ДЭЗА́РГ ((Désargues) Жэрар) (2.3.1593, г. Ліён, Францыя — 8.10.1662; паводле інш. звестак 1591—1661),
французскі матэматык, архітэктар і інжынер. Заснавальнік нарысоўнай і праектыўнай геаметрыі. Выкарыстоўваў перспектыўнае відарысаўтварэнне фігур. Увёў у геаметрыю паняцці бясконца аддаленых элементаў і палярнасці. Даказаў адну з асн. тэарэм праектыўнай геаметрыі (Дэзарга тэарэма). Адкрыў эпіцыклоіду і выкарыстаў яе для прафілявання зубоў зубчастых колаў.
Літ.:
Вилейтнер Г. История математики от Декарта до середины XIX столетая: Пер. с нем. 2 изд. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮЎЕ́ ((Cuvier) Жорж) (23.8.1769, г. Манбельяр, Францыя — 13.5.1832),
французскі прыродазнавец. Чл. Парыжскай АН (1795), Франц. акадэміі (1818). Скончыў Каралінскую акадэмію ў Штутгарце (1788). Навук. працы па параўнальнай анатоміі, палеанталогіі, сістэматыцы жывёл, гісторыі прыродазнаўчых навук. Вызначыў прынцып карэляцыі органаў, на яго аснове распрацаваў метад рэканструкцыі выкапнёвых жывёл. Прапанаваў метад вызначэння ўзросту геал. пластоў Зямлі па выкапнёвых рэштках арганізмаў і наадварот. Адмоўна ставіўся да эвалюц. ідэі ў біялогіі, прытрымліваўся поглядаў нязменнасці відаў. Прапанаваў катастроф тэорыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТЛЕ́Р ((Kastler) Альфрэд) (3.5.1902, г. Гебвілер, Францыя — 7.1.1984),
французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1964). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1926). У 1931—41 ва ун-тах Бардо і Клермон-Ферана, у 1941—68 у Вышэйшай нармальнай школе. Навук. працы па оптыцы, атамнай спектраскапіі і квантавай электроніцы. Даследаваў (разам з інш.) узбуджаныя станы атамаў, адкрыў метад аптычнай пампоўкі (1952). Працы К. ляглі ў аснову стварэння мазераў і лазераў. Нобелеўская прэмія 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫЯ ВО́ЙСКІ,
спецыяльныя агульнавайсковыя, артыл., інж. і інш. часці і злучэнні, прызначаныя для вядзення дзеянняў у горнай мясцовасці. У некат. арміях горныя войскі наз. альпійскімі (Францыя, Італія), горнапяхотнымі (ФРГ і інш.), горнастралковымі (СССР да сярэдзіны 1950-х г.). Камплектуюцца пераважна з жыхароў горных раёнаў; забяспечваюцца спец. абмундзіраваннем і амуніцыяй; пяхота горных войскаў можа мець палегчанае ўзбраенне, артыл. часці — горную артылерыю і мінамёты палегчанай канструкцыі, прыстасаваныя для руху ў гарах на ўючных жывёлах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МААСТРЫ́ХЦКІ ДАГАВО́Р 1992,
дагавор краін-удзельніц Еўрапейскіх эканамічных супольнасцей аб стварэнні Еўрапейскага саюза (ЕС), падпісаны ў г. Маастрыхт (Нідэрланды) 7.2.1992 дванаццаццю краінамі (Францыя, Германія, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург, Вялікабрытанія, Данія, Ірландыя, Грэцыя, Іспанія, Партугалія). У 1995 да дагавора далучыліся Швецыя, Фінляндыя, Аўстрыя. Асн. мэтай М.д. было ўсебаковае паглыбленне інтэграцыі ў паліт., эканам., валютнай, сац. і інш. сферах, узмацненне грашовых сувязей краін-удзельніц ЕС і стварэнне агульнай грашовай адзінкі (еўра, уведзена з 1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ РЭСПУ́БЛІКАў Францыі,
