БУЛА́ЦКІ (Рыгор Васілевіч) (н. 5.5.1921, в. Мачулкі Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. гісторык, журналіст. Д-р гіст. н. (1971), праф. (1972). Пасля заканчэння БДУ (1951) працаваў у ім (з 1961 заг. кафедры, адначасова з 1963 дэкан філал. ф-та, у 1967—81 дэкан ф-та журналістыкі). Даследаваў гісторыю бел. журналістыкі, публіцыст. дзейнасць некаторых бел. пісьменнікаў, рабселькораўскі рух на Беларусі і інш.

Тв.:

Первые рабселькоры Белоруссии. Мн., 1969;

Кузьма Чорны — публіцыст. Мн., 1972 (разам з І.​І.​Сачанкам);

Платон Галавач — публіцыст. Мн., 1973 (разам з Э.​А.​Карніловічам);

Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979 (разам з І.​І.​Сачанкам, С.​В.​Говіным).

т. 3, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НДЭРСАН ((Anderson) Шэрвуд) (13.9.1879, г. Камдэн, штат Агайо, ЗША — 8.3.1941),

амерыканскі пісьменнік. Першы раман «Сын Уіндзі Макферсана» (1916). Вядомасць прынеслі зб-кі апавяданняў «Уайнсбург, Агайо» (1919), «Трыумф яйка» (1921), «Коні і людзі» (1923) і інш. Даследаваў уплыў індустрыялізацыі і сац. адчужэння на чалавечую псіхіку (раманы «Людзі, якія маршыруюць», 1917; «Па той бок жадання», 1932, і інш.). Пад уплывам фрэйдызму напісаны раманы «Мноства шлюбаў» (1923), «Цёмны смех» (1925). Як бескампрамісны рэаліст і праніклівы псіхолаг зрабіў уплыў на некаторых амер. пісьменнікаў 20 ст.

Тв.:

Бел. пер. — Папяровыя шарыкі;

Ніхто не ведае;

Прыстойнасць;

Хлусня: [Навелы // Далягляды. Мн., 1989;

Рус. пер. — Избранное. М., 1983.

Ш.Андэрсан.

т. 1, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НАЎ (Сяргей Пятровіч) (н. 3.5.1915, С.-Пецярбург),

рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі аўтадарожны ін-т (1938). Аўтар зб-каў апавяданняў і нарысаў «Па дарогах ідуць машыны» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Мірныя людзі» (1950), аповесцяў «Зялёны дол» (1953—54), «Парожні рэйс» (1960), «Разарваны рубель» (1966), «Царская саракоўка» (1969), кніг «Лісты пра апавяданне» (1964), «Ад першай асобы. Апавяданні пра пісьменнікаў, кнігі і словы» (1973) і інш., прысвечаных сціплым людзям-працаўнікам, адметныя маральнай праблематыкай, лірызмам. Па аповесцях Антонава «Паддубенскія прыпеўкі» (1950), «Справа была ў Пянькове» (1956), «Алёнка» (1960) пастаўлены маст. фільмы.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84.

С.​Н.​Чубакоў.

т. 1, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАШЫ́ЛАЎ (Міхаіл Сяргеевіч) (3.1.1821, Жлобінскі р-н Гомельскай вобласці — 29.11.1870),

мастак. Скончыў Харкаўскі ун-т (1844). У 1859 адкрыў вячэрнія рысавальныя класы пры Кіеўскім ун-це. У 1866—70 інспектар Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. Пісаў партрэты, палотны на бел. і ўкр. тэмы, ілюстраваў класічныя творы рус. (ілюстрацыі да камедыі А.​Грыбаедава «Гора ад розуму», 1862) і ўкр. літаратур. Найб. вядомыя партрэты: бацькі (1838), С.​Бяленкі, укр. пісьменнікаў І.​Катлярэўскага і Р.​Квіткі-Аснаўяненкі (1840-я г.), жанравыя карціны: «Прыйшло пісьмо ад сына» (1854), «Наймічка» (1857), «Селянін у бядзе» (1866).

М.Башылаў. Ілюстрацыя да камедыі А.​Грыбаедава «Гора ад розуму». 1862.

т. 2, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛО́ЖА ((Blože) Вітаўтас) (н. 9.2.1930, в. Байсагале Радвілішкскага р-на, Літва),

літоўскі паэт. Друкуецца з 1949. Аўтар паэтычных зб-каў «Сем касцоў» (1961), «З маўклівай зямлі» (1966), «Кветкі зямлі» (1971), «Поліфаніі» (1981), «Людзі» (1984), «Накцюрны» (1990) і інш. Галоўная тэматыка — дэфармацыя свету 2-й пал. 20 ст. і драматызм жыцця чалавека. На літ. мову пераклаў творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Глебкі, А.​Куляшова, А.​Зарыцкага і інш. бел. пісьменнікаўкн. «З беларускай паэзіі», 1952, і «Па Нёману песня плыве», 1958). На бел. мову творы Бложа пераклаў Р.​Барадулін (у кн. «Літоўская савецкая паэзія», т. 2, 1977).

