Сало́дкі ’які мае прыемны смак, уласцівы цукру, мёду і пад.’, ’смачны, багаты (пра яду)’, ’поўны дастатку, задаволенасці, шчасця, радасці (пра жыццё, лёс)’, сало́дкае ў знач. наз. ’страва, прыгатавала з цукрам, варэннем, мёдам і пад., а таксама цукеркі, кандытарскія вырабы’. Агульнаславянскае; рус. дыял., укр. соло́дкий, ст.-слав. сладъкъ ’салодкі’, польск. słodki, в.-луж. słódki, н.-луж. słodki, чэш., славац. sladký, серб.-харв. сла̏дак, славен. sládk, балг. слáдък, макед. сладок. Прасл. *solъbkъ — дэрыват з суф. *‑ък ад *soldъ ’солад’. Адпаведнікі ў літ. saldùs, лат. salds ’салодкі’, літ. sálti, sąlù ’рабіцца салодкім’, далей звязана з соль (гл.). Першаснае значэнне ’салёны, смачны, востры’. Гл. Траўтман, 248 і наст., Мейе, RÉS, 6, 172 і наст., Фасмер, 3, 713, Брукнер, 499). Махэк₂, 551 не прымае роднасць з слав. *solь і прапаноўвае першапачатковую форму *svādus ’салодкі, мілы’, якая была б роднаснай ст.-інд. svadúh, лац. suāvis, ням. Süss ’салодкі’, дзе ‑va‑ было заменена на ‑ol‑ пад уплывам *solь, што лічыцца неверагодным; гл. Шустар-Шэўц, 2, 1303. Да таго ж соль у некаторых рэгіёнах у старажытнасці была сапраўды каштоўнай прыправай. Гл. Борысь, 558; БЕР, 6, 841–844. Параўн. солад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кале́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.

1. Рабіць калекам (калекай). Нас, малых, калечылі і фізічна і маральна. Бядуля. — Як жа гэта вы дапушчаеце, каб людзі на вашых вачах калечылі адзін другога? Колас. // Пашкоджваць, раніць (цела, рукі, ногі і інш.). Калечыць ногі.

2. перан. Псаваць, нявечыць маральна, рабіць непаўнацэнным. Калечыць жыццё. Калечыць душу. // Псаваць, скажаць, надаваць чаму‑н. іншую форму, сэнс. Зрэбная кашуля скрозь вылатаная, але яна не можа ўжо калечыць абрысы.. [Любінага] цела. Чорны. Асабліва псуюць і калечаць мову бяздумным калькавыя пераклады і так званыя канцылярызмы. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зя́па, ‑ы, ж.

Разм. Рот звера, рыбы; пашча. [Мядзведзь] толькі шчэрыў чорную зяпу ды круціў тоўстым хібам. Даніленка. Аўчарка набліжалася.., ужо стала відаць яе разяўленая зяпа з высунутым языком. Быкаў. // Груб. Рот чалавека. — Мы гарантуем табе жыццё. Звяжам, заткнём зяпу і ціха паедзем да сваіх. Шамякін. // перан.; якая або чаго. Пра шырока адкрытае паглыбленне ў чым‑н. Чыгунка выгіналася дугой і гублялася ў чорнай зяпе тунеля. Ставер. Хлопчык.. туліўся да бацькі, калі яны заходзілі ў качагарку, дзе замурзаныя ў сажу людзі падкідалі дровы ў вогненную зяпу. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лісцвяны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да лісця. Лісцвяны гушчар. Лісцвяны шолах. // Які складаецца, ўтвараецца з лісця; накрыты, усланы лісцем. Лісцвяны подсціл. □ І часта, па начах, калі праз лісцвяны дах хаціны паблісквалі буйныя паўднёвыя зоры, ..лорд думаў пра жыццё, пра яго недарэчнасць. Лынькоў.

2. Які мае лісце, з лістамі; лісцевы. Пышнае ўбранне лісцвяных дрэў, асабліва бяроз, сям-там пачынае жаўцець. Паслядовіч. // Які складаецца з дрэў з лісцем. Вецер .. абтрасаў бярозы над шляхам, церабіў лісцвяны маладняк. Быкаў. [Вялічка:] — Направа будзе лісцвяны лясок. За ім вёска. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Атрымаць даныя, звесткі аб чым‑н.; пазнаць што‑н. Радасна было ісці ўсё далей і далей, каб зведаць невядомае, убачыць нябачанае. Колас. Мой кут лясны! Я змалку добра зведаў тваю лістоту, зоры і дажджы. Русецкі.

