ДУ́ДНІК (Angelica),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, асабліва ва Усх. Азіі. На Беларусі 3 дзікарослыя віды: усюды трапляецца Д. лясны (A. sylvestris), зрэдку — лекавы, або дзягіль (A. archangelica), і вельмі рэдка — балотны (A. palustris). Растуць у лясах, хмызняках, на лугах, балотах і інш. Цэнтр. бат. садам Нац. АН Беларусі як дэкар. расліна інтрадукаваны Д. сахалінскі (A. sachalinensis).

Двух- або шматгадовыя травяністыя расліны з кароткім карэнішчам і галінастым, унутры пустым — дудкаватым (адсюль назва) сцяблом выш. да 2 м. Лісце буйное, складанае, перыстарассечанае, з вял. похвамі. Кветкі дробныя, белыя ці ружаватыя, у буйных складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік з 10 крылатымі рэбрамі. Лек., кармавыя, эфіраалейныя, меданосныя, вострапрыпраўныя і дэкар. расліны. Плады і карані багатыя кумарынам.

Дуднік лясны.

т. 6, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРА́ДУ ЗАХАВА́ННЯ ЗАКО́Н,

адзін з асн. законаў прыроды, паводле якога алгебраічная сума зарадаў электрычных замкнутай (эл. ізаляванай) сістэмы застаецца нязменнай пры любых працэсах унутры гэтай сістэмы. Устаноўлены ў 18 ст.

Адкрыццё электрона ў канцы 19 ст. і пратона ў пач. 20 ст. даказала, што эл. зарад звязаны з часціцамі (з’яўляецца іх унутранай уласцівасцю) і ёсць цэлы лік, кратны зараду элементарнаму. З.з.з. — вынік захавання колькасці часціц у тых працэсах, дзе няма іх узаемапераўтварэнняў. Напр., пры электрызацыі макраскапічных цел зараджаныя часціцы пераносяцца з аднаго цела на другое. У фізіцы элементарных часціц, для якой характэрна ўзаемапераўтварэнне часціц, нараджэнне «новай» часціцы суправаджаецца знікненнем «старой» з такім жа зарадам або нараджэннем яшчэ адной часціцы з зарадам процілеглага знака (напр., працэс нараджэння пары часціца—антычасціца).

А.​У.​Астапенка.

т. 6, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЯМНІ́ЦКІ ((Jilemnickij) Петар) (18.3.1901, г. Летаград, Чэхія — 19.5.1949),

славацкі пісьменнік. Адзін з пачынальнікаў т. зв. пралетарскай плыні ў славацкай л-ры. Нар. мастак (1949). У 1926—28 жыў у СССР, вучыўся ў Дзярж. ін-це журналістыкі ў Маскве. У 2-ю сусв. вайну вязень фаш. канцлагераў (1942—45). У 1948—49 аташэ пасольства ЧССР у Маскве. Друкаваўся з 1920 (нарысы і апавяданні). Аўтар раманаў «Пераможнае падзенне» (1929), «Звонкі крок» (1930), «Поле неўзаранае» (1932), «Кавалак цукру» (1934), «Компас — унутры нас» (1937), «Хроніка» (1947) і інш., у якіх адлюстраваны лёс сялянства, абуджэнне яго свядомасці, Славацкае паўстанне 1944 і інш. Творам уласцівы дакументальнасць, спалучэнне рэалізму з неарамантычнымі і экспрэсіянісцкімі тэндэнцыямі, спавядальнасць.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1986.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я ПАВУКІ́ (Pantopoda),

клас беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з ніжняга дэвону (каля 400 млн. гадоў назад). 10 сям., каля 600 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, да глыб. 7,5 км.

Даўж. 0,8—72 мм. Цела складаецца з масіўнага хабатка, сегментаванага тулава і кароткага хваставога аддзела. На спіне вочны бугор з 4 вокамі. 1-я пара канечнасцей (клюшнепадобных) служыць для захопу корму, 2-я і 3-я шчупальцападобныя пары — для дотыку (а ў самцоў 3-я і для выношвання патомства), 4—7-я пары — хадзільныя ногі (з размахам ад 1,4 мм да 50 см). Унутры іх знаходзяцца адгалінаванні кішэчніка і палавыя залозы. Драпежнікі і паўпаразіты, кормяцца мяккімі тканкамі донных беспазваночных. Раздзельнаполыя, развіццё з ператварэннем.

Марскія павукі: 1 — німфон; 2 — каласендэіс.

т. 10, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛЕ́ЛЬНЫЯ ПРАМЫ́Я,

прамыя, якія ляжаць у адной плоскасці і не перасякаюцца. У эўклідавай геаметрыі ў плоскасці праз усякі пункт, што не ляжыць на дадзенай прамой, праходзіць толькі адна прамая, якая не перасякае дадзеную. У Лабачэўскага геаметрыі ў плоскасці праз пункт C па-за дадзенай прамой AB праходзіць бясконцае мноства прамых, якія не перасякаюць AB, з іх паралельнымі да AB наз. толькі 2 — CE і CF. Прамая CE паралельная да AB у напрамку ад A да B, калі: пункты B і E ляжаць па адзін бок ад AC; CE не перасякае AB; усякі прамень унутры вугла ACE перасякае AB. Аналагічна вызначаецца прамая CF, паралельная да AB у напрамку ад B да A. У рыманавай геаметрыі П.п. не існуе.

