МІ́НСКІЯ СЯДЗІ́БЫ ВАНЬКО́ВІЧАЎ,

помнікі сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў Мінску. Звязаны з жыццём і творчасцю бел. мастака В.Ваньковіча. Гарадская сядзіба пабудавана на мяжы 18—19 ст. у гіст. цэнтры Мінска (сучасная вул. Інтэрнацыянальная). Яе комплекс уключаў жылы дом у стылі класіцызму, 2 флігелі, гасп. пабудовы, фруктовы сад. Жылы дом — 1-павярховы прамавугольны ў плане драўляны будынак (з атынкаванымі сценамі, у пач. 19 ст. частка паўн.-зах. сцяны была мураваная) на каменным падмурку, накрыты высокім вальмавым дахам. Сіметрычны па кампазіцыі гал. паўд.-ўсх. фасад вылучаў 8-калонны порцік з цэнтр. уваходам, завершаны трохвугольным франтонам з паўцыркульным акном. Аналагічны порцік на паўн.-зах. фасадзе. Рытм фасадаў ствараўся прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў абрамленні простых ліштваў і лапатак. У інтэр’еры захаваліся кафляныя печы. Дом і флігелі ўтваралі двор-курданёр. Паўд.-зах. флігель мураваны, 2-павярховы, прамавугольны ў плане, паўн.-ўсх. (не захаваўся) — 2-павярховы (1-ы паверх мураваны, 2-і драўляны), прамавугольны ў плане, накрыты вальмавым дахам. У цэнтры яго паўн.-ўсх. фасада быў 5-гранны эркер з вежападобным завяршэннем. Захавалася шырокая праезная брама. Комплекс адноўлены. З 2000 музей «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва 1-й пал. 19 ст.» — філіял Нац. маст. музея Беларусі. Сельская сядзіба пабудавана ў прыгарадзе Мінска Вял. Сляпянка (цяпер у межах Мінска, вул. Парніковая). Комплекс уключаў мураваны сядзібны дом, бакавыя флігелі (не захаваліся) і парк, перапланаваны ў 1896 садаводам В.​Кроненбергам (захавалася частка геам. сеткі алей). 2-павярховы Т-падобны ў плане дом з высокім цокалем. Тарцовыя сцены аформлены трохвугольнымі франтонамі. Гал. фасад вылучаны ў цэнтры шырокім рызалітам. У дэкар. аздабленні дома выкарыстаны пілястры, прафіляваныя карнізы і інш.

У.​М.​Дзянісаў, А.​М.​Кулагін.

Да арт. Мінскія сядзібы Ваньковічаў. Гарадская сядзіба. Рэканструкцыя.

т. 10, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Bielskie),

на Пд Польшчы. Мяжуе з Чэхіяй і Славакіяй. Пл. 3704 тыс. км², нас. 906,2 тыс. чал. (1992). Адм. ц. — г. Бельска-Бяла. Большая ч. тэрыторыі гарыстая, занятая Карпатамі (Зах. Бяскіды, найб. выш. 1557 м, гара Пільска), на Пн ад іх — Шлёнскае узв. і Асвенцімская катлавіна. Клімат умерана кантынентальны, сярэдняя т-ра студз. ад -4,9 да 2,2 °C, ліп. 14,9—18,2 °C, ападкаў 720—1200 мм за год. Гал. рэкі — Вісла з прытокамі Сола і Скава. Глебы пераважна малаўрадлівыя горныя, месцамі трапляюцца буразёмы. Лясы займаюць 37% тэрыторыі, найб. захаваліся ў Зах. Бяскідах. У гаспадарцы пераважае прам-сць, значная роля турызму. Найб. развіты машынабудаванне (транспартнае, у т. л. аўтамаб.), тэкст., хім., гарбарная, футравая, дрэваапр., папяровая, харч. (піваварная, цукровая), энергет. прам-сць. Найб. прамысл. цэнтры: Бельска-Бяла, Асвенцім, Цешын, Андрыхаў, Жывец, Кэнты, Хэлмек, Скочаў, Вадавіцы. Пад с.-г. ўгоддзямі 49% тэрыторыі. Вырошчваюць бульбу, пшаніцу, ячмень, цукр. буракі, каля гарадоў — агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак. Цэнтры турызму і адпачынку (Вісла, Шчырк, Устрань з Яшоўцам, Завоя).

т. 3, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЗКА (Алесь) (Аляксандр Юр’евіч; н. 7.12.1952, в. Прыбалавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. фалькларыст, педагог. Канд. філал. н. (1989). Скончыў Гомельскі ун-т (1975). Настаўнічаў. З 1987 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, Нац. Скарынаўскім цэнтры, Рэсп. цэнтры эстэт. выхавання дзяцей. З 1992 дырэктар Бел. навук.-метадычнага цэнтра гульні і цацкі (адначасова з 1995 выкладчык у БДУ). З 1999 выкладае ў Бел. пед. ун-це імя М.​Танка. Аўтар кніг «Беларускі народны каляндар» (1993, першае на Беларусі сістэматызаванае выданне па нар. календары), «Беларуская батлейка: Каляндарныя і абрадавыя гульні» (1997), «Тэатр лялек» (1998, у сааўт.). Склаў том серыі «Беларуская нар. творчасць» «Гульні, забавы, ігрышчы» (1996). Адзін з аўтараў і кіраўнік творчых калектываў па стварэнні дапаможнікаў для навучальна-выхаваўчых устаноў па беларусазнаўстве («Ехала Каляда ў чырвоным вазочку...», 1990; «Беларусазнаўства», вып. 1—4, 1992—94; серыя кніг «Бібліятэчка народных свят і прысвяткаў», з 1995). Стваральнік гульнявых сродкаў навучання і выхавання для дзіцячых садоў, школ і сям’і, распрацоўшчык методыкі батлейкавага т-ра. Даследчык скаўцкай методыкі, гісторыі сусв. і бел. скаўцкага руху («Беларускі скаўтынг», 1997).