першы гіст. перыяд рэсп.дзярж. ладу ў Францыі ў 1792—1804. Абвешчана Нац.Канвентам 22.9.1792 пасля звяржэння манархіі (10.8.1792) Французскай рэвалюцыяй 1789—99. Паводле спосабу кіравання падзяляецца на 3 асн. перыяды: праўленне Канвента (1792—95), праўленне Дырэкторыі (1795—1804), Консульства (1799—1804). Фармальна спыніла існаванне 18.5.1804 з абвяшчэннем 1-га консула (фактычнага дыктатара) Францыі Н.Банапарта імператарам Напалеонам I, што паклала пачатак Першай імперыі. Гл. таксама Францыя (раздз. Гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫСО́ ((Brissot) Жак П’ер) (15.1.1754, г. Шартр, Францыя — 31.10.1793),
дзеяч французскай рэвалюцыі 1789—99, лідэр жырандыстаў. З 1789 выдаваў газ. «Patriote Francais» («Французскі патрыёт»). У першы перыяд рэвалюцыі ўдзельнік Якабінскага клуба, выступаў супраць абсалютызму, за ўтварэнне рэспублікі. Быў абраны дэпутатам Заканадаўчага сходу, заклікаў пачаць рэв. вайну супраць еўрап. манархій (1791). Пасля звяржэння манархіі ў Францыі (1792) і прыходу жырандыстаў да ўлады патрабаваў спынення рэвалюцыі. У Канвенце ўзначаліў барацьбу жырандыстаў супраць якабінцаў і ў час якабінскай дыктатуры гільяцінаваны ў Парыжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РНЕР ((Werner) Альфрэд) (12.12.1866, г. Мюлуз, Францыя — 15.11.1919),
швейцарскі хімік, заснавальнік хіміі комплексных злучэнняў. Скончыў Політэхн.ін-т у г. Цюрых (1889). З 1893 праф. Цюрыхскага ун-та. Навук. працы па даследаванні будовы неарган. злучэнняў. Прапанаваў каардынацыйную тэорыю будовы комплексных злучэнняў, якая абвяргала ўяўленні аб пастаянстве лікаў валентнасці. Сінтэзаваў мноства комплексных злучэнняў, распрацаваў іх сістэматыку і эксперым. метады ўстанаўлення саставу і будовы. Нобелеўская прэмія 1913.
Літ.:
Старосельский П.И., Соловьев Ю.И. Альфред Вернер и развитие координационной химии. М., 1974.
рускі жывапісец і графік. Вучыўся ў вучылішчы А.Штыгліца ў Пецярбургу (1909—11), у Ф.Валатона і М.Дэні ў Парыжы (1911—12). Аўтар вострахарактарных партрэтаў, часта з элементамі гратэску. Адзін з заснавальнікаў сав. кніжнай ілюстрацыі («Дванаццаць» А.Блока, 1918). Мастак тэатра і кіно. Выпрабаваў шэраг кірункаў мастацтва 1-й чвэрці 20 ст., у т. л. кубізм. З 1924 за мяжой (Германія, Францыя). Напісаў «Дзённік маіх сустрэч» (рус.пер. 1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРЭМО́Н (Entremont),
стараж. кельта-лігурыйскі абарончы і культавы цэнтр каля г. Экс-ан-Праванс (Францыя), сталіца плямёнаў соліяў. Пабудаваны ў 3 ст. да н.э., разбураны рымлянамі ў 124 да н.э.Гар. сцены з вежамі, складзеныя з каменных блокаў, захаваліся на выш. да 4 м. Раскопкамі выяўлены рэшткі чатырохвугольных каменных дамоў, каналізацыі. У найб. высокім месцы знаходзілася свяцілішча, дзе захаваліся каменныя слупы з выявамі мужчынскіх, жаночых і дзіцячых галоў, рэшткі шматлікіх скульптур — фігур воінаў і, верагодна, багоў.