2. Спазнаць на ўласным вопыце, перажыць. Усяго давялося зведаць [Шымкевічам] у дарозе: і голаду, і холаду, і са смерцю нос у нос сутыкацца. Чарнышэвіч. «Рай» гэты аказаўся бяздонным пеклам і, каб выбрацца з яго, трэба было зведаць самую цяжэйшую з чалавечых пакут — жыццё без радзімы... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даро́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дарогі (у 1 знач.). Дарожнае палатно. Дарожнае будаўніцтва. □ Працэджваючыся праз дарожны пясок, ручаёк са звонам уліваўся ў вузенькую рачулку. Бядуля. Недзе дарожныя вербы сівыя шумяць... Танк.

2. Звязаны з дарогай, падарожжам. Дарожнае жыццё. Дарожнае знаёмства. Дарожныя запісы. // Прызначаны для дарогі, падарожжа, паездкі. Дарожны плашч. □ Міколка таропка злазіць з ложка і бяжыць да бацькавай дарожкай скрынкі. Лынькоў.

3. у знач. наз. даро́жны, ‑ага, м. Разм. Падарожны. Мароз дарожным падпявае. Колас.

•••

Дарожны майстар гл. майстар (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наперако́р,

1. прысл. Не так, як жадалі, хацелі, чакалі; насуперак. Зрабіць наперакор. □ Так за ўсё жыццё Юзэфа і не сказала мужу слова наперакор. Броўка.

2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназ. «наперакор» выражае ўступальныя адносіны: ужываецца пры назве асобы, прадмета або з’явы, насуперак якім, нягледзячы на якія што‑н. адбываецца. Максіма ў ваенна-марское вучылішча не прынялі, і ён, наперакор жадання бацькоў, на злосць усім, паехаў у марскі тэхнікум. Шамякін. Наперакор ліхой стыхіі, На гэтай згруджанай жарстве, Узняўшы вежы залатыя, Прыгожы горад расцвіце. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перастро́іцца, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.

1. Змяніць свой строй, размясціцца ў страі іначай. Перастроіліся роты. □ Самалёты парамі пабеглі на старт і цесным строем ірванулі ў паветра .. Яшчэ на развароце заднія падцягнуліся, перастроіліся, і група лягла на курс. Алешка.

2. Пераключыцца на прыём іншых радыёхваль.

3. Змяніць намеры, планы, арганізацыю свайго жыцця, працы і пад. Як .. [Лясніцкі] хутка перастроіўся! Колькі прайшло таго часу, як ён з такім вось энтузіязмам сеяў і будаваў. А сёння — такі салдат. Нібы ўсё жыццё толькі і займаўся тым, што ваяваў. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рай, ‑ю, м.

Паводле рэлігійна-містычных уяўленняў — месца, дзе знаходзяць шчаслівае існаванне душы праведнікаў пасля іх смерці. Рад бы ў рай, ды грахі не пускаюць. Прымаўка. // перан. Пра прыгожую мясцовасць; пра месца, дае можна шчасліва і прывольна жыць; пра добрыя жыццёвыя ўмовы наогул. — Рай! Зялёны рай! — захапляўся Мікалай Мікалавеіч, азіраючыся па баках. Шашкоў. З мілым па душы — рай і ў шалашы. Прымаўка.

•••

Рай адамкнуўся каму — адкрылася добрае жыццё, насталі добрыя ўмовы.

Рай зямны — незвычайна прыгожае месца, дзе ўсяго многа і дзе можна шчасліва і бесклапотна жыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расці́ць, рашчу, росціш, росціць; незак., каго-што.

1. Даглядаючы, забяспечваць рост, развіццё (раслін); вырошчваць. Расціць жыта. Расціць сад. □ Няхай Ганна раскажа .. [камсамолкам], як яна росціць лён. Сабаленка. // Гадаваць, выхоўваць. Для радасці мяне расціла маці І аддала мне сэрца і жыццё. Русак. — Лёгка расціць дзяцей, калі аб іх не адна толькі маці клапоціцца. Шамякін. // Даваць магчымасць расці (пра валасы, поўсць). Расціць вусы. // Садзейнічаць развіццю каго‑, чаго‑н. Расціць кадры. Расціць талент. □ Сягоння сілы, ўпартасці стае, каб добрае расціць, ліхое крэсліць! В. Макарэвіч.

2. Прарошчваць на солад. Расціць ячмень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)