Паралельныя прамыя.

т. 12, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУХАЕ́ДЫ (Mallophaga),

атрад насякомых. 2 падатр.: П. сапраўдныя (Amblycera) і пёра- і валасаеды (Ischnocera). Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Паразіты млекакормячых (валасаеды) і птушак (пер’яеды — Philopteridae). Жывуць на пёрах, валасах, скуры, унутры стрыжня пяра, у роце гаспадароў. Большасць прыстасавана да пэўных гаспадароў; пры масавым заражэнні зніжаюць іх жыццяздольнасць. На Беларусі каля 20 відаў; найб. трапляюцца пер’яеды: галубіны (Columbicola columbae), качыны (Anatoecus dentatns), курыны (Goniocotes gallinae) і інш., з валасаедаў — кашэчы і сабачы.

Даўж. да 11 мм. Цела пляскатае, бяскрылае. укрытае шчацінкамі, жоўта-карычневае. Вочы рэдукаваныя. Вусікі кароткія, 3—5-членікавыя. Ротавыя органы грызучыя. Кормяцца пер’ем, валасамі, арагавелымі часцінкамі і эпідэрмальнымі лускавінкамі скуры, крывёю. Раздзельнаполыя. Развіццё з няпоўным ператварэннем.

С.​Л.​Максімова.

Да арт. Пухаеды. Пер’яеды: 1 — галубіны; 2 — курыны; 3 — валасаед сабачы.

т. 13, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

графі́т

(ням. Graphit, ад гр. grapho = пішу)

1) мінерал чорнага колеру, самая ўстойлівая разнавіднасць вугляроду; выкарыстоўваецца для вырабу карандашоў, фарбаў, змазачных матэрыялаў;

2) стрыжань унутры карандаша з гэтага мінералу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ураўнава́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць аднолькавыя па вазе, прыйсці ў раўнавагу.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Прыйсці ў поўную адпаведнасць з чым‑н., стаць роўным у якіх‑н. адносінах. Драматызм ва ўзаемаадносінах паміж Іванам, Тацянай і Грышкам з’явіўся б тады, калі б у думках гераіні дзецюкі хоць на момант ураўнаважыліся. У. Калеснік.

3. перан. Стаць спакойным. [Рыгору] стала балюча няёмка. Унутры згрудзілася цяжкае туманнае пачуццё.. Ён пастаяў колькі хвілін, пакуль ураўнаважыўся. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

А́РФА (ням. Harfe),

струнна-шчыпковы музычны інструмент.

Мае выгляд высокага трохвугольніка, бакамі якога з’яўляюцца рэзанансная расшыраная ўнізе скрынка, калонка з рычагамі механізма перастройкі і дугападобная рама ўверсе з калкамі і дыскамі педальнага механізма. Унутры трохвугольніка вертыкальна нацягнуты 44—47 струнаў рознай даўжыні і настройкі (дыяпазон C1—g4). Асн. строй арфы дыятанічны (Ces-dur). З дапамогай 7 педаляў (вынайдзены ў 1801 С.​Эрарам) яна механічна перастройваецца ва ўсе танальнасці. Гучанне мяккае, пяшчотнае, камернае. Арфа — стараж. струнны інструмент, вядомы многім народам свету (найб. раннія выявы датуюцца 5-м тыс. да н.э.). З 17 ст. выкарыстоўваецца як аркестравы, з 18 ст. — як ансамблевы і сольны інструмент. На Беларусі арфа і яе выявы сустракаюцца ў літ. помніках і размалёўках каталіцкіх храмаў 16—19 ст. У Бел. акадэміі музыкі існуе клас арфы.

І.​Дз.​Назіна.

Арфа.

т. 1, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАБА́ННАЯ ПО́ЛАСЦЬ,

поласць у сістэме сярэдняга вуха наземных пазваночных і чалавека. Асн. функцыя — слыхавая: перадае гукавыя ваганні ад барабаннай перапонкі праз слыхавыя костачкі і акно пераддзвер’я ў вушны лабірынт, узмацняе іх, ахоўвае акно ўліткі ад вонкавых гукавых ваганняў. Аб’ём у чалавека каля 0,75 см³.

Сценкі барабаннай поласці з касцявой тканкі, за выключэннем вонкавай, большую ч. якой утварае барабанная перапонка. Унутры выслана слізістай абалонкай. Запоўнена паветрам. Праз адтуліну ў барабаннай перапонцы і слыхавую (еўстахіеву) трубу злучаецца з насаглоткай (праз трубу ажыццяўляюцца змена паветра ў поласці і адцяканне слізі ў насаглотку). На задняй сценцы ёсць уваход у самую вял. поласць сярэдняга вуха — антрум. Ад поласці чэрапа аддзяляецца тонкай касцявой пласцінкай. Інервуецца слыхавым нервам. Пашкоджанні барабаннай поласці вядуць да зніжэння або страты слыху. Іл. гл. да арт. Вуха.

В.​А.​Быстрэнін.

т. 2, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)