А.​Лапінскене.

т. 3, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДЧАНКА (Таіса Канстанцінаўна) (н. 1.12.1951, р. п. Градзянка Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1980). Скончыла БДУ (1976). У 1979—92 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1992 у Бел. дзярж. пед. ун-це імя М.​Танка. Друкуецца з 1979. Даследуе творчасць бел. пісьменнікаў 1920—30-х г. (Б.​Мікуліч, В.​Каваль), сучасных бел. празаікаў (манаграфія пра І.​Чыгрынава «Жывая памяць народа», 1984; кн. «Перад праўдай высокай і вечнай: Беларуская проза сёння», 1991, і інш.). Аўтар даследавання «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1996, з Л.​Гарэлік і А.​Гурскай).

І.​У.​Саламевіч.

т. 5, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРДЗІ́ЦКІ (Аляксей Кузьміч) (н. 2.5.1934, в. Пугачова, цяпер у межах г. Брэст),

бел. крытык. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1956). Працаваў у дзіцячым доме, сакратаром райкома камсамола, журналістам на Брэстчыне. З 1962 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1966 у Дзяржкамдруку Беларусі, з 1972 літ. кансультант Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1959. Аўтар кніг дыялогаў, інтэрв’ю, гутарак пра л-ру («Дыялогі», 1968; «Сустрэчы», 1972; «Вачыма сяброў», 1977; «Сябрына», 1986; «Гутаркі», 1988); літ.-знаўчых прац («Пра майстэрства дэталі», 1969, «Творчасць Івана Шамякіна», 1971). Выступае ў жанры малой прозы. Складальнік біягр. даведнікаў «Пісьменнікі Савецкай Беларусі» (1981), «Беларускія пісьменнікі (1917—1990)» (1994).

Я.​Р.​Лецка.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗА СВАБО́ДНУЮ БЕЛАРУ́СЬ»,

франтавая газета. Выдавалася з 18 сак. да ліст. 1942 на бел. мове палітупраўленнем Калінінскага фронту пры ўдзеле ЦК КП(б)Б. Рэдактар І.​Д.​Гурскі. Была разлічана на жыхароў акупіраванай тэр. рэспублікі і бел. партызан. Інфармавала пра падзеі на франтах і ў сав. тыле, пра партыз. барацьбу, злачынствы ворага. Змяшчала артыкулы пра герояў вайны, творы Я.​Коласа, П.​Броўкі, П.​Глебкі, К.​Губарэвіча, К.​Крапівы, П.​Панчанкі, М.​Танка, а таксама рус. пісьменнікаў У.​Вішнеўскага, А.​Суркова, М.​Ціханава, І.​Эрэнбурга і інш. Друкавала паведамленні пра дзейнасць навук. устаноў і творчых аб’яднанняў Беларусі ў сав. тыле. Выдавала сатыр. лісток «Партызанская дубінка».

М.​Ф.​Шумейка.

т. 6, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРЭ́МБА (Міхась) (Міхаіл Мікалаевіч; н. 2.1.1941, в. Знаменка Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1965). Працаваў у прэсе, з 1989 у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Аўтар кн. аповесцей і апавяданняў для дзяцей з займальнымі сюжэтамі, жывымі вобразамі: «Камандзір зялёнага патруля» (1967), «Бі, барабан!» і «Загадка без адгадкі» (1972), «Хто-каго?» (1978), «Пераправа» (1987), «Сакрэт тэлепата» (1989), «Дзень магнітнай буры» (1992), «Арэхавы спас» (1997). У сваіх творах ставіць праблемы ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей, ролі сям’і і школы ў выхаванні падлеткаў. На бел. мову пераклаў раман Г.​Уэлса «Чалавек-невідзімка» (1997), а таксама творы рус. і ўкр. пісьменнікаў.

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т БЕЛАРУСАВЕ́ДЫ ў Ляймене,

навукова-даследчая і выдавецкая ўстанова бел. эміграцыі ў Германіі. Дзейнічаў у 1982—93 у г. Ляймен. Заснавальнік і кіраўнік (да 1990) Ю.Жывіца. Выдаваў час. «Весткі» (кн. 1—8, 1986—93), дзе друкаваліся творы эмігранцкіх бел. пісьменнікаў, літаратараў з Польшчы і Беларусі (В.​Ермаловіч, А.​Каўка, А.​Мірановіч, І.​Іваноў, А.​Бембель, М.​Гайдук і інш.). Выдаваў кнігі па гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі: «Гістарычная фаналогія беларускай мовы» (1977, на англ. мове), зб-кі «Подляскі весьнянкі» (1982), «Народныя песні з Падляшша» (т. 1—2, 1983—84); «Недапетая песня» Х.​Ільяшэвіча (2-е выд. 1987), «Роднае слова» Бембеля (1988) і інш.

А.​С.​Ляднёва.

т. 7, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)