БІКЧЭНТА́ЕЎ (Анвер Гадзеевіч) (21.9.1913, г. Уфа, Башкортастан — 18.5.1989),

башкірскі пісьменнік. Засл. дз. культуры Расіі (1970). Скончыў Башкірскі пед. ін-т (1941). Друкаваўся з 1933. Пісаў на башк. і рус. мовах. У творах (зб-кі апавяданняў «Чырвоныя макі», 1944; аповесць «Права на бяссмерце», 1950; раманы «Лебедзі застаюцца на Урале», 1956; «Я не зычу табе раю», 1963; «Вясна, падобная на крык», 1981, і інш.) жыццё і подзвіг народа ў Вял. Айч. вайну, праблемы сучаснасці. Пісаў для дзяцей.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Уфа, 1983—84 (на башкірскай мове).

С.​Г.​Сафуанаў.

т. 3, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІСКУ́ПІНСКАЕ ГАРАДЗІ́ШЧА,

археалагічны помнік жал. веку (сярэдзіна 6—5 ст. да н.э.) каля в. Біскупін Быдгашчцкага ваяв. Польшчы. Пляцоўка ўмацавана сцяной з драўляных канструкцый, запоўненых зямлёй і камянямі. Да варот гарадзішча праз тарфянік вёў драўляны мост (даўж. 120 м). Выяўлены рэшткі больш за 100 наземных жытлаў слупавой канструкцыі, пастаўленых уздоўж 1 акружной і 11 папярочных вуліц з драўлянай вымасткай. Насельніцтва (1000—1200 чал.) належала да плямёнаў лужыцкай культуры.

Літ.:

Монгайт А.Л. Археология Западной Европы: Бронзовый и железный века. М., 1974. С. 346.

Агульны выгляд Біскупінскага гарадзішча.

т. 3, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУА́НА (ісп. guano),

прадукт натуральнага распаду птушынага памёту ва ўмовах сухога клімату; азотна-фосфарнае ўгнаенне. Мае каля 9% азоту, 13% фосфарнай к-ты, калій, вапну. Паклады гуана на астравах зах. ўзбярэжжа Паўд. Амерыкі і Паўд. Афрыкі. Пасля размолу гуана выкарыстоўваюць на глебах розных тыпаў пад усе с.-г. культуры ў якасці асн., перадпасяўнога ўгнаення і для падкормкі. Гуанай наз. таксама ўгнаенне, падрыхтаванае з адходаў марскога промыслу, напр., рыбнае гуана. Яно мае 8—11% азоту, 12—14% фосфарнай к-ты. Выкарыстоўваюць гуана пераважна ў Японіі, ЗША, Нарвегіі, Францыі.

т. 5, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́БІШ (Васіль Іосіфавіч) (н. 22.7.1962, в. Шамятоўка Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэт. Брат А.Дэбіша. Скончыў Мінскі ін-т культуры (1987). Працуе ў Брэсце. Друкуецца з 1987. Аўтар зб. вершаў «Белыя птахі» (1992), «Лісты да Марыі» (1996). У лірыцы Д. — рамант. свет чалавека, любоўныя перажыванні героя («Ліст да Марыі», «След вашых губ на крышталі», «Любіў. Ды ты не зразумела»), асэнсаванне духоўных крыніц жыцця народа, роднай гісторыі («Вільня», «Багрымава жалейка», «Апошняя ноч К.​Каліноўскага»). Звяртаецца і да нац. міфалогіі. Распрацоўвае жанры трыялета, квантэмы.

І.​У.​Саламевіч.

т. 6, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́ДНЯ (Алесь) (сапр. Функ Аляксандр Эраставіч; 1899, г. Перм, Расія — 12.9.1944),

бел. празаік, крытык. Да бел. культуры далучыўся ў Маскве, куды ў 1917 прыехаў на вучобу. Быў чл. маскоўскай арг-цыі Бел. сацыяліст. грамады. Працаваў тэхрэдам час. «Чырвоная Беларусь». У 1930 арыштаваны за «контррэв. дзейнасць» і адбываў зняволенне да 1934. У 1942 зноў асуджаны і памёр у зняволенні. Друкавацца пачаў у 1925. Аўтар аповесцей «На крэсах» (1925) і «Варта на Рэйне» (1927—28), апавяданняў, крытычных артыкулаў. Як крытык стаяў на пазіцыях ваяўнічага вульгарнага сацыялагізму.

