СЕДЛАВЫ́ ЦЯГА́Ч,

аўтамабіль без грузавой платформы (цягач), абсталяваны апорна-счапным прыстасаваннем (сядлом) для злучэння з рамай паўпрычэпаў. Мае павышаную магутнасць рухавіка, большыя перадатачныя адносіны ў сілавой перадачы, укарочаную базу. Выкарыстоўваюцца ў складзе аўтапаяздоў, у т. л. самазвальных. На Беларусі С.ц. выпускае Мінскі аўтамабільны завод (першы МАЗ-200В выпускаўся з 1952, мадэрнізаваныя 2- і 3-восевыя — з 1970-х г., 3-восевыя з сям’і МАЗ-6422 — з 1981). Мільённым аўтамабілем, выпушчаным з-дам у 1989, быў С.ц. МАЗ-64221. Гл. таксама МАЗ.

Седлавы цягач «Кенварт» (ЗША) са спальным адсекам.

т. 14, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНХРАФАЗАТРО́Н (ад грэч. synchronos адначасовы + фазатрон), пратонны сінхратрон,

цыклічны рэзанансны паскаральнік зараджаных часціц (у асн. пратонаў). Паскарэнне часціц у С. адбываецца ў высокачастотным эл. полі, частата якога змяняецца (у адрозненне ад сінхратрона) адначасова са зменамі напружанасці магн. поля так, каб радыус раўнаважнай арбіты часціц заставаўся нязменным. У кожным цыкле паскараецца да 10​13 часціц На Серпухаўскім С. (Расія) пратоны паскараюцца да энергіі 76 ГэВ; на тэватроне (С. са звышправоднымі магнітамі; ЗША) — да 1 ТэВ. Выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях па ядз. фізіцы і фізіцы элементарных часціц.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 14, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́БЛІКАВА Лідзія Паўлаўна (н. 8.3.1939, г. Златауст Чэлябінскай вобл., Расія),

расійская спартсменка (канькабежны спорт). Засл. майстар спорту (1960). Скончыла Чэлябінскі пед. ін-т (1965). Чэмпіёнка VIII і IX зімовых Алімп. гульняў (1960, г. Скво-Вэлі, ЗША — на дыстанцыях 1500 і 3000 м; 1964, г. Інсбрук, Аўстрыя — на дыстанцыях 500, 1000, 1500 і 3000 м). Абс. чэмпіёнка свету (1963, Японія; 1964, Швецыя), 25-разовая чэмпіёнка свету (1960—69), 15-разовая — СССР (1960, 1962, 1968, 1969), шматразовая рэкардсменка свету (1960, 1963, 1967, 1968) на асобных дыстанцыях.

т. 14, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМІТ (Smith) Гамільтан Отанел (н. 23.8.1931, Нью-Йорк),

амерыканскі вучоны ў галіне генетыкі і мікрабіялогіі. Чл. Нац. АН ЗША. Чл.-кар. Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1952), мед. каледж ун-та Дж.​Хопкінса (1956), дзе і працуе з 1967 (праф. мікрабіялогіі з 1973, праф. малекулярнай біялогіі і генетыкі з 1981). Навук. працы па вывучэнні ферментатыўных механізмаў сістэм рэстрыкцыі-мадыфікацыі, ферменталогіі генет. рэкамбінацый, механізмаў бактэрыяльных трансфармацый, генет. рэгуляцыі ў пракарыётаў і эўкарыётаў. Адкрыў рэстрыкцыйныя ферменты. Нобелеўская прэмія 1978 (разам з В.​Арберам і Д.​Натансам).

Г.Сміт.

т. 15, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СНЕЙК (Snake), Змяіная рака,

рака на ПнЗ ЗША, левы прыток р. Калумбія. Даўж. каля 1670 км, пл. бас. 282,3 тыс. км². Пачынаецца ў Скалістых гарах, у межах Йелаўстонскага нац. парку, цячэ па ўсх. ускраіне Калумбійскага плато, месцамі ў каньёнах. На С. — самы глыбокі каньён Паўн. Амерыкі — Хелс (2410 м). Утварае вадаспады (Шашоні, выш. 65 м, і інш.). Разводдзе ў крас.—чэрвені. Сярэдні расход вады 1390 м³/с. ГЭС і вадасховішчы. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная для невял. суднаў ад г. Льюістан. На С. — гарады Айдаха-Фолс і Туін-Фолс.

