ВА́ЙСКАЯ, Войская,
вёска ў Беларусі, у Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калект. сялянскага аб’яднання «Колас». За 13 км на З ад г. Камянец, 59 км ад Брэста, 19 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 938 ж., 295 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Помнік архітэктуры — царква Раства Багародзіцы (1751—75). Каля вёскі курганны могільнік дрыгавічоў (10—12 ст.).
т. 3, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕЛЬБЕ́РГ (Руф Эрнеставіч) (псеўд. Аляксандраў, Дубровін, Карпаў, Хахракоў; 1860, г. Уладзімір, Расія — 1927 ?),
нарадаволец. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. Уваходзіў у нарадавольніцкую групу М.П.Андрэева ў Маскве. З 1881 у Вільні, удзельнічаў у заснаванні Віленскай цэнтр. групы, якая ўзначаліла Паўн.-Зах. арг-цыю «Народнай волі». Вёў прапаганду сярод сялян, наладжваў сувязі з рэв. арг-цыямі Польшчы і Прыбалтыкі. У 1882 арыштаваны і сасланы ва Усх. Сібір. У 1924 жыў у Казані.
т. 1, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРО́ШЧАННЕ ў мовазнаўстве,
марфалагічны працэс; знікненне межаў паміж марфемамі, у выніку чаго з дзялімай асновы атрымліваецца недзялімая. Напр., бел. «воблака» <*ob=vlakъ<*ob=volkъ. Апрошчанне — частая з’ява пры запазычанні: бел. «варштат» < польск. warsztat < ням. Werkstatt ням. Werk ‘праца’ + Stätte ‘месца’. З апрошчваннем звязаны працэс дээтымалагізацыі і страты сувязі паміж роднаснымі словамі (бел. «трава — атрута», рус. «нож — заноза») і фузійны тып далучэння марфем (гл. Фузія). Тэрмін прапанаваны В.А.Багародзіцкім.
А.А.Кожынава.
т. 1, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКАЯ АКРУ́ГА,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—27. Утворана 17.7.1924. Цэнтр г. Барысаў. Пл. 11,8 тыс. км², нас. 370,3 тыс. чал. (1925). Уключала 9 раёнаў (Барысаўскі, Бягомльскі, Бярэзінскі, Зембінскі, Крупскі, Лепельскі, Плешчаніцкі, Халопеніцкі, Чарэйскі), 2 гарады, 7 мястэчак, 107 сельсаветаў. Акруговая газ. «Вясковая праўда». Скасавана 12.4.1927 у сувязі з узбуйненнем акруг у рэспубліцы: большасць раёнаў перададзены ў Мінскую, астатнія ў Полацкую (Лепельскі р-н) і Аршанскую (Чарэйскі р-н) акругі.
т. 2, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВУ́ША,
вёска ў Беларусі, у Столінскім раёне Брэсцкай вобл., на р. Гарынь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на ПнУ ад Століна, 253 км ад Брэста, 15 км ад чыг. ст. Гарынь. 3135 ж., 1023 двары (1995). Малое прадпрыемства па вырабе скур. Сярэдняя школа, 2 б-кі, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Арх. помнік — Троіцкая царква (1905). Каля вёскі — гарадзішча-сховішча 10—11 ст.
т. 2, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНО́СІН ТЭО́РЫЯ,
раздзел фармальнай логікі, дзе разглядаюцца агульныя ўласцівасці адносін і законы, якім яны падпарадкоўваюцца. Распрацавана А. дэ Морганам, Ч.С.Пірсам і Э.Шрэдэрам. Асн. кірунак — вылічэнне адносін, блізкае да тэорыі класаў; даследаванне сувязі паміж адносінамі і аперацыі над імі, устанаўленне законаў, пры дапамозе якіх з адных адносін можна вывесці другія. У матэм. логіцы адносін тэорыя звязана з вывучэннем уласцівасцяў і вылічэннем прэдыкатаў, адносін тоеснасці, роўнасці, прыналежнасці элемента да пэўнага класа аб’ектаў і інш.
т. 1, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЯДНА́НАЯ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ БЕЛАРУ́СІ (АДПБ),
партыя ліберальна-дэмакр. кірунку. Утворана ў 1990. Кіруючыя органы — рада і выканаўчы к-т. Мэта дзейнасці АДПБ — стварэнне грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы, заснаваных на прыярытэце агульначалавечых каштоўнасцяў, плюралізме ва ўсіх галінах грамадскага развіцця. Выступае з пазіцый развіцця прыватнай уласнасці і рыначных адносін у эканоміцы, станаўлення незалежнай дзяржавы Беларусь, падтрымлівае сувязі і супрацоўнічае з усімі грамадска-паліт. арг-цыямі, партыямі і рухамі некамуніст. арыентацыі незалежных дзяржаў СНД і краін Еўропы.
т. 1, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЯР’Я́НАЎ (Валяр’ян Якаўлевіч) (н. 13.8.1919, г. Уладзімір, Расія),
бел. вучоны ў галіне радыётэхнікі і радыёэлектронікі. Д-р тэхн. н. (1964), праф. (1968). Ганаровы чл. Міжнар. Акадэміі прыкладной радыёэлектронікі (1994). Засл. рацыяналізатар Беларусі (1967). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў сувязі (1942). З 1954 у Мінскім вышэйшым інж. радыётэхн. вучылішчы, з 1976 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Распрацаваў тэорыю і практычнае выкарыстанне разнесеных радыёлакацыйных станцый і сістэм.
Тв.:
Разнесенные радиолокационные станции и системы. Мн., 1978.
т. 1, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАТЫ́ЧНАЯ ТЭЛЕФО́ННАЯ СТА́НЦЫЯ (АТС),
комплекс тэхнічных сродкаў для аўтам. камутацыі каналаў сувязі тэлефоннай сеткі. У залежнасці ад ролі і месца АТС адрозніваюць мясцовыя (устаноўча-вытворчыя, гар. і сельскія), міжгароднія і міжнар. АТС, а таксама тэлефонныя вузлы. Паводле тыпу камутацыйных прылад бываюць: дэкадна-крокавыя (пабудаваныя ў канцы 19 ст.), каардынатныя (1920-я г.), квазіэлектронныя (1960-я г.), электронныя (1970-я г.), з 1980-х г. — лічбавыя АТС (электронныя АТС з перадачай лічбавых сігналаў).
М.А.Баркун.
т. 2, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАХТО́ННЫЯ КУ́ЛЬТЫ,
спрадвечныя рэліг.-магічныя культы карэннага насельніцтва краіны. Вызначэнне ўзнікла ў сувязі з неабходнасцю адрозніваць мясц. самабытныя культы ад іх сінкрэтызаваных з сусветнымі рэлігіямі мадыфікацый. Аўтахтонныя культы ўключаюць татэмістычныя, фетышысцкія, анімістычныя вераванні (гл. Татэмізм, Фетышызм, Анімізм), сістэму племянных ініцыяцый, культ продкаў, культы правадыроў і абагаўлёных цароў, політэізм і інш. раннія формы рэлігіі на розных стадыях іх развіцця. Асаблівасці гіст. развіцця народаў, умоў прыроднага асяроддзя вызначаюць падабенства і розніцу, агульнае і асаблівае ў аўтахтонных культах.
т. 2, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)