т. 5, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАЙПУ́Р,

горад на Пн Індыі. Адм. ц. штата Раджастхан. Засн. ў 1728. 1458,2 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Гандл.-прамысл. цэнтр. Прам-сць: баваўняная, гарбарна-абутковая, харч., шкляная, керамічная, эл.-тэхнічная. Маст. промыслы (вытв-сць ювелірных вырабаў і тканін з залатым і сярэбраным аздабленнем, чаканка, разьбярства па слановай косці, мармуры і інш. камянях). Турызм. Ун-т. Цэнтр культуры народа раджастхані. Арх. помнікі 18 ст.: Хава-Махал («Палац Вятроў»), абсерваторыя Джантар-Мантар, палац Чандра-Махал (у ім маст. Музей махараджы Джайпура) і інш.

т. 6, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЭ́ВІЧ (Фрыда Давыдаўна) (1.1.1912, Рыга — 8.9.1988),

археолаг. Канд. гіст. н. (1937). Скончыла Ленінградскі пед. ін-т (1932). З 1937 працавала ў Ін-це гісторыі матэрыяльнай культуры, Ленінградскім аддз. Ін-та археалогіі АН СССР. У выніку вывучэння помнікаў археалогіі Бел. Панямоння выказала меркаванне, што да апошніх стагоддзяў 1-га тыс. н.э. яго засялялі ўсх.-балцкія плямёны. Распрацоўвала пытанні ўзнікнення і развіцця стараж. гарадоў Верх. Панямоння.

Тв.:

Древности Белорусского Понеманья. М.; Л., 1962;

Древний Новогрудок: Посад — окольный город. Л., 1981;

Древние города Белорусского Понеманья. Мн., 1982.

т. 5, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЙНЭ́КА (Валерый Сяргеевіч) (н. 29.11.1951, г.п. Рудзенск Мінскай вобл.),

бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя Глінкі (1971), Мінскі ін-т культуры (1988). З 1972 у Бел. філармоніі, з 1977 у ансамблі «Песняры», у 1993—96 саліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Рэспублікі Беларусь. З 1997 выкладае ў мінскім Ін-це сучасных ведаў. У канцэртным рэпертуары творы сучасных, у т. л. бел., кампазітараў: А.​Пахмутавай, І.​Лучанка, Л.​Захлеўнага, У.​Мулявіна, В.​Іванова, Дз.​Даўгалёва, А.​Елісеенкава на словы бел. паэтаў.

т. 6, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́УКАНТАС ((Daukantas) Сіманас) (28.10.1793, в. Кальвяй Скуодаскага р-на, Літва — 6.12.1864),

літоўскі гісторык, пісьменнік-асветнік. Скончыў Віленскі ун-т (1822). Працаваў у Рызе (1825—34) і Пецярбургу (1835—50). У працах па гісторыі, гісторыі культуры Літвы («Дзеянні старажытных літоўцаў і жамайтаў», 1829; «Лад жыцця старажытных літоўцаў», 1845; «Гісторыя Жамайціі», кн. 1—2, 1893—97) паказаў самабытнасць літ. народа, сцвярджаў яго права на самастойнасць. Складальнік зборнікаў літ. фальклору (1846, 1932), слоўнікаў літ. мовы. Аўтар падручнікаў, кніг па сельскай гаспадарцы.

Тв.:

Baštai. Т. 1—2. Vilnius, 1976.

т. 6, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАШКО́ЛЬНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ (Прызначаны для выхавання дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту. На 1.1.1997 у Рэспубліцы Беларусь 4511 Д.у.) (444,3 тыс. дзяцей),

у т. л. 3875 устаноў агульнага тыпу (яслі, дзіцячыя сады, яслі-сад), 27 санаторных, 28 кампенсуючых для дзяцей з адхіленнямі ў псіхафіз. развіцці, 13 з паглыбленымі кірункамі ў рабоце, 3 цэнтры развіцця дзіцяці; 54,1 тыс. пед. работнікаў, у т. л. 42,1 тыс. выхавацеляў, каля 5 тыс. муз. кіраўнікоў, 974 лагапеды, 993 кіраўнікі фіз. культуры, 87 настаўнікаў замежнай мовы (гл. таксама Дашкольнае выхаванне і навучанне).

А.​В.​Маслова.

т. 6, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)