НАТАЛЕ́ВІЧ Нічыпар Якаўлевіч (17.5.1900, г. Орша Віцебскай вобл. — 28.3.1964),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў Ваен.-паліт. акадэмію імя Талмачова ў Ленінградзе (1934). Удзельнік грамадз. вайны. У 1919—37 у Чырв. Арміі; палітрук роты, камісар палка, нач. палітаддзела дывізіі. З ліст. 1937 да ліп. 1938 в. а. старшыні ЦВК БССР. У 1938—47 старшыня Прэзідыума Вярх. Савета БССР і нам. старшыні Прэзідыума Вярх. Савета СССР. У 1948—56 на адказных пасадах у Пензенскай вобл. У 1956—60 на гасп. рабоце ў Мінску, Баранавічах, Брэсце. Чл. ЦК КП(б)Б у 1937—47, Бюро ЦК КП(б)Б у 1938—47. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1937—50, Вярх. Савета БССР у 1938—51.

т. 11, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў Васіль Іванавіч (н. 31.12.1918, с. Бяляева Веліжскага р-на Смаленскай вобл., Расія),

дзяржаўны дзеяч БССР. Ген.-лейт. (1964). Скончыў Кіеўскае ваен. вучылішча сувязі (1938), экстэрнам юрыд. ф-т Львоўскага ун-та (1951). З 1938 у органах дзяржбяспекі. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Паўд. і 4-м Укр. франтах. З 1945 у Прыкарпацкай ваен. акрузе. У 1954—58 у цэнтр. апараце КДБ СССР, у 1956—59 нач. асобага аддзела КДБ пры СМ СССР па БВА. У 1959—70 старшыня КДБ БССР. У 1970—80 нач. асобага аддзела КДБ пры СМ СССР ў Паўн. групе войск. Дэп. Вярх. Савета БССР (1961—67), чл. ЦК КПБ (1960—71).

Я.​С.​Фалей.

т. 13, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЫРА́КА (Ratsiraka) Дзідзье (н. 4.11.1936, Ватамандры, Мадагаскар),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Мадагаскара. Скончыў Ін-т інжынераў сувязі і вышэйшае ваен.-марское вучылішча ў Тулоне (Францыя, 1969). Адмірал. Служыў у ВМФ, быў ваен. аташэ пры мадагаскарскім пасольстве ў Францыі. У 1972—75 міністр замежных спраў Мадагаскара. У выніку дзярж. перавароту з чэрв. 1975 старшыня Вярх. Рэв. Савета, са снеж. 1975 прэзідэнт Мадагаскара. З 1976 ген. сакратар партыі Авангард малагасійскай рэвалюцыі. Абвясціў сваёй мэтай пабудову на Мадагаскары сацыяліст. грамадства. Праводзіў палітыку супрацоўніцтва з СССР і інш. сацыяліст. краінамі. Пад націскам нар. выступленняў быў вымушаны правесці ў 1993 свабодныя прэзідэнцкія выбары, на якіх прайграў прадстаўніку апазіцыі. У лют. 1997 зноў абраны прэзідэнтам Мадагаскара.

т. 13, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІ́НАС ДЭ ГАРТА́РЫ (Salinas de Gortari) Карлас (н. 1948, Мехіка),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Мексікі. Скончыў Нац. аўт. ун-т Мексікі. Д-р эканам. навук. З 1966 чл. Інстытуцыйна-рэв. партыі (ІРП). У 1971—74 у мін-ве фінансаў, у 1974—76 кіраўнік эканам. кабінета мекс. ўрада. У 1978—81 ген. дырэктар Упраўлення фін. планавання. У 1981—82 ген. дырэктар Ін-та паліт., сац. і эканам. даследаванняў пры ІРП. У 1982—87 міністр па планаванні і бюджэце. У 1988—94 прэзідэнт Мексікі.

Пачаў ажыццяўленне праграмы эканам. рэформ, але не здолеў дабіцца стабілізацыі эканомікі краіны, што прывяло ў 1993 да фін. крызісу. Пасля заканчэння тэрміну прэзідэнцтва пакінуў Мексіку з-за абвінавачанняў у карупцыі.

т. 14, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАФТ (Taft) Уільям Хоўард (15.9.1857, г. Цынцынаты, ЗША —8.3.1930),

дзяржаўны дзеяч ЗША. Юрыст. Бацька сенатара Р.​А.​Тафта, аднаго з ініцыятараў Тафта-Хартлі закона (1947). Вучыўся ў Іельскім каледжы (1874—78) і юрыд. школе ў Цынцынаты (1878—80). Быў адвакатам, суддзёй, з 1901 губернатар Філіпінаў, з 1904 ваен. міністр ва ўрадзе Т.Рузвельта. У 1909—13 прэзідэнт ЗША (27-ы) ад Рэсп. партыі. Выступаў за абмежаванне эканам. дыктату вял. трэстаў, за пашырэнне амер. ўплыву ў Кітаі і Цэнтр Амерыцы («Дыпламатыя долара»). З 1913 праф. права ў Іельскім ун-це, з кастр. 1921 старшыня Вярх. суда ЗША.

Літ.:

Американские президенты: 41 ист. портрет от Джорджа Вашингтона до Билла Клинтона: Пер. с нем. Ростов н/Д;

М., 1997.