т. 15, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПІ́ЛБЕРГ (Spielberg) Стывен (н. 18.12.1947, г. Цынцынаты, ЗША),

амерыканскі кінарэжысёр, прадзюсер. Працуе ў жанрах меладрамы, «фільма жахаў», прыгодніцкага фільма і інш. Побач з лаканічнымі па выразных сродках фільмамі «Дуэль» (1971), «Шугарленд-экспрэс» (1974), «Колер ліловы» (1985) стварыў відовішчныя, насычаныя атракцыёнамі стужкі са складанымі трукавымі здымкамі і макетамі: «Сківіцы» (1975), «Шукальнікі страчанага каўчэга» (1981), «Іншапланецянін» (1982), «Індыяна Джонс і храм рока» (1984), «Індыяна Джонс і апошні крыжовы паход» (1989), «Парк юрскага перыяду» (1993) і інш. Рэжысёр фільмаў «Спіс Шындлера» (1993), «Выратаваць радавога Раяна» (1998; абодва прэміі «Оскар», адпаведна 1993, 1998).

т. 15, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРАСЕ́ВІЧ Лявон (н. 14.3.1957, ст. Валілы Падляскага ваяв., Польшча),

польскі мастак бел. паходжання. Скончыў Варшаўскую АМ (1984), з 1996 выкладае ў ёй. Творы, як правіла, без назваў, вял. памеру, увасабляюць адмысловае аўтарскае бачанне, паказваюць геаметрызаваныя зямныя краявіды ўзаранага поля, скошанага лугу, заснежанага лесу, сцяны дажджу, сухіх кветак, камянёў, а таксама Вял. Каньёна (ЗША). Вобразнасць і пераканаўчасць дасягаецца праз выкарыстанне мінімуму выяўл. сродкаў, чыстых і адкрытых фарбаў і колеру. Арганізатар Бел. аб’яднання студэнтаў (1981), Бел. дэмакр. аб’яднання (1990), рок-фестывалю «Басовішча» (1993).

В.​А.​Трыгубовіч.

Л.Тарасевіч. Без назвы. 1990.

т. 15, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́МАС (Thomas) Эдуард Донал (н. 15.3.1920, Март, ЗША),

амерыканскі вучоны ў галіне гематалогіі і анкалогіі. Д-р медыцыны (1946). Скончыў Ун-т Тэхаса ў г. Остын (1943). З 1955 у Калумбійскім, з 1963 у Вашынгтонскім ун-тах, з 1975 у Цэнтры па вывучэнні раку г. Сіэтл. Навук. працы па праблемах трансплантацыі касцявога мозга пры парушэннях кроваўтварэння; прапанаваў метады прыгнечання імунітэту (т. зв. праграмы імунадэпрэсіі) рэцыпіента для прадухілення рэакцыі адарвання трансплантата. У 1956 зрабіў перасадку касцявога мозга чалавеку. Нобелеўская прэмія 1990 (разам з Дж. Э.Мары).

Э.Д.Томас.

т. 15, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́РЫЕВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні для прамысл. здабычы торыю. Вядома больш за 120 торыевых і торыйзмяшчальных мінералаў. Гал. прамысл. мінералы: манацыт (3,5—10% ThO2), тарыт (да 77%), тарыяніт (45—93%). Гал. крыніца торыю — манацытавыя прыбярэжна-марскія россыпы. Т.р. пераважна комплексныя, маюць у сабе рэдказямельныя элементы, уран, ніобій, тытан, цырконій і інш. Торый здабываецца таксама спадарожна з уранавых руд і руд інш. металаў. Паходжанне эндагеннае (радовішчы карбанатытавыя, пегматытавыя, гідратэрмальныя і інш.), экзагеннае (россыпы) і метамарфагеннае. Радовішчы ў Індыі, Бразіліі, Інданезіі, Аўстраліі, ЗША, Расіі і інш.

т. 15, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭНЕСІ́ (Tennessee),

рака на У ЗША, левы прыток р. Агайо (бас. р. Місісіпі). Утвараецца ад сутокаў рэк Холстан і Фрэнч-Брод, якія сцякаюць з зах. схілаў Апалачаў. Даўж. 1050 км (ад вытоку р. Холстан 1470 км), пл. бас. 104 тыс. км². Разводдзе ў канцы зімы і вясной, нізкая межань летам. Сярэдні расход вады ў вусці 1800 м³/с. Сцёк Т. амаль поўнасцю зарэгуляваны сістэмай вадасховішчаў (найб. — Кентукі). Комплекс ГЭС, ЦЭС, АЭС. Суднаходная ад вытокаў дзякуючы абвадным каналам і шлюзам. На Т. — гарады Ноксвіл, Чатануга, Флорэнс.

т. 16, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)