І.У.Саламевіч.

т. 9, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕНА́РЫУС ((Avenarius) Рыхард) (19.11.1843, Парыж — 18.8.1896),

швейцарскі філосаф-ідэаліст, адзін з заснавальнікаў эмпірыякрытыцызму. Праф. Цюрыхскага ун-та. У цэнтры філасофіі паняцце вопыту, ачышчанага ад аб’ектыўнай рэальнасці, у выніку чаго здымаецца процілегласць свядомасці і матэрыі, псіхічнага і фізічнага. Выступаў з суб’ектыўна-ідэаліст. тэорыяй «прынцыповай каардынацыі» (без суб’екта няма аб’екта, без свядомасці — матэрыі). Прынцып «найменшай траты сіл» на чалавечае пазнанне прывёў Авенарыуса да біялагізму, суб’ектывізму, агнастыцызму.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛБЖЫХ (Wałbrzych),

горад на ПдЗ Польшчы, у Судэтах. Адм. ц. Валбжыхскага ваяводства. Гар. правы атрыманы каля 1400. 140,3 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр Ніжнесілезскага кам.-вуг. басейна. Коксахімія, маш.-буд., шкларобная прам-сць. ЦЭС. 2 тэатры, філармонія. Горны музей. Сярэдневяковы замак, палацы і касцёлы 17—19 ст. Каля Валбжыха — горны бальнеакліматычны курорт Шчаўна-Здруй.

Старажытная гандлёвая плошча ў цэнтры г. Валбжых.

т. 3, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЕСІЛЕ́ЗСКІ—АСТРА́ЎСКА-КА́РВІНСКІ КАМЕННАВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

у межах Польшчы і Чэхіі. У Польшчы (5500 км²) наз. Верхнесілезскі і займае частку Катавіцкага і Кракаўскага ваяводстваў, у Чэхіі (1000 км²) — Астраўска-Карвінскі. Вугляносныя адклады карбону. Агульныя запасы да глыб. 1000 м — каля 100 млрд. т каменнага вугалю. Цеплыня згарання 26—30 МДж/кг. Большая частка вугалю абагачаецца. Асн. цэнтры здабычы — г. Катавіцы (Польшча) і г. Острава (Чэхія).

т. 4, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКАСА́ЭДР (ад грэч. eikosi дваццаць + hedra грань), адзін з пяці тыпаў правільных шматграннікаў. Мае 20 граней (трохвугольных), 30 рэбраў, 12 вяршынь (у кожнай вяршыні сыходзяцца 5 рэбраў). Калі a — даўжыня рабра І., тады яго аб’ём V′ = 5 12 a3 ( 3 + 5 ) ≈ 2,1817a3 . І. звязаны з дадэкаэдрам. цэнтры граней дадэкаэдра з’яўляюцца вяршынямі І. Упершыню І. пабудаваў Тэатэт (4 ст. да н.э.).

Ікасаэдр.

т. 7, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЎЕЎСКАЯ МЯЧЭ́ЦЬ,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1884 у г.п. Іўе Гродзенскай вобл. Прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай прыбудовай-міхрабам (невял. апсіда), накрыты шатровым дахам, у цэнтры якога 8-гранны мінарэт. Першапачаткова гал. фасад быў аформлены галерэяй на 4 слупах з выгнутымі падкосамі (у 1970-я г. заменена невысокім тамбурам). Інтэр’ер падзелены на мужчынскую і жаночую палавіны з асобнымі ўваходамі.

С.​А.​Сергачоў.

Іўеўская мячэць.

т. 7, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́АБА (араб., літар. куб),

свяшчэнны храм мусульман у г. Мекка (Саудаўская Аравія). Пабудаваны ў старажытнасці каля крыніцы Земзем у форме куба, размешчанага ў цэнтры прамавугольнага двара. У знешняй сцяне з усх. вугла ніша з «чорным каменем» — метэарытам (стараж. фетыш). Да 7 ст. н.э. храм быў свяцілішчам язычніцкіх плямён Хіджаза; паводле падання, вакол яго стаялі 300 ідалаў. Пасля прызнання ісламістамі святасці К. храм — месца паломніцтва мусульман.

Кааба.

т. 7, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАГАНДЗІ́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

у Казахстане, у бас. р. Нура. Пл. каля 3600 км². У тоўшчы вугляносных адкладаў карбону (магутнасць да 5 км) каля 30 рабочых пластоў. Разведаныя запасы вугалю 7,84 млрд. т. Вуглі каменныя і бурыя. Здабыча з 1854, планамернае асваенне з 1930. Цеплыня згарання на рабочае паліва 21 МДж/кг. Здабыча падземным і адкрытым спосабамі. Асн. цэнтры здабычы: гарады Караганда, Сарань, Абай, Шахцінск.

т. 8, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)