» — кантрольны пункт, у якім клетачны цыкл прыпыняецца для геннай праверкі. Нобелеўская прэмія 2001 (з П.Нёрсам і Т.Хантам; гл. Дадатак).

В.​Ф.​Ермакоў.

Л.Хартвел.

т. 18, кн. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

журы́

(фр. jury)

1) група спецыялістаў-экспертаў на конкурсе, спаборніцтве, выстаўцы, якая вызначае ступень майстэрства ўдзельнікаў і прысуджае прэміі і ўзнагароды;

2) калегія прысяжных (непрафесіянальных суддзяў), якія ўдзельнічаюць у разглядзе крымінальных і грамадзянскіх спраў у Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША і некаторых іншых краінах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сі́ндык

(гр. syndikos = абаронца)

1) абаронца, адвакат у судзе ў Стараж. Грэцыі;

2) старшыня гільдыі ў радзе заходнееўрапейскіх краін перыяду сярэдневякоўя;

3) прадстаўнік якой-н. установы, абшчыны ці карпарацыі ў некаторых сучасных краінах (напр. у Італіі, Швейцарыі, ЗША), упаўнаважаны на вядзенне спраў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЛІ́ГА НА́ЦЫЙ (англ. League of Nations, франц. Société des Nations),

першая ў гісторыі міжнар. арганізацыя па развіцці супрацоўніцтва паміж народамі і забеспячэнні міру і бяспекі ў свеце; існавала ў 1919—46. Утворана пасля 1-й сусв. вайны па ініцыятыве тагачаснага прэзідэнта ЗША Т.В.Вільсана на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. Яе Статут быў уключаны ў Версальскі мірны дагавор 1919 і інш. дагаворы Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Заснаванне Л.Н. было спробай стварэння сістэмы калект. бяспекі. Першапачаткова членамі сталі 42 дзяржавы, у лік якіх уваходзілі краіны, што ўдзельнічалі ў вайне на баку Антанты або далучыліся да яе (апрача ЗША і Хіджаза) і 13 запрошаных нейтральных дзяржаў. ЗША не ўвайшлі ў Л.Н., але іх прадстаўнік удзельнічаў у пасяджэннях у якасці назіральніка. Пазней, у 1920—34, у склад Л.Н. прынята яшчэ 21 дзяржава, у т. л. Германія (1926) і СССР (1934). У 1926—42 з Л.Н. выйшлі 16 краін, у т. л. Бразілія (1926), Германія (1933), Японія (1933), былі выключаны Італія (1937, за вайну супраць Эфіопіі) і СССР (снеж. 1939, за вайну супраць Фінляндыі). Кіруючымі органамі Л.Н. (знаходзіліся ў г. Жэнева) былі: Асамблея (уключала ўсіх членаў, збіралася штогадова), Савет і пастаянна дзеючы Сакратарыят на чале з ген. сакратаром (Э.​Друманд у 1919—33; Ж.​Авенал у 1933—46). Савет Л.Н. складаўся з 5 пастаянных членаў (Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Японія; месца, што было прадугледжана Статутам для ЗША, заставалася незанятым) і 4 непастаянных, што выбіраліся Асамблеяй на азначаны тэрмін. У 1926 пастаянным членам Савета стала Германія. Пазней у складзе і колькасці членаў Савета таксама адбываліся змены. Пры Сакратарыяце Л.Н. дзейнічалі аўт. органы: Міжнар. арг-цыя працы, Пастаянная палата міжнар. правасуддзя і інш. Усе рашэнні Асамблеі і Савета, акрамя працэдурных пытанняў, прымаліся толькі пры ўмове аднагалосся, што абумовіла бяссілле Л.Н. пры вырашэнні міжнар. спрэчак і канфліктаў. Статут Л.Н. прадугледжваў абмежаванне ўзбраенняў, узаемную гарантыю тэр. цэласнасці членаў лігі, вырашэнне спрэчак паміж дзяржавамі трацейскім разглядам, калектыўныя захады (эканам. і ваен. санкцыі) супраць агрэсараў. Ліга займалася большасцю актуальных у перыяд яе дзейнасці паліт. праблем, у т. л. спрэчкай Літвы і Польшчы за Вільню (1920), пагранічнымі спрэчкамі Албаніі з Грэцыяй і Югаславіяй (1921). Мацнейшыя дзяржавы Еўропы (Вялікабрытанія, Францыя і інш.) карысталіся механізмамі Л.Н. для ажыццяўлення свайго эканам. і паліт. панавання ў свеце, барацьбы з рэв. і нац.-вызв. рухамі. У першыя гады існавання Л.Н. была адным з цэнтраў дзейнасці супраць бальшавізму ў Расіі. Прадугледжаная Статутам Лігі мандатная сістэма дазволіла дзяржавам-пераможцам у 1-й сусв. вайне (Вялікабрытанія, Францыя і інш.) пад выглядам мандатных тэрыторый фактычна падзяліць паміж сабой б. калоніі Германіі і некаторыя тэрыторыі б. Асманскай імперыі. У той жа час Л.Н. аказалася няздольнай перашкодзіць захопу Недждам Хіджаза (1925), спыніць агрэсію Японіі супраць Кітая (з 1931), Італіі супраць Эфіопіі (1935—36) і Албаніі (1939), прадухіліць анексію Германіяй Аўстрыі (1938) і расчляненне Чэхаславакіі (1938—39) і, у рэшце рэшт, прадухіліць развязванне Германіяй у вер. 1939 2-й сусв. вайны. З канца 1939 дзейнасць Л.Н. фактычна спынілася, фармальна яна ліквідавана ў крас. 1946 рашэннем спец. Асамблеі. Вопыт Л.Н. быў выкарыстаны пры стварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Літ.:

Афанасьева О. Краткий очерк истории Лиги Наций. [М.], 1945;

Илюхина Р.​М.​Лига Наций, 1919—1934. М., 1982.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 9, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)