т. 15, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАМВІХА́Н Кейсон (13.12.1920, прав. Саванакхет, Лаос — 21.11.1992),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Лаоса. Вучыўся ў Ханойскім ун-це. У 1942 далучыўся да антыяп. барацьбы. У 1947—49 узначаліў узбр. барацьбу супраць франц. панавання ў Паўн.-Усх. Лаосе, з 1949 на чале Нар.-вызв. арміі Лаоса. З 1950 чл. ЦК Адзінага нар. фронту Лаоса, міністр абароны ва ўрадзе Нац. супраціўлення. З 1951 кіраўнік Нар.-рэв. партыі Лаоса. З 1956 адзін з кіраўнікоў, з 1959 нам. старшыні Патрыят. фронту Лаоса (ПФЛ), які вёў узбр. барацьбу з цэнтр. урадам Лаоса. Пасля перамогі ПФЛ і абвяшчэння ў ліст. 1975 Лаоскай Нар. Дэмакр. Рэспублікі (ЛНДР) — прэм’ер-міністр ЛНДР. У жн. 1991 абраны прэзідэнтам ЛНДР.

т. 16, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́ЙЛЕ МАРЫЯ́М Менгісту, Менгісту Хайле Марыям (1941, Адыс-Абеба), дзяржаўны і паліт. дзеяч Эфіопіі. Герой Сацыяліст. Эфіопіі (1979), падпалкоўнік (1976). Скончыў Ваен. акадэмію і ун-т у Адыс-Абебе. Служыў у арміі. Адзін з кіраўнікоў ваен. перавароту (вер. 1974), у выніку якога скінуты імператар Хайле Селасіе I. З 1974 1-ы нам. старшыні Часовага ваен.-адм. к-та (савета) Эфіопіі, у 1977—87 яго старшыня і старшыня СМ Эфіопіі, галоўнакамандуючы Рэв. арміяй. Ген. сакратар ЦК кіруючай Рабочай партыі (1984—91), прэзідэнт і старшыня Дзярж. Савета Эфіопіі (1987—91). Праводзіў курс на пабудову сацыялізму, у знешняй палітыцы арыентаваўся на СССР. Пасля паражэння ў шматгадовай грамадз. вайне (май 1991) эмігрыраваў.

т. 16, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВАСТО́Ў Міхаіл Міхайлавіч (н. 27.6.1949. в. Казлоўшчына Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі, дыпламат. Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1975), БДУ (1989). Працаваў у Бел. гандлёва-прамысл. палаце. З 1982 у МЗС Беларусі. З 1991 1-ы сакратар Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН, пасольства Рэспублікі Беларусь у ЗША, з 1993 нач. аддзела, упраўлення МЗС, з 1994 нам. міністра замежных спраў, з 1997 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Канадзе. У 2000—01 пам. Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях знешняй палітыкі, нам. прэм’ер-міністра — міністр замежных спраў. З вер. 2001 міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь, з 2003 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у ЗША, Мексіцы (па сумяшчальніцтве).

т. 16, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАМІ́Р (сапр. Язерніцкі) Іцхак

(н. 15.10.1915, г.п. Ружаны Брэсцкай вобл.),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Ізраіля. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це і Яўрэйскім ун-це Іерусаліма. З пач. 1930-х г. у сіянісцкім руху. З 1935 у Палесціне, дзе ўдзельнічаў у дзейнасці сіянісцкіх арг-цый, у т. л. тэрарыст. «групы Штэрна». У 1941 і 1946 быў арыштаваны брыт. ўладамі, у 1946—48 у эміграцыі. Пасля стварэння Ізраіля да 1965 у разведцы «Масад». З 1970 член, з 1975 старшыня Выканкома партыі «Херут», якая з 1973 дзейнічае ў складзе блока «Лікуд». З 1973 дэп., у 1977—80 спікер кнесета (парламента). У 1980—83 міністр замежных спраў. У 1983—84 і 1986—92 прэм’ер-міністр Ізраіля.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РАВІЧ Светазар (н. 31.3.1955, г. Котар, Чарнагорыя),

дзяржаўны і паліт. дзеяч супольніцтва Сербія і Чарнагорыя. Скончыў ун-т у г. Цітаград (цяпер Падгорыца), працаваў юрыд. саветнікам у мясц. органах улады, уваходзіў у кіраўніцтва Саюза камуністаў Чарнагорыі (СКЧ). У 1986, калі быў старшынёй Саюза сацыяліст. моладзі Чарнагорыі, выступіў з брашурай «Спыніце падман на выбарах», пасля чаго вымушаны пакінуць пасаду. З 1990 чл. ЦК СКЧ, адказны за пытанні ідэалогіі і культуры. З 1990-х г. удзельнік руху за незалежнасць Чарнагорыі, чл. кіраўніцтва Дэмакр. партыі сацыялістаў Чарнагорыі, нам. яе старшыні М.​Джуканавіча (прэзідэнт Чарнагорыі ў студз. 1998 — маі 2003) і асн. ідэолаг. Прэзідэнт Сербіі і Чарнагорыі з 7.3.2003.

М.​С.​Даўгяла.

т. 18, кн. 1, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)